Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 109 из 121

Ён пачаў з таго ж, з чаго пачынаў i Чарвякоў, з адзначэння мінулага года.

— Гэты, 1928-29, год з’явіўся, — адрывіста, энергічна загаварыў ён, — пераломным у развіцці народнай гаспадаркі як СССР, так i Беларусь. Ён, гэты год, выдатны тым, што ўпершыню ўдалося так глыбока захапіць i ўзняць шырокія масы рабочага класа i бядняцкасерадняцкага сялянства на выкананне пяцігодкі. Першы год пяцігодкі выкананы з вялікім поспехам. — Паведамляючы гэта, Галадзед асабліва вылучыў тую акалічнасць, што такая важная перамога дасягнута ва ўмовах абвастрэння жорсткай класавай барацьбы, асабліва на вёсцы.

Упэўненым, дзелавітым голасам Галадзед расказваў зале, што глядзела на яго, уважліва слухала з прыціхлых радоў партэра i балкона, якіх поспехаў дабіліся за першы год пяцігодкі прамысловасць i сельская гаспадарка Беларусі, называў лічбы, працэнты. Гэтыя лічбы ўзмацнялі ў Апейку адчуванне ўздымнасці i гонару. Ён браў ix з радасцю, яны был i суладныя таму, чаго яму заўсёды хацелася: добрай хады ў справе, у вялікай дарозе. Тут, сярод агульнай святочнасці, асабліва цешыла: ішлі добра. Пра гэта казалі багата лічбаў, i якіх лічбаў!

Як асаблівае дасягненне Галадзед вылучыў — узмацненне зернавой базы; гэтае дасягненне асабліва важнае тым, растлумачыў ён, што вырашэнне зернавой праблемы ідзе па лініі разгортвання аграмаджанага сектара сельскай гаспадаркі. Гэта дало магчымасць запраектаваць больш павышаны хлебанарыхтоўчы план i выканаць дагэтуль больш чым на 90 працэнтаў. Акрамя таго, гэта дало магчымасць прыступіць да арганізацыі хлебнага рэзервавага фонду.

Тут у радасны настрой Апейкі няпрошана ўнізалася насцярожлівае: легкаватай, здалося, наказана была задача — павышаны хлебанарыхтоўчы план i яго выкананне. І арганізацыя рэзервавага фонду.

— Характэрным i важнейшым фактарам, — гаварыў Галадзед, — з’яўляецца тое, што мы мелі рост калгасаўгігантаў i што мы гэты рост мел i не на былых маёнтках i дзяржаўных землях, а мы мелі рост на сялянскіх землях, гэта значыць, мелі зруйнаванне межаў, i на гэтых межах выраслі i вырастаюць калгасы-гіганты ў дзесяткі тысяч гсктараў.— Ледзь Галадзед нагадаў "калгасы-гіганты", Апейка ўспомніў, што думаў пра гэта, калі чытаў "Год вялікага пералому" Сталіна. Зноў вярнулася тое двоістае, супярэчлівае: i захапленне смелым размахам, i недаверлівая абачлівасць — ці не журавель у небе гэта?

— Найбольш сур’ёзным фактарам у развіцці сельскай гаспадаркі,— тлумачыў Галадзед, — з’яўляецца тое, што ў наступным годзе мы будзем мець магчымасць атрымаць не менш пяцідзесяці працэнтаў таварнага хлеба ад аграмаджанага сектара сельскай гаспадаркі. Калі нам прыходзілася часта праз меру траціць энергію на загатоўку хлеба ў індывідуальных гаспадарках, то ў гэтым годзе мы будзем мець пяцьдзесят працэнтаў таварнага хлеба з нашага абагуленага сектара…

У святочную бесклапотнасць Апейкі зноў уплялося: ці не занадта смела заяўляць, колькі будзе таварнага хлеба ад гаспадарак, якія яшчэ трэба аграмадзіць i наладзіць. Праўда, тут жа стрымаў сябе: у Галадзеда няйнакш ёсць падставы для такога, ён больш ведае…

— Пры дакладзе на Мінскім гарсавеце аб дванаццатай гадавіне Кастрычніка, — згадаў Галадзед, — я асмеліўся высунуць наступны лозунг: у трынаццатым годзе пралетарскай дыктатуры мы ў Беларусі павінны ўдзесяцярыць колькасць калгасаў.— Калі Галадзед стаў тлумачыць, як гэта задача будзе выглядаць у лічбах калгасаў i пасеўнай плошчы, хтосьці з залы крыкнуў: "Яшчэ мала!"

Па зале пайшоў шумок, рады заварушыліся. Апейка азірнуўся туды, на голас. Як i ён, многія паварочваліся, вялі позірк туды, адкуль пачуўся голас. Друпя глядзелі зацікаўлена ўперад, чакалі, што скажа старшыня Саўнаркома. Апейка заўважыў: у зале не адзін падтрымліваў нецярплівы вокліч: "Мала!" Яго не здзівіла гэта: знаёмы ўжо быў з такім настроем. Ды i, хоць сам быў іншай думкі, разумеў ix.

— Мне могуць сказаць, што гэта — фантастыка, — Галадзед нібы не чуў воклічу i хвалявання ў зале, развінаў сваю думку: — Фантастыкай гэтага, канечна, назваць нельга, але, таварышы, гэта вельмі агромная i вельмі смелая задача. — Апейка ахвотна ўхваліў цвярозую разважнасць дакладчыка: справядліва. — Аб ёй трэба думаць, i думаць можна рэальна толькі пры адной умове, — упэўнена вёў Галадзед, — калі мы зможам як мага лепш падцягнуць арганізацыйную нашу працу… бо мы ў шэрагу выпадкаў,— таксама ж пераканана судзіў ён, — адстаём ад калгаснага руху, ён у шэрагу раёнаў перарастае нашы адпаведныя органы…





Апейка слухаў гэта ўжо з насцярогай, з нязгодай: як так — "перарастае"? З чаго гэта ўзята — перарастае? Але дакладчык не стаў тлумачыць, упэўнена пайшоў далей:

— Мы заўсёды павінны быць на чале гэтага руху… Не чакаць, што толькі тады будзем калектывізавацца, калі нам дадуць трактар i дзяржаўны крэдыт…

"А хто чакае? Але ж i трактар i крэдыт трэба…"

— Гэта зусім не азначае таго, — як бы прадчуваючы, што яму могуць запярэчыць, разважліва загаварыў Галадзед, — што мы не павінны клапаціцца аб трактарах i дзяржаўных крэдытах для калектывізацыі… бо трактар, як гэта ўжо ўсім вядома, з’яўляецца асноўным рычагом калектывізацыі. Але справа абстаіць так, што ў першыя гады пяцігодкі ў нас трактараў не хопіць для поўнага задавальнення нашых патрэб, a калектывізацыю мы не павінны ні ў якім разе паслабляць. Наадварот, трэба ўсямерна яе разгортваць!..

Думка спадабалася Апейку разважлівасцю, i ён як бы паспакайнеў. Слухаў зноў з даверлівай увагай.

— Я павінен сказаць наступнае, — гаварыў Галадзед. — Паўночны Каўказ i Украіна ставяць перад сабой такую задачу: Украіна, напрыклад, мяркуе калектывізаваць стэпавую паласу ў два гады на сто працэнтаў, Паўночны Каўказ таксама думае калектывізавацца поўнасцю на працягу двух гадоў. Ці можам мы такую прыблізна — ну, не ў два, дык у тры гады — задачу ставіць перад сабою? Па-мойму, не толькі можам, але i павінны… — Апейка ў думках падтрымаў гэта. У тры гады — відаць, рэальна. — Вопыт мінулага года нам паказаў,— ішло да Апейкі,— што мы перавыканалі ўсе нашы планы па калектывізацыі, i перавыканалі ix на трыста працэнтаў. І мне думаецца, што, калі мы зможам арганізацыйна ахапіць гэты pyx i калі мы зможам i далей яго развіваць, мы можам "дзерзнуць" на такі крок, каб у найхутчэйшы тэрмін калектывізаваць сельскую гаспадарку БССР усю — на сто працэнтаў. Падставы для гэтага ёсць: маса беднаты сёння ўжо жыве імкненнем ісці ў калектыў… Вось, напрыклад, такі выпадак, — Галадзед адарваўся ад напісанага, i Апейка, i — адчуў ён — усе у зале яшчэ прыціхлі, зацікавіліся. — Калі мы началі гаварыць, — стаў апавядаць дакладчык, — аб арганізацыі буй нага агракамбіната-гіганта ў сотні тысяч гектараў… які павінен будзе ўюночыць у сябе не толькі справу паляводства… але i арганізацыю індустрыяльных мерапрыемстваў… дык мне старшыня Рагачоўскага РВК прыслаў тэлеграму, што ў ix раёне запісалася ўжо ў калгас 60 працэнтаў сялянства!.. Пачуўшы, што ў нас на Беларусі будзе арганізоўвацца такі гігант-агракамбінат… з прамысловымі прадпрыемствамі — электрастанцыяй i гэтак далей… сялянства ўжо само, часам i праз галаву многіх нашых арганізацый… пачало нечуванай хваляю ўлівацца ў калектывізацыю навокал такіх буйных сацыялістычных адзінак!..

Апейка адвёў вочы ад трыбуны, пабег позіркам няёмка абы-куды. "Самі… Нечуванай хваляю… Цераз галовы… Ледзь пачулі пра аграгігант…" — Адчуў раптам, быццам стала муляць шыю, як бы трапіла за каўнер сянінка. Паварухнуў шыяю, але яе ўсё муляла.

— Асноўнае, што з палітычнага боку павінна кіраваць намі ва ўсёй рабоце па ажыццяўленню гаспадарчых планаў,— казаў старшыня СНК з націскам, як бы падагульняючы, — гэта далейшае рашучае, няспыннае наступленне на капіталістычныя элементы… Другім кіруючым лозунгам павінна быць самая бязлітасная барацьба з правабухарынскай апартуністычнай апазіцыяй. Біць па панікёрах, дробнабуржуазных ідэолагах — гэта адна з важнейшых задач, абумоўліваючых pyx наперад…

Апейка ўсё гэта адзначаў сабе з пільнай увагай, усё тут было вельмі важна яму.