Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 16 из 118

Дужы і звераваты Жмака часта вымаў з-пад доннага куп'я ці з берагавога падрэзу вялікіх язёў, мянькоў і акунёў, часамі рэзаў рукі акунёвай пілкай і кожную рыбу ці рыбінку, узняўшы яе над вадой, раней чым шпурнуць на бераг, абкладаў панурым конскім матам.

Цімох сюды не прыходзіў разам з усімі з вёскі — улетку ён жыў з сабакам у сваёй паплаўнічай будзе і, калі да рэчкі дагамоньвала святочная мужчынская грамада, далучаўся да яе часамі так непрыкметна, што нібы з-пад куста ці нават з-пад зямлі. На глыбіні, стаяка плывучы на адным месцы, ныраў ён не нагамі ўніз, як іншыя, але дзябёла падскокваў, згінаўся над вадою ў поясе і, пацешна бліснуўшы незагарэлым азадкам у неба, як цераз жэрдку, перавальваўся ў глыбіню. Але сядзеў там найдаўжэй і вынырваў заўсёды з рыбай. То з большым чым-небудзь, то з аднымі плоткамі. Бывала, наўсаджвае, назаціскае тых плотак паміж пальцамі абедзвюх рук, а яшчэ па адной — паміж пальцамі на абедзвюх нагах. Ужо і маніць не трэба, колькі іх там, пад адным подрэзам ці між вялікімі грудамі торфу.

— Толькі, браце мой, пагладжвай ды бяры. Як бабу…

У палоне, куды я трапіў з польскага войска ў верасні трыццаць дзевятага, мне разоў некалькі дакучаў адзін і той самы сон. Поўная апаноўка яечні. Адно пакрэктвае ды папырсквае салам — толькі што з агню. І луста хлеба, тоўстая, наздравата-пухкая і вялікая на ўвесь бохан. І думка, з логікай натуральнай у сне: «От хіба дурань! Чаму ж я тады так мала, так неахвотна еў?..»

Другі сон прыходзіў, здаецца, толькі аднойчы. Адзін толькі раз так бязлітасна ярка. Я ўбачыў наш мурожны луг з усімі яго кветкамі і матылямі, з усімі пахамі і песняй жаваранка над спякотнай цішынёй, з усёю травяною, зялёнаю ласкай для босых, заўсёды паколатых ног… Са сцішнаватай, ледзь празрыстай цемраддзю рачное глыбіні, у найглыбейшым падрэзе, дзе я — ужо не пастушок — пагладжваю, улагоджваю майго найбольшага язюка… Луг і рэчка, і той радасны гоман і смех — сіламі ўсіх ніжнебайдунскіх хлопчыкаў, хлопцаў, мужчын, — смех, ад якога я і прачнуўся на нарах, найшчаслівей заплаканы.

Вельмі мала знаёмыя са словамі «спорт», «рэкорд», «чэмпіён», мы не ведалі тады і слова «браканьер». Рыба была, і рыбу лавілі. Трохі сеткамі, трохі вудамі, трохі рукамі. Але рыба была. А сёння, калі яе і ахоўваюць, і глушаць амаль усенародна, — і лесхімгасаўцы, замест таго каб карчаваць тым толам лес, і мяшчане на персанальным транспарце, і некаторыя на ўсюдыходных «газіках», — калі яе і токам б'юць, і «тэлевізарам» ашукваюць, калі яе шкоднымі адыходамі дастаюць нават у такіх далёкіх лугах, як наш, — цяпер ужо і сетачкай на юшку налавіць — таксама браканьерства.

І мы не згодныя з гэтым. Тыя «мы», што сёння, у чэрвеньскі выходны дзень пяцьдзесят восьмага года, бродзім з таптухай. Дзе ў беразе, дзе на мяльчэйшым, у зеллі. Колькі нам трэба — дай бог вядро, ці хоць няпоўнае — на восем чалавек. Ды раз у год ці ў два гады, — так усё часу няма, каб спаткацца, як людзі.

Добра, канечне, любіць людзей маладых, каторыя варты гэтай любові. Аднак сустракацца з тымі, з кім сёе-тое перажыта, каторых усё менш ды менш, — гэта таксама добра.

Калі я пражыву і трыста трыццаць год, дык усё роўна буду з цёплым, высокім сумам успамінаць такія вечары, дзе чокаюцца не дзеля таго, каб напіцца, а каб смялей, шчырэй было сказаць, як мы рады сяброўскай сустрэчы, той сустрэчы, калі мы потым і заспяваем, ладна сышоўшыся не так галасамі, як для ўсіх нас зразумелым хваляваннем.

Наша вёска песенная здаўна. Мужчыны добра спяваюць. А больш дык правільна будзе сказаць: спявалі. Адны не павярталіся з франтоў, а хто вярнуўся, дык ужо і пастарэў. З тых асабліва, што на вайну пайшлі сямейнымі, пажылымі.

Хлопцы ў той вечар расказалі мне, што два з найлепшых ніжнебайдунскіх спевакоў, Уладзік Чыркун і Антось Навумовіч, летась увосень сабралі да плота ледзь што не ўвесь кірмашны натоўп. Ды не збіралі яны, а проста самі паселі, стаміўшыся, каля высокага тыну, на духмянай бясцветным рамонкам траве, на тым свабаднейшым на рынку месцы, дзе прадаюцца гаршкі, і заспявалі ціха і няспешна, для сябе.

Побач аціх спакваля перастук па гаршках ды збанках, торг спыніўся, і людзі сталі падыходзіць на песню. Спачатку мужчыны. Бліжэйшыя, пасля далейшыя. Хто на песню ішоў, а хто і на той збор, але, услухаўшыся, і сам заставаўся.

Што ж яны там спявалі? Што з тых песняў, якія ў розны час слухаў, а то спяваў і я? Можа, гэтую, горда-арліную:

Ці, можа, гэтую — будзённую, зусім ужо сваю, вясковую, гарэзліва-вясёлую:

Ці гэтую — журботна-задушэўную:

Людзі стаялі, слухалі, і людзям было добра. То задумацца можна, то весела стане, то засумуецца. Так па-святочнаму, незвычайна.

Бо вось паселі гэтыя двух каля плота, адзін нават выцягнуў на траве кавялу. Гэта Ўладзік, што з Вялікай Айчыннай прыйшоў без нагі. Антосю ж яшчэ ў першую сусветную паадбівала пальцы на правай руцэ. Першаму будзе за шэсцьдзесят, і не ведаючы пазнаеш, а другому ўжо і на восьмы дзесятак трохі пайшло. Можна сказаць: лебядзіная песня. Правалачы сваю безліч дзён і начэй праз войны, нястачы, трывогі, некалькі зменаў улады — тут можна і стаміцца, і засумаваць. А людзі гэтыя спяваюць! Так шчыра, хораша. На два галасы. Нягучна, аднак яшчэ ўсё молада. І ім самім, відаць, таксама добра. І сумна і добра. Можа, нават і так, як бывала ў іх рэдка калі…

Як і нам цяпер, хлопцы, сябры мае, ужо таксама даўнія, не ўчарашнія партызаны.

Маёр Асмалоўскі

Вось так. А цяпер мне — думай, як ад такой узнёсласці вярнуцца зноў да смеху?

Што ж, і ў жыцці яно так: бывае самае нечаканае чаргаванне.

…Дык мы сядзім сабе, спяваем за сталом. Акно адчынена ў зялёны сад, асветлены з хаты. І раптам у гэтае акно з таго саду даволі спрытна гоцнуў чалавек, якога я прывык лічыць… бадай што і нябожчыкам.

Ускочыў, выхапіў з-пад пінжака (пад гальштукам!) добры аполак сала, пляснуў яго на стол, сказаўшы: «Мой уклад!» — і працягнуў мне цераз стол руку:

— Здароў, Антонавіч!

— Сідар — ты?! — гукнуў я міжволі.

— Сідар — я! — адказаў ён у тон мне і засмяяўся: — Хрыстос васкрэсе, браток!

І трэба ж было (і такое бывае), што зранку дома, тады на рэчцы, пасля зноў дома — і ніхто мне ані слова пра тое, што Сідар-гоп і сапраўды ўваскрос, другі ўжо раз пасля вайны!..

Пра Сідара пачнём з мянушкі. Проста ён смешна танцаваў, няўдала падскокваючы ды падрыгваючы ў польцы, а то і ў вальсе, таксама без толку і ладу. Калісьці, гледзячы збоку, Уладзік Чыркун падбадзёрваў яго: «Сідар — гоп!», гэтае «гоп» падхапілі мы, падшыванцы, і так яно прыліпла назаўсёды.

Сідару вельмі ж хацелася ў войска, а яго ўсё бракавалі. Пазней я даведаўся, што па Версальскім дагаворы Польшча Пілсудскага мела права толькі на трыста шэсцьдзесят тысяч войска, таму і адбіралі «пабаровых» так прыдзірліва. Сідару першы раз далі адтэрміноўку, на другі год таксама, а ўжо на трэці забракавалі зусім. Паміж другім і трэцім годам надзеі з Сідарам здарылася такое, што ён лічыў нядрэнным козырам. На ўзгорку за нашай вёскай паставілі «маяк», трыганаметрычную вышку, якая нам, пастушкам, здавалася проста паднебнай. Аднак знайшоўся чалавек (не з тых, што ставілі «маяк»), які не толькі залез на яго да самага верху, але, ашчарэпіўшы нагамі шпіль, апусціўся ўніз галавою. Гэта быў Штокала, вядомы местачковы жулік. Другі да шпіля далез Сідар-гоп. Зачапіцца нагамі і павіснуць уніз галавою ён не асмеліўся, рэкорд свой адзначыў тым, што скінуў адтуль галёш. Была ўжо восень, гразь, і галёш, прасвістаўшы снарадам, урэзаўся ў раллю. А вясною, «на здачы», Сідар-гоп казырнуў маяком: «У мяне вельмі моцная галава, вазьміце ў лётчыкі!..» Не памагло. Выхад сваёй няўрымслівасці ён знайшоў у іншым… Зноў тлумачэнне патрэбна — не была б гэта гістарычная тэма!..