Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 11 из 22



Васкевіч, смеючыся, кіўнуў. Яму раптам захацелася перагнуцца цераз стол і пацалаваць гэтую жанчыну.

«Чорт, і што ім усім так хочацца думаць, што я нейкі п'яніца і за гэтае выгнаны? — думаў ён, у цудоўным настроі, зусім іншым чалавекам выходзячы на вуліцу. — І цікава, ште як быццам ніхто ў тым ніякага граху не бачыць».

Вуліца за гэты час пабялела, з неба замест сечкі ціха і густа падаў ужо сапраўдны снег — і ад гэтай белізны, а больш ад таго, што сядзіць тут блізка, у гэтым вось будынку, такая разумная, харошанькая Валянціна Мікалаеўна, і сам горад падаўся Васкевічу не такім ужо і гадкім.

VIII

Калі ад чыгункі паміж Мозырам і Ельскам правесці роўна на захад, у напрамку Лельчыц, умоўную лінію, прыкладна праз 2—3 кіламетры на гэтай лініі-«апендыксе» размяшчаюцца чатыры вёскі: бліжэй да чыгункі Сасноўка, потым Двароўка, тады Бокаўка, і апошняя, пад махнавіцкія балоты — Стаў. Самай прэстыжнай можна лічыць Васкевічаву Сасноўку — блізка горад, мястэчка, чыгунка; праўда, няма сваёй школы, і, пакуль былі ў вёсцы дзеці, вечная праблема была ў непагадзь дабірацца ў местачковую дзесяцігодку. Цяпер самы малады ў Сасноўцы саракагадовы Пульс, ну і Васкевіч, так што пытанне аб школе, само сабою, не стаіць. Сасноўскія мужчыны не кураць, п'юць толькі па святах і ніколі так, каб пад плотам валяцца; амаль ніводзін не працуе ў саўгасе — альбо на чыгунцы, манцёрамі пуці, альбо ў горадзе «на праізвойстве» — пажарнікамі ці вартаўнікамі. На гэтых работах выдаюць «хворму», і сасноўскіх мужчын заўсёды яшчэ здалёк пазнаюць па пінжаках з алюмініевымі гузікамі і нязменных, у любое надвор'е, фуражках ці шапках з кукардамі. Прычым ёсць такія касцюмы выхадныя і буднія. У іншых вёсках сасноўцаў недалюбліваюць: «Ідзе, гузікі тыя блішчаць, а ён рады-рады!»

Двароўка славутая сваім харошым, на два аддзелы, магазінам. Была яшчэ некалі васьмігодка, цяпер асталася толькі пачатковая, для пяці вучняў з розных вёсак (з-за таго, што хадзілі ў розныя школы, Васкевіч амаль не ведаў двароўскай, ды і іншай з тых вёсак, моладзі).



У Бокаўцы няма магазіна, затое ёсць вялікая ферма, з якой у асноўным і кормяцца тутэйшыя людцы; будуецца многа фінскіх домікаў, якія чамусьці засяляюцца не мясцовымі, а прышлымі, перасяленцамі з-пад Чарнобыля. Урэшце, у самым меншым, дальнім Ставе няма ні фермы, ні школы, ні магазіна, прыязджае разы два на тыдзень аўталаўка і два разы ў дзень ходзіць аўтобус з горада.

Нягледзячы на той жа лес вакол і тыя ж балацянкі, гэтыя вёскі непадобныя адна на адну. Яны розняцца і ўмовамі жыцця, і прозвішчамі, і вымаўленнем; у Сасноўцы, напрыклад, большасць прозвішчаў канчаецца на «іч» — Асіповіч, Мохавіч, Васкевіч; у Двароўцы — на «а»: Ткачэнка, Кузьменка, Дварэнка; у Ставе — зусім без канчаткаў: Галас, Гаман, Басак, Цык, Лізун... У Сасноўцы скажуць звонка — мы, дзеўкі, хлеў, мёд; у Бокаўцы — му, дзёўкі, хлёў, мюод; у Ставе — яшчэ інакш. Увесь тутэйшы люд цвёрда лічыць сябе беларусамі праваслаўнай веры і гэтак жа цвёрда не лічыць сваю мову беларускаю. Калі папытаць, а якая, з гатоўнай пагардаю да сябе адкажуць: «Абы-якая, ні польская, ні конская!» Прызнаюць свой рэгіён Палессем (ад таго, што вобласць не так даўно звалася Палескаю?) і не прызнаюць сябе палешукамі; пагардліва крывяцца, ківаючы на захад: «Ета там, пад Пінск, западня!» Паважаюць яўрэяў («Адзін аднаго глядзяць, не тое, што му»), у кожнага знойдзецца гісторыя, як спрытна «от була Фаня» зубы без наркозу рвала, і «буў Мойша» ставіў — во, паглядзі, — і пакажа белы сталёвы рот, адвярнуўшы пальцам губу. Цыганамі, як і паўсюль на Беларусі, любяць палохаць дзяцей, але і ў дарослых ёсць боязь перад гэтай таямнічай нацыяй — «усе языкі на свеце можна разабраць, а цыганскі ніхто ніколі не разбярэ!» Калі ходзяць па сяле цыганкі, бабы абавязкова вынесуць сала, яек — невядома адкуль і з якіх часоў убілася ў тутэйшыя галовы паданне, што «яўрэі Хрыста распялі, а цыганы знялі з крыжа». З рускіх пасмейваюцца, лічаць горшымі за сябе — «пскапской есь пскапской!» — скажуць, перадражніваючы. Пабойваюцца ўкраінцаў — «усіх можна абдурыць, а хахла ніколі!», але песні ўкраінскія любяць больш за беларускія, хоць і спяваюць зусім на свой лад.

За свае дваццаць тры гады Васкевіч трохі пабачыў свету, служыў у арміі, але да вучобы ў Мінску яму нават у галаву не прыходзіла, што іхні рэгіён нейкі адметны, нейкая іншая Беларусь, чым тая ж Міншчына або Гродзеншчына. Сорамна прызнацца, але ён і пасля войска слаба арыентаваўся ў геаграфічным становішчы сваёй вёскі, раёна — поўдзень гэта ці поўнач? з кім мяжуецца?.. Беларусь, Гомельская вобласць, Палессе — гэтым усё сказана. І толькі ў Мінску, на падрыхтоўчых курсах, калі пайшла чутка пра Чарнобыль, ён проста дзеля цікавасці — чаго яны ўсе бегаюць, гэта ж недзе пад Кіевам, у іншай рэспубліцы? — палез у карту, глянуў і абамлеў. На карце даволі вялікага маштабу адлегласць ад Чарнобыля да іхняга раённага горада была меншая за два запалкавыя карабкі. З гарачкі схапіўся пісаць дамоў ліст, каб маці кідала ўсё і... А што «і»? Кідаць — і дзе дзецца? Так нічога і не напісаў. Гады праз два ён яшчэ раз сутыкнуўся з праблемай «адметнасці свайго рэгіёна» — калі неяк адносіў у дэканат бальнічную даведку, у пустой прыёмнай паклаў на стол і сабраўся выйсці, як раптам з прыадчыненых дзвярэй пачуўся  голас дэканшы: яна гаварыла з кімсьці «жывым» ці па тэлефоне. Васкевіч пачуў сваё прозвішча, Антоненкі, Рамановіча... Ён застыў, прыслухоўваючыся. «Да нет, так нормально... Просто кучка этих гомельских хохлов мутит...» — гаварыла дэканша. Зайшла сакратарка і не дала даслухаць на самым цікавым месцы. Тады ён не столькі насцярожыўся, колькі здзівіўся. Дастаў зноў карту, пачаў вывучаць ужо як след. Так і ёсць: вось Чарнігаўшчына, Кіеўшчына, Жытоміршчына, абступілі, ціснуць з усіх бакоў... Успомніў, як колісь дзед Пятро хваліўся, паплёўваючы: «Я ў Кіеў за суткі канём заязджаў!» Не ў Мінск, а ў Кіеў.... Сапраўды, мінскаму чалавеку, гледзячы на карту, смела можна называць іх «гомельскімі хахламі». Але іншае цікава — раней ён неяк не задумваўся, не звяртаў увагі, што з дзесяці беларускамоўных чалавек у інстытуце адзін з Магілёўшчыны, і восем з Гомельшчыны! З Мінска Лена, але і ў яе бацькі са Светлагорскага раёна. З Рэчыцы Рамановіч, з-пад Лоева Антоненка, з Жыткавіч Брусавец, недзе адсюль, з-пад Нароўлі, блізкі яго, Васкевіча, зямляк, быў паэт Вяргейчык, які загінуў у канцы першага курса...

Увечары расказаў пра ўсё чутае ў дэканаце Рамановічу. Той задаволена пасмяяўся і растлумачыў, што ўсё правільна, так і павінна быць, і вельмі добра, што такія чуткі ідуць пра іх, бо гэтая, найбольш здаровая хваля «адраджэння», заканамерна ідзе з усходу, з Гомельшчыны і Магілёўшчыны — як з рэгіёнаў, якія ў іншыя часы не змаглі «нацыянальна рэалізавацца». Згадаўшы Калубовіча і яго «хвойніцкіх альтруістых», Рамановіч захапіўся і яго, як заўсёды, панесла:

— Толькі мы, усходнікі, якія за столькі вякоў змаглі захаваць сваю непадобнасць на рускіх, украінцаў, палякаў, захавалі сваю мову — мы, хітрыя, абачлівыя, якія ўсіх асцерагаліся і нікому ніколі не верылі, капілі, шанавалі да пэўнага часу свой патэнцыял, — мы зможам зрабіць нармальную незалежную праваслаўную дзяржаву! І не збіраюся я лічыць сваю Рэчыцу горшаю за Вільню ці Наваградак, хоць «разумныя» кніжкі і стараюцца мне гэта ўнушыць; тое, што ў нас не было палячкоў, якія на тэрыторыі Беларусі бунтавалі за «ойчызну мілу», ні пра што не гаворыць. Гэта яшчэ невядома — плюс ці мінус. Так што правільна яна (дэканша) сказала. Далей — што раз'ядноўвае Беларусь? Літаратурная мова, якую беларусы не ведаюць і ведаць не хочуць, бо яна «сделана» на аснове дыялектаў трох мінскіх вёсачак, і правільна Гарэцкі называў яе «мінская ламаніна». Гэта ж здурэць можна — у моўных адносінах адрэзаны такі кавалак, як Усходняе Палессе! Зусім не ўлічаны нашы дыялекты, асабліва такі феномен, як «саканне», якое трэба ўвесці абавязковым для ўсёй літаратурнай мовы, бо гэта адразу розніла б канчаткі нашых дзеясловаў ад рускіх, польскіх і ўкраінскіх. Нідзе, ні ў адной мове не кажуць «наеўса, напіўса», а ў нас было б. Хоць што дэканша! Вазьмі нашу Лену: раз ледзь не пасварыўся з ёю — і яна не верыць, што ў нас водзяцца і яйкі адкладаюць чарапахі, што ў вашым Мозыры спакойна растуць і спеюць садовыя абрыкосы...