Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 65 из 91

Бацька пачухаў патыліцу: і праўда ж, крам, ліха яго матары, цудоўны, так і пераліваецца, як вада на сонцы, Ганна ў ім нібы ўжо і не Ганна — красуня з казкі! І ёй, відаць, крам даспадобы вельмі: бач, як вочы зіхцяць, хочуць, просяць. Але ж — капейкі ўсе лічаны.

— Не дораго, кажаш? Колькі ж яно?..

— Не бойся. У цябе застанецца яшчэ капа грошай!

— Смяешся ты ўсё, Нохім. Кеб хоць хапіло!

— Хопіць, кажу. — Нохім перастаў смяяцца. — Я знаю, Цімох, што ў цябе зараз няўпраўка. Сам жаніўся і знаю, што такое вяселле! І хоць ты не пазавеш мяне, я табе дам палёгку! Вялікую палёгку! Можаш цяпер, Цімох, не плаціць усяго. Заплоціш толькі рублёў якіх тры, а астатняе можаш і зусім не плаціць. Адробіш якой-небудзь дробяззю. З'ездзіш зімою ў Мозыр па крам і адзін раз у Юравічы…

Чарнушка пачухаў патыліцу: тры рублі, грошы такія пакласці, ды яшчэ потым у Мозыр і Юравічы халадэчаю перціся! І ўсё ж, пэўна, трэба ўзяць — вельмі ж Ганне да твару!

— Але ж — дораго, страх. Столькі і грошай і язды — жартачкі сказаць!

— Ой, які ты скупы, Цімох! Ну, добра, яшчэ капеек дваццаць скіну! Калі ўжо ў цябе расход такі — вяселле!

Што ні кажы, не ўсё плаціць адразу, якая ні ёсць, палёгка. А там — Бог бацька. Пакуль, дай Бог, вяселле агораць. Чарнушка выняў з-за пазухі латку, раскруціў яе, стаў лічыць грошы.

— Ну, мерай ужэ.

Нохім спрытна крутнуў пак, разгарнуў, адмераў драўляным аршынам, адрэзаў. Перш чым злажыць адрэзанае, ён правёў яго па сваёй далоні, каб усе бачылі, як зырчыць-пераліваецца тканіна, акуратна загарнуў у паперу.

— Насіце на здароўе, мадамазель-дзяўчына! І будзьце шчаслівая ў гэтай кофце!

З Нохімам ужо загаварыў другі пакупнік, але калі Чарнушка пайшоў да дзвярэй, гандляр перапыніў гаворку, пацікавіўся:

— А дзе ты, Цімох, шыць будзеш? Такі крам сапсаваць — не штука!

— Да от, думаю, к Годлі…

— Ідзі к Годлі. Штоб ёй на тым свеце сто трыццаць тры разы перавярнуцца кожны дзень! За яе паганы язык, якім яна менціць усякую несусвеціцу на Нохіма. Але Нохім не злы, не помсціць. Ён прадае крам і сам пасылае людзей, каб падтрымаць гэту дурную бабу, якая гатова нізашто ўтапіць свайго чалавека… Так і скажы, што паслаў сам Нохім!

Годля жыла блізка, у чорнай, паточанай шашалем хатцы з чорнай саламянай страхой і дробнымі акенцамі. Чарнушка ведаў, што хата гэта дасталася ёй ад глінішчанскага бедняка, які падаўся ў прымы. Купіла хату яна гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася, сама прывезла з Нароўлі галодных дзяцей разам з ціхім, нявідным чалавекам сваім Элем. Але найбольш выклікала людской цікавасці, чуў Чарнушка, дзіва, якое ўнесла ў хату: дзіўны столік на жалезных ножках, з бліскучым колцам і мудрымі шпянькамі. Дзіва гэтае, якое звалася нажной швейнай машынай і падобнага якому не было нічога не тое што ў Глінішчах, але і ў другіх сёлах, куды дасягалі глінішчанцы, ужо само па сабе паставіла Годлю на паважанае месца між людзей. Яшчэ больш павага гэта вырасла, калі пабачылі, як хітра Годля ўпраўляецца з мудрай сваёй машынай, якія ўдалыя аддае дзяўчатам і хлопцам спадніцы і сарочкі.

Чарнушку шыць у Годлі не даводзілася: абыходзіліся, дзякуй Богу, самі — самі і пралі, і ткалі, і шылі, — але Годлю ён добра ведаў. Вельмі ж асаблівая была яна сярод вясковых жанок: хуткая, мітуслівая, ніколі не пройдзе ціха, а ўсё бегам, бегам. Адзінае вока яе таксама хуткае, жвавае, усё заўважае, усё разумее. І да ўсяго яшчэ такая дзіўнасць, пра якую было гаворкі па ўсёй акрузе: усю зіму — і ў мароз, і ў мяцеліцу — без хусткі, толькі "гуга" тырчыць на патыліцы, і хоць бы калі прастудзілася!

Уваходзячы ў сенцы, у цемры якіх залапаталі куры, Чарнушка ўвагнуў галаву: дзверы нізкаватыя, нядоўга і гузак на лоб паставіць.

Годля, цэлячыся ў печ, з якой варушыліся водсветы агню, падграбала пад чыгун жар. Паставіўшы качаргу ў кут, яна адказала на Чарнушкава прывітанне, хутка акінула адзіным вокам бацьку і Ганну, скамандавала:

— Соня, дай госцю табурэтку! А вы… — Яна кінула позірк на Ганну і раптам крыкнула: — Фаня, вазьмі свае латкі з услона!

Чарнушка зняў шапку, але сесці не захацеў: не расседжвацца прыйшоў.

— Нічога, пастаім… Я тут з дачкой па справе…

— К Годлі ўсе прыходзяць не гуляць. Кохту пашыць ці спадніцу?

Чарнушка падаў ёй свой пакунак, успомніў пра наказ Нохіма.

— Нохім сам паслаў.





— Ой, які ён добры, — прамовіла кпліва Годля. — Сам паслаў к Годлі! Вы чулі? — бліснула яна вокам на печ, дзе сядзелі дзеці. — Сам паслаў ка мне! А да каго ж яшчэ ён пашле, калі тут адна Годля і шые?

Яна звыкла і спрытна паглядзела на сацін, запытала, колькі заплацілі Нохіму.

— Абдзірала, ой абдзірала! — пакруціла яна галавой з "гугаю". — Абдзярэ чалавека, голым, без сарочкі, даруйце, адпусціць, ды яшчэ — дзякуй яму скажыце! І такім круцялям савецкая ўлада волю дала, такім паганым нэпманам! Трэба было рэвалюцыю рабіць, кроў праліваць, каб Нохім абдзіраў людзей! — Яна кінула позірк да печы, крыкнула: — Эля, там малако выходзіць!

Эля падбег к печы, стаў завіхацца з вілкамі каля агню. Годля дастала са скрыначкі ў машыне мерку, але толькі запыталася, які Ганне фасон хочацца, як Чарнушка, перахапіўшы Ганнін адказ, прадбачліва завёў гаворку пра плату. Можа, яшчэ і не старгуемся, чаго ж тады агарод гарадзіць! Баяўся, што Годля заломіць і многа і грашыма.

Ён прыкметна памякчэў, калі Годля сказала, што можа ўзяць мукою ці бульбаю. Але, хоць Годля брала і нядорага, як яму і казалі тыя, у каго ён выведваў загадзя, Чарнушка ўсё ж патаргаваўся. Не таму, што чуў у гэтым неабходнасць, а таму, што так было заведзена ва ўсіх. Усе так рабілі. Годлю таксама не злавала спрэчка-торг, не першы раз такія гаворкі вяла. Як толькі згода была ўстаноўлена, яна, быццам і не спрачалася зусім, спакойна і дзелавіта пачала хадзіць вакол дзяўчыны з меркай.

Хоць меранне яе выглядала збоку вельмі проста, у тым, як яна рабіла яго, маўкліва і сур'ёзна, як, памераўшы, прыплюшчваючы вока, углядалася ў лічбы меркі, было штосьці таямнічае, недаступнае. Гэта мімаволі прымушала сачыць за ёй з увагай і пашанай. Уражанне незвычайнасці дапаўнялася самой абстаноўкаю ў хаце, якая рабіла хату ўсярэдзіне непадобнай на вясковыя. Праўда, і ў Годлі стол і ўслоны былі такія, як ва ўсіх, самаробныя, не фарбаваныя нават, але затое ля сцяны стаяла няхай абадраная, абабітая, а ўсё ж гарадская чырвоная камода. І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Пярыны — таксама старыя, абшмараваныя. І нават карціны на сценах віселі старыя, заседжаныя мухамі…

— Небагато ж, грэц яго, і ты жывеш, Годля!

Годля якраз мерала, адказала не адразу.

— А з чаго мне быць багатай?

— Машына свая. Шыць умееш…

— Многа толку з той машыны! — адгукнулася Соня, старэйшая дачка. — Калі ў месяц прыедзе з паўволасці тры чалавекі, то яна і рада!

— Соня, памаўчы! Не пухнем, як у Нароўлі, з голаду!

— Не пухнем, бо агарод свой, куры, карова!

— Соня, ты стала вельмі разумная!

Кончыўшы мераць, Годля агледзела Ганну заклапочаным вокам, нібы праверыла, ці не памылілася, абмяраючы, у чым-небудзь, нечакана сказала:

— У горадзе жанчыны ліфчыкі на грудзях носяць. А ў вас, не для мужчын кажучы, лепей, як у каторай з ліфчыкам…

Ганна пачырванела, але не ўтрывала, няўпэўнена запыталася:

— Якія… ліхчыкі?

— Якія?!. Канешне, адкуль вам знаць! Ліфчык — ета от тут такія, як лепей сказаць… такія кошыкі з краму, на пасках…

— А-а… — не зразумела Ганна.

— Яны, каб грудзі былі прыгожыя, як у дзяўчат, каб не віселі. А то, бывае, у каторай грудзей і саўсім няма, дык яна напхае ў ліфчык ваты. І ходзіць, як з сапраўднымі грудзямі!..

— Ето чуў я ў салдатах, — грэбліва прамовіў Чарнушка. Ён плюнуў з агідай: — Распуста!..

Ён коса зірнуў на Ганну: няёмка было слухаць такую гаворку з дачкою, але Годля заўважаць нічога не хацела.

— Канешне, у нас не дзіва, што жанчына, прабачце, дзяўчына пытаецца, што такое ліфчык. У нас у Глінішчах ці Куранях, можа, мала хто знае і што такое райтузы. Дак райтузы — жаночыя штаны. А іх не знаюць, бо ніхто іх, не для мужчын кажучы, не носіць!