Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 15 из 19



— Дзмітрый Шчэпа, меў двух сыноў: Івана і Сямёна. Старэйшага Івана ён назваў Залатым, а малодшага — Сярэбраным. Чаму так? — аб тым гісторыі не вядома. Дык вось, Шчэпа быў не толькі ваяводам пры маскоўскім князе Іване ІІІ, але і лепшым сябрам дзяка Васіля Мамырава. Разумеш? З вялікай верагоднасцю, і амулет у род Абаленскіх трапіў праз гэтага ўсюдыіснага дзяка. Іншая справа, што ні купцы, ні дзяк, ні князь не ведалі сапраўднай яго каштоўнасці, яго разбуральнай сілы, і таму захоўваўся ён у іх як звычайны кавалак золата.

— А калі б ведалі?

— Калі б ведалі, то не ўцякаў бы князь Пётр са сваёй шматтысячнай арміяй з-пад Оршы ад невялікага атрада Філона Кміты ў 1567 годзе. Лепш бараніў бы паўднёвыя межы Масковіі ад татар у 1570 годзе, а так, як піша Карамзін, — расказчык пераліснуў старонку: — «Славный воевода, от коего бежала многочнсленная рать Селнмова, который двадцать лет не сходнл с коня, побеждая н татар, н лнтву, н немцев, князь Петр Семеновнч, прнзванный в Москву, ввдел н слышал от царя однн ласкн, но вдруг лешон опрнчннков стремнтся к его дому кремлевскому, ломают ворота, дверн н перед лнцом, у ног Ноанна отсекают голову сему нн в чем не обвнненному воеводе».

— Адсеклі галаву? Божухна! — Таня ад жаху прыкрыла твар рукамі. — За што, калі ён быў такім слаўным ваяводам?

— Ну, не ўсяму напісанаму трэба верыць, — Кухар паклаў сшытак у папку, узяў другі, пераліснуў яго старонкі, уздыхнуў:

— Я думаю, што гэтак цар маскоўскі пакараў свайго ваяводу за згубу яго падарунка — кнігі з царскай ліберэі. Іван Жахлівы быў вельмі злапамятлівы чалавек. І яшчэ вось якія думкі рояцца ў маёй галаве: магчыма, купца Мікіту забілі і абрабавалі ў Лядаве — гэта ж непадалёк ад Смаленска. У гэтай жа вёсцы князь Абаленскі згубіў сваю казну. Чамусьці і «Спадчына Продкаў» нешта там шукала і, калі б не наступленне Чырвонай Арміі, то, думаю, адкапала б. Пэўна, і нам трэба шукаць гэтае «нешта» ў Лядаве. Вось толькі дзе, у каго, як яно выглядае?

— А нашчадкі ў Пятра Абаленскага былі?

— Не было ў яго нашчадкаў. Быў, праўда, князь Міхайла Рапнін, але і яго ў час царкоўнага богаслужэння забіў цар Іван Васільевіч.

— За што? — міжволі вырвалася ў Тані пытанне.

— Той адмовіўся быць блазнам у час п’янай царскай оргіі.

— Колькі ж ты бруду перакапаў у архівах!

— Калі б толькі бруду! Там кожны лісток крывёй насычаны. Там нават бібліятэкары працуюць у пальчатках. — Кухар уздыхнуў. — Толькі мяне і блізка не падпускалі да сапраўднай гісторыі, да праўдзівага мінулага. Уяўляю, якім пылам і брудам яно пакрыта, колькі на ім крыві, гвалту і несправядлівасці!

У пакоі наступіла цішыня. Таня са шкадаваннем глядзела на Андрэя, які засяроджана корпаўся ў сваёй папцы і ніяк не мог знайсці патрэбны яму запіс. Урэшце яна не вытрымала:

— Ты на словах раскажы, што шукаеш.

— Ды там выпіска з аповеду вяземскага купца ў Пасольскім прыказе. Ага, вось яна, — Кухар выцягнуў са стоса папер і сшыткаў невялікі аркушык і пачаў чытаць:

— «В 22 день генваря в Посольском прнказе явнлся вязьмятнн торговый человек Стенька Рогожка, н в распросе сказал дьяку Внсковатому:

По государеву де указу нмалн его с собой в Лнтву государевы людн, боярнн князь Фёдор Оболенскнй с товарншд. Н как де его те государевы людн отпустнлн нз Дубовны в Мошлёв с товары н для проведывання вестей н он де навешал Нвашку Хлеста в местечке Лядово, н в Мошлёве жнл 17 недель. Н как поведал Нвашка, что прншел го обозу н под Речнцы лнтовскнй гетман ксенжа Раднвнл в местечко Головчнн, от Мошлёва 25 верст. Н езднл он в Мошлев, а го Мошлёва в Головчнн к гетману для того, чтоб осмотреть гетманова войска н розведать вестей.

Да он же де был н в Глебовнчеве маетноста, Дубовне, Лядове. Н в тех де вышепнсаных городех, в Орше, н в Мошлеве, н в Шклове, н в Глебовнчеве маетноста. В Дубовне ратных людей ннкого нет, только тутошнне жнльцы».





— І што табе дае гэта выпіска?

— Не ведаю, — шчыра прызнаўся Кухар. — Проста тут упамінаецца Лядава і маскоўскі лазутчык Івашка Хлёст. Пра князя Фёдара Абаленскага ў архівах я амаль нічога не знайшоў.

— Што ты будзеш рабіць заўтра?

Андрэй паклаў у партфель папку з паперамі, зашпіліў яго. Усё гэта ён рабіў спакойна, грунтоўна, засяроджана, і Таня разумела — зараз мужчына абдумвае сапраўдны сэнс яе пытання. Урэшце ён адказаў:

— Адасплюся, паразважаю над сабраным матэрыялам, потым з’езджу ў Лядава, прагледжу архівы іх сельскага савета.

— А калі будзеш у нашым горадзе?

Кухар падняў галаву, паглядзеў у бліскучыя, поўныя надзеі, вочы дзяўчыны.

— Міклашэвіч абяцаў на нейкі час пазычыць мне сваю «шасцёрку», — ён зірнуў на гадзіннік, падхапіўся з табурэткі і ўжо на выхадзе, пры развітанні, закончыў думку: — Думаю, што два-тры дні мне хопіць на асэнсаванне сабранай інфармацыі, потым я да цябе заеду і ўсё раскажу.

Частка ІІІ

1

Кухар стаяў ля акна і глядзеў на пусты ў гэты ранішні час двор свайго дома. Глядзеў і бачыў тое, чаго яму не хацелася бачыць больш за ўсё — свой апусцелы гараж. Але і не бачачы гаража, ён бы адчуваў крыўду і боль па сваёй разбітай машыне, і разам з тым ён быў удзячны ёй, як бывае ўдзячны чалавек другому чалавеку, які коштам уласнага жыцця выратаваў яго ад дачаснага падарожжа ў царства памерлых.

Андрэй уважліва агледзеў стары двухпавярховы цагляны дом з замшэлым дахам, цёмнымі вокнамі і зламанымі ўваходнымі дзвярыма, за якімі, як і ўва ўсім гарадку, не чулася ані голасу. Ён акінуў позіркам пустынныя вуліцы і тратуары, на якіх не было руху, і толькі нуда асенняй ночы, бы рэха апошняй навальніцы, паступова растваралася ў нежывым святле вулічных ліхтароў.

Зусім нядаўна спякотная хваля ахінула яго сэрца, змыла з душы стомленасць двух мінулых тыдняў, растварыла цяжар у галаве, асвятліла розум. І зараз, стоячы ля акна і азіраючы шэрае наваколле, ён са здзіўленнем слухаў далёкае курлыканне журавоў. Іх жалобны, прыглушаны ранішняй сырасцю, голас ледзь прабіваўся праз аконнае шкло. «Так позна, у лістападзе!» — не пераставаў дзівіцца ён і разам з тым думаючы — а ці не сніць ён, ці не галюцынацыі ўсё гэта?

З месяц таму, яшчэ з бальніцы, зрэдку ён пачаў чуць развітальнае курлыканне нябачных птушак. Што яно азначае — ён не ведаў, аднак успаміны і сны так перапляліся ў яго галаве, так зрасліся ў адно цэлае, што ён ужо не мог адрозніць адно ад аднаго, і такія яго паводзіны насцярожвалі і хвалявалі суседзяў і сяброў. «Я, пэўна, страчваю розум», — думаў Кухар і пільна ўзіраўся ў цяжкае неба, спадзеючыся ўсё ж такі ўбачыць там запознены жураўліны клін. Але неба было безнадзейна пустым. «Упершыню я звярнуў увагу на курлыканне ў той фатальны дзень, потым — у дзень, калі да мяне прыходзіў афіцэр з органаў. Яшчэ два-тры разы яно мне пачулася ў сталіцы, і тымі днямі супрацоўнікі архіва адносіліся да мяне па-хамску, няветліва. Магчыма, так мяне нехта папярэджвае аб небяспецы? Але ж і ў дзень выпіскі з бальніцы я чуў курлыканне журавоў! Не, я ўсё яшчэ хворы і баюся, што ў мяне проста не хопіць здароўя, каб дабрацца да праўды, бо, каб пазнаць яе, трэба прайсці доўгі, нялёгкі шлях, на якім з кожным крокам мне даводзіцца губляць нешта важнае, дарагое, асабістае — каханне, сяброўства, давер да людзей, расчараванне ў жыцці. Не ператварыцца б самому ў тую пачвару, вайну якой я аб’явіў... Але што азначае гэта курлыканне? Чаму яго чую толькі я адзін?»

Учарашні дзень Кухар прысвяціў вывучэнню і аналізу прывезеных дакументаў, і чым глыбей ён паглыбляўся ў іх, тым больш упэўніваўся — тайна Гіблай затокі хаваецца не за дзвярыма міфічнай Залы Ведаў, а ў згубленым куфры маскоўскага ваяводы. Аднак, што за каштоўнасць там схавана, якая тайна, які сакрэт? — не дарэмна ж апрычнікі Івана Жахлівага за яго згубу адсеклі галаву Пятру Абаленскаму! Не, трэба зноў ехаць у Маскву.

А што шукалі эсэсаўцы ў Лядаве? Гэтых золата і самацветныя камяні не цікавілі. Іх можна было зацікавіць толькі нечым звышнатуральным, сапраўды дзіўным і фантастычным. Плёткам і чуткам яны не верылі, значыць, мелі нейкія сур’ёзныя дакументы. Якія? Не, трэба зноў ехаць у сталіцу, корпацца ў архівах.