Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 16 из 19



Але спачатку трэба з’ездзіць у Лядава, пагутарыць са старажыламі, прагледзець архіўныя дакументы сельскага савета — магчыма, там адшукаецца нейкая нітачка. А, магчыма, скарб ваяводы даўно ўжо дасталі мясцовыя сяляне, пакінуўшы нашчадкам на памяць аб ім толькі прыгожую легенду?

На дварэ пасвятлела. Кухар адышоў ад акна і з задавальненнем уладкаваўся ў глыбокае, мяккае крэсла. Заплюшчыў вочы. І раптам, нібы ў прадаўжэнне яго думак, успомніўся скарб раджы Джагдзіша, які вартаваў вялікі белы сабака. Успомнілася і смерць ганчара-індуса Калідаса. Няўжо тая здань зараз знаходзіцца тут, у Лядаве? Гэта неверагодна. А калі так, то што яна там вартуе, што ахоўвае? Не ўваход жа ў Залу Ведаў!

Яна хацела забіць мяне. За што? Не ведаю, бо я нават расказу настаўніка Баранава аб звышрозуме і вечнасці жыцця не паверыў.

Што аб’ядноўвае мяне і Максіма Камяневіча? Нічога!

Што ў нас ёсць агульнага? Нічога!

Што мы ведалі на момант сваёй смерці пра пачвару? Нічога!

Што ж тады справакавала яе нападзенне, дзе хаваецца разгадка?

Разбудзіў Кухара настойлівы званок тэлефона. Андрэй падхапіўся з крэсла і, праціраючы вочы, падняў трубку:

— Капітан Кухар...

— Хопіць спаць, капітан, — у трубцы пачуўся басісты голас Міклашэвіча. — Машыну я паставіў у тваім двары, ключы ў попельніцы. Спадзяюся, што да вечара ты зробіш свае справы і вернеш мне маю ластаўку непабітую і спраўную.

— Не хвалюйся, — канчаткова адыходзячы ад сну, заспакоіў сябра Кухар. — Я з’езджу толькі ў Лядава.

— Гэта мяне і палохае.

У Лядава Кухар прыехаў апоўдні і адразу накіраваўся ў сельскі савет. Але яго старшыня, маладая і ўжо мажная жанчына, расчаравала:

— Свае архівы мы доўга не захоўваем, — паведаміла яна ўчастковаму. — Ды і што ты, Андрэй Сяргеевіч, можаш з іх даведацца: склад сям’і, колькасць жыўнасці ў гаспадарцы ці плошчу зямельнага ўчастка?

— Хто і дзе жыў? Калі нарадзіўся чалавек і калі памёр?

— Ёсць і гэта, аднак пра канкрэтнага чалавека табе больш раскажуць нашы старажылы. Той жа Мішка Бабыль за пачак «Астры» выдасць табе біяграфію любога вяскоўца.

За два месяцы, што Кухар не бачыў Бабыля, той зусім не змяніўся — як

і ў жніўні, яго галаву прыкрываў брудны капялюш, ногі хаваліся ў вялікіх гумавых ботах, а цела бараніла ад холаду старая, месцамі парваная ватоўка. Убачыўшы ўчастковага, Мішка шчыра абрадаваўся.

— Якія людзі наведваюць маё ўбогае жытло! — ледзь не кінуўся ён у абдымкі да госця. — А хадзілі чуткі, што ты разбіўся.

— Як бачыш — жывы, — Кухар паціснуў руку жывёлавода. — Як маешся, Мішка?

— Таксама, як бачыш — пакуль жывы.

— А я да цябе па справе, — Кухар выцягнуў з партфеля блок «Астры» і перадаў гаспадару. — Хачу запытацца ў цябе па сакрэце, ці ведаеш ты ў ваколіцы Лядава чалавека па мянушчы Хлёст? Магчыма, раней тут жыў нехта з такой мянушкай?

— А ён, гад, і зараз тут жыве, — Мішка ўзяў цыгарэты, падзякаваў, адразу адкрыў адзін пачак і з задавальненнем уцягнуў у сябе пах сыраватага тытуню. — Ведаеш ты, таварыш участковы, падыходы да сэрца калгасніка.

— Каго ж тут называюць Хлястом?

— У іх родзе ўсе Хлясты, — Мішка пашукаў у кішэнях запалкі, закурыў. Потым паказаў вачыма на суседні двор, патлумачыў: — Ваньку Хлястова ў вёсцы ўсе так называюць, а да гэтага і бацьку, і дзеда яго так называлі. Хлясты, яны і ёсць Хлясты!

— Ты жывеш па-суседству з ім, а таму і ведаць яго павінен лепш за іншых.

Гаспадар хмыкнуў, закашляўся дымам.

— Скрытны, сквапны, нелюдзімы. Я неяк пайшоў да яго, каб пазычыць рубель-другі да зарплаты, а ён мне нават веснічкі не адчыніў. «Не хочаш, Мішка, мець ворагаў — не пазычай грошы!» — вось што ён параіў мне ў адказ.





— А госці ў яго бываюць?

— Нікога не бачыў. Сын яго жыве ў Дубоўне, аднак праведвае бацьку раз у два гады, а то і радзей.

— А ў краму ці на пошту ён ходзіць?

— У краму ходзіць, — пагадзіўся Бабыль. — А пенсію паштальёнка перадае яму праз шчыліну ў веснічках.

— Баіцца каго?

— Можа, і баіцца, — гаспадар дакурыў цыгарэту, патушыў яе аб далонь. — Не дарэмна ж сабаку трымае на панадворку. Сабака ростам з цяля, з белай поўсцю, злосны.

— Сабака з белай поўсцю, — задумліва паўтарыў Кухар. Потым пацікавіўся аб іншым:

— А Гіблая затока зараз замерзла?

— Яе і ў лютыя марозы лядок толькі зверху крыху прыхоплівае, а так яна круглы год парыць сабе туманам.

Участковы падзякаваў Мішку за звесткі, развітаўся і пайшоў да Мірэі. Рэчка была пакрыта ледзяным панцырам і толькі невялікі яе ўчастак курэў белай парай.

— Што ж ты там хаваеш? — уголас запытаўся Кухар. — Колькі ты яшчэ забярэш да сябе ахвяр, перш чым дазволіш людзям даведацца тваю тайну?

Участковы не чакаў адказу, але раптам да яго слыху данеслася далёкае «курлы-курлы!» Ён нават падняў галаву, пашукаў вачыма ў празрыстым блакіце журавоў, аднак неба было чыстае, нават аблокаў у гэты час на ім не было бачна.

Да дому Кухар ехаў павольна, не спяшаўся. Яшчэ ніколі на сваёй памяці ён двойчы за дзень не чуў жураўлінага курлыкання. Гэтая акалічнасць яго насцярожвала, яна яго нервавала, і калі перад сабой убачыў белую здань з мячом у руках, тармазіць не стаў. Наадварот, ён да ўпора націснуў на педаль газу, дзіка засмяяўся, па-воўчы ўзвыў і на ўсёй хуткасці ўрэзаўся ў белую, раптоўна ўзнікшую перад ім, перашкоду. Праз імгненне ён выскачыў з другога яе боку, прытармазіў, азірнуўся — белая пачвара бездапаможна расцякалася туманам па дарозе, а ўдалечыні, на пагорку, стаяў адзінокі чалавек у доўгім чорным плашчы і неадрыўна назіраў за падзеямі на шашы. Кухар спачатку хацеў развярнуцца, даведацца, хто гэты цікаўны, аднак чалавек раптам знік, бы растварыўся ў паветры.

— Я не баюся цябе! — сам сябе заспакоіў участковы. Ён даўно зразумеў, што і палонных на беразе Мірэі, і Максіма забіла не пачвара. Яны памерлі ад страху, а не ад удару мячом з кропелек туману. Не вытрымала сэрца.

Кухар адагнаў машыну сябру, пагутарыў з ім некалькі хвілін і, не спяшаючыся, пакрочыў да свайго дома. А калі ён падняўся да кватэры, яго перахапіў сусед па лесвічнай пляцоўцы.

— Андрэй, хвілін дзесяць таму мне патэлефанаваў нейкі дзіўны незнаёмец і прасіў перадаць табе, што ты не пакінуў яму выбару.

2

Наступным днём Кухар паехаў у суседні горад да Тані. Адвячоркам ён сышоў з аўтобуса на Дубовенскай вуліцы і адразу накіраваўся да хаты Камяневічаў, і не паспеў ён зрабіць дзесяці крокаў ад прыпынку, як яго паклікаў мужчынскі голас:

— А вы не да нас, Андрэй Сяргеевіч?

Кухар спыніўся, азірнуўся і адразу расплыўся ў прыветлівай усмешцы — яго даганяў Танін бацька.

Танін бацька спадабаўся Кухару яшчэ пры іх першай сустрэчы сваімі прастатой, адкрытасцю, шчырасцю. «Такі не падмане, не здрадзіць, не ўваткне нож у спіну», — падумаў ён тады і зараз, гледзячы на расквітнеўшы ад радаснай усмешкі твар немаладога мужчыны, ён радаваўся, што не памыліўся.

— Да вас, Васіль Сцяпанавіч. Вось зноў вырашыў з’ездзіць у сталіцу, а па дарозе праведаць вас. Як вы пажываеце? Як Зоя Пятроўна? Як Таня?

— Ну-у, жывём мы па-старому, — пры першых словах мужчыны Кухар заўважыў, як на яго твар насунулася лёгкая цёмная хмарка, — тут змен аніякіх. Здароўе таксама пакуль, дзякуй богу, не падводзіць. А Таня вось прыхварэла. Яшчэ днём учора была здаровай, вясёлай, рыхтавалася да сустрэчы з вамі, а вечарам, неяк раптам, у адначассе, стала сумнай, зачынілася ў сваім пакоі і доўгі час адтуль не выходзіла. Выйшла ноччу, папіла са мной гарбаты і зноў пайшла спаць.

— Можа, прастудзілася?

— Не ведаю, — уздыхнуў Танін бацька. — Ды і наогул яна стала нейкай дзіўнай: я ёй учора паказаў бутэльку армянскага каньяку, які сёння збіраюся з табой пакаштаваць, дык яна не стала, як звычайна, лаяцца на мяне. Наадварот, пахваліла за гасціннасць.

— Не, дарагі Васіль Сцяпанавіч, — запярэчыў Кухар. — Я вас вельмі паважаю і нават люблю, але піць хмяльное сёння не буду. Не люблю я піць у дарозе, ды і сам, калі шчыра, адчуваю сябе тады не вельмі здаровым. А вось праз тыдзень, калі я вярнуся з першапрастольнай, мы з вамі і асушым вашу бутэльку. Тады будзе і час, і прычына.