Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 1 из 23



A

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.

Людміла Рублеўская

НОЧЫ НА ПЛЯБАНСКІХ МЛЫНАХ

СКОКІ СМЕРЦІ

СТАРАСВЕЦКІЯ МІФЫ ГОРАДА Б*

ШЛЯХЕЦКІЯ АПАВЯДАННІ

ГІСТОРЫІ ПАНІ

АПАВЯДАННІ

Кветка малайскага лёну

Шклянка цемры з прысмакам крыві

Дыярыуш пані

Жаніх панны Данусі

Жалезная Кнопка

Масоўка

Адзінка

Іслачскія імпрэсіі

Сяброўкі

notes

1

2

Людміла Рублеўская

НОЧЫ НА ПЛЯБАНСКІХ МЛЫНАХ

Раман, аповесць, апавяданні

Падрыхтаванае на падставе: Рублеўская Людміла, Ночы на Плябанскіх млынах. Раман, аповесць, апавяданні, — Мінск: Мастацкая літаратура, 2013. — 256 с.

ISBN 978-985-02-1428-7

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

НОЧЫ НА ПЛЯБАНСКІХ МЛЫНАХ

Містычная аповесць



Магчыма, я памыляюся, але мне заўсёды здавалася, што на дарозе, паякой возяць мёртвых, нават траваі дрэвы мяняюць колер.

Густава Адольфа Бекер

Гэты дом пабудаваў вар’ят у вар’яцкім месцы.

І не было лепшага дому і лепшага месца ў гэтым вар’яцкім часе.

Агонь дабраўся да срэбнай стужкі, якая далікатна абвівала свечку з белага духмянага воску, вырабленага няйначай пчалінай каралевай (хаця не, каралевы не вырабляюць воску, нават такога белага). Стужка адразу сціснулася, пачарнела, выяўляючы сваяцтва не з высакародным металам, а з паперай, цярплівай, як прыроджаная паслугачка, і гэткай жа пакорлівай любому гаспадару... Ад яе лісліва пацягнуўся струменьчык чорнага смярдзючага дыму, нагадваючы няшчыры клічнік напрыканцы палітычнага лозунгу.

— І гэта вясельныя свечкі! — дакорліва прамовіла Дарота, гасячы пацямнелай мельхіёравай лыжкай для гарбаты бліскучую паперку і спрабуючы ададраць яе рэшту ад васковага сцябла.— Уявіце сабе, як гэткі дым выглядае падчас вянчання!

— Як папярэджанне наіўным,— змрочна сказаў пан Беларэцкі, лысаваты брунет у акулярах на вяровачках, былы стыпендыят Імператарскай Акадэміі, фалькларыст і аматар прыватнага вышуку.— У кожнай красе падчас выпрабавання вогненнай стыхіяй выяўляецца дамешак... З пахам самага звычайнага, жывёльнага страху за сваё існаванне. А ўрэшце,— пан Беларэцкі павярнуўся ўсёй сваёй худой, нязграбнай постаццю ў бок вакна,— у нас дзесьці быў яшчэ цэлы жмуд пахавальных свечак. Ты, Уладзе, прыносіў...

Высокі юнак з прыгожым ганарыстым тварам, які сядзеў ля акна, апрануты ў паношаны сурдут, азваўся леным голасам, у якім адчуваліся інтанацыі шчырага прыхільніка чытацкае манеры беларускага хлопца з Вільні Шверубовіча (вядомага ў Імперыі як Васілій Качалаў).— Былі недзе і пахавальныя... Пашанцавала ж прайсціся побач царквы, якую пад склад экс-пра-пры-... Госпадзе, гэта ж вымавіць немагчыма... Два пакункі ля камісарскіх калёсаў і падабраў, няхай Бог даруе. Вясельныя свечкі і пахавальныя. Пахавальныя, здаецца, Даротка ў камоду паклала...

Дарота павярнулася, бліснула вялізнымі цёмнымі вачыма, у якіх калісьці наведвальнікі вечароў Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў бачылі люстраванне вобразаў Рафаэля ды Батычэлі.

— Ніякіх пахавальных свечак! Гэта... Гэта ўжо занадта. У адрозненне ад вас, спадар, тэатральныя эфекты не шаную.

— Спадарыня лічыць за лепшае ўжыць лучыну? — з’едліва прамовіў Улад і дадаў з уздыхам: — Урэшце, калі хто-небудзь з нас не ўладкуецца на працу, пяройдзем і на лучыну.

Пан Беларэцкі пагардліва хмыкнуў наконт самой думкі ўладкавання на працу. За акном плесканулася вада, нібыта дом быў вялізным караблём...

Улад прыціснуўся лбом да шыбы, угледзеўся ў цемру.

— Не спадае паводка...

— Вось і добра...— стамлёна прамовіла Дарота, разліваючы ў парцалянавыя кубкі напой з водарам ядлоўцу, верасу і восеньскіх яблыкаў — і дакладна з названага й звараны.— Значыць, у нас ёсць яшчэ некалькі дзён. А потым...

Яна змоўкла, бо тое, што будзе потым — ведалі ўсе... Дом былога дырэктара рэальнай вучэльні, Даротавага бацькі, драўляны старасвецкі будынак з мансардай і разьблёнымі калонамі, пацямнелы ад часу, нібыта твар рамізніка, забярэ новая ўлада дзеля, вядома ж, справядлівых патрэбаў працоўнага люду. Да апошняга кіраўнікі рэальных вучэльняў не залічваліся. Пан дырэктар даўно перабраўся да сваякоў у Лошыцу, а дачка вырашыла застацца. Зладзіўшы своеасаблівую камуну са сваіх сяброў, якіх час гэтаксама адарваў ад берагоў, загайдаўшы на халодных хвалях... Ды яшчэ бацькаў стрыечны брат, пан Беларэцкі, што з’ехаў з Пецярбургу, пакінуўшы на дарогах ваеннага камунізму валізы, паліто і веру ў справядлівасць, прыбіўся да маладой кампаніі...

Хвалі паводкі ля Плябанскіх Млыноў таксама былі халодныя — Свіслач і Няміга, разліўшыся, ператваралі цэнтр мястэчка ў сапраўдную Венецыю, і човен менчука, звыклага да пераменлівага настрою губернатараў і стыхіяў, слізгаў побач з дахам вагону конкі, які ледзь быў відзён над бруднымі хвалямі... Вось і гэты дом у чарговы раз зрабіўся незалежным востравам — а тыя, што сабраліся тут, умелі цаніць часовую волю... Яны нават адпусцілі па сівернай вадзе адзіны стары човен — каб не было спакусы.

— Наш каўчэг яшчэ не даплыў да Арарату! — з мансарды спускаўся чарнявы хлопец, трымаючы ў руках стос старых газетаў, знямелае рэха старога свету, якое больш аніхто не хоча пачуць.— Таму не забывайце, што маё імя — Ной, і з гэтае прычыны мусіце прызнаваць мяне за капітана.

Ной кінуў газеты на падлогу, і яны, глуха шаргатнуўшы, бяссіла сцішыліся, нібы спадзеючыся пакорлівым маўчаннем выклікаць шкадобу да свайго лёсу.

— На растопку... А дзе там Зося падзелася? Зося! Цябе што, прывіды на мазурку запрасілі?

— Іду, іду... Хвалюешся, як рамізнік ля амэрыканскай клюбы...

Па лесвіцы імкліва спускалася тоненькая рудая дзяўчына ў брунатнай сукенцы, перашытай з гімназічнай форменнай, але зусім не падобная да мігдалавай гімназістачкі — кароткая стрыжка, у прыжмураных вачах — зялёны агонь, як у рыскі, а рукі, такія тонкія і далікатныя — у драпінках, нібыта ад гульняў з капрызлівымі кацянятамі. У руках дзяўчына трымала два бронзавыя падсвечнікі.

— Вось! Хачу, каб у гэтую ноч было светла, як на старасвецкім бале!

Улад памкнуўся быў устаць, каб перахапіць цяжкую бронзу з дзявочых рук, але стрымаўся і знарочыста абыякава ўтаропіўся ў цёмную шыбу.

Як ні пярэчыла цемнавокая Дарота, але пахавальныя свечкі, на гэты раз з жоўтага, як мумія, воску былі знойдзеныя, пазбаўленыя чорных стужак і запаленыя...

Насельнікі дому пасярод паводкі ўселіся вакол стала. Верасовая гарбата, сухары, святло пахавальных свечак і вецер за вокнамі... Што яшчэ трэба маладым, каб забыцца на несправядлівасці віхурнага часу?

— Пан Беларэцкі, раскажыце якую-небудзь жахлівую гісторыю! — папрасіла Зося.

Фалькларыст зірнуў светлымі вачыма з-пад трэснутых акуляраў.