Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 22



Усё гэта цяпер успаміналася Васкевічу, калі вось такая гаспадарка — чытачы чатырох вёсак «адметнага рэгіёна» — яму дасталася.

ІХ

Бібліятэка знаходзілася ў старой будыніне васьмігадовай школы, у самым цэнтры Двароўкі, каля магазіна, да якога сыходзіліся некалькі вулічак. Квадратны, абнесены пачарнелым штакетнікам двор, зарослы акацыямі, завалены снегам, у двары воддаль — хлеў, дрывотня. Адразу з вуліцы, як увайсці ў веснічкі — ганак бібліятэкі, прайсці за вугал — такі ж ганак пошты, яшчэ за адзін вугал — ганак пачатковай школкі. Да бібліятэчнага ганку не вяло ні следу, ляжаў некрануты снег.

Калі Васкевіч у першы дзень, следам за маладой нахмуранай дзяўчынай, што прыехала ранішнім аўтобусам з горада і прывезла ключы, увайшоў перш у маленькія, нядаўна прыбудаваня сенечкі, потым з цёмнага калідора, у настылы, гулкі, таксама цёмны пакой, калі вочы трохі абвыкліся і ён убачыў доўгія рады стэлажоў, забітых з верху да нізу кнігамі, ён проста ахнуў:

— Гэта... столькі?!

— Здесь три филиала, — суха адказала дзяўчына, бразнула на стол каля грубкі ключы і ўзялася адшморгваць шторы на вокнах.

Васкевіч нават не ведаў, што такое філіалы. А гэта значыла, што сюды звезены кнігі з трох бібліятэк. Вырашылі, нашто плаціць тры аклады, калі можна адзін?

Дзяўчына пачала прыязджаць у Двароўку кожны дзень.

З раніцы Антон на двары мыўся снегам, тады грэў ваду, галіўся; часта праз сілу стараўся добра наесціся, каб потым цярпець да чатырох гадзін, калі са Става вяртацьмецца дзённы аўтобус і дзяўчына паедзе, доўга тырчэў перад люстэркам, замест лаку для валасоў разводзіў у цёплай вадзе зубную пасту і сяк-так прыладжваў валасы ў прычоску, бег на аўтобус і ў аўтобусе адразу шукаў вачыма знаёмую чорную хустку ў чырвоныя кветкі — зноў была пайшла мода на такія хусткі, — і калі дзяўчына сядзела адна, масціўся побач. У халоднай, не паленай ні разу за зіму бібліятэцы дзяўчына, як была, у паліце, не здымаючы тонкіх пальчатак, падсаджвалася да сталоў, на якіх стаялі слупкі кніг, падсоўвала бліжэй «калоду» бібліятэчных картак і хутка, так, што карткі з-пад рукі выляталі і проста на вачах меншалі слупкі, пачынала пісаць. У гэтым была іхняя работа: пераносіць на карткі назвы кніг, аўтараў, нумары і раздзелы — мастацкая гэта кніга ці медыцынская, ці грамадска-палітычная. Васкевіч, да сораму свайго, мёрз. Ён таксама паспрабаваў пісаць у сваёй тоўстай скураной пальчатцы, але нічога не выйшла. Штораз хукаў на пальцы, а калі трэба было браць з паліцы чарговую партыю кніг, заходзіў за стэлажы і рабіў некалькі прысяданняў. Выходзіў на ганак пакурыць і заадно пагрэцца — на двары было цяплей. Снегу наваліла процьму, а мароз вялікі так і не стаў.

Гадзін у дванаццаць дзяўчына, не перастаючы пісаць, даставала з сумачкі яблык ці булачку, бутэльку кефіру, ела з адной рукі. Васкевіч браць з сабою саромеўся, ды і што ён мог узяць? Хлеба з салам, цыбуліну?

Седзячы збоку ці насупраць дзяўчыны, Васкевіч часта — калі спадцішка, калі ў адкрытую — аглядаў яе. Красуня, нічога не скажаш: вялікія цёмныя вочы, гарадскі дагледжаны твар, рукі тонкія, фігура, нават схаваная палітом, зграбная... За гэты тыдзень, пакуль яны былі разам, ён проста выматаўся; не столькі ад голаду, холаду ці гэтай механічнай, па цэлых гадзінах перапіскі (як-ніяк быў вопыт канспектавання лекцый), колькі ад думак. Не дужа прыемна маладому хлопцу днямі сядзець адзін на адзін з прыгожай дзяўчынаю і ведаць, што ты для яе пустое месца. Ён спрабаваў быць вясёлым, спрабаваў сумным, загадкавым, звяртаўся да яе па-руску, па-беларуску; аднойчы, каб пахваліцца сваёй назіральнасцю і каб даць зразумець, што і ён, як і яна, да вяскоўцаў ставіцца скептычна, расказаў такое (студзень 1991-га, якраз пачалася вайна ў Персідскім заліве):



— Учора ў нас у магазіне адна бабулька разважае:

«Наляцелі, як груганы; на таго беднага Адама, ды таўкуць!» У сэнсе, на Саддама Хусейна. Трэба ж — разбіраецца нешта!

Дзяўчына хмыкнула, а што гэта значыла, невядома. З дня ў дзень усе яе сказы былі «ну», «да», «нет», «давай делать, нужно скорее». Пасля Антон даведаўся, што на гэты вопіс ім давалася больш за два тыдні, але дзяўчына «фарсіравала», каб потым пагуляць. Першыя дні ён нават прачынаўся з радасцю: зараз, у аўтобусе, убачыць знаёмы тварык, сядзе побач і людзі будуць на іх пазіраць... Але ў аўтобусе яна моўчкі ківала і адварочвалася да акна. Васкевіч аглядаў сябе ў люстэрка, камплексаваў, урэшце пачаў проста баяцца яе. Перастаў ездзіць аўтобусам, уставаў раней і йшоў пехам, суцяшаў сябе, што так яшчэ лепш — хоць бы чыста для здароўя прайсціся сцежкаю па туманным снежным лесе, палюбавацца, як знянацку выплываюць з лесу нізенькія двароўскія хаты — бы ў якім кіне ці на ілюстрацыі са старой кнігі.

Разгадаў ён дзяўчыну ў апошні дзень, калі неперапісаных кніг асталося чуць, на якую палавіну стэлажа. Ён прыйшоў у бібліятэку рана, аўтобус спазняўся, — прысеў на дзяўчынінае месца, машынальна пачаў пераглядаць запоўненыя ёю карткі, і вачам не паверыў. Крывыя, гарбатыя, як курыца надрапала, літары, неразборлівыя лічбы, а скарачэнні!.. Мапасан — М. Г. Д. Зверыў некаторыя карткі з перапісанымі кнігамі — так і ёсць, з раніцы яшчэ нічога, даволі разборліва, потым, бліжэй да абеду, пропускі, скарачэнні, закрэсліванні... А самае галоўнае, памылкі ў нумарах. І хто гэта ўсё разбярэ, каму трэба такое перапісванне, нашто яны мучаюцца?..

«Ды ты проста... дурніца, недалёкая, — сказаў сабе Васкевіч, адчуваючы, як на душы святлее. — Таму і маўчыш, бо ганарыстая, як і ўсе недалёкія бабы!» Калі яна заявілася, ён, на гэты раз іншымі вачыма, агледзеў яе. Ну, вядома: фанабэрысты носік уверх, губкі падціснутыя, нават піша, адстаўляючы пальчык... Як ён раней гэтага не заўважаў? Гарадская пані, вымушана тырчэць тут, у холадзе, яго вучыць, неабчэсанага. Васкевіч зразумеў, што да яе не даходзіла нават, што з ёю гаварылі на беларускай мове — яна думала, гэта звычайная іхняя вясковая гаворка.

У той дзень ён перастаў яе баяцца, знарок пасвістваў, закурыў тут жа, у бібліятэцы, калі захацеў. І дзіўна, дзяўчына, адчуўшы гэтую перамену, сама змянілася, загаварыла першая, спытала, ці праўда, што ён вучыўся ў Мінску? Васкевіч хацеў сказаць ёй пра памылкі ў нумарах, але (што было, вядома, не па-мужчынску) перадумаў: «Разбярэцеся... Калі такія, як гэтая, ездзяць вучыць іншых — разбяруцца». І ён не памыліўся. Дзяўчына забрала карткі, праз дзён колькі, ужо ў апошні раз, прыехала, сказала, што ўсё нармальна, і адбыла тым жа ранішнім аўтобусам, пакінуўшы Васкевічу вялікі спіс «утерянных» кніг (потым ён знаходзіў гэтыя кнігі на розных стэлажах).

З радасці, што астаецца ўрэшце адзін, за поўнага гаспадара, ён нават забыўся распытаць у яе пра галоўнае: як весці фармуляры, чытацкі дзённік, складаць планы — што яму рабіць, нарэшце? Але, калі ўспомніў, не пашкадаваў — чым такая дапамога, хутчэй сам разбярэцца.

Х

Нечакана выяснілася, што ў Васкевіча ёсць свой штат. На другі дзень пасля таго, як паехала дзяўчына, ён, падыходзячы раніцай да бібліятэкі, яшчэ здалёк убачыў, што дзверы ў калідорчык адчыненыя. У калідорчыку стаяла вядро вады. У вялікім «цёмным» калідоры ўбачыў, што на блясе перад бібліятэчнай грубкаю (была яшчэ адна грубка, у другі, насупраць бібліятэкі, пакой — «Клуб») ляжыць абярэмак дроў, ды і ў самой грубцы ўжо гарыць. У бібліятэцы маленькая бабка ў кухвайцы і ў новенькіх гумавых ботах дамывала падлогу, ужо зводзіла анучай ваду да дзвярэй. Аказалася, гэта прыбіральшчыца, яна ж будзе паліць грубку. Васкевіч быў прыемна здзіўлены.

— Я як даведаласа, што ву будзеце, — казала шчаслівая бабка, прыціскаючы да грудзей худыя рукі з выкручанай анучаю, — так пайшла ў сельсавет і папрасіласа. Вы ўжо ізьвініце, што даўно не палена... Дроў колатых не было. Я і пры тым заведушчым (так бабка звала бібліятэкараў) тут прыбірала, і пры той, што да вас, Лідзе... А як яны звальняюцца, так і я без работы.