Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 64 из 91

Бацька запрог каня, каб ехаць дамоў, калі к ім падышла чарнявенькая кволая дзяўчына ў кароценькім гарадскім паліто і шапачцы, запыталася, ці не маюць яны бульбы. Бацька так узрадаваўся гэтаму, што не стаў і таргавацца.

— Ужэ і не думаў, што купец знойдзецца! Як Бог паслаў, на шчасце! Дак хай і вам карысць будзе!..

"Богам пасланы купец" папрасіў, каб бульбу завезлі на кватэру. Калі ехалі, мачыха з вясковай гаварлівасцю паведаміла:

— Грошы вельмі трэба. Дачку от замуж аддаём…

Белы, нездаровы тварык дзяўчыны павярнуўся да Ганны.

— Віншую!.. Добры хлопец, мусіць?..

— Да як сказаць. Не гарбаты, не кульгавы. Не горшы за другіх, здаецца.

— Добры. Красівы, багаты, — умяшалася мачыха. — Яўхім Глушакоў!

— А! — прамовіла дзяўчына далікатна. Зірнула на Ганну пільнымі, дзіўна строгімі вачыма. — Вы любіце яго?

Ганна не адразу адказала, падумала: "Худзенькая якая, нібы нядужая. Вецер, здаецца, падніме і панясе, як пушынку… А вочы — такія строгія!.. Люблю ці не люблю?!"

— Ці ўсім канешне любіць, выходзячы?.. Кеб усе ішлі толькі тыя, што любяць, дак болей за палавіну ў дзеўках век сядзела б!

— І ўсё-такі — як жа жыць без кахання?

— А так і жывуць… Сцерпіцца — злюбіцца, кажуць…

Дзяўчына прамовіла, любуючыся і дзіўна спачуваючы:

— Вы такая прыгожая!

— За Яўхімам пражыве прыпяваючы! — зноў умяшалася мачыха. — Само шчасце, сказаць, у рукі ёй прыйшло!..

Дзяўчына не адказала на гэта, запытала з той жа строгасцю:

— Харошае сяло ў вас?

— Нічого. Грыбоў процьма. Маліны, ягады ўсякай. Канешне, не тое што Глінішчы, а ўсё-такі — нічого… — Мачыха пацікавілася: — А вы — хто самі будзеце? Нешто не бачылі мы вас ніколі!..

— Я ў Мозыры жыву. Вучуся. А тут у дзядзькі ў гасцях. — Строгія вочы памякчэлі. — Настаўнічаць к вам от прыеду. На той год канчаю. — У яе аказалася такая мілая ўсмешка, пяшчотная, з ямачкамі. І рот прыгожы, маленькі, добры.

— Прыязджайце… Толькі — школы ў нас няма…

— А-а… — пашкадаваў добры раток.

Дзяўчына — мачыха дазналася ўжо, што яе завуць Параска, — прывяла воз на двор "воласці", сказала, што яна жыве тут, на першым паверсе, з боку двара. Ледзь толькі ўехалі, як на ганак выйшаў Апейка, і дзяўчына радасна крыкнула яму:

— Ну, от я купіла! — Яна гарэзліва пахвалілася: — І нядораго!..

Пакуль Чарнушка наматваў лейцы на ручку, Апейка паставіў мех і, прысеўшы, пачаў прыладжвацца плячыма, каб лаўчэй узяць на сябе. Чарнушка не чакаў такога: як-ніяк валасное начальства, няхай сабе і з простых людзей, паспрабаваў быў паправіць становішча:

— Дайце ўжэ я!.. Кеб не падарваліся з непрывычкі!..

— Не падарвуся! — адказаў Апейка, з натугай падымаючы мех.

Чарнушка памог яму, ніякава пайшоў услед, падтрымліваючы мех ззаду. Калі яны вярнуліся на ганак, Апейка гаварыў:

— Дак вы з Куранёў! То-та — твар знаёмы… Картопля добра ўрадзіла?

— Картопля — непагано. А жыта, можна сказаць, няма…

— З жытам, з пшаніцай пагана ў нас у многіх сёлах. Цяжкая зімка будзе. І вясна… Ага, — успомніў Апейка, — тут у нас быў пад арыштам з Куранёў… Дрозд, здаецца… Не, Дзяцел яго прозвішча. — Ганна замерла, стала ўслухоўвацца. — Як ён жыве?

— А што? Нічого. Жыве сабе…

— Добра, сумленна жыве?

— Нічого. Як усе…

Ганна яшчэ не сцішыла хвалявання, якое выклікаў раптоўны напамінак пра Васіля, як з дому выбегла Параска, строга і сур'ёзна падала штосьці загорнутае ў газету:

— Гэта вам ад мяне. К вяселлю… Нічога другога няма. Студэнтка!.. Кніжка добрая!.. — Яна схамянулася: — Чытаць вы ўмееце?





— Можно сказаць — не…

Параска задумалася: што ж рабіць? Памог Чарнушка, сказаў Ганне:

— Бяры да дзякуй!

Едучы назад, Ганна трымала ў руцэ кнігу, везла ў памяці апошні строгі і жаллівы дзявочы позірк. "Вы любіце яго? Як жа можна жыць не любячы!.." — "А так і жывуць! Многія жывуць!.." — быццам спрачалася яна са строгай, наіўнай дзяўчынай. Яна ведала гэта, была пераканана, што так было і будзе, але калі згадвала, як хадзіла з Яўхімам, Васілёва паяўленне, — на душу важка лажылася трывога…

5

Клопаты, клопаты. На другую раніцу Чарнушка зноў выправіўся ў дарогу — цяпер ужо купляць Ганне на кофту. Дарога была недалёкая, хоць і даводзілася яшчэ ехаць у аб'езд, — напрасткі пакуль толькі хадзілі, — і гадзіны праз паўтары Чарнушкавы калёсы круціліся ўжо ў глінішчанскую вуліцу.

Дом Нохіма стаяў каля краю сяла, на самым людным месцы, якое чамусьці называлася "коварат" і ў якім сыходзіліся канец вуліцы, дарога з Алешнікаў і дарога на юравіцкі шлях.

Крама была ўжо ў прыбудоўцы да вялікага старога дома, і Чарнушка, прывязваючы каня к штакеціне, мімаволі адзначыў: "Перабраўся ўжэ!.. Багацее Нохім!.." Едучы нядаўна ў Юравічы, Чарнушка бачыў, як клалі зруб прыбудоўкі, а вось ужо нб табе — крама. Ды і сам дом ці даўно з часоў польскай навалы стаяў пусты, без вокан, і сад за ім — недагледжаны, абшарпаны, ці даўно туліўся. А вось нб табе — як ні глянь, дык навіна: то крама ў доме, то паравік, то прыбудоўка… Яблыні новыя, маладыя ў садзе…

"Багацее, хітры сабака…"

У краме, што пахла ўсярэдзіне свежым дрэвам, селядцамі і газаю, стаяў за прылаўкам старэйшы Нохімаў сын Іцка. Акрамя яго было толькі двое глінішчанцаў, якія прыйшлі, мабыць, пагаманіць, бо купляць нічога не збіраліся. І Іцка адразу навастрыўся позіркам на Ганну і Чарнушку.

Чарнушка па даўняй сваёй звычцы спярша пачаў браць розную драбязу, што дзешавей: тры карабкі запалак, пяць фунтаў солі, два фунты мокрых, з едкім пахам селядцоў. Ён ужо намерыўся падступіцца да самага важнага і цяжкага, да самай вялікай траты, калі паявіўся і сам Нохім.

— А, Чарнушка! Здароў быў! — радасна, як добрага знаёмага, прывітаў ён. Нохім ведаў амаль кожнага не толькі ў Глінішчах, але і ў бліжэйшых вёсках.

— Здароў буў і ты.

— Багаты будзеш, чуў я! Дачку аддаеш замуж?

— Аддаю…

Нохім умомант абмацаў Ганну такім пільным позіркам, што яна пачырванела.

— Красуня! Яўхім толк у бабах знае! Сам бы жаніўся на такой, каб маладзейшы быў. І не жыд. Бо ты б не аддаў за жыда, а?

— Стары ты, Нохім. Грэх такое гаварыць.

— Стары? Я — стары? — Нохім зірнуў на Іцку, які весела засмяяўся, потым на сялян.

Адзін з іх падтрымаў:

— Самы сок! Акурат жаніцца!

— О, чуеш, Чарнушка! А ты кажаш: Нохім стары!.. — Ён адразу ж, амаль тым жа тонам прамовіў: — Але ты, мабыць, прыехаў ка мне не толькі для таго, каб паказаць дачку? Купіць што хочаш?

— Перкаль, кажуць, у цябе на кохту е… — наважыўся бацька. — Дзеўка надысь бачыла…

— Е. Трохі яшчэ засталося. О, твая дзеўка, Цімох, бачу, ведае, што добра, а што дрэнна…

Нохім падаў невялікі скрутак. Калі Чарнушка мяў паркаль кручкаватымі, як сухое алехавае карэнне, чорнымі пальцамі, чамусьці разглядваў на святло, Нохім параіў:

— Ведаеш, Цімох, што я табе скажу. Калі ў цябе ўжо такое свята, то я дам, чаго нікому не даваў. Саціна ў мяне е атласная. З Кіева самога. Блішчыць, пераліваецца, як шоўк. Прыбраўшыся ў яе, дзеўка твая будзе чыстая каралева!

— На каралеўскае, Нохім, у мяне, грэц яго, кішэня малая…

— Эге! У яго на саціну кішэня малая! Саромеўся б, Цімох, казаць такое! Ну, добра, як хочаш: бяры не бяры — я не набіваюся. Паглядзі хоць, што яно такое!

— Да што глядзець, калі ўсё адно не вазьму…

— А ты паглядзі! Я за разгляд грошай не бяру!

— А што глядзець, калі яно дораго.

— Дорага? Вы чуеце, ён кажа — дорага! Ён яшчэ не бачыў крам, не знае, колькі каштуе, а ўжо кажа — дорага! Яго яшчэ ніхто не рэжа, а ён крычыць — ратуйце!

Нохім спрытна падкаціўся да Ганны, далікатна схіліўся перад ёй:

— Прашу прабачыць, грамадзяначка, але трэба прыраўняць крам да вашага твару, каб ваш бацька пабачыў усё натуральна! Бо мужык такі, што не паверыць, пакуль не пабачыць сам! — Нохім прыклаў разгорнуты край белага саціну да Ганніных плеч і шыі. — Глядзі, Цімох, калі е вочы! І калі ты дабра хочаш дачцэ! Калі ты хочаш, каб яна была першая красуня на вяселлі! А не, даруй, задрыпанка якая!