Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 5



V

Час падходзіў за пакровы. Вецер ліст з лясоў атрос, I на поле свае ковы Кінуў злёганьку мароз. Агалела поле. Знята Збажына з яго даўно. Глуха, пуста і зацята, I нікога не відно. I ціхутка, бы ў магіле, Звіс нязрушана туман I свае валокны-крылле Абапёр на той курган. Адзінотай і пустэчай Ўсюды веяла з палёў, Нейкай мляваецю старэчай Аддавала ад лугоў. Жыццё ўнікла. Бы ў жалобе, Неба цьмілася, зямля; Толькі ў руневай аздобе Вочы песціла ралля. У такі час наш музыка Пасвіў статка авячок. Ціха, глуха, ані зыку. Сеў пад хвойкай пастушок, А авечкі рунь шчыпалі Каля лесу тут адны Ды трывожна пазіралі I пужаліся яны. Але іх такая ўдача: З глупства пудзяцца, бягуць, Камень, хвойку, куст убачаць, Капыткамі землю б’юць. I Сымонка з іх смяяўся: — Вось дурныя, ха-ха-ха! Куст ім страхам паказаўся! — Пад гаворку пастуха Заспакойвалася статка, I час зноў праходзіў гладка. Але сёнкя надта пудкі Штось авечачкі былі. — Ну, што з вамі, мае шуткі? Што вы ў голавы ўзялі? — Гаварыў Сымонка з імі, Дый самога страх шугаў, I трывожна ён вачыма Поле, хвойнік азіраў. — Ці не воўк іх тут пужае? — Толькі так памысліў ён — I затросся ўвесь Сымон: Воўк з ядлоўцу вылятае Ды ў авечкі проста садзіць, Злы, раз’юшаны, бы кат, I дзе хлопцу з ім тут зладзіць, Бо такі драпежны гад! Пасць разяўлена, зубата, Сам вялізны і сівы, Хіб адкочан, шэрсць узнята, Нават клык відаць крывы, — Вельмі страшны з галавы! Драпанула раптам статка, Аж па полі пайшоў грук, А ён — хоп за карк, лапатку Ці за горла і — каюк! Воўчым зубам чуць кранецца Ці грудзінай дасць упол — Ні адна не страпянецца, Трупам кінецца на дол. З немым крыкам перапуды Хлопчык кінуўся туды. — Га! ага! Ты-га, паскуда! Людзі, воўк! Сюды! сюды! — Разагнаў усіх звяруга, Трох на месцы палажыў, А баранчыка схапіў I панёсся ў лес, зладзюга! I такі быў страх блазноце! З крыку ён зусім ахрып, Перасохла хлопцу ў роце, I язык яго прыліп, Не мог вымавіць і слоўка, Пабялеў, як той папер. Ох, нагнала ліха воўка! Што ж рабіць-чыніць цяпер? Страх і жаласць агарнулі, Плача горкімі слязьмі. Людзі гэты плач пачулі, З лесу едучы з дрыўмі, I на крык хоць беглі жыва, Ды не ўпору ўжо прыйшлі: Пазбіраць авец пудлівых Толькі хлопцу памаглі. Гнаў Сымонка рэштку статка, А самога страх шугаў: Не даруе яму татка, Што авец не ўпільнаваў! Чула сэрца, што праборкі I папругі не мінуць, Што скрозь столь убачыць зоркі, Як наджэгі[4] зададуць. А аб тым, што ён нявінен, I не думаў хлопчык тут: Хіба ж быў яму адчынен Справядлівы бацькаў суд? Але ж не! ён скажа: «Тата! Крукам я стаяў, глядзеў, Ды знянацку воўк пракляты, Як той віхар, наляцеў. Я гукаў, ахрып ад крыку. „Га-а!“» — Ён голас тут падаў, Ды ў яго хрыпаты, дзікі Голас з грудзяў вылятаў. Толькі ж дома не павераць, Ох, раскоціцца там гром! Не хацеў бы ні вячэраць, Ні паказвацца і ў дом. Ішоў хлопчык у трывозе, Замаркоціўся, прыціх, А прад ім вязлі на возе Трох авечак нежывых. Вот сяло ўжо недалёка, Затрымаўся ў полі ён. Унь іх хата, і высока Шэст убіт каля акон. Вось спыняюцца мужчыны I авец у двор нясуць. На спатканне ім з адрыны Два дзядзькі яго бягуць, Штось гавораць… там і маці… Людзі сыпнулі туды… «Ну, прапаў ты, Сымон-браце! Ой, бяды будзе, бяды!» А вось чэша дзядзька Юрка. — Добра выпасвіў авец!.. Дзе ж баранчык?.. Ось і шкурка, Ось і мяска!.. маладзец! Страты — добрая палова… Скубянуў, дык скубянуў! — I больш дзядзька ані слова, Толькі поглядам кальнуў, Сам пагнаў у двор авечкі, А Сымон адзін зусім, Торбу звесіўшы праз плечкі, Ідзе воддалек за ім, Ды маўклівы, бы акуты Гэтым горам і бядою I бязмернаю жудою Да зямлі быў дух прыгнуты. Вось і дворык іх і хата, Людзі ў весніцах, дварэ; Шуму-гоману багата, Нейкі рух усіх бярэ. А туман, імга пустая Цяжка звісла над сялом. Хлопчык цьмяна памятае, Што тварылася кругом. Так, абрыўкі з’яў-малюнкаў, Слоў нязвязаных нічым, Недарэчных вырахункаў, — Ўсё вілося перад ім. — Але ўсе ж папарываны! Ты ж чаго глядзеў? дзе быў? Вужу, гадзе шальмаваны, Лепш цябе б ён задушыў! — Бацька ў роспачы, у злосці Кінуў жмут калючых слоў. Не, чакаць няма мілосці, Але ён на ўсё гатоў: Будуць лаяць — няхай лаюць, Будуць біць — няхай і б’юць, — Тыя грозьбы не пужаюць I не кратаюць нічуць. Усяму, усім старонні, Ён стаіўся ў кут адзін, Ён нібы ў пустым бяздонні Стаяў некалькі часін. — Што стаіш там, як закляты? Гора ты нам, не дзіця! — Кажа маці: — ідзі ў хату, Недапека ты, куцця! — I ўздыхнула. Мусіць, матцы Шкода стала бедака, Трэба ж к сыну хоць азвацца: А йдзе бацька з хлевушка, Ён узбураны, сярдзіты, Бровы ссунуты на нос… — Годзі ўжо, Панас, не бі ты, I так розум ён растрос. — Вон адгзтуль, каб і смроду Мне твайго тут не было! Ты штодзень мне робіш шкоду, З-за цябе і на сяло Паказаць мне брыдка вочы! Бяры скрыпку, смык і — вон! Ідзі з дому, куды хочаш — Больш не сын ты мне, Сымон! — Хлопчык, змешаны з гразёю, З дому выгнаны, стаяў Каля пуні пад страхою I ў мрок ночы пазіраў. Ён не плакаў — зніклі слёзы, Яны ўсе — на дне душы. А дзесь вецер вербалозы Над балотам варушыў. А ён глух, не чуў нічога. А куды йсці? да каго? Ён не меў нідзе нікога, Хто б схіліўся да яго. Пастаяўшы, хлопчык рушыў, Пералез знаёмы плот, Скрыпку ўзяўшы, і патрушыў Упярод і ўсё ўпярод. — Трэба, бацька, ведаць меру! Хіба так ён вінават? Дзе яму даць рады зверу? Ідзі кліч яго назад! — Сэрца маткі не ўтрывала: — Хлопец з страху пабялеў. Перапудзіўся не мала, За дзень гэты пастарэў. — От, няхай там паскавыча: Не дзе дзенецца, не йдзі: Змерзне, сам, нябось, прысмыча; Сядзь ты лепей і сядзі. — Толькі ж маці не ўсядзела, Выйшла ціхенька на двор. — Дзе ты? — клікнула нясмела. Неба цёмнае без зор Непрыветна пазірала, Цьма халодная маўчала, Матцы кідала дакор I папрокі ёй за тое, Што пакрыўдзілі сынка. I за што? за так пустое — Ці ж ухілішся ваўка? Хлопца выгнаць проціў ночы! — Го-о, Сымон! — і ціха зноў, I глядзяць дарэмна вочы Па куточках між платоў; Выйшаў бацька. — Ідзі ў хату, Не туляйся, а то — дам! Чуеш! слухаць трэба тату! Што хаваешся ты там? Нябось, бачу! — Ды нічога Ён не бачыў і не чуў. А мрок-багна строга-строга Неба, землю агарнуў. Бацькаў гнеў даўно мінуўся. Як ні страшыў, ні гукаў, Ды Сымонка не вярнуўся, Слыху-голасу не даў. вернуться

4

Задаць наджэгі — набіць, пакараць.

Конец ознакомительного фрагмента. Полная версия книги есть на сайте ЛитРес.