Страница 42 из 77
п’ем сінь нябёс Тваіх — ня хмель зямной
атруты...
І разгінаецца касьцяк сьпіны прыгнуты,
і песьні сочацца выразьней і званчэй...
Ды сон — плыўкі міраж, нязьдзейсны плод
вязьніцы,
мігне, бы стрэл пругкі агністай бліскавіцы,
і ў мур глухі спадзе каля зялезных крат.
Зьнікае ўпоруч з ім спадзеў цьмяны
збаўленьня:
красу вясны жывой настойліва на спад
вядзе няўмольная, жывая сіла тленьня.
1949
Восень
Хто сказаў, што цяпер нявесела?
Эх, якая цудоўная восень!...
Расьцьвіла і пад сонцам зьвесіла
галавы залатое валосьсе.
Спавіваецца цела мораку
хмелем шоўкавых кос... Дзівіся,
пакуль роскат грымот на золаку
пярунамі тугі ня высек.
Ня прыспаны на крылах казкавых
на узьвівах дзівацкі вырай;
цяжка скутае лета ляскае
кайданамі па струнах ліры.
Пошчак льне, дзе моўчкі павесіла
галаву залатая восень...
Мо’ таму і душы нявесела,
што сівее зямлі валосьсе?
Сакавік 1950
Залатая зямлі мяцеліца
Хто сказаў, што цяпер нявесела?
Эх, якая цудоўная восень!...
Расьцьвіла і пад сонцам зьвесіла
галавы залатое валосьсе.
Спавівае танюткімі ніцямі,
хмелем шоўкавых кос імшары,
занізала у рудым прыцеме
веснавы неспакой абшару...
Пасьмялела. Пад жоўтым месяцам
патушыла агні бліскавіцаў,
каб далёка, дзе зоры месяцца,
не пасьмелі шляхі дзівіцца.
Ахмялела... І мулка сьцелецца...
На сьпічастым дарог абрусе
залатая зямлі мяцеліца
закалыхвае сны Беларусі.
Пошчак льне, дзе моўчкі павесіла
галаву залатая восень...
Мо’ таму і душы нявесела,
што сівее зямлі валосьсе?
Сакавік 1950
Найпрасьцей яно — зусім папросту:
падысьці, прыблізіцца да цела,
каб спадзея розьвітку і росту
у грудзёх жарствою не асела.
І рукамі — смугласьцю калянай,
гартаванаю у працы цяжкай —
прыкунежыць шчыра і заглянуць
у журботны твар свае манашкі...
Ціхі роздум шчырасьці няварты,
лепш імкліва пасьці і разьбіцца...
У калоду згорнутыя карты
не адкрыюць сэрца варажбітцы.
І яно — ад посьніцы і посту —
неяк глуха стукае у скроні.
Найпрасьцей яно — зусім папросту:
думкі й сэрца цела — на далоні.
Каракас, травень 1950
Я шукаў цябе — не знайшоў.
На дарогах сьляды прастылі.
Расплыліся, бы косаў шоўк,
перажытыя з болем былі.
І апошняе, чым жыву,
найдарожшы, гавораць, скарб той —
неразумную галаву —
палажыў я на чорную карту.
Верасень 1952
Даты і іксы
Юрку Віцьбічу
Пакідаючы попел, узялі адно:
лусту хлеба і пляшку кляновага соку.
І як змрокі палёў засланілі відно,
прыкацілася песьня з дарогаў далёкіх...
Галасіла, расла, калаціла абшар
і стагнала ад крыўды над шчасьцем разьбітым...
Гэтак стогне, гавораць, зямная душа,
як плянэты, бывае, зьлятаюць з арбітаў
і шчапаюцца напал, імчацца на згін
у халодным сусьвету бяскрайнім разьміне...
Дзе-ж рунеюць шуканьняў людскіх берагі?
Дзе шукальнікаў доля скупая пакіне?
На акрайцах зямель негасьцінных, а мо’...
пазяхаючых лавай дзікунскіх абтоках,
каб прыцьміла суровасьць ганебным кляймом
лусту хлеба і пляшку кляновага соку?..
І прыспалі у процьмах жахлівых гарбы