Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 19 из 22



Пажаўцелая, абшытая фанераю столь, печ, паўз ляжак на жэрдачцы — вязкі цыбулі, грыбы сухія… Рабілася ж колісь гэтая хата, і печ клалася, і людзі радаваліся… І дзе яны ўсе цяпер? На грудку паміж Двароўкай і Сасноўкай, пад бярозамі і дубовымі крыжамі… У адзін месяц — Васкевіч добра запомніў той летні месяц у свой апошні год перад арміяй — тры смерці… Першая — старэйшы Пульсаў брат, якому жонка здрадзіла з брыгадзірам, не вытрымаў і павесіўся. Матка — маленечкая, сагнутая ў крук шчыруха, хадзіла-хадзіла на могілкі, гаравала-гаравала, і раптам надумалася і выпіла скляначку ацэтону, якім дачка — Пульсава сястра — сцірала лак з пазногцяў. Тады была вераб”іная ноч, страшная, з маланкамі; а яны, хлопцы, і Пульс разам, сядзелі ў старым клубе, пілі самагонку і гулялі ў карты… І вось раніца, вуліца — бы чужая, з паламанымі слівамі паўз платы, сліўкі ўсе абарвала, уся зямля ўсыпана; бульбоўнік, авёс, жыта — усё палегла… Васкевіч выйшаў на двор мыцца і ўбачыў, што Пульс едзе некуды веласіпедам. “Матка памерла, ёпа-маць! — кінуў весела на хаду, а сам сівы-сівы, як голуб. — Цытон выпіла! На станцаю еду!” Чаго на тую “станцаю”, хто яго навучыў туды ехаць, што ён там збіраўся рабіць — званіць у міліцыю, у “скорую”, куды?..

Тыдні праз два ў той жа месяц сканаў і Пульсаў бацька, дома. Ізноў, толькі не раніцай, а ўдзень, ехаў веласіпедам Пульс на станцыю і весела тлумачыў цікаўным: “Бацько памер, ёпа-маць!”, — а сам яшчэ больш ссівелы… З гэтага бацькі, такога рабацягі, гаруна, якіх пашукаць, які згарбеў ад работы задоўга да пенсіі, яны, малыя і дурныя, смяяліся, дражнілі, — сагнуўшыся, паказваючы, быццам носяць гарбы, а ён крычаў, махаючы кулаком: “Падажджыце, дажывеце да маіх гадоў — ракам будзеце поўзаць! Але вы х… дажывеце да маіх гадоў!..”

— Знайдзі мне жонку… Прывязі з дома енвалідаў, — завёў сваю песню Пульс, калі яечня была гатова і селі за стол. Выпіў поўную “маліноўскую” шклянку, заеў шкваркаю, выцер сала з губ. Сівы, патлаты, смяецца — зуба пярэдняга няма…

— Добра, я знайду табе жонку, прывязу. Яна ж твае грошы забіраць будзе, усю пенсію!

— А я не дам! Біць буду!

— Дык хто з табою тады будзе жыць? Яна ж цябе кіне, ці спаць з табою не будзе лягаць.

— Я слухацца буду, кажу!.. Буду любіць, біць... «Смяешся з яго — а сябе успомні, — падумаў Васкевіч. — Пакуль гэтая малеча да цябе не прытулілася, успомні, які быў... А цяпер і гусей пачуў, і купал неба ўбачыў, і жыць ахвота... Так і ён: знайшлася б якая баба, не пабаялася, пайшла б за яго — і сама жыла б як у Бога за пазухай, і ён змяніўся б, ні адзін дурань не смяяўся б...»

Васкевіч пасядзеў, пагаварыў, і сабраўся ісці, калі віно скончылася. Але Пульс схапіў яго за руку:

— Пастой!.. — пабег у камору, там нешта грымнула, упала; вярнуўся — рукі па самыя локці ў муцэ, белыя, у руках — паўлітровы слоік самагонкі. Дзе ён яе хаваў, на які выпадак?..

Васкевіч астаўся, піў, п’янеў, мала-памалу захапіўся і, як чэхаўскі Іона сваёй каняцы, расказаў Пульсу пра Наташу, і пра Лену, і пра Мінск, і пра фіялетавую паласу на небе...

ХV

Маці пачала катурхаць Антона гадзін у шэсць раніцы. Ён сеў на ложку, прыслухаўся. З меншай хаты даносіліся чужыя галасы. Пасля ўчарашняга «кактэйлю» — шампанскага з самагонкаю — усё плыло перад вачыма, трашчала няшчасная галава... Хто там, што каму трэба?.. Ах, чорт, сёння ж рэферэндум... Перамагаючы сябе, пасунуўся ў меншую хату.

Там, за сабраным ужо сталом, сядзелі Лобан і старшыня іхняга Двароўскага выбарчага ўчастка, былы Васкевічаў завуч, а цяпер пенсіянер, Панас Маркавіч. Васкевіч даўно яго не бачыў. У школе ён вёў фізіку, строгі быў, разумны, прыгожы, высокі, падцягнуты — капітан-франтавік. Усе настаўніцы і вучаніцы старэйшых класаў былі закаханыя ў яго. Але славуты ён быў больш іншым — любоўю да чаркі. З завучаў яго знялі пасля таго, як ён прапіў школьныя грошы на дзіцячыя навагоднія падарункі. Васкевіч ведаў, што Панас Маркавіч недалюблівае яго, бо ён адзін раз на ўроку хіміі ляпнуў:

«Вопытаў не будзе — Панас Маркавіч сухі спірт з’еў!»



Нехта данёс — і вынік: сярод круглых пяцёрак адна тройка, па фізіцы. Гаварыў Панас Маркавіч заўсёды чыста па-руску, хоць і быў мясцовы, — нават на ўроках у школе, якая лічылася беларускаю.

Калі заспаны, з перапою, Антон вылез на кухню, Панас Маркавіч еў шкварку; Лобан нічога не еў і не піў, чакаў. Васкевіча ад аднаго позірку на гэтую шкварку ледзъ не зблажыла. Толькі ён сабраўся ўсімі праўдамі і няпраўдамі адпрошвацца, каб пайсці дасыпаць, як Панас Маркавіч ужо наліваў яму чарку... І няёмка неяк было адмовіць старому свайму настаўніку, — а галоўнае, Васкевіч цяпер так адчуваў сябе, што сказалі б яму — выпі ацэтон, як Пульсава матка, ён, мабыць, выпіў бы і ацэтон...

Васкевіч, стараючыся не дыхнуць, не расціскаючы зубоў, да крыві прыкусіўшы губу ў роце, каб фізічным болем перабіць агіду, проста сілаю ўкаўтнуў у сябе цёплую самагонку. Ніколі да гэтага ён не пахмяляўся — спрабаваў, але не памагала. «Усё, зараз мяне вырве!.. — падумаў ён, заводзячы пад лоб вочы. Але, на яго вялікае здзіўленне, не прайшло і трох хвілін — і адбылося дзіва. У галаве раптоўна праяснела, боль знік, ад млявасці не асталося і следу, цела налілося здароўем, маладосцю, лёгкасцю, сэрца забілася пругка і радасна... Выпілі па другой — яшчэ лепш: цудоўна ўсё, які гэты Лобан прыемны, сядзіць сабе тут... І Панас Маркавіч — разумнік, і ніколькі не рэжа вуха яго знарочыстая руская мова; сорамна толькі, што колісь пакрыўдзіў яго, — і Васкевіч ледзь утрымаўся, каб зараз жа не папрасіць прабачэння за той «сухі спірт». Ляпнуў, пакрыўдзіў старога заслужанага чалавека, франтавіка.

На развітанне Панас Маркавіч ласкава сказаў матцы:

— Спасибо за хлеб-соль, хозяюшка! — і яны ўтрох выйшлі ў ранішнюю мокрую цемрадзь.

Каля хаты стаяў «Масквіч» з будачкай. Васкевічу, як самаму маладому, даручылі несці урну, Лобан узяў папку з бюлетэнямі, Панас Маркавіч ішоў налёгку.

У першай, адразу за мосцікам, хаце Васкевічавага суседа дзядзькі Юлена жылі Юленавыя цешча і матка, якія, лічылася па спісах, самі не маглі дабрацца да ўчастка. Зайшлі да Юлена. У меншай хаце палілі ў печы, завіхалася каля прыпечка з нейкімі чыгунамі маўклівая Юленава жонка, і адна з бабулек — сухенькая, вясёлая, шустрая — гэкала пасярод хаты секачом бульбу ў ражцы. Сам Юлен сядзеў за сталом і еў. Панас Маркавіч, як толькі ўвайшоў, яшчэ з парога і вачыма і носам пацягнуўся да стала. Але Юлен, эканомны мужык-багатыр, быў не Васкевічава маці, таму іх не запрасілі нават прысесці. Юлен накрыў газецінай патэльню, з якой еў, ачысціў ад крошак край стала, успёр на пераносіцу акуляры і, адвёўшы далёка і ўбок руку, быццам быў касы, доўга ўглядаўся ў бюлетэні, крактаў, кашляў, урэшце выкрасліў у абедзвюх паперках слова «НЕТ». Бабка выцерла аб хвартух рукі і весела, гатоўна, акуратна піхнула паперку ў урну. Другая бабка ляжала ў цёмнай бакоўцы; калі зайшлі і Юлен уключыў святло, яна нават не паварушылася, не расплюшчыла вачэй. Ляжала, як нябожчыца, уцягнуўшы рот, склаўшы на грудзях рукі.

— Спіць, — Юлен крактануў, не ведаючы, што рабіць з паперкаю.

— Ладно, чего там, — і Панас Маркавіч падаў знак, што будзіць старую не трэба, можа і сам Юлен за яе прагаласаваць.

Але той чамусьці марудзіў, не адважваўся. Тады Панас Маркавіч узяў яго руку ў сваю, патыркаліся над урнаю дзве далоні — белая настаўніцкая і дужая, грубая мужыцкая — і нарэшце паперка знайшла шчыліну.

Другая хата, дзе жыла хворая пенсіянерка Вера, была на тым канцы вёскі, пад лесам. Вырашылі ехаць «Масквічом». Антону давялося лезці ў смярдзючую, прапахлую бензінам цёмную будачку. Пакуль даехаў, уся лёгкасць ад пахмелкі неяк выпарылася, растрэслася, зноў стала моташна, захацелася спаць... «Чаго я цягаюся за імі?!» — тупа думаў ён.

У Верчынай развалюсе не аказалася нават калідора; проста з двара піхнулі дзверы і адразу апынуліся ў адзіным «пакоі». Лямпачка не гарэла, добра, хоць у печы палілася... Васкевіч, пераступіўшы парог, перш не адразу зразумеў, дзе гэта яны — быццам нейкая сіла перанесла іх аж у мінулае стагоддзе... Гліняная чорная падлога, як ток у хляве; па падлозе скачуць водбліскі агню; каля печы — цэлая гара бульбы, пахне катамі, мышамі... За печчу, з-за складзеных штабелем дошак, рохнуў кабанчык, квокнула кура... На разасланай кухвайцы каля печы сядзіць дзіця гадоў пяці, у нейкіх лахманах, складае з лучын зруб калодзезя, тут жа «лялькі» — абтырканыя запалкамі вялізныя бугрыстыя бульбіны... На сцяне лічыльнік вісіць на правадах, ледзь ліпіць, тынк каля правадоў увесь аблез, адваліўся... У правым кутку на падлозе — міса, у левым — таз, ля печы — таз... Нават пры такім святле добра відаць, як столь скрозь пабіта ў чорныя і жоўтыя плямы, у якія прасочваецца вада...