Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 1 из 118

Янка Брыль

Выбраныя творы

Думаючы пра вечнае, бачыць штодзённае

Янка Брыль — класік нацыянальнай літаратуры. Заняў ён гэтае ганаровае месца не па афіцыйным загадзе і не з афіцыйнага дазволу. Многія ягоныя творы сёння сталі хрэстаматыйнымі. Яны вывучаюцца ў школе і ў вышэйшых навучальных установах. Яны ў беларускай літаратуры, найперш у прозе, вызначылі, па сутнасці, стварылі, вельмі яркую і глыбокую лірычную плынь. На канец дваццатага стагоддзя плынь надзвычай перспектыўную. Яны, нарэшце, сталі незаменным набыткам у духоўным жыцці нацыі і народа.

Янка Брыль — пісьменнік-наватар. Наватар па самой прыродзе таленту — непасрэдна лірычнага, па-філасофску заглыбленага. Разам з тым уся творчасць пісьменніка грунтуецца на глыбокім засваенні гуманістычных і рэалістычных традыцый сусветнай літаратурнай класікі, у першую чаргу — расейскай, польскай, беларускай.

На сённяшні дзень Янкам Брылём пройдзены вялікі жыццёвы і творчы шлях. Шлях значны, прыгожы. 4 жніўня 1997 года на гэтым жыццёвым шляху народнага пісьменніка час паставіў вяху, пазначаную лічбай 80. З'явіліся ўжо і вехі з лічбамі 81, 82. Восемдзесят два гады жыцця. Ой, які гэта немалы шлях! Часы, праз якія ён праходзіў, не былі лёгкімі і простымі — ні для краіны, ні для народа. Таксама і для самога пісьменніка. Напэўна ж, і для ягонай творчасці.

Нарадзіўся Янка (Іван Антонавіч) Брыль 22 ліпеня (4 жніўня) 1917 года ў Адэсе: бацька працаваў правадніком на чыгунцы. У 1922 годзе сям'я вярнулася ў вёску Загора (цяпер Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласці) на радзіму бацькі. У 1924 годзе бацька захварэў і памёр.

«У маці нас засталося тры хлопцы, старэйшаму з якіх, Мікалаю, не было яшчэ чатырнаццаці год.

За граніцай, якая і не думала адкрывацца, жылі недзе ў горадзе, што стаў для нас, малых, легендай, і скупа пісалі адтуль два старэйшыя нашы браты, маміна горкая гордасць — „вучоныя“».

Янка скончыў польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц. У 1931 годзе паступіў у Наваградскую гімназію. Вучыцца не змог: трэба было дапамагаць па гаспадарцы. Узмоцнена займаўся самаадукацыяй, шмат чытаў, захапляўся творчасцю і вучэннем Льва Талстога. У 1939 годзе, у сакавіку, быў прызваны ў польскую армію. Служыў у марской пяхоце. Удзельнічаў у абарончых баях пад Гдыняй, дзе трапіў у нямецкі палон. Увосень 1941 года з двума сябрамі ўцёк на радзіму. Удзельнічаў у партызанскім руху, супрацоўнічаў у падпольным друку. Пасля вызвалення Беларусі працаваў рэдактарам мірскай раённай газеты «Сцяг свабоды». Пазней працаваў у часопісе «Вожык», Дзяржаўным выдавецтве БССР, намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя». У 1966–1971 гадах Янка Брыль — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Можна сцвярджаць: свае творы — у іх падзейнай і эмацыйнай аснове — Брыль спачатку пражыў і перажыў у рэальным жыцці. Усё ў іх асабістае, адчутае, перажытае, выпакутаванае. А жыццё рэальнае аж да краёў было насычана падзеямі агульназначнымі, падзеямі багатага грамадска-сацыяльнага зместу. Яны для Брыля і ў Брыля сталі асабіста ягонымі — і ў жыцці, і ў творчасці. Таму, пішучы пра сябе, Брыль заўсёды піша пра жыццё роднага краю, жыццё народа. Зноў жа, пішучы пра падзеі агульназначнага зместу, ён піша пра свае адносіны да іх, сваё разуменне іх, сваё месца ў іх.

І вось гэта яшчэ. У аўтабіяграфіі Брыль напіша: «Было жыццё і кнігі». Як адзінанепадзельнае. Сама творчая натура ў яго ўзмоцнена глыбока ўсвядомленай, угрунтаванай на багатай глебе сусветнай літаратуры эстэтычнай пазіцыяй. Гэта пазіцыя не тэарэтыка, не філосафа (хоць гэта ні ў якой ступені не выключае глыбіні і арыгінальнасці), а мастака, у якога высновы, меркаванні, разважанні народжаны жывой творчай, шырэй — усёй жыццёвай практыкай. Свет літаратуры, мастацтва, філасофскай думкі ў Брыля ні ў якой ступені не мае самамэтнага ці аўтаномнага значэння; ён — арганічная частка духоўнага ладу мастака, дзе пачатак творча-мастацкі з'яўляецца вызначальным.

Такія адносіны да жыцця, да чалавека, да свету навакольнага спеліліся, угрунтоўваліся свядома і з самай ранняй пары. Брыль прызнаецца пазней, што ў яго, падлетка і дзецюка, «ужо была свая таямніца, сваё запаветнае — я ўжо вучыўся, рыхтаваўся на пісьменніка. І таямніца мая, таму-сяму ў пэўнай меры вядомая, не адгароджвала мяне ад людзей. Наадварот — ад кніг, ад паперы яна вяла мяне да іх лепшым, глыбейшым і — мне хацелася гэтага — яшчэ больш іхнім. Кожны мой дзень быў вучобай: я прагна слухаў, глядзеў, запамінаў. Шчаслівае маўчанне няспыннай карпатлівай падрыхтоўкі да тае працы, якая, я веру, чакае мяне, якая будзе патрэбна простаму чалавеку, карміцелю і бедняку, — патрэбна маёю шчырасцю, нашай праўдай, якая сваімі фарбамі і гукамі сальецца з красою роднай прыроды, роднай мовы і песні, роднага суму і смеху» («Гуртавое»).

Брыль ішоў у родную літаратуру ад жыцця — жыцця роднага Краю. Але ішоў і ад літаратуры — расейскай, польскай, нацыянальнай, імі ўзбагачаны, натхнёны і асветлены. Асаблівую ролю ў духоўным станаўленні Брыля-пісьменніка і чалавека адыграла творчасць і сама асоба Льва Мікалаевіча Талстога. «Льва Мікалаевіча нейкі час успрымаў без агаворак — з непраціўленнем і вегетарыянствам. З гадамі юнацкая закаханасць саступіла месца сталаму захапленню сілай, праўдзівасцю, чалавечнасцю геніяльнага мастака, здзіўляючай нястомнасцю, добрасумленнасцю вялікага настаўніка ў пажыццёвай творчай вучобе». І напэўна менавіта Л. М. Талстой з'яўляецца для Брыля ва ўсе гады творчасці прыкладам ненатольнай прагі да кнігі, у ягоным пастаянным імкненні вывяраць напісанае самім, суадносячы яго з тым, што зроблена папярэднікамі.

Чытаючы і перачытваючы напісанае Янкам Брылём, ягоны раман, ягоныя аповесці, апавяданні, эсэ, нарысы, ягоныя мініяцюры (можа, апошнія асабліва), адзначаеш сабе, якім багатым у падзеях, фактах, праявах, чалавечых асобах, якім разнастайным у колерах і фарбах бачыць ён свет, успрымае яго. Здаецца, быццам пісьменніка ў жыцці цікавіць усё, няма для яго галоўнага і другараднага. Вярхоўны суддзя — сам мастак. І тут не проста стыхійнае праяўленне таленту. Для Брыля гэта — эстэтычная пазіцыя. Абагульняльна-філасофскія высновы грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах. Пісьменнік іх, гэтыя канкрэтныя факты, не проста ўзнаўляе, апісвае, ён перадае сваё ўражанне ад іх, сваё разуменне іх. Заўсёды непаўторна-асабістае, арыгінальнае, заўсёды глыбокае.

Асабліва адчуваецца, відаць гэта ў эсэ і мініяцюрах. Эсэ ў пераважнай большасці прысвечаны літаратуры. Для Брыля, які многія гады жыве ў літаратуры, жыве літаратурай, гэта натуральна. Здаецца, няма ў нашай літаратуры за апошнія многія гады ніводнага прыкметнага твора, у гісторыі літаратуры прыкметнай постаці, якія б не былі заўважаны і адзначаны Брылём. Сутнасць ягоных адносін да літаратуры і асобных літаратараў дастаткова акрэслена выяўлена ў эсэ «Мой Чэхаў», дзе акцэнт робіцца на першым слове. Мой Талстой (зразумела, Леў Мікалаевіч), мой Чэхаў, мой Гарэцкі, мой Мележ, мой Караткевіч, мой Адамовіч… — для Брыля гэта галоўнае. І не толькі ў плане літаратурным, але і ў жыццёвым. Жыццёвае асяроддзе, жыццёвыя абставіны, асабістыя ўзаемаадносіны, побытавы план заўсёды займаюць у гэтых эсэ істотнае месца.

Дзякуючы Янку Брылю мініяцюра займела статус паўнапраўнага жанру ў нашай літаратуры. У творчасці ж самога пісьменніка ў апошнія гады мініяцюры займаюць, па сутнасці, галоўнае месца. Іх адрознівае глыбокі роздум, назіральнасць Я. Брыля, дасканалае валоданне словам, адчуваецца вышыня, выверанасць маральных крытэрыяў. Разам яны ўяўляюць яркую, сонечную, рознакаляровую, мазаічную панараму нацыянальнага жыцця.

Вось мініяцюра пра наведванне Жупранаў:

«Учора быў першы раз у Жупранах. Магіла, помнік і, у касцёле, партрэт Багушэвіча.

Радасна, дзіўна, што ён — не легенда, не гістарычнае штосьці, а чалавек, які зусім паблізу жыў, памёр і пахаваны тут вось, на звычайных вясковых могілках, дзе на кожным помніку па некалькі пацешных памылак…