Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 40 из 44



* Аgоniа реrреtuа — вечная агонiя (лац.).

Яго вочы, амаль што невiдушчыя ў запухлых павеках, спынiлiся на Хэры, якая нерухома стаяла ля сцяны.

— О, чароўная Афрадыта, народжаная з пены, на тваёй далонi боская адзнака, — пачаў дэкламаваць Снаўт i папярхнуўся смехам. — Амаль што… падобна… праўда, Кель… вiн?.. — ледзь вымавiў ён праз кашаль.

Я па-ранейшаму захоўваў спакой, але паступова ён пераходзiў у халоднае шаленства.

— Перастань! — прашыпеў я. — Перастань i выйдзi!

— Ты выганяеш мяне? Ты таксама? Гадуеш бараду, выганяеш мяне? Табе не патрэбны мае прапановы i парады? А я ж — твой верны сябар па зорках. Кельвiн, давай адчынiм донныя люкi i пачнём крычаць яму туды, унiз, мо ён пачуе? Але як яго iмя? Уяўляеш, мы папрыдумлялi назвы ўсiм зоркам i планетам, а мо ў iх ужо былi назвы? Мы ж узурпатары! Паслухай, давай пойдзем туды! Пачнём крычаць… Скажам яму, у што ён нас ператварыў, хай ён спалохаецца… пабудуе нам срэбныя сiметрыяды, i памолiцца за нас сваёй матэматыкай, i пашле нам скрываўленых анёлаў, i яго пакуты будуць нашымi пакутамi, яго страх — нашым страхам, i пачне ён малiць нас пра канец. Бо ўсё гэта — i ён сам, i тое, што ён робiць, малiтва пра канец! Чаму ты не смяешся? Я ж жартую. Калi б людзi мелi большае пачуццё гумару, мо да гэтага i не дайшло б. Ты ведаеш, чаго хоча Сарторыус? Ён хоча пакараць яго, гэты Акiян, хоча прымусiць яго крычаць усiмi вяршынямi адразу… Ты думаеш, ён не пасмее прадставiць такi план арэапагу склеротыкаў, якi паслаў нас сюды адкупляцца ад не нашай вiны? Ты маеш рацыю, ён спалохаецца… спалохаецца з-за саламянага капелюша. Пра яго ён нiкому не кажа, на гэта ў нашага Фаўста не хопiць адвагi…

Я маўчаў. Снаўт усё мацней хiстаўся на нагах. Слёзы цяклi па яго твары i падалi на касцюм.

— Хто гэта зрабiў? Хто з намi гэта зрабiў? Гiбарыян? Гiзэ? Эйнштэйн? Платон? Яны ж злачынцы, разумееш? Падумай, у ракеце чалавек можа лопнуць як бурбалка, або засмажыцца, або хутка сыдзе крывёй, што нават i крыкнуць не паспее, а пасля толькi костачкi грымець будуць на арбiтах Ньютана з папраўкай Эйнштэйна. Вось табе i цацкi прагрэсу! А мы — брава, наперад па слаўным шляху! I вось прыйшлi i сядзiм у гэтых катухах, над гэтымi талеркамi, сярод несмяротных рукамыйнiкаў, з атрадам верных шафаў i адданых клазетаў… Сталi явай нашыя мары… паглядзi, Кельвiн. Я балбачу па п’янцы, але ж нехта мусiць гэта сказаць. Павiнен жа нехта ў рэшце рэшт?.. А ты, нявiннае дзiця, сядзiш тут, на бойнi, шчэццю зарос… А чыя вiна? Сам сабе i адкажы…

Ён паволi павярнуўся i выйшаў, схапiўшыся на парозе за дзверы, каб не ўпасцi; з калiдора чулася рэха ягоных крокаў. Я стараўся не глядзець на Хэры, але раптоўна вочы нашы сустрэлiся. Я хацеў падысцi да яе, абняць яе, пагладзiць па галаве, але не мог. Не мог.

УДАЛЫ ВЫНIК

Наступныя тры тыднi былi кожным сваiм днём падобныя адзiн да аднаго засланкi iлюмiнатараў апускалiся i падымалiся, ноччу адзiн кашмар змяняўся другiм; ранiцай мы ўставалi, i пачыналася гульня. А цi гульня гэта была? Я прытвараўся спакойным, Хэры таксама; маўклiвая згода, знарочысты, узаемны падман сталi нашым апошнiм прыстанiшчам. Мы шмат гаварылi пра тое, як будзем жыць на Зямлi; паселiмся дзе-небудзь каля вялiкага горада i больш нiколi не разлучымся з блакiтным небам i зялёнымi дрэвамi; разам прыдумвалi абстаноўку нашага будучага дома, абмяркоўвалi наш сад i нават спрачалiся пра дэталi… пра жывую агароджу, пра лаўкi… Цi верыў я ў гэта? Не. Я ведаў, што гэта немагчыма. Нават калi Хэры пакiне Станцыю i будзе жывая, то ўсё адно яна не спусцiцца на Зямлю: туды можа прыляцець толькi чалавек, а чалавек — гэта яго дакументы. Пад час першай жа праверкi наша падарожжа закончылася б. Яны паспрабуюць высветлiць, хто яна, раз’яднаюць нас, а гэта адразу ж выдасць Хэры. Станцыя — адзiнае месца, дзе мы маглi жыць разам. Цi здагадвалася пра гэта Хэры? Напэўна. Цi ёй хто-небудзь сказаў? У святле ўсяго, што адбылося, вiдаць, што так.

Аднойчы ноччу праз сон я пачуў, што Хэры цiха ўстае. Я хацеў абняць яе. Толькi моўчкi, толькi ў цемры мы маглi яшчэ адчуваць сябе свабоднымi; у адчаi, якi акружаў нас з усiх бакоў, гэтае забыццё было кароткачасовай адтэрмiноўкай пакуты. Хэры, здаецца, не заўважыла, што я прачнуўся. Не паспеў я працягнуць руку, як яна ўжо ўстала з ложка. Напаўсонны, я пачуў шлэпанне босых ног. Чамусьцi мне стала страшна.

— Хэры, — прашаптаў я. Крыкнуць я пабаяўся.

Я сеў на ложку. Дзверы ў калiдор былi прачыненыя. Тоненькая палоска святла наўскасяк перасякала пакой. Чулiся сцiшаныя галасы. Яна з некiм размаўляе? З кiм?

Я ўсхапiўся з пасцелi, але раптам зноў спалохаўся, ногi падкасiлiся, я прыслухаўся — усё цiха. Паволi лёг на ложак. Галава аж трашчала. Я пачаў лiчыць. Далiчыў да тысячы i спынiўся; дзверы цiхенька адчынiлiся; Хэры ўвайшла ў пакой i знерухомела, прыслухоўваючыся да майго дыхання. Я стараўся дыхаць спакойна.

— Крыс?.. — шэптам паклiкала Хэры.

Я не адгукнуўся. Яна цiхенька лягла. Я адчуваў, што яна баiцца паварушыцца, i знясiлена ляжаў побач. Не ведаю, колькi гэта доўжылася. Я паспрабаваў прыдумаць хоць нейкае пытанне, але чым больш мiнала часу, тым выразней я адчуваў, што не пачну першы. Прыкладна праз гадзiну я заснуў.

Ранiца прайшла як звычайна. Я падазрона разглядваў Хэры, калi яна гэтага не заўважала. Пасля абеду мы сядзелi побач насупраць агляднага iлюмiнатара, за якiм плылi нiзкiя рыжыя хмары. Станцыя слiзгала ў iх, як карабель. Хэры чытала кнiгу, а я пазiраў на Акiян. Апошнiм часам гэта было маiм адзiным заняткам i адпачынкам. Я зразумеў, што калi пэўным чынам нахiлiць галаву, то можна ўбачыць у шкле нашы адлюстраваннi, празрыстыя, але выразныя. Я зняў руку з падлакотнiка. Хэры — бачыў я ў шкле, — пераканаўшыся, што я загледзеўся на Акiян, хутка нахiлiлася над падлакотнiкам i дакранулася губамi да месца, дзе толькi што ляжала мая рука. Я па-ранейшаму сядзеў ненатуральна прама, Хэры схiлiлася над кнiгай.

— Хэры, куды ты выходзiла сёння ноччу?

— Ноччу?

— Ага, ноччу.

— Ты што… табе прыснiлася, Крыс. Я нiкуды не выходзiла.

— Не выходзiла?

— Не. Табе прыснiлася.

— Напэўна, — адказаў я. — Праўда, вiдаць, мне гэта прыснiлася…

Вечарам, калi мы клалiся спаць, я зноў пачаў гаварыць пра наша падарожжа, пра вяртанне на Зямлю.

— Перастань, не хачу пра гэта чуць, — прамовiла Хэры. — Не трэба, Крыс. Ты ж ведаеш…



— Што?

— Ды так, нiчога.

Калi мы ўжо ляжалi, Хэры сказала, што ёй хочацца пiць.

— Там на стале стаiць шклянка соку, падай мне, калi ласка.

Яна адпiла палову i працягнула шклянку мне. Я не хацеў пiць.

— За маё здароўе, — усмiхнулася Хэры.

Я выпiў сок, ён здаўся мне саланаватым, але я не звярнуў на гэта ўвагi.

— Пра што ж нам гаварыць, калi ты не хочаш гаварыць пра Зямлю? — спытаўся я, калi Хэры патушыла святло.

— Цi ажанiўся б ты, калi б мяне не было?

— Не.

— Нiколi?

— Нiколi.

— Чаму?

— Не ведаю. Дзесяць гадоў я пражыў адзiн i не жанiўся. Не будзем пра гэта, каханая…

У галаве шумела, нiбыта я выпiў бутэльку вiна.

— Не, давай пагаворым, давай. А калi б я цябе папрасiла?

— Каб я ажанiўся? Глупства, Хэры. Мне нiхто не патрэбен, мне патрэбна толькi ты.

Хэры схiлiлася нада мной. Я адчуваў яе дыханне на сваiх губах, яна так моцна абняла мяне, што неверагодная санлiвасць на iмгненне мiнулася.

— Скажы пра гэта iнакш.

— Я кахаю цябе.

Яна ўткнулася галавой у маё плячо, я адчуў, як дрыжаць яе вейкi, Хэры плакала.

— Хэры, што з табой?

— Нiчога. Нiчога. Нiчога, — паўтарала яна штораз цiшэй.

Я спрабаваў расплюшчыць вочы, але яны самi заплюшчвалiся. Не ведаю, калi я заснуў.

Мяне разбудзiла чырвонае святло. Галава была як алавяная, шыя не гнулася, быццам усе косцi зраслiся ў адну. У роце засмягла, я не мог варушыць языком. Мо я атруцiўся нечым, падумаў я, з цяжкасцю падымаючы галаву. Я працягнуў руку ў напрамку Хэры i наткнуўся на халодную прасцiну.