Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 89 из 96



З надрэзанага ражка падстаўкі і праўда сыпнуўся жаўтлявы парашок. Паліцэйскі нацерусіў яго крыху на далонь, панюхаў сам, паднёс панюхаць гарбаносаму афіцэру. Нават Абдуле сказалі панюхаць, нібы якому крымінальнаму эксперту-хіміку: «Такі?» І ён аўтарытэтна пацвердзіў: «Такі… Усё такое…»

Калі ўрэшце пакінулі кабінет, спусціліся ўніз, убачылі: каля лаўкі ляжыць, скурчыўшыся, прыціскаючы рукі да жывата, той паліцэйскі, што пільнаваў навічка-вартаўніка. Стагнаў жудасна, не распінаючы зубоў — мабыць, у яго была разбіта пячонка. Клапан кабуры тырчэў, як сабачае вуха, а ў кабуры было пуста. Навічок знік разам з пісталетам паліцэйскага.

Раздзел сёмы

Мо ніхто з лагернікаў так не чакаў з'яўлення Судзіра, як Янг. Ад хвалявання і думак доўга не мог заснуць, а потым не то спаў, не то галюцыніраваў наяву. Часам кідала то ў пот, то ў дрыжыкі, апаноўвала млявасць. Балелі вочы, торгала, калола вуха.

Калі ўрэшце задрамаў, то сасніў натоўп людзей. Шуміць натоўп, перакатваецца па ім гул, людзі напіраюць адзін на аднаго, ірвуцца хутчэй да храма. Быццам гэта той самы храм на Галоўным, куды яны прыйшлі пакланіцца Вішну. У натоўпе таўкуцца, топчуць адзін аднаму ногі бацька, Ганеш і дзед Амос. Не бацька нясе кавадзі, а ён, Янг, хоць самы малы і слабейшы. Сагнуўся Янг пад цяжарам у тры пагібелі, рама муляе плечы, шыю нібы хто скручвае, як той курыцы. «Ідзі! Ды хутчэй жа ты, не марудзь!» — падштурхоўвае Янга ў спіну Ганеш. «Ідзі, ідзі! Заснуў?» — Амос і бацька таксама падпіхаюць яго, шчыпаюць ад злосці: «З-за цябе можам спазніцца! Усю літасць Вішну параздае!» А вось ужо здаецца, што Янг на базары разам з сіньёрай Тэрэзай. Снуюць між бясконцых радоў, якіх нарабілі са сваімі таварамі прадаўцы. На голай зямлі, на цыноўках, на подсцілках, на лаўках, табурэтках, на століках, на прылаўках, узбітыя на шасты, развешаныя на галінах і вераўчаках, вісяць і ляжаць дары лесу, поля, агародаў, плантацый, мора. «Туцці-фруцці! — няспынна паўтарае сіньёра. — Туцці-фруцці!» — І ўсё грабе да сябе, валіць на спіну Янгу, на плечы, чапляе на шыю, на пояс, ставіць на галаву — «Нясі ў гатэль!» І раптам ужо не італьянка, а бацька суе яму на рукі пярэстую свінку: «Гэта наша, бяры! Нясі ў гатэль! У апартамент сіньёры! Яна будзе табе за маці!»

Ад такое навіны Янг клыпае вачыма і прачынаецца, сэрца бунтоўна грукае, пульс балюча б'е ў хворае вуха. Янгу ўжо страшна засынаць зноў, каб не ўбачылася якая непатрэбшчына. Дрымота сама знаходзіць яго, злеплівае павекі, падсоўвае новыя кашмары. Быццам хтосьці балюча сціскае Янга за ногі і суе галавою ўперад у пухірковую заслону, каб адчыкрыжыла галаву… Скрабуць лапкамі і клюшнямі крабы, амары, лангусты, ідуць на яго ў наступ… У шуме Янг нават адрознівае асобныя крыкі крабаў: «Янг ужо здох! Здох і лапкі выцягнуў! Сюды ўсе, сюды! Вялікая спажыва будзе! Не параўнаеш з рыбаю!»

Калі ж пачуў на самай справе жывыя галасы людзей, уздыхнуў з палёгкаю: дзякуй Вішну, скончыліся пакуты-кашмары. «Я — жывы, і новы дзень настаў… Што прынясе новы дзень?»

Слоў людзей яшчэ не разабраць, галасы задыханыя, зрываюцца. Людзі толькі што павымалі загубнікі з рота. Янг цікуе з-за бруствера і лічыць чорныя, ледзь прыкметныя галовы тых, што вынырнулі з-пад вады: раз… два… тры… Трое ўсіх? Не, вунь і чацвёрты, вылазіць на пляж са скруткам чорнага гуміраванага дроту і лямпачкай на канцы. Галасы некаторых здаюцца знаёмымі, адзін дык нават і вельмі…

«Судзір!.. Вунь той, самы меншы… Апошнім на пляж вылазіць. А самы большы — «стары», учора быў на плыце. І Піт, ён учора тырчаў з камбарына… Запрасілі-такі Судзіра, не абышліся без яго…»

Вось ужо ўсе топчуцца на пляжы, шлэпаюць ластамі. Ад чорных, нібы паліраваных касцюмаў адблісквае лямпачка. Той, што з дротам, адразу прыступіў да работы, пачаў забіваць у сцяну крук.

Янг пачаў супакойвацца, штосьці адлягло ад сэрца. Быццам убачаная рэальная небяспека — Судзір — перастала быць небяспекай. З гэтага моманту Янг цалкам ператварыўся ў зрок і слых. Не ўсё дачуваў з таго, што гаварылася, не ўсё разбіраў з пачутага, не ўсё разумеў. Гаварылі, як і тыя дні, па-англійску, штосьці загружалі на плыт, а штосьці — з плыта на пляж. Янг паспрабаваў падстаўляць свае словы замест недачутых, каб улавіць сэнс. І штосьці атрымлівалася, хоць мо і не зусім тое, што гаварылася.

Голас Судзіра:

— Ну й… (страхоцце) у вас тут!.. І людзям, не толькі дэльфінам. А дэльфіны… (пячор не любяць).

Піт:

— На жаль, так… (Лепшых умоў) ім стварыць не можам. Каб былі добрыя ўмовы… (то і без дэльфінаў абышліся б).

— І як вы іх сюды… (заперлі)? — зноў Судзір. — Давалі… (на сон ці наркоз)?

Піт:

— Прафесійны сакрэт. «Стары»:

— Я чытаў: дэльфіны наркозу… (не вытрымліваюць). Не прачынаюцца… А ў дадзеным выпадку маглі ўтапіцца.

Піт:

— Слухайце ўводныя дадзеныя… Сюды… (дэльфіны падплываць) не любяць. Яны і на адлегласці… (адчуваюць ультрагук; пухірковую заслону). Займайцеся з імі з плыта, плыт можна… (адагнаць далей адсюль; загнаць у Храмавы грот)… на месца работы. З пераноснай лямпачкай.

Судзір:



— Як выглядае слон, навобмацак не пазнаеш. А я хачу не толькі памацаць золата… (але і пабачыць). Каб ведаць, ці варта займацца.

Піт:

— Пераканаецеся, пачакайце… (Разам з намі нырнеце, самі зачэрпнеце). Разам прамыем, паглядзіце.

Судзір:

— Пясок? Самародкі? «Стары»:

— Пясок у асноўным… Самародачак быў адзін — з напарстак.

— Не будзем губляць часу, — Судзір першы ступіў да плыта.

Пакуль дачакаліся карэты «хуткай дапамогі», паліцэйскі ўжо канаў. Насілкі з пацярпеўшым неслі і санітары, і Радж хапаўся — да самай прахадной (ключ, каб адамкнуць вароты і ўпусціць карэту на тэрыторыю, не знайшлі). Астатнія ішлі следам. Абрахамс не пераставаў паціху бедаваць: «А што ж цяпер будзе? Каму ж я служыць буду, што з работай будзе? У мяне ж сям'я…» Ніхто яму нічога не адказваў.

Не хацеў думаць пра сваю будучыню і Радж. Адно ведаў: настаў час рашучага павароту ў яго жыцці.

Гарбаносы афіцэр і з кабінета званіў, а дайшлі да прахадной, то і з будкі. Выклікаў дадатковы нарад паліцыі для аховы дэльфінарыя. Ставіў задачу: усіх падазроных затрымліваць, нікога не адпускаць да асобага распараджэння. Званіў і на Галоўны, размову вёў незразумелую, шыфраваную.

І нерваваўся, па ім было відаць, чаму позніцца група, што пайшла па Судзіра? Але перш чым з'явілася група, прыйшоў стомлены Амара. Яго адразу схапілі за локці. Радж ледзьве ўгаварыў афіцэра, што чалавек не мае да Судзіра ніякіх адносін, што збіраліся з ім зноў дабірацца да Горнага, шукаць брата (давялося коратка выкласці гісторыю Янга).

— А я думаў, што гэта паліцэйскія падрыхтаваліся выехаць у лагер, — з нейкім расчараваннем прагаварыў Амара, калі ад яго адсталі. І Раджу давялося тлумачыць яму паціху, што здарылася за той час, пакуль ён быў у рэстаране і дома. І з гэтага моманту з твару Амары не сыходзілі здзіўленне і трывога.

І вось прычакалі другую групу. Прыйшла без Судзіра.

— Ну што? Адправілі пад варту? — звярнуўся афіцэр да начальніка паліцыі Рая.

— Не было ўжо. Ні дома, ні ў каханкі… Вобыск таксама нічога не даў.

— А каханку затрымалі? Хто яна?

— Адправілі пад замок. Касірка з дэльфінарыя… — начальнік паліцыі гаварыў стомлена, быццам разгрузіў да гэтага баржу.

— Не пыталі нічога? — не адставаў афіцэр.

— Трохі пытаў. Але, відаць, не шмат ведае. А мо і прыкідваецца. Сказала толькі, што кожны дзень Судзір указваў ёй, якія нумары білетаў затрымліваць і прадаваць толькі па паролю. Пра наркотыкі не здагадвалася.

— Я ведаю, дзе Судзір, — усклікнуў Радж. — Хутчэй трэба на Горны да тых, што пакралі дэльфінаў.

Абрахамса пакінулі ў дэльфінарыі. Хацеў афіцэр і Абдулу не браць, але той нечакана заліўся такімі слязьмі, што Раджу давялося ўпрошваць, каб узяў. Афіцэр адмяніў распараджэнне і аддаў новы загад: па прыбыцці на месца з катэра не сыходзіць, пад нагамі не блытацца, каб не трапіць пад кулю.