Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 90 из 96



На плыце — знаёмая, учарашняя карціна. Толькі ўчора сядзелі каля чарпалак двое, а цяпер трое, і плыт сёння бліжэй да выхаду з храма — далей не пусціў провад з лямпачкай (манцёр, зрабіўшы сваю справу, адразу боўтнуўся з пляжа і знік пад вадою). Трэці з тых, што прыселі на кукішкі, Судзір. Ён маску здзёр, паклаў каля сябе на дошкі, а Піт і «стары» толькі пасунулі на лоб. Грэбліся ў чарпалках даўгавата — то моўчкі, то перагаворваючыся, як мармычучы. І хоць зусім блізка былі ад Янга, разоў у чатыры бліжэй, чым тады, як былі на Крабавым пляжы, слоў не разбіраў… Вось нешта пачалі паказваць адзін аднаму, потым Судзіру. Потым кружылі і прамывалі ў рэшатах, адбіралі, прасейвалі і зноў прамывалі, разглядалі. Акрамя чарпалак і рэшатаў сёння былі ў іх і вёдры, і карыты.

І Піт, і «стары» ўвесь час пакручваліся так, што можна было бачыць толькі іхнія зацягнутыя ў бліскучыя касцюмы спіны і патыліцы, зрэдку — тарбаватыя, абціснутыя шлемамі шчокі. У Судзіра касцюм без шлема, дрэсіроўшчык сядзеў тварам да Янга, і калі нешта знаходзілася, уставаў, працягваючы далоні да лямпачкі. Ніводзін мускул не ўздрыгваў на яго твары, усхваляванасці сваёй не паказваў.

— Ну — добра, пераканалі…— канчаткова ўстаў Судзір. — Толькі прашу плыт аддаць у поўнае маё распараджэнне. І каб пабочных каля мяне не было.

— Як — пабочных? Што вы хочаце гэтым сказаць? — разам насцярожана сказалі Піт і «стары».

— Вы не так мяне зразумелі. Калі я працую з дэльфінамі, больш нікога каля мяне не бывае. А то ў дэльфінаў рассейваецца ўвага, яны нервуюцца, не слухаюць загадаў і гэтак далей.

— Вунь што… То мы можам каля вадаспаду папрацаваць. Салют! — падняў руку Піт.

— Просьба невялічкая… Рыбу забылі там… — Судзір махнуў у бок пляжа. — Не ў службу, а ў дружбу — дастаўце сюды, га? — голас яго быў амаль сяброўскі.— Чарпалкі пакіньце тут, астатняе… — Судзір матлянуў рукою, нібы згроб з плыта ўсё начынне. — Анучку пакіньце… Няхай дэльфіны панюхаюць, чым яно пахне.

— Судзір, дэльфіны — не сабакі… І золата не пахне, — зазначыў Піт.

— Пахне, сябры, пахне.

«Стары» прывалок на плыт празрысты мяшок з рыбаю, а некаторыя рэчы былі часткова перапраўлены на пляж, а часткова ўзяты «старым» і Пітам з сабою. Судзір перастаў трымацца за кій з лямпачкай, які быў прымацаваны да краю плыта і ад тузаніны хістаўся і нахіляўся, і сеў, звесіўшы ласты ў ваду. Лямпачка апынулася ззаду ў яго, і твар Судзіра быў у паўзмроку.

Сядзеў даўгавата, нібы прыкідваў, што рабіць, з чаго пачынаць. А мо яму не хацелася ўвогуле распачынаць, мо расчараваўся ва ўсім? Адхіліўся назад, вобмацкам узяў мяшок з рыбаю, падцягнуў і паклаў побач. Потым паволі нагнуўся да чарпалкі, узяў там штосьці, загорнутае ў анучку, паволі разгарнуў. Мо залаты пясок? Было яго там мала, бо ўглядаўся ў яго здалёк і зблізку, нібы нюхаў, ці пахне, торкаў у анучку і разглядаў тое, што прыліпла да пальца, паварочваючыся да лямпачкі так, што Янгу быў відаць увесь яго твар. Не было ўжо на твары спакою, ён перасмыкаўся, а вочы ліхаманкава блішчалі. Браў наліплае з пальца на язык, дробненька цаляў зубамі, потым асцярожна пасплёўваў крупінкі назад у анучку. Завязаў крыж-накрыж, паклаў з левага боку. А справа, не гледзячы, узяў з мяшка рыбіну, вочы ў гэты час шнарылі па вадзе, намацвалі ледзь прыкметныя спіны з плаўнікамі. Дэльфіны марудна праплывалі то далей, то бліжэй, стрымана фукалі паветрам, часам высоўвалі галовы і застывалі на месцы, разглядваючы Судзіра, нібы пазнаючы яго ці прынюхваючыся.

Судзір паплюхаў рыбінаю ў вадзе, паклікаў нараспеў: «Бо-обі-і!.. Бо-обі-і-і…» І дурны малыш спакусіўся, мабыць, выгаладаўся, падплыў і разявіў рот. Не зусім блізка, метры за два ці паўтара. Чакаў пачастунку, а сам падаваў такія гукі, нібы чалавек мармытаў скрозь зубы, потым звонка запэнкаў перапонкаю. Судзір не кінуў яму рыбу, а падцягнуў правую нагу, зняў з лыткі штосьці кантовае, нібы калок. Пстрык — адкінулася вострае лязо, зрабіўся нож-кінжал. Адрэзаў кавалачак рыбы, кінуў Бобі ў рот.



— Смачна? Давай бліжэй, калі яшчэ хочаш… А тыя няхай аблізваюцца… — гаварыў Судзір, і Бобі падсунуўся зусім блізка. Можна было, нагнуўшыся, пачапаць за рострум, але Судзір не дакрануўся, укінуў малышу ў рот другі кавалачак. — Ну во-о, чаўкай гучней. І матку заві… До-ора-а, До-о-ора-а… Ну — заві!

Янг расцёр локаць, прылёг на другі бок, бо самлеў цікуючы. Ён адчуваў пякучую рэўнасць да Судзіра, зусім не хацеў успамінаць, што Бобі ведаў Судзіра намнога раней, чым яго. «У-у, здраднік…» — рука Янга сама шукала вакол, каб што намацаць, папусціць у Бобі. Янг гатовы быў пайсці на гэта, выдаць сябе, абы адагнаць Бобі ад дрэсіроўшчыка.

— А гэта ты нюхаў? — Судзір апусціў з плыта левую руку з анучкаю, завязанай вузельчыкам, таксама паплюхаў.— Ну — што ты чуеш? Ці нічога не чуеш? Ніякіх эмоцый у цябе золата не выклікае? А ты нюхай, нюхай… До-ора-а, До-ора, До-ора! — зноў паклікаў ён, а правая рука таксама апусцілася ў ваду з рыбінаю, запляскала. Падплыла блізка і Дора, таксама разявіла рот, здаецца, нават штосьці праскрыпела ці прамармытала, Судзір і ёй кінуў кавалачак рыбы, і Дора на момант знікла пад вадою. Дзік з Бэлаю і Еваю тоўпіліся зводдалек, нібы раіліся, што рабіць. Зрэдку Дзік моцна пляскаў хвастом, нібы кулаком прыстукваў, пацвярджаў сваё рашэнне: не рабіць і кроку насустрач Судзіру!

А дрэсіроўшчык перастаў мачыць анучу з золатам, кінуў яе на сярэдзіну плыта, парэзаў на кавалкі яшчэ адну рыбіну, папаласкаў нож і зноў схаваў яго ў ножны на лытцы. Саскаўзнуў у ваду без маскі, злавіў рукою Дору за спінны плаўнік і паплыў побач, пагладжваючы яе па спіне, па лабаціне, час ад часу частаваў яе кавалачкам рыбы, дастаючы недзе з-за пояса. Вярнуўся да плыта, сцягнуў з яго чарпалку і сунуў ручкаю ў зубы Доры — так, як рабіў у дэльфінарыі. Праплылі побач вакол плыта, Судзір увесь час лашчыў яе, пагладжваў, потым забраў чарпалку і зноў пачаставаў рыбаю. Ускінуў чарпалку на плыт, узлез сам.

— А цяпер, даражэнькая, больш складанае заданне зробім. Ты рабіла ўжо такое, трэба толькі ўспомніць… — гаварыў, а сам чапляў на грудзі электраліхтар, надзяваў маску, а Дора і Бобі цікавалі непадалёк, фыркалі, задраўшы насы з вады. — Да мяне! — у тоне Судзіра пачуўся загад, ён і жэстам паказаў, што значыць гэтая каманда. Калі Дора падплыла бліжэй, кінуў кавалачак рыбы. Бобі таксама падплыў, але Судзір нічога яму не даў, і той незадаволена праскрыпеў, свіснуў.

Узяўшы чарпалку, на гэты раз Судзір споўз з плыта неяк нязграбна, нават балонамі грукнуў аб крайнюю дошку. Падплыў да Доры, даў ручку чарпалкі ёй у зубы, трохі падправіў, каб выраз акуратна прылёг да шыі.— Са мною! Аб! — ухапіў загубнік у рот і нырнуў, гнетучы і Дору леваю рукою пад ваду. Крыху падумаўшы, і Бобі нырнуў. А Дзік і Ева, Бэла прыплылі на тое месца, пакружылі, але праз якую мінуту зноў пакіравалі ў цямнейшы куток.

Здалося, што Судзіра з Дораю і Бобі не было доўга, як толькі паветра ў дэльфінаў хапіла. Першы выскачыў, адфыркнуўся Бобі. Дзік і астатнія самкі павярнулі да яго, нібы карцела ім распытаць: «Ну як там? Чаго ён прыстае да вас?» Але вынырнулі Дора і Судзір. У Доры ў зубах бокам вісела чарпалка, пяску ў ёй не было ні жмені. Але Судзір паляпаў яе па спіне, павярнуў і давёў да самага плыта, забраў і ўскінуў на дошкі чарпалку, а дэльфінку ўзнагародзіў кавалачкам рыбы. На гэты раз узбіраўся на плыт зусім няўклюдна, здавалася, бездапаможна дрыгаў у вадзе нагамі. А ўзлез, то зноў звесіў ласты, знерухомеў у одуме.

За час, пакуль Судзір займаўся з Бобі і Дораю, Піт і «стары» двойчы вынеслі на пляж па вядру пяску, ссыпалі яго там у кучку і адплылі па новую порцыю. Янг усё гэта адзначаў, паварочваючы галаву і ў той бок, падлічваючы іх рэйсы. Судзір не бачыў гэтага, але ў галаве таксама, мусіць, падлічваў, што за гэты час можна было зрабіць самому і колькі ўвогуле спатрэбіцца часу, каб чаму-небудзь навучыць дэльфінаў.

— Дора, рэпэтэ, — Судзір узяў чарпалку, зноў ссунуўся ў ваду.

Палез бліжэй да вады і Янг. Не мог трываць, бачачы, што мяшок з рыбаю амаль не крануты, а дэльфіны плаваюць галодныя.