Страница 28 из 44
— Я таксама думаў пра гэта. Ты не верыш? Як вядома, я першы прапанаваў нейтрынную гiпотэзу. Праўда? Паглядзi. Антыполе можна ўзбудзiць. Для звычайнай матэрыi яно не ўяўляе небяспекi. Гэта праўда. Але ў момант дэстабiлiзацыi, калi нейтрынная сiстэма распадаецца, вызваляецца лiшняя энергiя сувязi. Калi на кожны кiлаграм масы, што знаходзiцца ў спакоi, прыпадае 108 эргаў, то на кожнае ўтварэнне Ф — ад 5x108 да 7x108 эргаў. Ты можаш уявiць, што гэта такое? Невялiкi ўранавы выбух унутры Станцыi.
— Пра што ты гаворыш! Але… але Сарторыус павiнен гэта ўлiчваць…
— Неабавязкова, — запярэчыў я са зласлiвай усмешкай. — Разумееш, Сарторыус прыхiльнiк школы Фрэзера i Каёлы. Згодна з iхняй тэорыяй, уся энергiя сувязi ў момант распаду вызваляецца ў выглядзе светлавога выпраменьвання. Гэта была б проста вельмi яркая ўспышка, мажлiва, не зусiм бяспечная, але не разбуральная. Аднак iснуюць iншыя гiпотэзы, iншыя тэорыi нейтрыннага поля. Згодна з Каятам, Авалавым, Сiёнам, дыяпазон выпраменьвання значна шырэйшы, а максiмум прыпадае на жорсткае гама-выпраменьванне. Добра, што Сарторыус верыць сваiм настаўнiкам i iхнiм тэорыям, але ёсць i iншыя тэорыi, Снаўт. Паслухай, што я табе скажу… — Я бачыў, што мае словы ўздзейнiчаюць на яго. — Трэба браць пад увагу i Акiян. Калi ён зрабiў тое, што зрабiў, то, вядома, скарыстаў аптымальны метад. Iнакш кажучы, яго дзеяннi ўяўляюцца мне аргументамi на карысць iншай школы, а не на карысць Сарторыуса.
— Дай мне твае запiсы, Кельвiн.
Я працягнуў яму лiсток. Снаўт схiлiў галаву, спрабуючы прачытаць мае каракулi.
— Што гэта? — паказаў ён пальцам.
Я ўзяў у яго лiсток.
— Гэта? Тэнзар трансфармацыi поля.
— Дай мне лiсток…
— Навошта? — спытаў я, ведаючы, што ён адкажа.
— Я павiнен паказаць яго Сарторыусу.
— Як хочаш, — абыякава адказаў я. — Магу даць. Толькi ўлiчы, эксперыментальна нiхто гэтага не правяраў. Такiя сiстэмы яшчэ дагэтуль невядомыя. Сарторыус верыць Фрэзеру, а я разлiчваў згодна з Сiёнам. Я не фiзiк, i Сiёна таксама не фiзiк. Ва ўсякiм разе з пункту погляду Сарторыуса. Але гэта дыскусiйнае пытанне. А я не хачу дыскусii, у вынiку якой я магу знiкнуць дзеля славы Сарторыуса. Цябе можна пераканаць, яго — не. Я не буду нават iмкнуцца.
— Што ты хочаш зрабiць?.. Ён працуе над гэтым, — абыякава паведамiў Снаўт.
Ён згорбiўся, увесь яго спрыт знiк. Я не ведаў, цi давярае ён мне, але мне было ўсё адно.
— Тое, што робiць чалавек, калi яго хочуць забiць, — цiха адказаў я.
— Я паспрабую звязацца з iм. Мо ён думае пра нейкiя меры бяспекi, прамармытаў Снаўт. Ён зiрнуў на мяне. — Паслухай, а калi ўсё-такi?.. Першы праект, га? Сарторыус згодзiцца. Безумоўна. Ва ўсякiм разе… ва ўсякiм разе… нейкая магчымасць.
— Ты верыш?
— Не… Але… гэта не зашкодзiць…
Мне не хацелася згаджацца надта хутка, каб не паказаць, як важна, што Снаўт становiцца на мой бок. Цяпер мы маглi разам зацягваць справу.
— Трэба падумаць, — сказаў я.
— Я пайду, — мармытнуў Снаўт i ўстаў.
Калi ён уставаў з крэсла, у яго хруснулi суставы.
— Дык ты дазволiш зняць з цябе энцэфалаграму? — спытаўся Снаўт, выцiраючы пальцамi фартух, нiбы спрабаваў сцерцi нябачную пляму.
— Добра, — згадзiўся я.
Не звяртаючы ўвагi на Хэры (яна назiрала за гэтай сцэнай моўчкi, трымаючы кнiгу на каленях), Снаўт падышоў да дзвярэй. Калi яны зачынiлiся, я ўстаў, разгладзiў лiсток, якi трымаў у руках. Не ведаю, цi прызнаў бы Сiёна мае вывады дакладнымi. Вiдаць, не. Я здрыгануўся. Хэры падышла да мяне ззаду i дакранулася да пляча:
— Крыс!
— Што, каханая?
— Хто гэта быў?
— Я табе казаў. Доктар Снаўт.
— Што ён за чалавек?
— Я мала яго ведаю. Чаму ты пытаешся?
— Ён так пазiраў на мяне…
— Вiдаць, ты яму спадабалася.
— Не, — пакруцiла яна галавой. — Ён пазiраў на мяне iнакш. Так… нiбыта…
Яна здрыганулася, падняла на мяне вочы i адразу ж iх апусцiла.
— Пайшлi адсюль куды-небудзь…
ВАДКI КIСЛАРОД
Я ляжаў у цёмным пакоi здранцвелы, уперыўшы позiрк у светлы цыферблат на руцэ. Колькi гэта працягвалася, не ведаю. Я прыслухоўваўся да свайго дыхання i нечаму здзiўляўся. Стан дзiўнай абыякавасцi я звязваў з вялiкай стомленасцю. Павярнуўся на бок, ложак быў незвычайна шырокi, мне чагосьцi не хапала. Я затаiў дыханне. Наступiла поўная цiшыня. Я сцiшыўся. Нiякага руху. Хэры? Чаму я не чую яе дыхання? Я правёў рукамi па пасцелi. Хэры не было.
«Хэры», — хацеў я паклiкаць, але пачуў крокi.
Нехта высокi i грузны iшоў, як…
— Гiбарыян? — спакойна спытаўся я.
— Так, гэта я. Не запальвай святла.
— Не запальваць?
— Не трэба. Так будзе лепш нам абодвум.
— Але ж цябе няма сярод жывых?
— Гэта не мае значэння. Ты пазнаеш мой голас?
— Пазнаю. Навошта ты гэта зрабiў?
— Так трэба было. Ты спазнiўся на чатыры днi. Калi б ты прыляцеў раней, магчыма, у гэтым не было б патрэбы. Не пакутуй, хай тваё сумленне будзе спакойным. Я адчуваю сябе нармальна.
— Ты сапраўды тут?
— А ты думаеш, што бачыш мяне ў сне, як думаў пра Хэры?
— Дзе яна?
— Чаму ты лiчыш, што я павiнен ведаць?
— Я здагадаўся.
— Не будзем гаварыць пра гэта. Дапусцiм, што замест яе прыйшоў я.
— Але я хачу, каб яна таксама была тут.
— Гэта немагчыма.
— Чаму? Паслухай, ты ж ведаеш, што на самай справе гэта не ты, а я?
— Не, гэта на самай справе я. Дакладней — я, паўтораны яшчэ раз. Але навошта мы марнуем час?
— Ты пойдзеш?
— Пайду.
— I тады яна вернецца?
— Табе гэта важна? Яна для цябе вельмi многа значыць?
— Гэта мая справа.
— Ты ж баiшся яе.
— Не.
— I грэбуеш…
— Што ты хочаш ад мяне?
— Шкадаваць трэба сябе, а не яе. Ёй заўсёды будзе дваццаць гадоў, не прытварайся, нiбыта ты не ведаеш пра гэта!
Нечакана я супакоiўся. Я слухаў Гiбарыяна без хвалявання. Мне здалося, што ён стаiць зараз блiжэй, у нагах, але я па-ранейшаму нiчога не бачыў у цемры.
— Што ты хочаш? — спытаўся я цiха.
Мой тон, бадай, здзiвiў яго. Ён памаўчаў.
— Сарторыус тлумачыў Снаўту, што ты падмануў яго. Зараз яны падмануць цябе. Пад выглядам мантажу рэнтгенаўскай устаноўкi яны будуюць анiгiлятар поля.
— Дзе яна? — спытаўся я.
— Хiба ты не чуеш, што я табе сказаў? Я папярэдзiў цябе!
— Дзе яна?
— Не ведаю. Запомнi: табе спатрэбiцца зброя. Табе няма на каго спадзявацца.
— Я магу спадзявацца на Хэры, — прамовiў я.
Гiбарыян цiха засмяяўся.
— Вядома, можаш. Да пэўнай мяжы. Зрэшты, ты заўсёды можаш зрабiць тое, што i я.
— Ты не Гiбарыян.
— Выбачай. А хто ж? Мо твой сон?
— Не. Ты лялька. Але ты пра гэта не ведаеш.
— А цi ведаеш ты, хто ты?
Гэта мяне зацiкавiла. Я хацеў устаць, але не мог. Гiбарыян штосьцi гаварыў. Я нiчога не разумеў, чуў толькi яго голас, адчайна змагаўся са слабасцю, яшчэ раз iрвануўся з усяе сiлы i… прачнуўся. Я лавiў ротам паветра, як рыба на пяску. Было вельмi цёмна. Гэта сон. Кашмар. Адну хвiлiнку… «дылема, якую мы не можам вырашыць. Мы прыгнятаем самi сябе. Палiтэрыi скарысталi толькi падабенства выбiральнага ўзмацняльнiка нашых думак. Пошукi матываў гэтай з’явы — антрапамарфiзм. Дзе няма чалавека, там няма даступных для яго матываў. Каб працягваць план вывучэння, неабходна знiшчыць або свае думкi, або iх матэрыяльную рэалiзацыю. Першае — не паддаецца нам. Другое надта нагадвае забойства».
У цемры я прыслухоўваўся да далёкага разважлiвага голасу, iнтанацыю якога я адразу пазнаў. Гаварыў Гiбарыян… Я выцягнуў рукi. На пасцелi нiкога не было.
Мне снiцца, што я прачнуўся, падумаў я.
— Гiбарыян?.. — паклiкаў я.
Голас адразу ж сцiх. Нешта шчоўкнула, я адчуў на твары лёгкi подых паветра.
— Ну што ж ты, Гiбарыян, — прамармытаў я, пазяхаючы. — Непакоiць мяне ў адным сне, у другiм — гэта ўжо занадта…
Нешта зашамацела каля мяне.
— Гiбарыян! — паўтарыў я мацней.