Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 103 из 138



– Ой, як кепска атрымалася! Не трэба было, ні ў якім выпадку нельга было так з ім распраўляцца! – І з глыбіні душы вырваўся крык адчаю: – Навошта яны гэта зрабілі?! Адным словам, пры Кляцкове мы пачалі выпростваць плечы.

Тыя самыя калгасы, саўгасы нават без падрадаў і арэндаў, дзякуючы дастатковай колькасці людзей на вёсцы і мурашынай іхняй руплівасці ды сціпласці, памалу пераўтварыліся ў мала дзе практыкуемыя ў Саюзе аб’яднанні творча працуючых калгаснікаў, аграномаў ды сельскіх інжынераў з іншымі прадстаўнікамі інтэлігенцыі (я не спецыяліст, вызначыць форму дакладна не бяруся!), на чале з чалавечнымі і мудрымі новымі старшынямі. Яны разам стварылі тое, аб чым сталі ўсюды гаварыць. Мяркуйце самі.

Згодна з паказчыкамі 1987-1989 гадоў па вытворчасці збожжа (каля 40 цэнтнераў з гектара!), мяса і малака на душу насельніцтва наша вобласць наблізілася да ўзроўню Заходняй Еўропы, значна абышоўшы астатнія рэгіёны краіны. У параўнанні з іншымі рэспублікамі, зараз тая самая Беларусь, дзе так многа пясчаных земляў11, камяніцы, – рэспубліка перадавая. Толькі поспехі яе ідуць, галоўным чынам, за кошт высокіх паказчыкаў у вёсках, далучаных да СССР у 1939 годзе. Дастаткова глянуць на зводкі па ўраджайнасці і дасягненні жывёлагадоўлі, каб пераканацца, што ўсходнія вобласці даюць на адну чацвёртую, па асобных паказчыках – на адну трэцюю частку менш. Але, беручы агулам, заходнія вобласці (Гарадзенская і Брэсцкая) усю рэспубліку выводзяць у перадавыя. (Напрыклад, за 1989 год па ўраджаі збожжа Гарадзенская вобласць Заходняй Беларусі дала 39,5 цэнтнера з гектара, Віцебская вобласць усходняй Беларусі – 24,5 цэнтнера, Магілёўская – 28,5 і г. д.).

Такія рэаліі.

Адным словам, на агульнарэспубліканскія паказчыкі ў першую чаргу ўплываюць дасягненні Прынёманшчыны. Прычына «гарадзенскага феномену» аж просіцца, каб аб ёй заявіць на ўвесь свет.

Па-першае, прымусовая і бязглуздая калектывізацыя, вываз творчай інтэлігенцыі ды лепшых сялян разам з выдатнымі вясковымі спецыялістамі – млынарамі, кавалямі, стэльмахамі ды іншымі майстрамі – у Сібір, Казахстан у нас адбылася, дзякуй Богу, на 20 гадоў пазней глыбінных рэгіёнаў СССР – пазней на цэлае пакаленне! Працягвалася не так доўга і крывава, а праз чатыры-шэсць гадоў людзі вярнуліся да сваіх гнёздаў. Па-другое, высланы ў 50-х гадах трапляў ледзь не ў райскія ўмовы ў параўнанні з тым, што перажылі вывезеныя ў канцы 20-х, у пачатку 30-х. Таму цалкам разбурыць творчую атмасферу ў нас, зусім разваліць мацерыковую народную культуру Правадыр і Настаўнік усіх народаў не змог.

Менавіта таму нашы вёскі амаль не ведаюць дэфіцыту рабочай сілы: з іх у горад не надта і выязджаюць, чаго не скажаш пра іншыя вобласці.

Вядома, і ў нас зніклі населеныя пункты з карт, але ж паўнакроўных вёсак не стала толькі дзвюх – Вялікай ды Малой Капліцы. Іх спляжыў хімкамбінат «Азот», пашыраючы свае цэхі А здарылася злачынства таму, што ўтой час, калібульдозеры руйнавалімураванкіабедзвюх Капліц, яшчэ не саспела грамадская свядомасць. Сёння, напэўна, адна «Паходня» гэтыя старажытныя вёскі, памянутыя ў дакументах XVI і XVII стагоддзяў, лёгка адстаяла б і знявечыць напэўна не дала б. Прыезджыя дзівяцца нашым поспехам. Не толькі сельска-гаспадарчым.

Будуюць у нас не так, як у Ленінакане.

На будаўнічых пляцоўках у нас наогул пануе лад, там нічога не марнуецца, усё ляжыць на сваім месцы.

Нават п’яніц у нас менш.

Пераважна ахайныя дамы ў вёсках і пасёлках.

Паміж сёламі, вёсачкамі заасфальтаваныя дарогі.

Захаваліся помнікі культуры, культавыя будынкі, як іх ні нявечыла вульгарная сталіншчына пры дапамозе сваіх апрычнікаў. І цяпер, напрыклад, калі ў Гародні ўдараць на Дабравешчанне званы ўсіх пяці храмаў, то цяплее на сэрцы, хочацца быць чысцейшым і дабрэйшым. І гэта – мне, атэісту са стажам, якому, здавалася б, не павінна было б быць ніякай справы да культавых атрыбутаў.



Наша моладзь не ведае нават, што такое талоны на малако, масла і мяса.

Ніхто не цкуе ўжо і нашых пісьменнікаў, усе мы з кватэрамі, тэлефонамі. Агорнуты гэтымі ілюзорнымі паказчыкамі, я не раз унушаў знаёмым і незнаёмым:

– Эх, хіба так наша рэчаіснасць выглядала б, калі б і прынёманскага краю не крануў катаклізм эпохі «Вялікага і Мудрага Правадыра ўсіх народаў ды Карыфея навук»?! На жаль, скуткі яго ўлады адчуваць будуць яшчэ і праўнукі.

Непрадбачаны кульбіт

Хацелася скончыць «Хроніку» на аптымістычнай ноце, ды не атрымліваецца.

Нядаўна ў нас змянілася абласное кіраўніцтва. Мудры і справядлівы Леанід Кляцкоў, які сваіх літаратараў апекаваў і ўсяляк ім дапамагаў, а на зграю сталіністаў адзеў наморднік, нечакана для ўсіх пайшоў на пенсію. Тыя, каго я калі-небудзь крытыкаваў, хто затаіў да мяне антыпатыю, адразу пачалі дзейнічаць. Як па камандзе!

У канцы лістапада 1989 года праходзіў пленум Гарадзенскага гаркама партыі па нацыянальным пытанні. Я – аўтар некалькіх дзесяткаў беларускіх кніжак з рознай тэматыкай, перакладзеных на розныя мовы, выдадзеных накладам больш за мільён. У іх мной апісаны кожны куточак горада і ўсе жыццёвыя яго перыпетыі. Як-ніяк, а ў афіцыйным бібліяграфічным даведніку для аднаго пераліку маіх твораў ды артыкулаў пра мяне вылучана цэлых трынаццаць старонак! Такім чынам, хочацца каму ці не, а я – менавіта той, хто ўнёс пэўны ўклад у галіну нацыянальнай культуры свайго рэгіёна. Таму, здавалася б, я павінен быць удзельнікам гэтага пленума ці, прынамсі, мяне павінны былі заклікаць да распрацоўкі яго рашэнняў. Але – дзе там!

Як бы радуючыся, што вярнулася магчымасць зноў ва ўсіх грахах абвінаваціць творчую інтэлігенцыю, першы сакратар гаркама А.Алёшын у сваім устаноўчым дакладзе з якойсьці бяздумнай лёгкасцю абвесціў, што сакратар аддзялення СП БССР у Гародні Карпюк са сваімі літаратарамі «спрабуе пазбавіць беларускі народ яго гістарычнага мінулага, пры кожным выпадку ўбівае клін паміж працоўнымі і прадстаўнікамі савецкай улады» (чытай: паміж працоўнымі і – Малочкам, Ульяновічам, Міцкевічам, «Генкам», Алёшыным!), чым, як сцвярджае дакладчык, «Карпюк наносіць шкоду жыхарам горада і ўсяму беларускаму народу».

За Алёшыным выступаючыя пачалі гаварыць у такім жа духу. Для мяне гэта было так нечакана, што я ўстаў, плюнуў і дэманстратыўна з пленума пайшоў.

Амаль адначасова орган абкама партыі газета «Гродзенская праўда» выступіла супраць мяне з падборкай тэндэнцыйных артыкулаў з-за таго, што летам я надрукаваў урывак з гэтай самай «Хронікі» пад назвай «Печальные были».

Першым на старонках абласной газеты абрынуўся на мяне ветэран вайны і працы, былы палітработнік МТС і райкамавец А. Талкачоў. Заўважыўшы, што я выхадзец з сям’і «кулака» (і не абрыдне ім без канца паўтараць гэты жупел!), ён абвясціў, што перад вайной я вучыўся ў Віленскай гімназіі, калі, маўляў, народ у Польшчы жыў так цяжка, што толькі ў Наваградскім раёне не магло вучыцца столькі-та тысяч дзяцей. «Свой матэрыял, надрукаваны ў двух нумарах газеты, – сцвярджаў гэты былы палітработнік МТС, – Карпюк пачаў з моднай сёння тэмы – крытыкі Сталіна і перыяду рэпрэсій (для А.Талкачова, бачыце, усё гэта толькі мода!). Але калі ўчытаешся, становіцца зразумелым, што гэта толькі шырма, за якой А.Карпюк імкнецца развянчаць усё добрае, што было дасягнута народам, ачарніць яго гістарычнае слаўнае 70-годдзе…»

З асабістых уражанняў пасля вызваленчага паходу ў Малдавію А.Талкачоў апісаў, як там спатыкалі нашы войскі са шклянымі пасудзінамі віна ў руках, як сяляне з радасцю і наперабой імкнуліся запісацца ў калгас.

Бытта і не было ачышчальнай дакументальнай аповесці такога самага ўдзельніка тых падзей Восіпа Герасімава «Стук у дзверы», якая паказала і жудасныя сцэны вывазу ў Сібір малдаван у той час, калі Талкачова частавалі віном. Але сумленне яго не мучыць нават цяпер, калі ўсё гэта абнародавана! Далей у артыкуле ён абураецца, што я ў непрывабным выглядзе паказаў работнікаў органаў, саратнікаў крывавага ката беларускага народа Л. Цанавы, якія, маўляў, у мірны час не ведалі спакою (чытай: пры арганізацыі рэпрэсій і ў вайне з уласным народам!). А яшчэ заклікаў чэкістаў не маўчаць.