Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 17 из 19



— Ты хлопец, як заўжды, маеш рацыю, — пагадзіўся гаспадар.

Таня і сапраўды выглядала нездаровай. Яе запалыя вочы свяціліся нездаровым бляскам, цёмныя кругі пад вачыма і барвовы румянец на шчоках сведчылі аб унутраным жары. Ды і наогул, за ноч яна неяк раптоўна асунулася, састарэла. Нават голас яе змяніўся і ў ім з’явіліся не характэрныя для яе ранейшай ноткі нецярплівасці і раздражнённасці. І хаця, сустракаючы Кухара, яна выказвала радасць, той адчуваў сэрцам, што радасць яе няшчырая, штучная, напускная. «Недзе і сапраўды падчапіла вірус грыпу, — шкадуючы дзяўчыну, думаў Андрэй. — У горадзе заўсёды трэба быць асцярожным».

Кухар з гадзіну пасядзеў з гаспадарамі на кухні, выпіў два кубкі чаю, а калі да адпраўлення цягніка засталася гадзіна, падняўся і пачаў развітвацца.

— А я спадзявалася, што ты застанешся ў мяне на ноч, — пры развітанні прашаптала Таня. — Бацька спецыяльна для цябе набыў бутэльку каньяку.

— Мы з ім дамовіліся выпіць яго пры сустрэчы, калі я прыеду з Масквы, — шэптам, бы аб вялікай тайне, прызнаўся Андрэй і, убачыўшы, што з-за павароту паказаўся аўтобус, памкнуўся пацалаваць дзяўчыну. Аднак тая ад пацалунка ўхілілася, што некалькі азадачыла і засмуціла хлопца.

Ён развітаўся з ёй і шпаркімі крокамі накіраваўся да аўтобуснага прыпынку.

3

У горад Кухар вярнуўся праз тыдзень. Змэнчаны шляхам і часам, няголены, але радасны і шчаслівы. Яшчэ больш шчаслівы ён стаў, калі ўбачыў на пероне сярод натоўпу сустракаючых Міклашэвіча.

— Паша, а ты што тут робіш? — радасці Андрэя не было межаў. — Адкуль ты даведаўся, што я прыбываю гэтым цягніком?

Міклашэвіч некалькі імгненняў аглядаў свайго сябра, бы вагаючыся — паціснуць яго працягнутую руку ці не. Урэшце ўсё ж паціснуў, заўважыўшы пры гэтым:

— Цябе са сталіцы, пэўна, выселілі за бадзяжніцтва, — і потым, калі ўбачыў па твары Кухара, што той не пачуў яго жарту, дадаў: — А пра тваё прыбыццё я зусім не ведаў. Проста праводзіў сваю знаёмую ў камандзіроўку. — Міклашэвіч яшчэ раз агледзеў сябра, усміхнуўся:

— Ну і морда ў цябе, Кухар. Прама скажу — бандыцкая морда.

— Ды годзе табе, — крыху сумеўся Андрэй. — Часу не было пагаліцца, ды і электрабрытва сапсавалася тры дні таму.

— Добра, паехалі дадому.

— Я хацеў бы заехаць да Тані.

— У такім выглядзе? — Міклашэвіч у непаразуменні заківаў галавой. — Прыедзеш дамоў, прывядзеш сябе ў парадак, адпачнеш і тады, калі ласка, едзь куды хочаш.

— Угаварыў, — уздыхнуў Кухар. — Паехалі дамоў.

Сябры прайшлі па пероне, па мосце перайшлі чыгуначныя пуці, накіраваліся да стаянкі аўтатранспарту, і ўжо, сядаючы ў машыну, Міклашэвіч пацікавіўся:

— Ты, можа, хочаш есці?

— Паем дома.

Нейкі час ехалі моўчкі, думаючы кожны аб сваім. Першым загаварыў Павел:

— Што ты маўчыш? Раскажы, як з’ездзіў, ці знайшоў адказы на свае пытанні?

— Добра з’ездзіў, — Кухар падняў з-пад ног партфель, паклаў яго на каленкі, але расшпільваць не стаў. — Гэтымі днямі папрацаваў я слаўна, але і адказы ведаю амаль на ўсе свае пытанні.

— Праўда?

— Праўда.

— Хто ж тады забіў Камяневіча ля Гіблай затокі ў Лядаве?

— Ён сам памёр, ад нечаканасці і страху.

— Значыць, крыміналу там і сапраўды няма, — расчаравана ўздыхнуў Міклашэвіч.

— Крыміналу там поўна, толькі даказаць яго няпроста, — Кухар на імгненне задумаўся, паправіў на каленках партфель. — Але давай я табе раскажу ўсё па парадку.

— Будзь ласкавы.





— Пасля сваёй першай паездкі ў сталіцу я ўпэўніўся, што пад вадой Мірэі і сапраўды схавана нешта незразумелае для нас і, магчыма, небяспечнае. Што гэта? Вароты ў Залу Ведаў? — гэту версію я адкінуў адразу, бо ўжо вельмі яна фантастычная.

— Пяцьдзясят гадоў таму палёт на Месяц быў фантастыкай.

— Яно гэтак, але я нідзе не знайшоў дакументальных, хаця б ускосных, пацвярджэнняў існавання такой Залы. Таму я пайшоў іншым шляхам і звязаў у адзіны вузел казну, згубленую царскім ваяводам Пятром Абаленскім у 1564 годзе, і пошукі звышсакрэтнай нямецкай арганізацыі «Аненербэ». Яны існавалі рэальна, пра іх дзейнасць захавалася шмат дакументаў. Мне, праўда, паказвалі далёка не ўсё, але і таго, што я ўбачыў і прачытаў, хапіла, каб скласці мазаіку ў адзіны малюнак.

— Цікава.

— Я пачаў з казны і даведаўся, што разам з ёй князь Абаленскі згубіў нейкую вельмі каштоўную кнігу з царскай ліберэі, і гэтага цар не дараваў свайму ваяводу, адсек прылюдна яму галаву.

— Крута тады рашалі праблемы!

— Я таксама пра гэта падумаў і таму пачаў шукаць звесткі пра бібліятэку цара Івана Васільевіча Жахлівага. Я даведаўся, што такая бібліятэка існавала і што Соф’я Палеалог, бабуля цара, наклала на яе «праклён фараонаў». Таму я мяркую, што ў куфры разам з золатам ляжыць пергамент с запісам гэтага праклёну. Я перачытаў сведчанні многіх, хто меў дачыненне да царскай бібліятэкі ці шукаў яе, а іх дзясяткі, пачынаючы ад Барыса Гадунова і заканчваючы сённяшнімі скарбашукальнікамі і авантурыстамі. Адшукаў я паказанні панамара маскоўскай царквы Іаана Прадцечы Канона Восіпава, які, пэўна, апошнім бачыў ліберэю ў 1724 годзе. Аднак мяне больш за ўсё ўразіў артыкул у газеце «Труд» за 22 лістапада 1944 года, — Кухар расшпіліў партфель і амаль адразу выцягнуў з яго тонкі сшытак. Перагарнуўшы некалькі старонак, ён пракашляўся і пачаў чытаць:

— «В шкафах Государственной бнблнотекн СССР нменн В. Н. Леннна храннтся много тысяч древннх рукопнсей н рукопнсных кннг. Средн друшх здесь находятся пять кннг большого формата в старннных кожаных переплетах нз лнчного собрання Нвана Грозного. Крупнейшнй спецналнст древнерусскнх рукопнсных кннг профессор Г. П. Георшевскнй говорнт: «Кннш хорошо сохраннлнсь. Лнсты нх почтн не пожелтелн от временн. Нзумкгельные рнсункн, мастерскн выполненные лучшнмн художннкамн XVI века, сохраннлн до настояшего временн яркость свонх красок».

Прачытаўшы гэты артыкул, я зразумеў, што шукаць царскую бібліятэку — марная справа, што яе даўно раскралі і распрадалі, а тое, што засталося, раздалі па дзяржаўных бібліятэках.

— Ведаючы нашу любоў да друкаванага слова, я таксама аб гэтым падумаў.

— Аднак мае пошукі не аказаліся марнымі. Шукаючы інфармацыю пра бібліятэку, я даведаўся, што ў князя Пятра Абаленскага да студзеня месяца 1564 года быў магічны амулет бога Шывы і што менавіта яго ён утапіў разам са сваёй казной у водах Мірэі. Гэта версія самая праўдзівая, бо такі артэфакт «Аненербэ» ніяк не магла прапусціць.

— А што ўяўляе з сябе гэты амулет? У чым яго сіла?

— Гэта звычайная залатая пласцінка, з аднаго боку якой адціснуты грыфон, а з другога — прадказальнік. А моц яго ў тым, што ўладар гэтага амулета набывае вялікую сілу над людзьмі, можа перасяляцца з аднаго цела ў другое, змяняць падзеі сучаснага і бачыць будучае. Той, хто ведае сапраўдныя ўласцівасці гэтага амулета, становіцца бессмяротным.

— А як супрацьстаяць яго ўплыву?

— Ніяк, ён усёмагутны.

— А калі яго ўкрасці і знішчыць, напрыклад — расплавіць?

— Ды ты што, Паша? Расплавіўшы пласціну, грыфон і прадказальнік змяшаюцца ў адно цэлае і тады ўладальнік амулета стане наогул непераможным.

— А так?

— Яго можна абяссіліць толькі адным спосабам — раздзяліць грыфона і прадказальніка. Як гэта зрабіць, я пакуль не ведаю.

— Стачыць напільнікам адзін бок пласціны, а апілкі выкінуць у рэчку, у тую ж Мірэю.

— Можа, і так.

Рэшту дарогі да Дубоўны сябры маўчалі і толькі, спыніўшы «Жыгулі» ля дома Кухара, Міклашэвіч папрасіў:

— Андрэй, ты служыў у арміі, ты міліцыянер, а таму паспрабуй мяне зразумець.

— Што здарылася, Паша? — адразу насцярожыўся Кухар. — Я ўвесь шлях адчуваў, што ты не дагаворваеш, нешта хаваеш ад мяне.

— Не едзь ты сёння да Тані, пашкадуй яе.

— Што з Таняй, Паша? Яна ў бальніцы?

— Не, яна не ў бальніцы, аднак, я думаю, зараз яе турбаваць не трэба.

— Ды што ты цямніш, што ходзіш вакол мяне, бы я нейкая інстытутка? Кажы прама, што здарылася?