Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 15 из 77



1937

Красою майскаю сады

прайшлі прад намі цёплай ласкай,

і недзе ў далях шызы дым

упаў на чэрвеньскія краскі...

Праходзіш сьцежкаю — шумяць

лісты зялёныя, густыя

і дрэўца кожнага імя

гавораць поціху. Вось тыя,

што ўвесну хораша цьвілі,

гадуюць яблыкі і грушы.

А гэтай нешта ўсё баліць,

вяршыню сонца надта сушыць...

Менск, 1939

Шлях зусім вузкі

Пасьля лета

гаспадарыць восень,

а па восені

у пене завірух

акалелы месяц

спорна косіць

трапяткую

палахлівых зор ікру.

Сыплюцца кавалачкі

вышыняў —

непамерлыя зародкі

хараства...

І скрыпяць

дарогаў хрыплых шыі,

і шчыміць

зямлі настылы твар.

А далёка —

там,

за сінім морам,

расьпякаюцца,

плывуць,

зьвіняць пяскі.

Эўкаліпты

з хвалямі гавораць,

а мы ім —

ні слова:

шлях зусім вузкі...

Менск, 1941

Маладзіца

Як каралі і калечылі,

не галасіла,

толькі тварам

сінім

прыпадала да зямліцы.

Гэтакую,

як той камень крамяністы,

сілу

мела

шчуплацелая

у целе

маладзіца.

Словам не азвалася

да ворагаў

ні разу

і павекаў не расплюшчыла.



Каму?..

Навошта?..

Заплаціла маладзіца

катам

за абразу

ня чым-небудзь,

а жыцьцём —

найдаражэйшым коштам.

Галасілі не равесьніцы —

бацькі, сястрыцы...

Покатам кацілася

над полем

галашэньне.

Ля вазёраў нашых

сініх,

паміж лозаў ніцых,

унураўся

неўтрапёны пошчак

у імшэньнік.

А лясы,

бары сунічныя,

на хіб зялёны

падымалі

і вышэй яго шпурлялі —

ўгору,

каб пачулі не адны мы —

цэлы сьвет...

мільёны...

пра вялікае

пад Менскам Беларускім

гора...

1941

Кідаў я сеці ў глыб рачную

За хваляй хваля ўсё шпарчэй

хінецца, горнецца суладна,

і рэчка, Пціч мая, цячэ,

паволі коціцца да спаду.

Абапал вольхі. Медзь ракіт

шуміць у звоне лозаў ніцых,

і вербы гольлем да ракі

зьвісаюць хваль тугіх напіцца.

Няраз праз гэтыя гарбы

кідаў я сеці ў глыб рачную,

ды заўжды ўлоў мой бедным быў,

бо й рыба, кажуць, стала чулай...

Няхай сабе жывець яна,

тлусьцее, корміцца у Пцічы:

на сьвеце-ж рэчка не адна,

іх вельмі шмат — не пералічыш.

О, хвалі срэбныя, шпарчэй

плывеце, любыя, рачныя!

Ня спыніць вас, не урачэ

ніхто ніякімі вачыма.

Дудзічы, ліпень 1941

Напярэймы жаданьням

Што-ж, снуюцца няхай сьмерці чорныя здані,

супыняцца прад імі ня трэба — ня варта;

трэба йсьці, як ішлі, напярэймы жаданьням

сьмела, мужна — ступою напорна-упартай.