Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 41 из 44



Я ўсхапiўся.

Ложак быў пусты, у пакоi — нiкога. Сонца чырвонымi дыскамi адлюстроўвалася ў шкле. Я ўстаў. Выгляд у мяне быў, вiдаць, смешны, я хiстаўся, як п’яны. Хапаючыся за мэблю, я дашкандыбаў да шафы, у душавой — нiкога. У калiдоры таксама. У лабараторыi — нiкога.

— Хэры!!! — закрычаў я пасярод калiдора, няўклюдна размахваючы рукамi. Хэры… — прахрыпеў я яшчэ раз, пра ўсё ўжо здагадаўшыся.

Не помню, што адбывалася пасля. Здаецца, я бегаў па ўсёй Станцыi не апрануты, заглядваў нават у трум, пасля ў нiжнi склад i бiў кулакамi ў зачыненыя дзверы. Магчыма, я быў там некалькi разоў. Трапы аж звiнелi, я падаў, падымаўся, зноў некуды iмчаўся, дабраўся нават да празрыстай агароджы, за якой было выйсце вонкi — падвойныя бранiраваныя дзверы. Я штурхаў iх з усёй сiлы i малiў, каб гэта быў сон. Нехта побач са мной трос мяне, некуды цягнуў. Пасля я апынуўся ў малой лабараторыi. На мне была мокрая халодная сарочка, валасы злiплiся. Ноздры i язык абпальваў спiрт. Я напаўляжаў, цяжка дыхаючы, на нечым металiчным, а Снаўт у сваiх брудных шарачковых штанах вазiўся каля шафкi з лекамi, пераварочваючы там нешта; iнструменты i шкло страшна грымелi.

Раптам я ўбачыў Снаўта каля сябе; ён, нахiлiўшыся, уважлiва зазiраў мне ў вочы.

— Дзе яна?

— Яе няма.

— Але… але Хэры…

— Няма больш Хэры, — паволi i выразна прамовiў ён, нагнуўшыся яшчэ нiжэй да майго твару, быццам ён ударыў мяне, а зараз хацеў паглядзець, што з гэтага атрымалася.

— Яна вернецца, — прашаптаў я, заплюшчваючы вочы.

I ўпершыню я нiчога не баяўся, не баяўся прывiднага вяртання, не разумеючы, як мог баяцца некалi.

— Выпi.

Снаўт падаў мне шклянку з цёплай вадкасцю. Я паглядзеў на вадкасць i раптам плёхнуў яе яму ў твар. Ён адступiўся, выцiраючы вочы; я падскочыў да яго. Ён быў такi маленькi!

— Гэта ты?!

— Пра што ты гаворыш?

— Не хлусi, сам ведаеш, пра што. Ты размаўляў з ёй мiнулай ноччу? I загадаў ёй даць мне снатворнае, каб… Што ты з ёю зрабiў? Кажы!!!

Снаўт пашукаў нешта ў нагруднай кiшэнi, дастаў змятую капэрту. Я выхапiў яе. Капэрта была заклеена, не падпiсана. Я расклеiў яе. Выняў складзены ў чатыры столкi лiсток. Буйны, крыху дзiцячы почырк, няроўныя радкi. Я пазнаў яго.

«Каханы, я сама папрасiла яго. Ён добры. Страшна, што мне давялося падмануць цябе, нельга было iнакш. Ты можаш зрабiць для мяне толькi адно слухай яго i шануй сябе. Ты цудоўны».

Унiзе стаяла адно закрэсленае слова, я здолеў прачытаць яго: «Хэры». Яна напiсала, пасля замазала; была яшчэ адна лiтара — цi то X, цi то К — не разабраць. Я прачытаў адзiн раз, другi. Яшчэ раз. Я працверазiўся ўжо, не мог нi крычаць, нi стагнаць.

— Як? — прашаптаў я. — Як?

— Пасля, Кельвiн. Трымайся.

— Я трымаюся. Кажы! Як?

— Анiгiляцыя.

— Як? Гэта ж апарат?.. — вырвалася ў мяне.

— Апарат Роша не прыдатны. Сарторыус змайстраваў iншы, спецыяльны дэстабiлiзатар. Малы. Радыус дзеяння — некалькi метраў.

— Што з ёй?..

— Яна знiкла. Успышка i паветраная хваля. Слабая хваля — i ўсё.

— Кажаш, малы радыус дзеяння?

— Так. На большы не было матэрыялу.

Сцены раптам пачалi падаць на мяне. Я заплюшчыў вочы.

— Божухна… яна… вернецца, праўда, вернецца…

— Не.

— Чаму?

— Не вернецца, Кельвiн. Ты памятаеш пену, што ўздымаецца? Пасля гэтага яны не вяртаюцца.

— Нiколi?

— Нiколi.

— Ты забiў яе, — цiха прамовiў я.

— Так. А ты хiба не зрабiў бы гэтага? На маiм месцы?

Я ўскочыў i пачаў бегаць ад сцяны да кута i назад. Дзевяць крокаў. Паварот. Дзевяць крокаў. Я спынiўся перад Снаўтам.

— Паслухай, давай пададзiм рапарт. Запатрабуем прамой сувязi з Саветам. Гэта можна зрабiць. Яны пагодзяцца. Павiнны. Планета будзе выключана з Канвенцыi Чатырох, усе сродкi магчымыя. Выкарыстаем генератар антыматэрыi. Думаеш, што ёсць нешта такое, што можа супрацьстаяць антыматэрыi? Нiчога няма! Нiчога! — пераможна гукнуў я, аслеплы ад слёз.

— Ты хочаш яго знiшчыць? — спытаўся Снаўт. — Навошта?

— Iдзi! Пакiнь мяне!

— Не пайду.

— Снаўт!



Я пазiраў яму ў вочы. Ён адмоўна пакруцiў галавой.

— Чаго ты хочаш? Чаго ты ад мяне дабiваешся?

Снаўт падышоў да стала.

— Добра. Пададзiм рапарт.

Я адвярнуўся i зноў замiтусiўся па пакоi.

— Сядай.

— Адчапiся.

— Ёсць два пытаннi. Першае — факты. Другое — нашы жаданнi.

— I пра гэта трэба гаварыць менавiта цяпер?

— Так, цяпер.

— Не хачу. Разумееш? Гэта мяне не датычыць!

— Апошнi раз мы паслалi паведамленне перад смерцю Гiбарыяна. Больш як два месяцы таму. Мы абавязаны падрабязна далажыць пра працэс з’яўлення…

— Ты змоўкнеш? — Я схапiў яго за руку.

— Бi мяне, калi хочаш, але я ўсё адно не змоўкну.

Я выпусцiў яго руку.

— Рабi што хочаш.

— Разумееш, Сарторыус паспрабуе схаваць пэўныя факты. Я амаль упэўнены ў гэтым.

— А ты не будзеш?

— Не. Зараз не. Гэта не толькi наша справа. Ты ж разумееш, пра што гаворка. Акiян выявiў здольнасць да разумных дзеянняў, здольнасць да арганiчнага сiнтэзу вышэйшага парадку, якi нам не вядомы. Акiян ведае будову, мiкраструктуру, абмен рэчываў нашага арганiзма…

— Добра, — пачаў я. — Чаму ты замоўк? Акiян правёў на нас серыю… серыю доследаў. Псiхiчная вiвiсекцыя. Заснаваная на ведах, украдзеных у нас. Ён не ўлiчыў тое, да чаго мы iмкнёмся.

— Кельвiн, гэта ўжо не факты, нават не вывады. Гэта гiпотэзы. У пэўным сэнсе ён лiчыўся з тым, чаго хацела нейкая абмежаваная, глыбока схаваная частка нашай свядомасцi. Гэта мог быць — падарунак…

— Падарунак! Божа мой!

Я засмяяўся.

— Перастань! — крыкнуў Снаўт, хапаючы мяне за руку.

Я сцiснуў яму пальцы. Я сцiскаў iх усё мацней i мацней, аж пакуль не хруснулi суставы. Снаўт спакойна, прымружваючы вочы, пазiраў на мяне. Я адпусцiў руку i адышоўся ў кут. Стоячы тварам да сцяны, я прамовiў:

— Пастараюся без iстэрыкi.

— Дробязь. Што мы будзем патрабаваць?

— Кажы ты. Я не маю сiлы. Яна сказала што-небудзь перад тым, як?..

— Не. Нiчога. Я лiчу, што зараз з’явiўся шанц…

— Шанц? Якi шанц? Якi?.. А-а… — прамовiў я цiшэй, пазiраючы яму ў вочы, i раптам усё зразумеў. — Кантакт? Зноў Кантакт? Нам усё мала? I ты, ты сам, i ўвесь гэты вар’яцкi дом… Кантакт? Не, не, не. Без мяне.

— Чаму? — спытаўся Снаўт абсалютна спакойна. — Кельвiн, ты па-ранейшаму, а зараз яшчэ больш, чым калi-небудзь, насуперак розуму прымаеш яго за чалавека. Ты ненавiдзiш яго.

— А ты хiба не?..

— Не, Кельвiн, ён жа сляпы…

— Сляпы? — паўтарыў я, думаючы, што недачуў.

— Вядома, з нашага пункту погляду. Ён не ўспрымае нас так, як мы ўспрымаем адзiн аднаго. Мы бачым твар, цела i адрознiваем адно аднаго. Для яго гэта празрыстае шкло. Ён пранiк у глыбiню нашай свядомасцi.

— Ну добра. I што з гэтага? Куды ты хiлiш? Калi ён здолеў ажывiць, стварыць чалавека, якi iснуе толькi ў маёй памяцi, i зрабiў гэта так, што яе вочы, рукi, яе голас… голас…

— Кажы! Кажы! Чуеш!!!

— Я кажу… кажу… Так… Далей… голас… з гэтага вынiкае, што ён можа чытаць нас, як кнiгу. Разумееш, што я маю на ўвазе?

— Так. Калi б ён захацеў, то мог бы з намi дамовiцца?

— Вядома. Хiба не ясна?

— Не. Натуральна, не, бо ён мог узяць толькi рэцэпт вытворчасцi, якi складаецца не са слоў. Фiксаваны запiс памяцi мае бялковую структуру, як галоўка сперматазоiда або яйцаклетка. Там, у мозгу, няма нiякiх слоў, пачуццяў. Успамiн чалавека — вобраз, запiсаны мовай нуклеiнавых кiслот на макрамалекулярных асiнхронных крышталях. Такiм чынам, ён узяў у нас тое, што найбольш вытраўлена, моцна забытае, глыбей за ўсё схаванае, разумееш? Але ён мог не ведаць, што гэта, якое мае для нас значэнне… Разумееш, калi б мы маглi стварыць сiметрыяду i кiнулi б яе ў Акiян, ведаючы архiтэктуру, тэхналогiю i будаўнiчы матэрыял, але не асэнсаваўшы, навошта, для чаго яна створана, што яна значыць для Акiяна…

— Гэта магчыма, — сказаў я. — Так, магчыма. У гэтым выпадку ён, вiдаць, наогул не хацеў таптаць нас, ганьбiць. Верагодна. I толькi незнарок…