Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 14 из 23



— А калі не дачакаешся? — Андрэй Беларэцкі жаласліва ўсміхнуўся.— Усё жыццё — назіраць, як ля яго цяпла грэюцца іншыя... А табе — толькі водсвет... Хіба не лепей — стварыць сям’ю... З чалавекам, якога ведаеш, якому верыш?

Ной чамусьці нервова рагатнуў, а Дарота перавяла позірк на Улада. Той адразу адвёў вочы...

— І ўсё-ткі — няхай лепей хоць водсвет.

Гэтыя словы Дарота амаль прашаптала.

Зося фыркнула:

— Таксама мне, рамантыка... Рэвалюцыя перамагла — вось дзе рамантыка! Хутка сям’я як адзінка грамадства ўвогуле знікне. А дзяцей гадаваць стануць камунай.

Пан Беларэцкі нават перажагнаўся:

— Няшчасныя дзеці...

— Ты, Зося, яшчэ ўспомні тэорыю камісаркі Аляксандры Калантай пра тое, што задавальванне юру мусіць быць не складаней, чым выпіць шклянку вады,— раздражнёна прамовіла Дарота.

— Дарэчы, я нядаўна корпаўся ў архівах, а там чаго толькі не напаткаеш. Дык таварыш Калантай, падобна, з роду спалячаных беларусаў Калантаёў,— задуменна прамовіў Беларэцкі.— Калісьці прозвішча гучэла як Карантай, ад слова «кароткі»... Мне часам здаецца, што беларусы вылепленыя з воску — гэтак лёгка прымаюць любыя формы пад сонцам часу — абы не быць самімі сабою... Эх, сапраўды, як казаў адзін мой старэйшы калега — каб хто загадаў беларусу быць беларусам, не было б лепшага беларуса... А так... Дакладна па словах Купалы:

«Там чутна: «Беларусь», там — «Незалежнасць!»

А там — «Паўстань пракляцем...» Ну а мы?

Мы ў страху... дум крутня.. разбежнасць...

Без толку крыллем хлопаем, як цьмы».

Адна са свечак замігцела ў апошнім жаданні жыць — і згасла, ператварыўшыся ў брудную лужыну воску. Мокры вецер ударыў у шыбы, так што астатнія, яшчэ жывыя, агеньчыкі рвануліся ўбок... Стары дом, стоячы па драўляныя калені ў сакавіцкай вадзе, зарыпеў, ціхутка загаласіў, нібы ў прадчуванні смерці. Пяцёра людзей у ім змоўклі, туга адгукнулася ў іх сэрцах.

— Скончыцца паводка, сыдзем адсюль... І кожны з нас пойдзе ў свой бок,— прагаварыў Ной.— І, магчыма, ніколі мы больш не сустрэнемся, а можа быць, камусьці станецца лепш не сустракацца...

— Што ты такое гаворыш? — устрывожылася Дарота.

— Ён гаворыць праўду,— змрочна патлумачыў Беларэцкі.— Нам выпала жыць у часы пераменаў. А гэта, згодна кітайскай прымаўцы, найгоршы лёс. Ніхто яшчэ не ведае, дзе варта быць, хто пераможа... Магчыма, нехта з вас будзе кіраваць дзяржавай... Нехта адап’е ад атрутнага кубка славы... А потым сустрэнемся ля адной сцяны — у вышчарбінах ад куль... І, магчыма, у кагосьці ў руках будзе рэвальвер, а ў кагосьці — пустэча безнадзейнасці.

— Ну, вы й нагаварылі тут, дзядзька Андрэй,— бесклапотна рассмяялася Зося.— Нават цмок спалохаўся... Пачакайце, мы яшчэ запросім вас на выставу Ноя...

— На якой будуць твае партрэты, Зося! Ты... ты дазволіш мне намаляваць цябе? — Ной глядзеў на дзяўчыну з такой трывогай і напружаннем, нібыта яна, як дачка Жыжаля, зараз зварухне вейкамі, і агонь спаліць сэрцы.

— Малюй, што мне, шкада...— адказала Зося перабольшана абыякавым голасам.

Але Ной не захацеў пачуць гэтай абыякавасці і з удзячнасцю дакрануўся да рукі прыгажуні — лёгка, як да аблачынкі... Але рука мастака здрыганулася, нібыта ён сапраўды дакрануўся да агню...



— А вось мае шляхетныя продкі малявальшчыкаў лічылі за дворню,— лена прамовіў Улад.— Праўда, відачынцаў ды блазнаў яны лічылі за яшчэ ніжэйшае саслоўе — як у Індыі каста недатыкальных. Так што я ў іх вачах — ізгой... Вылюдак... Моцныя людзі, уладары свайго часу не любяць вымыслаў. Нядаўна вычытаў верш нейкага пачаткоўца Кудзелькі пад назвай «Скокі на могілках»:

«Годзе плакаць і вам над Рагнедаю,

І, зірнуўшы ў мінулае, цяжка ўздыхаць...

Новы дзень хай вам казку паведае,

Чыю ў песнях усхваліваць раць.»

Проста дзеля нас парада.

Ной скрывіўся:

— Ну, гэта толькі па юначай маладосці можна рэкнуць... Гэты Кудзелька пад імем Міхась Чарот сам рамантычных вершаў панапісваў. І ніводнай уладзе не прыдзе ў галаву, скажам, заараць могілкі або пабудаваць на магілах тэатр.

— Мы яшчэ не ведаем, на што здольная гэтая ўлада.— Пан Беларэцкі падняў каўнер сурдута. Нібыта яму стала холадна. У шыбы ўдарыў вецер, і дом затрашчаў, зашапталіся па ягоных вуглах цені, нібыта паветнік — страшная шасцікрылая птушка — выявіў у гаспадарцы недагляд і цяпер грозіць нядбайнаму гаспадару.

Улад таксама сцепануўся, нібы ад сіверу.

— Партрэт свой не кожнаму можна даверыць пісаць. Выявы, зробленыя асабліва старанна, могуць быць проста небяспечнымі для сваіх арыгіналаў...

— Што ты выдумляеш? — азваўся Ной.— Партрэт Дарыяна Грэя ўспомніў?

Малады артыст адмоўна паківаў галавой.

— Ды не... Нават мой знаёмы скульптар распавядаў, што калі здымае з каго гіпсавую маску, дык асабліва чуйным асобам пасля гэтай працэдуры дрэнна, нібыта пасля крывапушчання. Паспрабуй сфатаграфаваць або намаляваць індзейца або бедуіна — палічыць, што ты яго забіць хочаш... Вунь у мінулым стагоддзі вылавілі ў моры неверагодна прыгожую драўляную скульптуру, якая ўпрыгожвала калісь нос карабля. На скульптуры знайшлі надпіс: «Аталанта»... Пакуль давезлі да берага — карабельны штурман застрэліўся ад кахання да гэтага кавалка драўніны. Потым засіліўся наглядчык музея, у які яе змясцілі... Кажуць, праседжваў перад Аталантай дні і ночы, вачэй не адрываючы... Я сам ведаю падобную гісторыю — ад бацькі.

Дарота паставіла перад Уладам новы кубак з гарбатай.

— Асцярожна, кіпень. Ну вось, казала ж, не хапайся... Апёкся, як малы. Зараз табе, Ной, налью. А пакуль, Улад, распавядзі, калі ласка, сваю гісторыю. Мастацтва і містыка лепей, чым палітыка.

Улад ізноў дакрануўся да гарачага кубка кончыкамі пальцаў, памаўчаў...

— Ну што ж, магу распавесці.

Гісторыя пра статую з сутарэнняў дома Ваньковічаў

Кожны менчук ведае, хто такія Ваньковічы. Інсургенты, масоны, авантурысты — як толькі пра іх не трапалі языкамі нядобразычліўцы. Патрыёты, ваяры, паэты і мастакі — казалі прыхільнікі. Гадоў пяць таму, падчас беспрытульнага блукання ў тэатральна-эсэраўскіх марах, і мне, у ліку іншых бедакоў-беларусаў, давялося разжыцца капейчынай «Установы ўзаемнай дапамогі роду дваран Ваньковічаў».

Вядома, найперш успамінаецца вялікі Валенцій, мастак з гэтага роду, які маляваў Пушкіна і Міцкевіча і памёр на руках апошняга ў Парыжы... Беларускамоўныя вершы Міцкевіча знішчылі сваякі. Карціны Валенція Ваньковіча развезлі па свеце... І беларусы зноў ні пры чым, як дуб да жолуда. Дык вось, болей паўстагоддзя прамінула ад часоў чарговага паўстання супраць імперыі, у якім, вядома, бралі ўдзел і Ваньковічы. Асабліва вылучаўся сын Валенція Ваньковіча Ян Эдвард. Працаваў ён ляснічым, меў маёнтак у Сляпянцы. Але ворагі ведалі яго як інсургента па мянушцы Ляліва, і хто, як не ляснічы, мог зрабіць свой атрад нябачным у пушчы? І коннік быў ён такі, што нагадваў кентаўра... Менавіта гэта адной лістападаўскай ноччу — хоць вока выкалі — выратавала яго ад пагоні. Але не ад цяжкой раны... Ляснічы зваліўся з каня на адной з ускраінных вулак Менску — што ж, на кожнага ёсць ягоная куля, і верагоднасць сустрэчы з ёй не болей пралічаная, чымся сустрэча з сапраўдным каханнем. Конь, ашалелы ад доўгага намёту, не спыніўся, страціўшы седака... Ян Эдвард дарэмна спрабаваў нешта разгледзець у непрагляднай, як саван, цемры, прашытай халоднымі ніткамі дажджу. Мёртвы сон горада. Ні ліхтара, ні нават агеньчыка лампады... Вось, здаецца, каменны ганак нейкага дома. Але дзвярэй няма — сцяна... Ці знойдзе паранены інсургент прытулак, ці адсюль пачнецца яго шлях да пятлі? Ян адчуваў, што сцякае крывёю. Хоць трохі б святла... У гэтым горадзе былі дамы, стукацца ў якія Ваньковіч не хацеў нават паміраючы. Крэсіва інсургент заўсёды мае пры сабе... Слабы агеньчык асвяціў каменную сцяну ў цёмных рагах, вакно з зачыненымі аканіцамі... Здаецца, вугал Францысканскай? Агонь змрочна люстраваўся ў цёмнай лужынцы, што ўтварылася ля параненага пляча... Яну здалося, што сама ноч хіснулася перад вачыма, як адлюстраванне на паверхні бяздоннага віра... Як ён саслаб... Не заўважыў адразу... Вось жа — дзверы. Апошнім намаганнем інсургент стукнуў у іх... Перад тым, як страціць прытомнасць, падалося: дзверы расчыніліся, з іх пацягнула дзіўным пахам — як быццам адчыніўся стары-стары куфар...