Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 104 из 138



Скончыў артыкул былы палітработнік МТС так: «Што тычыцца 10 ці100 тысяч вывезеных, рэпрэсаваных па нашай вобласціўчасы калектывізацыі, то гэта падобна на трызненне, калі не сумесны пасквіль».

Бытта і не публікавалася шмат адпаведных стотысячных даведак у сувязі з 50-годдзем уз’яднання Беларусі. Старшыня Савета ветэранаў органаў унутраных спраў вобласці падпалкоўнік у адстаўцы Н. Атаманаў услед за Талкачовым у другім артыкуле сказаў: «Так, прывабнай вонкавасцю тыя супрацоўнікі праваахоўных органаў не вылучаліся: не да таго было. Не вылучаліся і асаблівай інтэлігентнасцю ў тыя вогненныя мірныя гады, калі асабовы склад знаходзіўся ўвесь час у гатоўнасці нумар адзін (чытай: для барацьбы са сваім народам). I асаблівай вучонасці яны не выказвалі. Рэдка ў каго з іх была сямігадовая адукацыя, а пераважна – пачатковая школа».

Тут Н. Атаманаў Амерыкі не адкрывае. Ва ўсе часы ведаў і розуму ад цэрбераў не патрабавалася, людзі для гэтай службы падбіраліся не лепшага гатунку!

Ветэран вайны і працы Г.Шоўга ў трэцім артыкуле дадае: «Гаворачы аб стварэнні калгасаў у Сапоцкінскім раёне, аўтар груба, як невук, адгукаецца аб органах савецкай улады і аховы правапарадку ў той час, апраўдваючы асоб, якія аказвалі лютае супраціўленне органам і агітацыйна-прапагандысцкаму актыву».

І нарэшце, 23 снежня 1989 года з’явіўся матэрыял ледзь не на цэлую газетную паласу пад грыфам: «У БЮРО АБКАМА КПБ Аб звароце ў лістах ветэранаў вайны і працы ў абкам партыі з прычыны публікацыі «Печальные были» А. Карпюка ў газеце «Гродненская правда».

Ніжэй сказана, што ў Гарадзенскі абкам КПБ звярнуліся ветэраны вайны і працы домакіраўніцтва № 8, члены Савета ветэранаў вайны і працы (галоўным чынам, былыя работнікі МУС, якія ўсе тыя эксцэсы тварылі! – тлумачэнне маё, А. К.) з просьбай разабрацца з беспрынцыповай пазіцыяй рэдакцыі «Гродненская правда», якая «дапусціла публікацыю на сваіх старонках артыкулаў А. Карпюка, – яны ачарнілі гісторыю вобласці і яе людзей, сказілі ісціну».

Затым быў апублікаваны матэрыял спецыяльнай камісіі, якая разбіралася па гэтай справе.

Камісія прыйшла да высновы, што А. Карпюк суб’ектыўна і аднабакова адносіцца да вызваленчай місіі, вызваленчага паходу ў верасні 1939 года Чырвонай Арміі, бо ўдзельнік яго Г.Маскаленка якраз з захапленнем апавядае, як з хлебам-соллю, з незвычайнай радасцю (бытта і я не гаварыў аб той эйфарыі, якая агарнула просты народ, які яшчэ не ведаў усяго, што яго чакае неўзабаве!) сустракалі чырвонаармейцаў, стараючыся іх пачаставаць крынічнай вадой, свежым малачком і г. д.

Ніжэй у рэдакцыйным артыкуле зноў гаварылася аб падазронай ведамасці ў канцлагеры Штутгоф з маім подпісам на атрыманне тры разы па дваццаць марак, аб уцёках з яго і паклёпе на Грушэўскага.

У канцы абкамаўскага матэрыялу ў газеце сцвярджалася, што Бюро ЦК КПБ за грубыя палітычныя памылкі (за мае выступленні на форумах СП БССР, якія зараз публікуюцца ў кніжках, бо думкі, закладзеныя ў іх, супалі з тымі, што ляглі ў аснову нашай перабудовы) дало А.Карпюку суровую вымову з занясеннем ва ўліковую картку.

Выходзіць, усё паўтарылася з часоў пачатку 70-х гадоў. А калі быць дакладным, то штосьці падобнае ўжо было ў рэспубліканскім маштабе.

Гэта ж ужо ў разгар эпохі галоснасці Ульяновіч з сабе падобнымі сябрамі ў органе ЦК КПБ газеце «Звязда» ўдарыў па Граніну, Адамовічу, Бакланаву, Кандрацьеву і Балашову, крытыкуючы іх за «агульначалавечы гуманізм» у творах, за «акопную праўду», як ударылі і па мне праз «Гродненскую правду» ды бюро абкама партыібылыя супрацоўнікі органаў НКУС і МУС.

Як бы мне ні было непрыемна, але ў гэтым не знаходжу нічога ненатуральнага. Людзям гэтым зусім незнаёмы мукі пошуку ісціны, хвалявання, якія ідуць ад розуму і сэрца. Яны і цяпер здольны ўспрымаць толькі тое, што ім прадыктуюць старыя шаблоны.

У сваім артыкуле ў «Гродненской правде» А.Талкачоў высмейвае мае меркаванні, што ў сельскай гаспадарцы ў нас наступіў пералом толькі ў 1954 годзе ў сувязі з рэформамі Хрушчова і вяртаннем высланых у родныя мясціны, а Н.Атаманаў не прымае маёй думкі, што бандытызму ў нас садзейнічалі рэпрэсіі, што тэрор заўсёды спараджае тэрор. Але ж гэтыя ісціны банальныя, іх ніхто ўсур’ёз не можа аспрэчваць!

Уся бяда ў тым, што мае апаненты зусім няздольныя аналізаваць падзеі, удзельнікамі якіх былі. У эйфарыі перамогі ім было не да плачу невінаватых жанчын і дзяцей, не да выгляду тых аблезлых каровак і дохлых коней, разбураных хутароў і сяліб.

Яны ні ў чым не раскайваюцца, не грызе іх сумленне, і спяць яны спакойна.

Я не раз думаю: хоць бы кожны з гэтых ветэранаў праваахоўных органаў пацярпеў з месяц тое, што перажылі мільёны! Ды лёс іх ашчаджаў. Жылі бесклапотна на ўсім гатовым. Ад шматгадовага безагляднага падпарадкавання мазгі ў гэтай катэгорыі людзей пераўтварыліся ў свайго роду торф, які не здольны ўжо радзіць нічога жывога.



Ветэраны гэтыя, як бы ні было каму іх шкада, зацыкліліся на ўзроўні саракавых гадоў.

Прыгледзьцеся, як яны праводзяць вольны час. Якія між сабой вядуць размовы. Усё ў іх старое!

Яны нічога не чытаюць, ні пра што іншае не хочуць ведаць – усё ніяк не развітаюцца з эпохай, калі вырашалі лёсы людзей, калі мелі неабмежаваную ўладу, трафеі, выпіўку і, прыкрываючыся званнямі, пасадамі, высакапарнымі лозунгамі, рабілі, што хацелі.

Над імі ўсё носіцца дух Мудрага Настаўніка і Друга, без якога не ўяўляюць сабе жыцця. Калі загаварыць з каторым-небудзь з іх адзін на адзін аб рэпрэсіях, ён з упэўненасцю адкажа:

– Таму цяпер і кепска, што Сталін не ўсіх вывез, не перастраляў, не перадушыў! Быў бы ЁН цяпер – адразу навёў бы парадак!

Горш за ўсё, што між імі існуе моцная спайка і закаранелае пачуццё роднасці душ. Адчуўшы выпад супроць сябе ў выглядзе крытыкі таго, чаму аддалі лепшыя гады жыцця, паглядзіце, як гэтыя людзі аб’ядналіся! Як салідарны з ім гаркам, абкам, парткамісія гарадская, абласная і орган партыі «Гродненская правда»!

Нічога не зробіш, іх яшчэ многа надта, і яны дужыя, асабліва ў нас, на перыферыі, недарма ў народзе іх называюць вандэяй. Але справа не ў іх. Кожная палітыка збірае пад сваё крыло адпаведных людзей для здзяйснення сваёй мэты. За паслухмянай нашай вандэяй трэба бачыць цэлы пласт бюракратаў, якія ну ніяк не развітаюцца з уладай!

Дык што, паўтарыўся пачатак 70-х гадоў? Як бы не так! Змянілася штосьці грунтоўна і ў нас. Цяпер ніхто ад мяне на вуліцы не шарахаецца, хоць аж так ачарнілі. Наадварот! Паскудныя публікацыі выклікалі шквал пратэстаў. Не прайсці спакойна па вуліцы! Знаёмыя і незнаёмыя спыняюцца і ўсяляк выказваюць сімпатыю ды сваё тлумачэнне апублікаванага. Бесперапынна гавораць мне аб гэтым па тэлефоне.

Адным словам, разбуджаны ў народзе такія сілы, якія цяпер ужо ніякім ульяновічам, талкачовым, маскаленкам, алёшыным не ўтрымаць.

Усё гэта так.

Толькі ж ці мне з імі па дарозе? Я не з пакорных, я – з абалваненых. Усё жыццё не там шукаў ідэал. Я глыбока верыў у камунізм. Я нават верыў, што Сталін ні аб чым не ведае, і марыў, як да яго дабіраюся ў Крэмль ды раскрываю на ўсё яму вочы. Прачнуўся, дзякуй Богу, і зразумеў, што я аб’ект непрыстойнай гульні ў руках людзей, якія вадзілі мяне дзесяцігоддзямі за нос і спекулявалі на маёй наіўнай веры, як і веры мільёнаў такіх самых.

Хопіць кіснуць у якойсьці калдобіне!

КПСС – носьбіт чужой мне маралі, якая ўсю гэту хеўру банкротаў і сектантаў тыпу ульяновічаў, магільніцкіх, талкачовых, атаманавых, маскаленкаў, шоўдаў пры дапамозе сваіх магутных сродкаў прапаганды ды шматлікіх чыноўнікаў з высокімі зарплатамі абагравала і абагравае, сілкавала і сілкуе ды цкуе. Усё гэта ўвайшло ў непрымірымы канфлікт з мараллю, закладзенай ува мне.

Так і павінна было здарыцца.

Скажыце, што агульнага мае агульначалавечая мараль страшаўскіх бабак, дзядоў, якія мяне выхоўвалі, з той уломнай і аднабаковай мараллю, каторая хоць і навуковым камунізмам народжана, але ўзнікла ў галовах дагматыкаў, у сэрцах з халодным разлікам, у людзей часта карыслівых, аднабокіх і шкодных палітыканаў ды верхаглядаў?