Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 1 из 5



Якуб Колас

Сымон-музыка

Беларускай моладзі

сваю паэму прысвячаю.

Аўтар Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,         Ад казак вечароў,         Ад песень дудароў, Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,         Ад шолаху начэй,         Ад тысячы ніцей, З якіх аснована і выткана жыццё I злучана быццё і небыццё, — Збіраўся скарб, струменіўся няспынна, Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,         І выхаду шукаў         Адбітак родных з’яў У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных. I гэты скарб, пазычаны, адбіты,         У сэрцы перажыты.         І росамі абмыты Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых, Для вас, душою чулых,         Як доўг, як дар,         Дае пясняр.

Частка першая

I

На галіне Пры даліне Ліст на дрэве марна гіне: Ліст зялёны, ды ўмірае. Ліпа, матухна старая, Ой, сыночка свайго скіне!         Ён пахілы,         Ён нямілы, У сям’і не мае сілы: Тым нялюбы, што адметны, І браты з ім непрыветны — Мусіць, лёс такі пастылы.         Пад каронай —         Парасонам Ліпы пышнай і зялёнай — Адзінокі колас жыта Рос замкнёна і забыта, Адарваны ад загона.         — Мілы браце!         Ў чужой хаце         Не нажыць табе багацця, — Ліст сіротцы спагадае: — І вясенька маладая. Для цябе — у вечнай страце.         — Так, мне трудна —         Тут нялюдна, Я тут згіну неабудна, Ды твой, лісцік, лёс больш цяжкі: Ты ў сваёй сям’і без ласкі, Бы не родны, а прыблудны. — Ото ж хлопец урадзіўся! І ў каго ж удаўся ён?.. Ну, куды ты ўтарапіўся?.. Лепш бы ты не жыў, Сымон… Уй, няўклюда, мухамора!.. Грэх адзін з ім, адно гора. — Не адзін раз чуў папрокі Ад бацькоў сваіх хлапчук. А за што, за што нарокі? З-за чаго той злосны гук? І завошта б’юць малога І чапляюцца чаго? Ну, скажыце: што благога У тых забаўках яго? Хіба грэх складаць казанкі Або песенькі? Чаму? Але ж гэтыя спяванкі Так і чуюцца яму:         «Я насыплю горку         Жоўтага пясочку;         Правяду разорку         Беленькім кіёчкам.         Шу-шу-шу! — пясочак         Шурхнуў залаценькі.         Пясок — мой дружочак,         Дробненькі-драбненькі.         На пясочку зайкі         Кідаюць слядочкі…         Ой, якія байкі         Баюць мне пясочкі!» Хіба ж грэх казаць пра гэта? Чаго ж сварацца бацькі? Песняй сэрцайка сагрэта, Казкай ясняцца дзянькі. «Мусіць, я, дапраўды, ліха», — Сам сабе сказаў Сымон І чагось смяяўся ціха Ды спяваў, званіў, як звон Той стары, што са званіцы Адбіваў таемны зык Ды каціўся за крыніцы І дзесь там жалобны нік. А ён слухае — ні слоўка, Бы застыне, бы засне, І сама сабой галоўка Заварушыцца, кіўне У тахт нейкім дзіўным спевам, Што звіняць вакол яго, І ласкаючым павевам Песціць, гойдае ўсяго; Аж захопіць дух блазноце Нейкі радасны парыў, І ў самоце-адзіноце Песні, байкі ён тварыў. У яго быў свет цікавы, Свае вобразы, жыццё, І ў душы яго ўсе з’явы Сваё мелі адбіццё. Ён і рэха сваё кліча І размову вядзе з ім… Меў яшчэ ён такі звычай — Гаманіць з сабой самім. На смех хлопца падымаюць: — Вось дурубала, даўбня!— І ў патыліцу штаўхаюць, Бы не хлопец, а шчаня. А ён нават не заплача, Толькі голаву прыгне, Як яго рука лядача Неспадзеўна штурхане. Адбяжыць, бядак, у страсе, Разважаць пачне тады: — Можа ён у гэтым часе Натварыў якой бяды? Мо зняважыў ён старога? Мо на ўсіх пайшоў адзін? І не ведае нічога, — Ні праступку, ні прычын. Так, і праўда: непадобны Быў Сымонка на другіх: Гэта быў хлапчук асобны. У яго вачах жывых Думка нейкая бліскала, Утаропіцца, глядзіць, І на губках смех, бывала, Заблукае, задрыжыць; Пазірае і ўнікае — Так аддасца марам ён Ды знячэўку запытае: — Чаго, мама, стогне звон? — О, звон гэты быў цікавы, Незвычайны звон, стары. Пра якія ж гэта справы Ён там бомкае ўгары? Чаго так у засмучэнні Будзіць там тыя лясы? І Сымонка ў захапленні Ловіць звону галасы, Бо як толькі звон зазвоніць, Як завойкае ўвышы, — Адгукнуцца, загамоняць Струны ўсе яго душы. Сэрца ў хлопчыка заб’ецца, Сам увесь ён задрыжыць, І сама душа, здаецца, Услед звону паляціць, — Так узрушыцца хлапчынка, І тады, нібы праз сон, Штось мільгнецца на хвілінку, Але што — не ўцяміць ён І не можа даць назовы, Што чуваць у тых званох, Бо ўлавіць там сэнсу мовы, Адгадаць яе не мог, Але чуў ён, чуў душою, Сэрцам чуткім і жывым У тым звоне штось такое, Што жыло і ў ім самім. Ды ніхто не знаў тых струнаў, Патайных ніцей душы, Што злучаюць гук пярунаў З немым голасам цішы; Бо і ў той цішы зацятай Есць і голас і свой твар, Разнастойны і багаты, Поўны музыкі і чар. Бедны хлопчык быў загнаны, У бацькоў нялюбы сын, Бо відочныя заганы І меў толькі ён адзін. Не такі, як усе дзеці, Нейкі вырадак, дзіўны, Нёс віну за ўсё на свеце, Вінаваты без віны. З ім і дзеці не дружылі, Не прымалі да гульні, І ў самоце прахадзілі Веснавыя яго дні. І любіў ён адзіноту, Бо так лепей было жыць: Тут ён мог сабе ў ахвоту Песні пець і гаманіць. Вось улетку дык раздольна: Выйдзе з хаты ў поле, луг; Цёпла ўсюды і прывольна, Сонца многа, чысты дух. На каменьчык сядзе ў збожжы, Не схіснецца і маўчыць, Ловіць сэрцам спеў прыгожы, Як жытцо загаманіць, Як зазвоняць, заіграюць Мушкі, конікі, жучкі, І галоўкай заківаюць, — Засмяюцца васількі. Спеў у сэрцы адклікаўся, І так дробненька было, Што Сымонка сам смяяўся, Ўсё смяялася, цвіло. Заміраў тады хлапчынка, І здавалася яму, Што ён знае, як травінка Сваю думае думу, Што гаворыць жытні колас, І аб чым шуміць ячмень, І чаго спявае ўголас Мушка, конік, авадзень, Што ўгары над срэбрам жыта Пяе жаваранак той Так прыгожа-самавіта, І зачым у высь блакіту Ідзе ветрык пехатой, У высь тую, дзе хмурынкі Над зямлёй плятуць вянкі… Ці ж не мілыя часінкі? Ці ж не слаўныя дзянькі? Замляваў увесь Сымонка, Як увосень жураўлі Крык музычны роняць звонка Над прасторамі зямлі. Шнур жывы, загнуты крукам, Ледзь чарнеецца ўгары, І ўсё стада з — смелым гукам Журавель вядзе стары; Плыўка, згодна ходзяць крылы, Як адно, у тахт адзін — Пакідаюць край свой мілы, Родны кут глухіх лядзін. Шнур знікае, тоне ў багне Мора сіняга нябёс, У прастор і хлопчык прагне: Там другі, напэўна, лёс. І ён доўга, нерухомы, Там стаіць і ўсё глядзіць У край светлы, невядомы, Дзе знікала тая ніць Вольных пташак на ўсю зіму… Ну, прашчайце да вясны!.. Поле, неба прад вачыма, I ўжо крыкі не чутны. Так і жыў ён, гадаваўся, Бы пры сцежцы той гарох: Сам з сабою забаўляўся, Бегаў, бавіўся ў палёх I размовы вёў з жытамі I складаў ён песні дню, З матылькамі, бы з братамі, Час дзяліў свой і гульню.