Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 26

Дарэчы, гэта выявіла яшчэ адну якасць пярсцёнкаў, пра якую дзядзька Эндру не сказаў Дыгары, бо сам не ведаў. Каб пераскокваць са свету ў свет, не абавязкова самому надзяваць пярсцёнак ці датыкацца да яго. Дастаткова дакрануцца да таго, хто кранаецца пярсцёнка. У гэтым сэнсе яны спрацоўвалі як магніты. Усім вядома: калі падчапіць шпільку магнітам, любая іншая шпілька, якая датыкнецца да першай, таксама прычэпіцца.

Цяпер, у лесе, Каралева Джадзіс выглядала інакш. Яна была значна бялейшая, чым раней. Настолькі, што ад яе прыгажосці амаль нічога не засталося. Яна згорбілася, і, здавалася, ёй было цяжка дыхаць, нібыта паветра гэтага месца душыла яе. Ніхто з дзяцей цяпер зусім яе не баяўся.

— Пусціце! Пусціце мае валасы,— сказала Полі.— Чаго вы за мяне ўхапіліся?

— Так! Пусціце яе валасы! Зараз жа,— загадаў Дыгары.

Яны абодва павярнуліся і пачалі змагацца з ёй. Тут, у гэтым месцы, яны былі мацнейшымі за яе і праз некалькі секунд змусілі яе выпусціць Поліны валасы. Вядзьмарка адхіснулася, цяжка дыхаючы, і ў яе вачах была жудасць.

— Хутчэй, Дыгары! — сказала Полі.— Мяняй пярсцёнак і скочым у азярко, што вядзе дамоў.

— Памажыце! Памажыце! Злітуйцеся! — слабым голасам усклікнула Вядзьмарка, пахістваючыся і спрабуючы ісці за імі.— Забярыце мяне з сабой... Вы не можаце пакінуць мяне ў гэтым месцы... Яно мяне забівае.

— Гэта дзяржаўная справа,— з’едліва адказала Полі.— Як тады, калі вы забілі ўсіх тых людзей у сваім свеце. Давай хутчэй, Дыгары.

Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі, але Дыгары прамовіў:

— Ну вось! Што нам рабіць? — Яму было крыху шкада Каралевы.

— Не будзь такім даверлівым! — сказала Полі.— Яна толькі прыкідваецца. Пайшлі!

I дзеці скочылі ў азярко, што вяло ў наш свет. “Добра, што мы пакінулі гэтую адзнаку”,— падумала Полі. Але калі яны скочылі, Дыгары адчуў, як вялікія халодныя пальцы схапілі яго за вуха. I чым далей яны занурваліся і чым больш дакладнымі рабіліся размытыя абрысы нашага свету, тым больш мацнела хватка гэтых пальцаў. Сілы вярталіся да Вядзьмаркі. Дыгары вырываўся і брыкаўся, але ад гэтага не было ніякага толку. Праз імгненне яны ўжо былі ў кабінеце дзядзькі Эндру. Там быў сам дзядзька; ён утаропіўся ў дзіўнае стварэнне, якое Дыгары прынёс з месца, што па-за гэтым светам.

I ён нездарма ўтаропіўся. Дыгары і Полі таксама. Вядзьмарка, без сумніву, ачуняла. Цяпер, калі яна апынулася ў нашым свеце, ад яе выгляду літаральна захоплівала дух. У Чарне яна выглядала небяспечнай; у Лондане пры позірку на яе мурашкі беглі па скуры.

Напрыклад, да гэтага моманту яны не разумелі, наколькі высачэзнай яна была. “Наўрад ці яна чалавек”,— падумаў Дыгары, гледзячы на яе. I, магчыма, ён меў рацыю, бо некаторыя казалі, што ў жылах каралеўскага дому Чарна цячэ кроў веліканаў. Але яе рост быў нішто ў параўнанні з яе прыгажосцю і лютасцю. Яна выглядала ў дзесяць разоў жывейшай за большасць людзей у Лондане. Дзядзька Эндру кланяўся, паціраў рукі і быў, папраўдзе, да крайнасці напужаны. Побач з Каралевай Джадзіс ён нагадваў кузурку.

I ў той жа час, як Полі казала пасля, іх твары былі чымсьці падобныя. Яны мелі нейкі аднолькавы выраз. Гэта быў выгляд, які маюць усе злыя чараўнікі, “адзнака”, якую Джадзіс не змагла знайсці на твары Дыгары. Ад таго, што яны апынуліся побач, была толькі адна выгада: дзеці ўжо ніколі больш не пабаяліся б дзядзькі Эндру. Як вы не баяліся б чарвяка пасля таго, як пабачылі гадзюку; ці каровы, сустрэўшыся спачатку з шалёным быком.

“Пффф! — падумаў сам сабе Дыгары.— Які з яго чараўнік! А вось яна — сапраўдная вядзьмарка”.

Дзядзька Эндру працягваў паціраць рукі і кланяцца. Ён намагаўся сказаць штосьці вельмі ветлівае, але ў яго зусім перасохла горла. Яго “эксперымент” з пярсцёнкамі, як ён гэта называў, аказаўся больш паспяховым, чым яму хацелася, бо, хоць ён і забаўляўся магіяй гадамі, ён заўсёды пакідаў усю небяспеку (наколькі было магчыма) іншым людзям. Нічога нават блізка падобнага да гэтага з ім ніколі раней не здаралася.

Джадзіс загаварыла, не вельмі гучна, але ў яе голасе было штосьці, ад чаго ўвесь пакой задрыжаў.

— Дзе чараўнік, які паклікаў мяне ў гэты свет?

— Э... э... Мадам,— задыхнуўся дзядзька Эндру.— Які вялікі гонар... я неверагодна ўсцешаны... такая нечаканая ласка... я... я...

— Дзе Чараўнік, дурань? — паўтарыла Джадзіс.

— Гэта... гэта я, Мадам. Спадзяюся, вы даруеце... эм... гэтым шкадлівым дзецям. Хачу вас запэўніць, што я не меў і намеру...

— Ты — Чараўнік? — запыталася Каралева яшчэ больш страшным голасам. Потым, адным крокам перасекшы пакой, яна схапіла жменю сівых валасоў дзядзькі Эндру і рэзка пацягнула яго галаву назад, каб яго твар глядзеў на яе. Яна пачала вывучаць яго твар, як вывучала твар Дыгары ў палацы Чарна. Дзядзька Эндру ўвесь час міргаў і нервова аблізваў вусны. Нарэшце яна адпусціла яго так раптоўна, што ён адляцеў да сцяны.

— Зразумела,— мовіла яна пагардліва.— Ты чараўнік... у пэўным родзе. Падыміся, сабака, і не развальвайся так, нібыта размаўляеш з роўнымі табе. Як ты авалодаў Магіяй? У табе няма каралеўскай крыві.

— Ну... эм... магчыма, не зусім каралеўская...— стаў заікацца дзядзька Эндру.— Тым не менш, Кэтэрлі — вельмі старажытны род. Старажытны род з Дорсетшыра, мадам.

— Ціха,— сказала Вядзьмарка.— Я бачу, што ты такое. Ты маленькі нязначны чараўнік, які працуе паводле правілаў і кніг. У тваёй крыві і сэрцы няма сапраўднай Магіі. У маім свеце з такімі, як ты, было скончана тысячу год таму. Але тут я літасціва дазволю табе быць маім слугой.

— Я буду надзвычай усцешаны... быць карысным любым чынам... для мяне гэта задавальненне, паверце.

— Ціха! Ты зашмат размаўляеш. Слухай сваё першае заданне. Я бачу, мы ў вялікім горадзе. Зараз жа знайдзі для мяне калясніцу, ці кілім-самалёт, ці добра навучанага дракона, ці што там выкарыстоўваюць каралеўскія і шляхетныя асобы ў вашай зямлі. А затым адвязі мяне туды, дзе я змагу знайсці адзенне, упрыгожанні і рабоў адпаведна майму статусу. Заўтра я пачну захопліваць гэты свет.

— Я-я-я... пайду і закажу брычку,— задыхаючыся прамовіў дзядзька Эндру.

— Стаяць, — сказала Вядзьмарка, якраз калі ён дайшоў да дзвярэй.— Нават і не думай аб здрадзе. Мае вочы бачаць скрозь сцены і сягаюць у розумы людзей. Мой позірк будзе на табе, куды б ты ні пайшоў. Пры першым жа знаку непадпарадкавання я нашлю на цябе такі заклён, што ўсё, на што ты сядзеш, будзе як гарачае жалеза, а калі ты пакладзешся ў ложак, каля тваіх ног будуць нябачныя глыбы лёду. А цяпер пайшоў.

Стары выйшаў, нагадваючы сабаку, што падціснуў хвост.

Цяпер дзеці спужаліся: раптам Джадзіс скажа ім штосьці наконт таго, што адбылося ў лесе. Але, як аказалася, яна ніколі не ўзгадвала пра гэта — ні тады, ні пасля. Я думаю (і Дыгары таксама), што розум Вядзьмаркі быў так уладкаваны, што яна не магла ўвогуле запомніць тое ціхае месца. I не важна, як часта і як доўга яна б там была,— яна ўсё адно нічога пра гэта не ўзгадае. Цяпер, калі Вядзьмарка засталася адна з дзецьмі, яна не звяртала на іх аніякай увагі. I гэта таксама было ёй уласціва. У Чарне яна не звяртала ўвагі на Полі (да самага канца), бо хацела скарыстацца Дыгары. Цяпер, калі ў яе быў дзядзька Эндру, яна не заўважала Дыгары. Думаю, большасць вядзьмарак такія. Ім цікавыя рэчы ці людзі, толькі калі іх можна выкарыстаць; вядзьмаркі неверагодна прагматычныя. Таму хвіліну ці дзве ў пакоі стаяла цішыня. Але па тым, як Джадзіс пастуквала нагой, можна было сказаць, што яна траціць цярплівасць.

Праз нейкі час яна сказала, нібыта сама сабе: “Што гэты стары дурань робіць? Трэба было ўзяць бізун”. Не кінуўшы нават позірку на дзяцей, яна выйшла з пакоя.

— Фух! — з палёгкай выдыхнула Полі.— А цяпер я мушу ісці дамоў. Позна ўжо. Ну і дастанецца мне!

— Калі ласка, вельмі цябе прашу, вярніся, як толькі здолееш,— узмаліўся Дыгары.— Гэта проста катастрофа. Нам трэба прыдумаць нейкі план.

— Цяпер гэта справа твайго дзядзькі,— сказала Полі.— Гэта ён усё пачаў. Дагуляўся з магіяй.