Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 32 из 86

Сонца і Сідарэвіч

25.10.2010. Сёння на працы было горача і ад батарэй, і ад сонца. У час абедзеннага перапынку не вытрываў і, замкнуўшыся, узяў разуўся. Сядзеў босы, піў гарбату і слухаў музыку. Узгадаўся расповед Віктара Гардзея пра Анатоля Сідарэвіча, які ў маладосці працаваў у вясковай бібліятэцы. Быў зімовы сонечны дзень. І ў гэты дзень у бібліятэку, каб памяняць кніжкі, прыйшоў чытач. Прыйшоў, а бібліятэка замкнутая знутры. І чалавек глянуў у акно, а там на падшыўках газет ляжыць пад сонцам Анатоль Сідарэвіч і загарае…

Інсталяцыя

25.10.2010. У час абеду патэлефанавала Людміла: «Што робіш?» — «Сяджу босы!» — кажу я. «Горача сёння»,— пагаджаецца Людміла. «Трэба абувацца, а то зараз хто­-небудзь зойдзе…» — «А ты скажаш, што гэта інсталяцыя паэмы “Босыя на вогнішчы”»,— жартуе Людміла і смяецца, а я абуваюся…

Суздалеў і жанчыны

26.10.2010. Паэт з Чалябінска Генадзь Суздалеў сябраваў з артыстам Валерыем Залатухіным. І так ужо атрымоўвалася, што ўсіх чалябінскіх жанчын, якім прапаноўваў выйсці замуж Генадзь, адбіваў Залатухін. Адбіваў і не жаніўся сам. І тады ў 1985 годзе Генадзь уцёк ад Залатухіна ў Маскву ў Літінстытут, дзе пасябраваў са мной. І было ў Генадзя шмат жанчын, з якімі ён хацеў пабрацца шлюбам, але перад тым, як пра гэта сказаць чарговай красотцы, Генадзь паказваў іх мне. І я ўсіх бракаваў, бо ведаў, што ў Чалябінску жыве жанчына, якая была дзесяць гадоў жонкай Генадзя, і гадуе дваіх дзяцей. І ўсё ж, вярнуўшыся назад у Чалябінск, Генадзь ажаніўся на паэтцы, якая была за яго амаль на трыццаць гадоў маладзейшая…

Жыццё ў нас такое…

26.10.2010. Жыццё ў нас такое, што час ад часу ўспамінаю радкі паэта Генадзя Суздалева з Чалябінска, якія запомніў яшчэ ў Літінстытуце ў 1985 годзе:

Бросал перед свиньями бисер.

Хотел их немного возвысить.

Они позабыли, что свиньи,

Прохода теперь не дают…

Маціевіч і сын

28.10.2010. Гадоў пятнаццаць таму, дакладна не памятаю, да мяне ў госці прыйшоў мастак Алег Маціевіч. Якраз у той вечар у Беластоку павінна была нарадзіць сына Міра Лукша. Алег, як будучы бацька, вельмі перажываў з гэтай нагоды: «Мірачка там цяпер адна і ёй цяжка! А я тут сяджу! Давайце вып’ем, каб Мірачцы было раджаць лягчэй!» Ну мы і выпілі па сто грамаў, а потым яшчэ па сто, а потым яшчэ. Пасля чатырохсот Алег пачаў бушаваць. Напалохалася і мая Людміла, і нашы малыя дзеці. І я чуць з Алегам не пабіўся. Вывалакшы мастака на вуліцу, я супакоіўся, бо ўсё­ткі ж разам пілі, ды і чалавек жа чакае нараджэнне сына. Прапанову вярнуцца назад у кватэру і легчы спаць, Алег адпрэчыў і запрасіў мяне да сябе ў майстэрню, якая над «Гандлёвым домам на Нямізе». І мы папляліся. Праз метраў дзесяць Маціевіч стаў на калені: «Я адчуваю, што Мірачка пачала раджаць! Станавіся і ты! Ёй будзе лягчэй!» Я не паслухаўся Алега, які пачаў ілбом біцца аб асфальт. «Перастань! Галаву разаб’еш!» — закрычаў я і пачаў падымаць з калень мастака. Ледзьве падняў. Прайшлі яшчэ метраў дзесяць, і Алег зноў кінуўся на калені і пачаў дзяўбціся аб асфальт і крычаць: «Мірачка, я з табой! Мірачка!» Да майстэрні мы дабіраліся гадзіны дзве. І ў той вечар Міра Лукша нарадзіла сына...

ЛІСТАПАД

* * *





1.11.2010. Вярнуўся з філармоніі, дзе выступаў разам з аркестрам Міхаіла Фінберга на канцэрце, прысвечаным 80­годдзю з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча. Зала была поўная. Вечарыну адкрыў міністр культуры Павел Латушка. Вёў Генадзь Давыдзька. Ад кампазітара Эдуарда Зарыцкага даведаўся, што на словы Караткевіча напісана 27 песень і больш напісаць немагчыма, бо тэксты хоць і харошыя, але не песенныя. На жаль, тэлебачанне канцэрт не здымала, а толькі ўзяло інтэрв’ю ў Фінберга…

Прыемна…

2.11.2010. На працу з Азёраў вярнуўся Юрась Пацюпа. Прыемна было пачуць, што ягоная маці прачытала маю «Прозу і паэзію агню». Суседка таксама прачытала і некаторыя вершы павыпісвала сабе на памяць…

І яшчэ адзін афарыст…

2.11.2010. У час абеду да мяне ў кабінет зайшоў высокі хударлявы мужчына: «Прабач, што ў час абеду. Можа табе патрэбны афарызмы? У мяне напісана на цэлую кніжку!» Пагартаўшы рукапіс, я пацікавіўся: «Адкуль вы? Як ваша прозвішча?» — «Я — Васіль Дзямбіцкі. Працую на чыгунцы. Кладу шпалы, рэйкі...» — адказаў мужчына. «Раней вы паказвалі каму­-небудзь свае афарызмы?» — «Паказваў Марчуку. Ён сказаў, што трэба яшчэ пісаць, каб было што выбраць. А ў 2002 годзе Алесь Масарэнка, пачытаўшы мае творы, сказаў, што ў мяне 70 працэнтаў таленту!» — «Як ён гэта вызначыў?» — «Не ведаю…» — «А як вы сваю кніжку назвалі?» — «Раней я яе называў «Трагедыя натуры», раўняючыся на шамякінскую «Трагедыю партызана». Потым была назва «Время отведенное для жизни», а цяпер «Выводы из прожитой жизни».— «А колькі ж вам гадоў?» — «Ой, многа! Пяцьдзясят пяць!» — «Зачытайце свой лепшы афарызм».— «Любоў — гэта кагда ухажываеш за раненым». І яшчэ, пагаварыўшы пра выданне кніг, Васіль Дзямбіцкі на развітанне, усміхаючыся, сказаў: «Я цябе бачыў у Барысаве».

У Ракаўскай бальніцы…

3.11.2010. Ездзіў у Ракаўскую бальніцу, дзе цяпер падлечваецца мама. Яна адчувае сябе больш­менш нармальна. Ды і што хацець ад мамы пасля інсульту, бо цяпер апошнія паўтары гады для яе добра і тое, што ёй не стала горай, чым было. У бальніцы новая галоўная доктарка. Нядаўна закончыла медінстытут. Родам з маіх Пугачоў. Шніп Ірына Мітрафанаўна. Магчыма, і мая далёкая сваячніца. Піша вершы. Паказала сшытак. Пачытаў. Не ведаю пакуль што якая з Ірыны галоўная доктарка, а беларускамоўныя вершы яна піша неблагія…

Святло зямное Вярцінскага

4.11.2010. У шафе тэхрэдаў знайшоў «Святло зямное» Анатоля Вярцінскага з дарчым аўтографам: «Майму дарагому тэхрэду Ларысе Шлапо — з удзячнасцю і пажаданнем святла зямнога. А. Вярцінскі. 15.06.81 г.». Прачытаў і падумаў: «Вось табе і самы лепшы падарунак — кніга…»

Уладзімір Кобрын

4.11.2010. У «Мінскай праўдзе» ў аддзеле культуры працаваў Уладзімір Кобрын. Тады, калі я быў валацугам, часта заходзіў да Уладзіміра з новымі вершамі, і ён без чаргі друкаваў мяне. Тыя, хоць і невялікія, ганарары, якія я атрымоўваў з «Мінскай праўды», заўсёды былі для мяне дарэчы. Мінула недзе гадоў дваццаць як Уладзімір Кобрын памёр. Дзе ён пахаваны, я не ведаю, але няхай ён ведае, што я памятаю яго…

Ахвяраванні на…

5.11.2010. У Чырвоным касцёле, дзе месціцца тэатр «Зьніч», у фае вісяць здымкі рэстаўрацыі Грунвальдскай бітвы. Разглядаючы дзею, некалькі разоў праходзіў каля вялікай скрыні для збору ахвяраванняў. Скончыўшы вандроўку па здымках, спыніўся каля скрыні. Чытаю: «Ахвяраванні на рамонт і абслугоўванне туалета...»

Усяго тры хвіліны…

6.11.2010. Пасля працы вырашыў з’ездзіць у ГУМ. Ледзьве ўціснуўся ў аўтобус № 1, бо перада мной два мужыкі гадоў па трыццаць пяць з вар’яцкімі вачыма, абступіўшы з двух бакоў дзяўчыну з сумачкай на плячы, стварылі ўражанне, што аўтобус перапоўнены. Дзяўчына паміж мужыкамі стаяла і глядзела некуды ў салон, а бліжэйшы да мяне, накрыўшы сумачку дзяўчыны сваёй сумкай, палез па грошы, і я нават пачуў, як ён маланку на сумачцы расшморгнуў. І хацеў я закрычаць, што грабяць, як другі мужык так паглядзеў на мяне, нібыта фінку мне ў жывот загнаў. А тут і кантралёрка раптам з’явілася. У хлопца, які стаяў за мной, папрасіла паказаць праязны. Глянуўшы на яго, я адразу падумаў, што ён таксама злодзей. І не памыліўся, бо хлопец дастаў дакумент пра нядаўні выхад з турмы. Закончыўшы справу, зладзеі выслабанілі з зажыму дзяўчыну і пачалі распытвацца ў нядаўняга турэмшчыка, дзе ён сядзеў. «У Магілёве…» — адказаў хлопец. «Ну як там цяпер?» — пацікавіўся той, што лазіў у сумачку. «Сядзець можна…» — «Ну пака, братан!» — сказалі злодзеі і выйшлі на прыпынку каля касцёла. Паміж прыпынкамі было ўсяго тры хвіліны язды…