Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 15 из 118

У дваццаць чацвёртым — дваццаць пятым гадах, ганяючыся за «бальшавіцкімі бандытамі», ніякае войска ў Ніжнія Байдуны не заходзіла, крыўды ад яго ніхто не памятаў. І раней, у польска-савецкую вайну, нашу вёску абмінулі і бітвы, і ваенны пажар. А цяпер, ужо даўно не на першым годзе пасля крывавага ліхалецця, многа і нашых хлопцаў служыла ў польскім войску, і ў кавалерыі, і ў пяхоце, — служылі і раней, і ў тое лета, далёка ад роднага дому…

Таму яны, матчыны сэрцы, і раскрываліся.

Цётка Катрына не была яшчэ тады бабуляй Анечкі. Будучы бацька малое праллі ў салдаты пойдзе яшчэ не хутка. Ды матчын клопат, яе трывога, насцярожанасць даходзяць у прадбачанні вельмі далёка. І цётка, вядома ж, таксама вынесла гэтым уланам непачаты збан малака і паўбохана хлеба — проста як нечым сынам.

А ўсё ж, калі пачало сутуняцца, яна, руплівая ўдава, паклікала меншага сына-падлетка і ў сенцах, каб ніхто не чуў, сказала:

— Пойдзеш спаць у аўсяныя мэндалі за Алісеева гумно. Чорт ім верыў, яшчэ снапы пакрадуць сваім коням.

Хлопец, як яму ні хацелася застацца дома, на вуліцы, зблізку пачуць, як трубач зайграе «цапштык» — адбой, паслухмяна пранікся матчынай асцярожнасцю. Ніхто не чуў, няхай жа ніхто і не бачыць. Загарнуўшы кажушок у посцілку, нібы так сабе клунак нейкі нясе, ён перайшоў цераз вуліцу, цераз Цівунчыкаў двор, міма аціхлых там людзей і коней, заўважыў, што ні самога дзядзькі Алісея, ні цёткі Зосі, ні Шуры іхняга, ні дзевак там няма, перайшоў цераз загуменную дарогу і ціха пашамацеў мяккім аўсяным іржышчам да першых мэндлікаў. Паслаўся паміж імі на цёплых яшчэ снапах, лёг і накрыўся посцілкай і кажушком.

Хлопец успомніў, як ён нядаўна, гэтай вясною, вяртаючыся познім вечарам з Плёхава, ад цёткі, свіснуў на скрыжаванні за сваёю вёскай. Кажуць, што, калі там свіснуць апоўначы, — з'явіцца чорт. Хлопец свіснуў, а чорт не з'явіўся. Можа, таму, што яшчэ не поўнач была? Яму, аднак, стала страшна, ён спачатку пайшоў памалу, а потым не вытрымаў — азірнуўся, пайшоў хутчэй і, нарэшце, пабег. І толькі ўжо на вуліцы, а яшчэ больш на сваім двары падумаў, што вось і не вельмі спалохаўся.

Успомніў хлопец таксама і тое, як летась у жніво была вялікая навальніца, а пад вечар, калі яна сціхла, маці паслала яго на далёкае поле, паправіць паваленыя ветрам і ліўнем жытнія мэндлі. Уранні таго дня, яшчэ задоўга да навальніцы, у Ніжніх Байдунах было накідана «афішак» (так у нас называлі лістоўкі), у якіх не па-польску, але па-нашаму было надрукавана, каб не плаціць панам-пілсудчыкам падаткаў, дамагацца школы на роднай мове, свабоды зняволеным палітвязням, дамагацца, каб і тут, як у Савецкім Саюзе, была ўлада рабочых і сялян. Хлопец ціха ішоў па мокрым бадылістым жытнім іржышчы, набліжаўся да мэндляў, адны з якіх былі абернуты, а з іншых толькі пазбівала шапкі, ішоў і думаў, што тыя смелыя і таямнічыя, хто раскідаў «афішкі», цяпер — сядзяць у мэндлях… Яму было сцішнавата, і ён пачаў ціха напяваць. З дзвюх песняў, якія ўжо трохі ведаў — «Ад веку мы спалі» і «Вставай, проклятьем заклейменный». Спяваў не так для смеласці, як дзеля таго, каб пачулі тыя, што недзе тут сядзяць у мэндлях, а ноччу зноў пойдуць па вёсках, спяваў, каб пачулі і зразумелі, што ён ім — свой…

А што ж ён будзе рабіць цяпер, калі прыйдуць уланы — па іхні авёс? Няўжо толькі крычаць? Няўжо яны тады адразу вернуцца, уцякуць?..

Навокал сакаталі конікі, у небе паміргвалі, таксама незлічоныя, зоркі, у вёсцы амаль зусім аціхла гамана, вось-вось павінен быў пачуцца горн адбою… Лета гарачае канчалася, але дні былі яшчэ ўсё па-летняму доўгія. Хлопец, пастух, устаў вельмі рана, за дзень набегаўся, а потым, пад вечар, і нагледзеўся. На цёплым аўсе, пад дзяругай і кажушком, нядаўна павячэраўшы, было так цёпла, што песню горна хлопец пачуў ужо як праз сон. А потым — каб і стралялі яны, з усіх сваіх карабінаў — і таго не пачуў бы…

Уранні ён прахапіўся раней, чым у вёсцы пачуўся сігнал вайсковай пабудкі. Мэндляў абапал яго — не было!.. Нейкі момант ён, яшчэ седзячы, лыпаў вачыма, тужыўся разгадаць, што ж гэта адбылося, а потым, устаўшы, убачыў свой авёс. Крокаў за трыццаць далей, трохі за ўзгорачкам, відаць толькі крайнія шапкі. Падбег туды, палічыў. Усе пятнаццаць, без таго, шаснаццатага, на якім спаў. І пастаўлены хораша, нібы тут яны і стаялі.

Спачатку хлопец занёс туды і паставіў шаснаццаты, потым ішоў дахаты і на Цівунчыкавым двары, дзе спалі і ўланы і коні, сустрэў дзядзьку Алісея.

— Здароў, Іванко, — адказаў той на прывітанне, нібы нічога ніякага, як і заўсёды. Але па ўсмешцы дзядзькавай малому стала ўсё ясна, хоць і смяяўся Рыўка «навыварат», гаворачы за ўланаў «па-польску»:

— Як богем кохем, ніц не вем!..

…Анечка прала на маленькай прасніцы гадоў… хутка сорак таму назад. Нядаўна мы з ёю, Ганнай Андрэеўнай, тэхнікам на льнозаводзе, весела ўспаміналі тое прадзенне. Я бачыў яго тады разам з яе бабуляй і мамай, адна з якіх мая маці, а другая братавуха.

Снапы я вартаваў яшчэ на некалькі гадоў раней.

Дзядзька Алісей быў тады, на аўсяным іржышчы, пад зоркамі зусім адзін. Але я дагэтуль бачу, хоць і не бачыў, як ён стаіць над сонным хлапчуком і сам сабе ўсміхаецца…

Песня

Ёсць такая пара, на стыку вясны і лета, калі нядзеля ў мужыка свабодная, калі ён можа не ў працы, але «па-панску» палюбавацца прыродай. Тым больш што яна тады — у самым росквіце.

Мы, пастушкі, занятыя былі і ў нядзелю. Ды ў нас, у хлопцаў, былі ж і сяброўкі, якія маглі «адпусціць», калі ўжо такая патрэба. Час мы мералі не гадзіннікам — на ўсю вёску іх са два, можа, і было — а даўжынёю ўласнага ценю. «Пусці мяне на ступак, на паўтара, на два…» У самы поўдзень каровы, прыгоненыя «з ранак», былі дома, але і тады, калі мы іх зноў выганялі на пашу, цень быў яшчэ ўсё кароткі, мы мералі яго з дакладнасцю да палавіны і да чвэрткі ступака, у хлопцаў невялікага, а ў дзяўчатак яшчэ меншага. А што да патрэбы, дык дзе там ужо большая за тую, калі з вёскі па выгане, цераз падсохлае балота, на луг да рэчкі ідзе вялікая грамада — мужчыны, хлопцы, свабодныя ад пасты хлапчукі! Ясна, што будзе…

Калі грамада збіралася ў вёсцы на выхад трохі раней, а нашы каровы яшчэ стаялі ці ляжалі кожная на сваім двары, мы дамаўляліся з дзяўчатамі дома; калі ж трохі пазней, дык мы ўжо на пашы мералі цень ступакамі і з крыкам, у падскоках даганялі тую грамаду.

Рэчка наша спакойная, з тарфяністым дном, шмат крутых (у нас кажуць «прыткіх», а то і «спрытных») берагоў, пад берагамі многа падрэзаў, а на дне — вялікага куп'я.

Гэта якраз і трэба, гэта, па-сучаснаму кажучы, і абумовіла даўні мясцовы від маладзецкага спорту.

Над рэчкаю, на мурагу, што расквітнеў купаллем, рамонкамі, кашкамі, вогнікамі, смолкай, браткамі і процьмай іншых кветак, усе мужчыны, ад найстарэйшых да найменшых, распранаюцца. Ні трусоў, ні трусікаў — не было яшчэ такога звычаю. Малыя распранаюцца хутчэй, як быццам баючыся не паспець на самае галоўнае. А мужчыны і дзецюкі не спяшаюцца. Раздзеўшыся, сядзяць у сонцы, абменьваюцца заўвагамі наконт таго ці іншага, ахвотна адводзячы тэму ў той бок, дзе малым асабліва цікава, ласа слухаецца.

Пасля нарэшце даецца каманда, — Цараў норт, той участак ракі, які сёння трэба апрацаваць. Абняць яго з двух бакоў, разысціся адгэтуль ніжэй і вышэй і ўзняць належны шолам. Хто бяжыць, а хто ідзе да вады, хто лявей, хто правей — натоўп падзяліўся на дзве голыя палавіны. Пачынаецца плаванне з крыкам і буханнем нагамі па вадзе — рыбу заганяюць пад берагі, у норы і падрэзы, а на дне — пад вялізнае тарфяное куп'е.

Потым хто-небудзь старэйшы камандуе «годзе!» і — пачынаецца галоўнае.

Словы «спорт», «чэмпіён», «рэкорд» і іншыя падобныя былі тады ў нас не ў модзе, як і трусы, — хто чуў дзе, у войску ці ў школе, а хто і зусім не чуў. А чэмпіёны былі. Ды гаварылася пра гэта проста: рыбу рукамі дастаюць найлепш каваль Пучок, Цівунчыкаў Жмака і, вядома ж, Цімох Ярмоліч.

Пучок, праўда, лавіў не так ужо добра, як пацешна. Малы, шыракароты, «чарнамызенькі» дзядзька, ныраў ён густа і часцей за ўсё напуста. Захопіць з сабой паветра, падскочыць шпунцікам угару, нырне нагамі ўніз, і даволі доўга яго няма. Так доўга, што за гэты час можна паспець разоў пяток узапар сказаць яго доўгую мянушку: «Не хачу хлеба, дай сала!» Тады ўжо ён вынырвае і перш за ўсё, развеўшы рукі, паказвае, якая рыбіна ўцякла. Тады, амаль адразу ж, зноў хапае паветра, падскоквае і — у дно. Сяды-тады вынырваў з рыбінай, аднак яшчэ ўсё меншай за тую, па душу якое зноў і зноў даваў нырца.