Страница 2 из 5
II
Несупыннай хваляй плыні За парою йшла пара, I прабіла час хлапчыне Гнаць у поле са двара. Ён праслухаў навучанку, Як быць добрым пастухом, Справіў пугу-павіванку, Вузлы вывязаў гурком I пагнаў авечкі ў поле На папары і на ролі. Ён цяпер глядзеў болыл стала: Ён — асоба, пастушок, Нават права меў на сала I на цёплы кажушок. Добра ў полі: волі многа I прастору-шырыні, Вабяць далі там малога, Як прынадныя агні. Што ёсць там, за тым, унь, гаем, Дзе зляглі нябёс вянцы? Новы край і край за краем I краі ва ўсе канцы! I снуецца думка тая, Каб пашырыць свой прастор; Думка ўсюды залятае: За сяло, за хвалі гор I на хмаркі кіне вока, Што, як гусанькі, плылі, Запытае, як далёка Тое сонца ад зямлі. Як глыбок той прастор немы, I ці мерыў яго хто? I адкажа па-сваему: Вёрст напэўна будзе сто! I яшчэ было чым міла Тое поле хлапчуку, Гэта тым, што дзед Курыла Там яго трымаў руку. Гэты дзед — пастух гуртовы, Слаўны дзед, дзядок — душа, Гаваркі, мастак на словы, I любіў ён малыша! Не смяяўся дзед з Сымонкі, Не ўсчуваў яго ні-ні, Частаваў з свае скарбонкі, Бавіў цэлыя з ім дні. Забяруцца ў цень пад грушу I гаворку распачнуць. Тут Сымонка сваю душу Мог прад дзедам разгарнуць, Запытаць пра сёе-тое Дзедку добрага свайго, Бо Сымон не меў спакою — Ўсё цікавіла яго. — Дзедка, чуеш: во — спявае! Ці ж не чуеш, дзедка? вунь! — Гэта здань твая такая: Адхрысціся, хлопча, плюнь! — Як то здань? А ты паслухай! — Дзед схіляе галаву, Шапкай круглай, аблавухай Чуць не ўлазячы ў траву. — Не, не чую! — Ото дзедка! Мусіць, ты зусім аглух: То ж спявае з кветкай кветка! — Вочы вырачыць пастух, На Сымонку пазірае: — Ой, хітрэц! ото лайдак: Чаго ён ні выдумляе! Бач, знайшоў якіх спявак! — Хіба ж краскі не спяваюць? — А які ўжо іх там спеў? Краскі голасу не маюць: Пройдзе ветрыку павеў, Закалышуцца — не ўчуеш… Кінь ты, хлопча, мары сніць! — Ат, дзядуня, ты жартуеш, Каб малога падражніць! — Ой, дзіўны ты, — дзед гаворыць I пакруціць галавой, А Сымон сваё гуторыць, Гледзячы ўдаль прад сабой. — Дзед, зірні: куды-та хмаркі Унь ідуць, ідуць, як дым? Там так добра, вольна, ярка, А яны ідуць. Ці ім Надта горача ад сонца? Ці іх гоніць хто адтуль? Ці ім блага там бясконца? I скажы, дзядок, адкуль Хмаркі гэтыя выходзяць? — Эх, дзівак ты! — кажа дзед. — Што за мыслі ў цябе бродзяць? Так утворан гэты свет: Грэе сонца, ходзяць хмары, Носяць снег і дождж і гром, Ночкай вынікнуць стажары[1], I бяздонныя амшары Зоркі выецелюць руном Ды на поўдзень ад паўночы Шлях праложаць без прысад, А куды, куды ён крочыць, Хто адкажа табе, брат? Вее вецер і сціхае, Як увойдзе ў берагі; Па зіме вясна ўбірае Твар зямлі, лясы, лугі; I прачнецца ўсё дазвання, Жыццё ўзбудзіцца ў зямлі, I без нашага пытання Колас вырасце ў раллі. — Хлопчык слова не прароніць, Дзеду ў вочы ён глядзіць I галоўку чуць прыклоніць, Не варушыцца, маўчыць. — Не, дзядок! не тое, дзедку! А ты вось скажы: чаму Вецер песні пяе ўлетку, Плача ж жаласна ўзіму? — Схамяніся, бог з табою! Унь ужо аб чым спытаў! — I круціў дзед галавою, I плячыма паціскаў. — Вось дык хлопец! скуль узяўся? Не, сапраўды ты дзіўны: Ці разумным ты прыўдаўся, Ці з уроды ўжо дурны? Не: з цябе, відаць, штось выйдзе… Кінь ты гэтую думу — Усё будзе ў сваім відзе, Сам пазнаеш, што й чаму. Вось каб ты вучыўся змаля, Кніжку ў рукі б даць табе! — Дзед і хлопчык замаўкалі, Кожны думаў па сабе. Раз Сымонку давялося Чуць, як граюць дудары, I яму тады здалося, Што да гэтае пары Ён дзіцятка быў дурное, Што не жыў ён, а блукаў, Што цяпер пазнаў ён тое, Чаго шчыра так шукаў. Слухаў хлопчык тое гранне, Пад сабой не чуў зямлі, Бо ў тых зыках чаравання Спевы ўласныя плылі, Струны сэрца ў ім дрыжалі, Як дрыжыць блісканне зор У надземнай цёмнай далі, I музыкам падпявалі I ляцелі на прастор У салодкім заміранні Ясным зоркам на спатканне. Дудары ўсё перайгралі, Дальш у свет яны пайшлі, А ў душы яшчэ спявалі Зыкі дзіўныя, плылі, Разрасталіся й далёка Душу вабілі сабой I няслі яе высока Над гаротнаю зямлёй. Зыкі душу напаўнялі, I, куды б ён ні пайшоў, Над ім гралі і спявалі Дуды, песні дудароў. Разоў пяць губляў авечкі, Шкоды ў полі нарабіў, Здрасаваў шнуроў тры грэчкі, Вератнік[2] аўса прыбіў! I за тое ж дасталося Ад суседзяў, ад бацькоў. Многа выцерпець прыйшлося Папіханак, кулакоў! Толькі ж хлопчык не чуў болю, I не тым занят быў ён: Зыкі смутку, песні волі Чуў хлапчук з усіх старон. I цяпер, як непрытомны, Стаў на гонях і стаіць, Як выгнаннік, як бяздомны, Што не мае дзе схіліць Галаву сваю сірочу, I надзей у ім няма. Сам хлапчук не знаў, што хоча, Дзе, аб чым яго дума. Ён не ведаў, што з ім стала — Сэрца поўніў нейкі спеў, Думка дзесь не тут блукала, Дух як бы кудысь зляцеў. — Эй, Сымон… Заснуў, ці што ты? — А, то ты… Ах, мой дзядок!.. — Дзе ж авечкі… Ой, блазнота… Ну, й дадуць табе, браток! — Тут Сымон ахамянуўся, Бегчы кінуўся кулём. — Стой! куды ты?.. Не ачнуўся! Унь авечкі, за аўсом! — «Збілі хлопца зусім з тропу, Як ён рух яшчэ схаваў? Б’юць, як цэпам тым па снопу!» — Дзед з сабою разважаў. — Ну, што думаў, брат Сымоне? — Ах, дзядуня, любы мой! Дудары тут шлі сягоння… Як жа гралі! а-ё-ёй! — Дудары? — стары спытаўся — Гм!.. дык унь што… пачакай! Ты, відаць, не просты ўдаўся, Дам табе я нешта… грай! Вось, пакуль што, мой бядача, Дудку дам табе я ў дар: Ты — музыка, брат, няйнача, Будзеш некалі дудар. — Расхінуў тут дзед халат Ды з кішэні-бакавушку Выняў дудку-весялушку I зайграў на гэты лад: «Свінні ў рэпе, Свінні ў рэпе, Парасяты ў грэчцы, А музыка Без языка Каля печы трэцца!..» I яшчэ дзед разоў пару Спрытна пальцамі прабег. У Сымонкі ў вочках, твару Бегаў ціхі-ціхі смех. Ен, працягшы сваю ручку, Вочак з дзеда не спускаў. — На, Сымоне, маеш штучку! Грай здаровы! — дзед сказаў. Як бы дар які там з неба, Дудку тую ўзяў Сымон. — Намачыць яе, брат, трэба: Галаснейшы будзе тон. вернуться1
Стажары — назва групы з сямі зорак у сузор’і Цяльца.
вернуться2
Вератнік — частка загону.