Страница 11 из 26
— Але ты ўсё адно вернешся, так? Каб гэта ўсё правалілася... Ты не можаш пакінуць мяне аднаго.
— Я пайду дамоў праз тунэль,— даволі халодна адказала Полі.— Так будзе найхутчэй. I калі ты хочаш, каб я вярнулася, думаю, табе варта папрасіць прабачэння.
— Папрасіць прабачэння? — усклікнуў Дыгары.— Вы толькі паглядзіце, ну і хіба гэта не па-дзявочаму? Што я зрабіў?
— О, вядома ж, нічога,— саркастычна прамовіла Полі.— Толькі ледзь не адкруціў мне руку ў пакоі з васкавымі фігурамі, як палахлівы хуліган. Проста стукнуў у звон тым малатком, як поўны дурань. Проста павярнуўся назад, калі мы былі ў лесе, так што яна паспела схапіцца за цябе, перш чым мы скочылі ў азярко. Толькі і ўсяго.
— А-а-а...— вельмі здзіўлена сказаў Дыгары.— Ну, добра, я перапрашаю. Я сапраўды прашу прабачэння за тое, што адбылося ў пакоі з васкавымі фігурамі.
Бось, я папрасіў прабачэння. А цяпер, прашу цябе, зрабі ласку, вяртайся. Я апынуся ў жахлівай сітуацыі, калі ты не вернешся.
— Не разумею, што можа з табой здарыцца. Гэта ж містар Кэтэрлі будзе сядзець на гарачых крэслах і спаць у ледзяным ложку, ці не так?
— Я не пра гэта,— сказаў Дыгары.— Я турбуюся за маму. Што, калі гэтая істота зойдзе ў яе пакой? Яна можа да смерці яе спужаць.
— Вох, разумею,— адказала Полі ўжо іншым голасам.— Добра. Абвесцім перамір’е. Я вярнуся, калі атрымаецца. Але цяпер я мушу ісці.— I яна пралезла праз маленькія дзверы ў тунэль. Гэтае цёмнае месца сярод бэлек, якое выглядала такім таямнічым некалькі гадзінаў таму, цяпер было звычайным і знаёмым.
Зараз мы мусім вярнуцца да дзядзькі Эндру. Яго беднае старое сэрца шпарка білася, пакуль ён, пахістваючыся, спускаўся па лесвіцы з гарышча. Ён увесь час выціраў лоб насоўкай. Урэшце дабраўшыся да сваёй спальні, якая была паверхам ніжэй, ён зачыніўся і перш за ўсё адшукаў у шафе бутэльку і келіх, якія заўсёды хаваў там, дзе цётка Лэці не магла іх знайсці. Дзядзька Эндру наліў поўны келіх нейкага агіднага напою, які п’юць дарослыя, і праглынуў усё адным глытком. Потым глыбока ўздыхнуў.
— Шчыра кажучы,— сказаў ён сабе,— я жудасна дрыжу. Гэта вельмі шкодна! У маім веку!
Ён наліў другі келіх і таксама выпіў; потым пачаў пераапранацца. Вы ніколі не бачылі такога адзення, але я яго памятаю. Ён апрануў вельмі высокі, бліскучы, цвёрды каўнер, які прымушаў увесь час высока трымаць падбароддзе. Надзеў белую камізэльку з узорам і ўладкаваў залаты ланцуг для гадзінніка ўпоперак грудзей. Потым апрануў лепшы фрак, які трымаў для вяселляў і пахаванняў. Дастаў лепшы высокі капялюш і пачысціў яго. На туалетным століку стаяла ваза з кветкамі (пастаўленая цёткай Лэці), і ён выцягнуў адну кветку і ўваткнуў яе ў пятліцу. Затым дастаў з маленькай шуфлядкі чыстую насоўку (добрую, зараз такіх не набыць) і крапнуў на яе парфумы. Ён узяў манокль на шырокай чорнай стужцы і ўставіў яго ў вока; пасля паглядзеў на сябе ў люстэрка.
У дзяцей, як вы ведаеце, свая дурнота, у дарослых — свая. У гэты момант дзядзька Эндру пачаў паводзіць сябе па-дурному ў вельмі характэрнай для дарослых манеры. Цяпер, калі ён больш не знаходзіўся ў адным пакоі з Вядзьмаркай, ён забыўся, як яна яго спалохала, і ўсё больш і больш думаў аб яе дзівоснай прыгажосці. Ён паўтараў і паўтараў сабе: “Шалёна прыгожая жанчына, сэр, шалёна прыгожая жанчына. Выбітнае стварэнне”. Таксама ён нейкім чынам забыўся, што гэта дзеці спрычыніліся да з’яўлення тут “выбітнага стварэння”: ён пачуваўся, нібыта ён сам з дапамогай сваёй Магіі выклікаў яе з невядомых сусветаў.
— Эндру, даражэнькі,— сказаў ён сам сабе, гледзячы ў люстэрка.— Ты пякельна добра выглядаеш для чалавека твайго ўзросту. Вы — мужчына, які выглядае выключна, сэр.
Бачыце, гэты неразумны стары чалавек сапраўды пачынаў уяўляць, што Вядзьмарка закахаецца ў яго. Напэўна, да гэтага мелі дачыненне два выпітыя келіхі, а таксама яго найлепшая вопратка. Але, так ці іначай, ён быў надзьмуты ад самазахаплення, як паўлін. Менавіта таму ён і стаў чараўніком.
Ён адамкнуў дзверы, спусціўся ўніз, паслаў пакаёўку па экіпаж (усе мелі шмат прыслугі ў тыя дні) і зазірнуў у гасцёўню. Там, як ён і чакаў, была цётка Лэці. Яна засяроджана зашывала матрац, што ляжаў на падлозе ля акна.
— Ах, Летыцыя, мая дарагая,— сказаў дзядзька Эндру.— Мне, э-гм, трэба з’ездзіць у горад. Пазыч мне фунтаў пяць ці каля таго, будзь добрай дзічынкай (так ён вымаўляў “дзяўчынка”).
— Не, дарагі Эндру,— адказала цётка Лэці цвёрдым, але ціхім голасам, не падымаючы вачэй ад працы.— Я ўжо безліч разоў паўтарала, што не буду пазычаць грошы.
— Малю цябе, не стварай праблемы, мая дарагая дзічынка,— мовіў дзядзька Эндру.— Гэта вельмі важная справа. Ты паставіш мяне ў жудасна няёмкае становішча, калі не пазычыш.
— Эндру,— прагаварыла цётка Лэці, гледзячы проста яму ў твар.— Я дзіўлюся, што табе не сорамна прасіць у мяне грошы.
За гэтымі словамі хавалася доўгая нецікавая гісторыя ў стылі дарослых. Калі каротка, то дзядзька Эндру “вёў справы дарагой Лэці”, ніколі не працаваў і часта выстаўляў вялікія рахункі на брэндзі і цыгары (якія цётка Лэці аплочвала зноў і зноў). Гэтым ён зрабіў яе значна бяднейшай, чым трыццаць год таму.
— Мая дарагая дзічынка,— сказаў дзядзька Эндру.— Ты не разумееш. У мяне сёння даволі непрадбачаныя выдаткі. Мне трэба зладзіць невялікую забаву. Ну давай, не будзь занудай.
— I каго ж ты збіраешся забаўляць, Эндру? — запыталася цётка Лэці.
— Эм... эм... толькі што да мяне прыбыў надзвычайны госць.
— Надзвычайная лухта! — сказала цётка Лэці.— У дзверы за апошнюю гадзіну ніхто не званіў.
У гэты момант дзверы раптоўна расчыніліся. Цётка Лэці азірнулася і са здзіўленнем пабачыла, што на парозе стаіць высачэзная жанчына, багата і пышна апранутая, рукі аголеныя, вочы гараць. Гэта была Вядзьмарка.
Што здарылася ля ўваходных дзвярэй
Колькі я мушу чакаць на сваю калясніцу, раб? — загрымела Вядзьмарка. Дзядзька Эндру адступіў. Цяпер, калі яна стаяла тут, усе дурныя думкі, што былі ў яго, калі ён глядзеўся ў люстэрка, выветрыліся. Але цётка Лэці адразу паднялася з каленяў і выйшла на сярэдзіну пакоя.
— Хто гэтая маладая асоба, магу я запытацца, Эндру? — сказала цётка Лэці халодным тонам.
— Відная замежніца, в-вельмі важная асоба,— запыкаў той.
— Бязглуздзіца! — адказала цётка Лэці і, павярнуўшыся да Вядзьмаркі, загадала:
— Зараз жа прэч з майго дому, бессаромная дзеўка, інакш я паклічу паліцыю!
Яна падумала, што Вядзьмарка, напэўна, з цырку, і ёй вельмі не падабаліся аголеныя рукі.
— Што гэта за жанчына? — запыталася Джадзіс.— На калені, нягодніца, пакуль я цябе не пракляла!
— Ніякай кляцьбы ў гэтым доме, юная лэдзі,— сказала цётка.
Як падалося дзядзьку Эндру, Каралева імгненна стала яшчэ вышэй ростам. Агонь жахаў з яе вачэй; яна выпрастала руку з тым жа самым жэстам і жахлівымі словамі, якія нядаўна ператварылі ў пыл брамы палаца ў Чарне. Але нічога не адбылося. Толькі цётка Лэці, мяркуючы, што тыя страшэнныя словы мусілі быць звычайныя, зазначыла:
— Я так і думала. Гэтая жанчына п’яная. П’яная! Яна нават не можа разборліва гаварыць.
Напэўна, гэта быў жахлівы момант для Вядзьмаркі. Яна раптоўна зразумела, што яе ўменне ператвараць людзей у пыл, якое дзейнічала ў яе свеце, не працуе ў нашым. Але яна не разгубілася. Джадзіс рынулася наперад, схапіла цётку Лэці за шыю і калені, падняла над галавой, нібыта яна была не цяжэйшая за ляльку, і кінула яе праз пакой. Цётка Лэці ўсё яшчэ ляцела, калі служанка (у якой выдалася на дзіва захапляльная раніца) прасунула галаву ў дзверы і сказала:
— Выбачайце, сэр, экіпаж прыбыў.
— Вядзі, раб,— загадала Вядзьмарка дзядзьку Эндру. Ён пачаў мармытаць нешта накшталт “недаравальны гвалт... мушу выказаць глыбокую заклапочанасць”, але ад адзінага позірку Джадзіс у яго заняло мову. Каралева рушыла наперад, дзядзька Эндру затэпаў за ёй; Дыгары збягаў па лесвіцы менавіта ў час, калі за імі зачыніліся дзверы.
— Нішто сабе! — сказаў ён.— Яна гуляе па Лондане! З дзядзькам Эндру. Што ж цяпер будзе?