Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 22 из 22



Васкевіч ішоў праводзіць дзяўчынку. Яна жыла недалёка, за які кіламетр ад бібліятэкі, на ўскрайку Бокаўкі. Стаяў ужо красавік, цёплы, сухі; зеляніўся, харашэў лес, праз які трэба было ісці. На палянцы, акружанай арэшнікам, абсыпанай зялёнымі латкамі заечага шчаўя, бел-блакітнага пяшчотнага кураслепу, на палянцы, з якой добра праглядалася Наташына хата — новы фінскі домік (такія будавалі знарок для перасяленцаў), яны цалаваліся да таго, што вусны сохлі, да адурэння, калі ўжо абоім не хацелася, але і адарвацца было немагчыма... Потым Васкевіч перадаваў дзяўчынцы партфель, які падносіў, і вяртаўся дахаты, шчаслівы, малады, задаволены сабою і ўсім светам.

Ён сам са здзіўленнем адзначаў гэтую перамену сябе, усё часцей думаў: «А можа, і добра, што мяне вытурылі? Пакаралі, як таго шчупака, адпусціўшы ў ваду...»

Антон не ведаў, якія плёткі ўжо ходзяць пра яго па ўсіх вёсках. Калі б і пачуў штосьці, не паверыў бы — наадварот, яму здавалася, што цяпер яго можна толькі любіць, хваліць, бо ён урэшце ўпісаўся ў той побыт, з якога выйшаў, змог стаць такім, як і ўсе вакол, звычайным вясковым хлопцам, які за пляшку паможа кожнаму, хто папросіць, папілаваць дровы, вывезці і раскідаць на соткі гной, падладзіць стары плот, заўсёды разам з Ручкам паможа вынесці са склада і пагрузіць на машыну скрынкі з тараю, разгрузіць муку, камбікорм, латкі з хлебам (за што прадаўшчыца пачала даваць яму напавер выпіўку).

Бывала, па цэлых тыднях акрамя Ручкі, Наташы ды прадаўшчыцы, якая прасіла памагчы, у бібліятэку не заглядала ніводная душа.

Васкевіч перастаў супраціўляцца жыццю, бязвольна паплыў па ім, але, як часта бывае, варта было яму пусціць усё на самацёк, як менавіта тады яму пачало шэнціць. Набыў сяброў, сышлі з рук фокусы на рэферэндуме, пакахаўся з Наташаю; мала таго — прыязджалі ў бібліятэку з горада з праверкаю і пахвалілі яго.

«Пазікам», што развозіў новыя кнігі, прыехала сама дырэктарка Валянціна Мікалаеўна. Быў дзень, Васкевіч быў яшчэ цвярозы і смірненька чытаў сабе за «кафедрай». Валянціна Мікалаеўна, здзівіўшыся, сказала, што яны зараз аб’ехалі некалькі філіялаў і ён, Васкевіч, адзіны загадчык, які аказаўся на месцы. Яна закурыла, прайшлася па бібліятэцы, агледзела стэлажы, кніжную выстаўку «Жыве Беларусь», пагартала журнал, фармуляры, пахваліла, што чыста, падышла адчыніла скрынку алфавітнага каталога:

— С ума сойти! — толькі і сказала. — Ты что, весь каталог расставил?

Васкевіч прызнаўся, што алфавітны сяк-так расставіў, а ў сістэматычным заблытаўся.

— Да здесь сколько эта библиотека существует, никто никогда каталогами не занимался! Вот, я всегда говорила, что мужчина-библиотекарь лучше за баб, — заключыла Валянціна Мікалаеўна.

Гомельская вобласць, калі хто ўспомніць газеты тых дзён, прагаласавала «за Саюз» дзевяностамі працэнтамі насельніцтва; «наиболее дружно, — адзначала «Советская Белоруссия», — голосовали именно в тех районах, которые больше пострадали от Чернобыля». Васкевічаў раён якраз і быў з такіх. Візіт дырэктаркі, а таксама добрыя паказчыкі на выбарах, відаць, і паслужылі таму, што калі Васкевіч прыехаў у горад па палучку, яму ад аддзела культуры ўручылі вымпел — за харошую работу на сяле. Які ні быў гэты вымпел незаслужаны, Васкевіч з гонарам павесіў яго на віднае месца. Прыязджаў сваім «Масквічом» Лобан з сельсавета і таксама пахваліў Васкевіча, сказаў бабцы, што стаяла ў дзвярах, прыціскаючы па сваёй звычцы худыя рукі да грудзей:

— Бачыце, колькі парабіў, а ўжо во — сцяжок заслужыў.

— Такіх заведушчых пашукаць! — ільсціла бабка (яна апошнім часам, калі пачалі садзіць бульбу, зусім не заяўлялася ў бібліятэку, Васкевіч сам падмятаў або Наташа).

Другая пасля вымпела падзея за гэты месяц была тая, што Васкевічу ўдалося выратаваць свайго новага сябрука, Ручку. Пайшоў неяк у сельсавет — раз у квартал сельсавет выпісваў для бібліятэкі невялікія грошы на канцылярскія расходы — і ў калідоры, перад дзвярыма прыёмнай убачыў цвярозага няшчаснага Ручку, у сваёй кухвайцы, у спартыўнай шапачцы...

— Што ты тут робіш?

— У алтэпэ адпраўляюць! — ён учапіўся ў Васкевіча, як клешч. — Памажы, хадзем са мною, я гаварыць не ўмею...

Хадзем дык хадзем. Неўзабаве з дзвярэй выглянуў сакратар Лізун і кіўнуў Ручку пальцам — заходзь. У кабінеце старшыні сядзелі сам Лобан, яшчэ пару незнаёмых Васкевічу чалавек; малады ўчастковы, рослы, строгі сваёй формай і незнятай фуражкаю, стаяў збоку стала з паперкаю ў руцэ.

— Ну што, лячыцца пайдзёш! — аб’явіў ён, калі Ручка з Васкевічам спыніліся ў парозе. Ручка сцягнуў шапачку і пачаў камечыць яе ў далонях.

Васкевіч кашлянуў і ветліва папрасіў слова.

— Адваката прывёў! — засмяяўся Лобан. Васкевіч раней і не думаў, як гэта, аказваецца, лёгка і прыемна — абараняць словамі не сябе, а чужога чалавека. Інтуіцыя падказала яму, што гаварыць трэба напышліва, штосьці банальнае, усім тут даўно вядомае, — ён так і рабіў: казаў пра няшчасную матку на кіёчках, якой ніхто не прынясе цяпер вады, буханку хлеба з магазіна, пра тое, што ніякае ЛПП не паможа, калі чалавек сам сабе не дасць рады...



— І яшчэ, — захапіўшыся, казаў Васкевіч, — смех смехам, а гэты вось так званы п’яніца ўсіх нас корміць! Пра гэта падумайце. Цэлую зіму вазіў на поле гной, цяпер будзе араць, потым жаць, капаць...

— «Капаць»! — не вытрымаў, перадражніў участковы, з нянавісцю гледзячы на Васкевіча. — А тое, што ён п’яны ў трактар лезе, па вуліцах ездзіць, колькі разоў у канаву куляўся — трактар выцягнуць не маглі! Дык што, чакаць пакуль ён ці сам сабе галаву скруціць, ці чалавека пераедзе, ці трактар угробіць?!

Але «высокі суд» нечакана падтрымаў не ўчастковага, а Васкевіча.

— Не, праўда, Лёня, — мякка звярнуўся да гарачага ўчастковага Лобан, — забярэце яго ўжо зімою, калі работы вялікай не будзе.

Пасмяяліся, ды так і замялі. А ўвечары Ручка зацягнуў Васкевіча да сябе дамоў і яны добра замачылі гэтую чарговую, мо ўжо чацвёртую ці пятую па ліку, адтэрміноўку ў «прафілак» адзінага на дзве вёскі трактарыста. Радая маці сноўдалася каля стала на сваіх кіёчках і ўсё ўпрошвала Васкевіча памагчы як-небудзь жаніць «Валеру» — і зноў Васкевіча ўражвала, што для яе гэты Ручка — Валера, такі ж, як і ўсе, хлопец, і яна верыць, што варта яму толькі захацець, і ён так лёгка пойдзе і ажэніцца.

XVІІ

Цвярозага, Васкевіча Наташа часамі проста палохала.

— Антон, у цябе праўда была тая, Лена? — спытала яна раз.

Яны стаялі на сваёй арэшнікавай паляне недалёка ад першых хат Бокаўкі. Быў рэдкі вясновы прыцемак, каля вушэй звінелі раннія рэдкія камары, якія яшчэ не кусаюцца. Наташа абламала галінку арэшніку і абдзірала пупышкі, чакаючы адказу.

Васкевіч даўно ведаў, што яна па-сапраўднаму ўжо закахалася ў яго, што яна ўцякае з урокаў, каб прыехаць у бібліятэку дзённым аўтобусам, — але якраз гэта яго і пачало палохаць. Спытай ў яго хто тады, узімку, калі ён упершыню ўбачыў тую школьную форму і ўспомніў сябе-школьніка — «хочаш, каб гэтая дзяўчынка закахалася ў цябе і бегала за табою?» — ён назваў бы гэта шчасцем, большага за якое і не трэба... І вось так і адбылося, і менавіта гэта і палохала яго. Як і цяпер, на палянцы, у веснавым паўзмроку.

— Ну як была... — сказаў ён няпэўна. — Была, вядома! Лена, дружылі з ёю...

— Тады чаму ты нават не... спрабуеш?

— Што?

— Таго, што хлопцу трэба ад дзеўкі, — спакойна адказала яна. — Са мною табе не хочацца гэтага?

Для Васкевіча гэтыя словы былі вядром вады на галаву. Што яна кажа?! Дзяўчынка, для якой, ён лічыў, і пацалункі занадта ў такіх гадах! Ды ці сапраўды не было ў яе нікога? Калі былі... тады, вядома, ён у яе вачах — проста асёл...

Ён стаяў і маўчаў, перасыпаючы ў галаве словы, шукаючы і не могучы знайсці адпаведны тон для гэтых слоў. Звесці ўсё на жарт? Або стаць смелым, вось цяпер паказаць, што ён умее не толькі цалавацца? Або стаць грубым, з’едлівым, сказаць: «Ідзі вучы ўрокі, і калі ляжаш спаць, не забудзь узяць з сабою ў ложак ляльку»?

Конец ознакомительного фрагмента. Полная версия книги есть на сайте ЛитРес.