Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 27 из 44



Цяпер Станцыя амаль што бязлюдная. З той пары, як робаты па невядомай мне прычыне апынулiся пад замком у нiжнiх трумах, можна было доўга хадзiць па пустых калiдорах, як на дрэйфуючым караблi, абсталяванне якога перажыло яго экiпаж.

Калi я паставiў дзевяты том манаграфii Гiзэ на палiцу, мне здалося, што сталь, пакрытая тоўстым слоем порыстага пенапласту, затрымцела пад нагамi. Я насцярожыўся, але вiбрацыя не паўтарылася. Бiблiятэка была добра iзалявана ад усяго корпуса, i вiбрацыя магла ўзнiкнуць толькi з аднае прычыны — са Станцыi стартавала ракета. Гэтая думка працверазiла мяне. Я яшчэ не ведаў, цi палячу, як хацеў гэтага Сарторыус. Калi б я паводзiў сябе так, быццам падзяляю яго планы цалкам, мог бы ў лепшым выпадку адтэрмiнаваць сутыкненне; я быў амаль перакананы, што справа дойдзе да сутычкi, бо вырашыў зрабiць усё, на што я здатны, каб уратаваць Хэры. Сама галоўнае, цi мае Сарторыус шанцы на поспех. У яго была вялiкая перавага — як фiзiк ён ведаў гэтую праблему значна лепш, чым я; я мог разлiчваць, як гэта нi дзiўна, толькi на бездакорнасць рашэнняў, якiя дарыў нам Акiян.

Пасля я цэлую гадзiну прасядзеў над мiкрафiльмамi, спрабуючы вылавiць нешта разумнае з мора праклятай матэматыкi, на мове якой гаварыла фiзiка нейтрынных працэсаў. Напачатку мне здавалася гэта марнай справай, тым больш што неверагодна цяжкiх тэорый нейтрыннага поля было пяць — яскравы доказ iх недасканаласцi. У рэшце рэшт мне ўдалося знайсцi што-кольвечы пэўнае. Я выпiсваў формулы, калi ў дзверы пастукалi.

Я хуценька падышоў да дзвярэй i адчынiў iх, загароджваючы сваiм целам уваход. З’явiўся блiскучы ад поту твар Снаўта. Больш нiкога ў калiдоры не было.

— А, гэта ты, — сказаў я i шырока адчынiў дзверы. — Заходзь.

— Ага, гэта я, — адказаў Снаўт.

Голас у яго быў хрыплы, вочы пачырванелi, пад iмi з’явiлiся мяшкi. Снаўт быў у блiскучым гумавым антырадыяцыйным фартуху на эластычных шлейках; з-пад фартуха былi вiдаць брудныя калошы штаноў, у якiх ён заўсёды хадзiў. Яго позiрк прабег па круглай, залiтай святлом зале i спынiўся, калi заўважыў Хэры, якая стаяла ля крэсла. Мы iмгненна абмянялiся позiркамi; я апусцiў павекi; тады Снаўт адбiў паклон, а я прыязным голасам прамовiў:

— Гэта доктар Снаўт, Хэры. Снаўт, гэта… мая жонка.

— Я… сябра экiпажа… мяне цяжка сустрэць, i таму… — паўза небяспечна зацягвалася, — я не меў мажлiвасцi пазнаёмiцца…

Хэры ўсмiхнулася i працягнула яму руку, ён пацiснуў яе, як мне падалося, крыху знiякавелы, памiргаў i ўперыўся позiркам у Хэры. Я паклаў руку яму на плячо.

— Выбачайце, — сказаў Снаўт, звяртаючыся да Хэры. — Я хацеў бы пагаварыць з табой, Кельвiн…

— Калi ласка, — адказаў я са свецкай нязмушанасцю; усё гэта нагадвала мне фарс, але нiчога не зробiш. — Хэры, дарагая, мы табе не будзем замiнаць? Нам з доктарам трэба абмеркаваць нашы сумныя справы.

Я за локаць падвёў Снаўта да маленькiх крэслаў на супрацьлеглым баку залы. Хэры ўселася ў крэсла, на якiм толькi што сядзеў я, яна падсунула яго так, што калi адкрывала галаву ад кнiгi, то магла бачыць нас.

— Як справы? — цiха спытаўся я.

— Я развёўся, — адказаў ён шэптам з прысвiстам.

Калi б мне некалi расказалi гэтую гiсторыю, перадалi такi пачатак гаворкi, я рассмяяўся б, але на Станцыi маё адчуванне гумару атрафiравалася.

— Кельвiн, з учарашняга дня я пражыў некалькi гадоў. Ды якiх гадоў! А ты?

— Я… нiчога… — прамовiў я праз хвiлiну, не ведаючы, што казаць далей.

Я добра адносiўся да Снаўта, але адчуваў, што зараз мне трэба асцерагацца яго, дакладней, таго, што ён збiраецца мне паведамiць.

— Нiчога? — перапытаў Снаўт такiм самым тонам, як i я. — Ага, нават так?..

— Што ты маеш на ўвазе?

Я зрабiў выгляд, што не разумею яго. Снаўт прымружыў пачырванелыя вочы i нахiлiўся да мяне так блiзка, што я адчуў яго дыханне. Ён зашаптаў:

— Мы загразлi, Кельвiн. З Сарторыусам ужо нельга звязацца, я ведаю толькi тое, што напiсаў табе i што ён сказаў мне пасля нашай цудоўнай канферэнцыi…

— Ён выключыў вiдэафон? — спытаўся я.

— Не, у яго кароткае замыканне. Здаецца, ён зрабiў яго знарок, альбо… Снаўт махнуў кулаком, нiбыта нешта разбiваў.

Я моўчкi пазiраў на яго. Левы куточак яго вуснаў скрывiўся ў непрыемнай усмешцы.

— Кельвiн, я прыйшоў таму… — Ён не дагаварыў. — Што ты хочаш рабiць?

— Ты маеш на ўвазе тое пiсьмо? — паволi прамовiў я. — Зраблю, не маю падстаў адмаўляцца, таму я i сяджу тут, хачу разабрацца…

— Не, — перапынiў ён, — я не пра тое…

— А пра што? — спытаўся я з наўмысным здзiўленнем. — Я слухаю.

— Сарторыус, — прамармытаў ён, — яму здаецца, што ён знайшоў шлях… ведаеш…

Снаўт не спускаў з мяне вачэй. Я сядзеў спакойна, спрабуючы захаваць абыякавы выраз твару.

— Перш за ўсё тая гiсторыя з рэнтгенам. Тое, што рабiў з iм Гiбарыян, памятаеш? Магчыма пэўная мадыфiкацыя…

— Якая?

— У Акiян пасылалi проста пучок прамянёў i мадулявалi толькi iх магутнасць згодна з пэўнымi формуламi.



— Так, я ведаю пра гэта. Нiлiн ужо рабiў так. I многiя iншыя.

— Так, але яны скарыстоўвалi мяккае выпраменьванне. А тут было жорсткае, мы калашмацiлi Акiян як маглi, усёй магутнасцю.

— Могуць быць непрыемнасцi, — зазначыў я. — Парушэнне Канвенцыi Чатырох i ААН.

— Кельвiн… Не прытварайся. Якое гэта мае значэнне цяпер? Гiбарыян жа мёртвы.

— Ага, Сарторыус хоча ўсё звалiць на яго?

— Не ведаю. Я з iм пра гэта не гаварыў. Гэта не мае значэння. Сарторыус мяркуе, раз «госцi» з’яўляюцца тады, калi мы прачынаемся, значыць, Акiян выведвае ў нас рэцэпт вытворчасцi пад час сну. Акiян лiчыць, што сама важны наш стан — сон, i таму паступае iменна так. Сарторыус хоча даслаць яму нашыя думкi, думкi наяве — разумееш?

— Якiм чынам? Па пошце?

— Жарты ты дашлеш асобна, сам. Гэты пучок прамянёў будзе мадулявацца бiятокамi мозга аднаго з нас.

Нарэшце я сёе-тое зразумеў.

— Ага, — сказаў я, — адзiн з нас — гэта я! Так?

— Так. Ён думаў пра цябе.

— Шчыра дзякую.

— Што ты пра гэта скажаш?

Я нiчога не адказаў. Снаўт моўчкi паглядзеў спачатку на захопленую чытаннем Хэры, затым на мяне. Я адчуваў, як кроў адхлынае ад майго твару, але не мог з сабой саўладаць.

— Ну як?.. — спытаўся Снаўт.

Я пацiснуў плячыма.

— Гэтыя рэнтгенаўскiя байкi пра дасканаласць чалавека я лiчу глупствам. I ты таксама. Хiба не так?

— Так.

— Вельмi добра, — прамовiў Снаўт i ўсмiхнуўся, быццам я апраўдаў яго спадзяваннi. — Значыць, ты супраць задумы Сарторыуса?

Я яшчэ не ўсвядомiў, якiм чынам, але ён дамогся свайго — я прачытаў гэта ў яго позiрку. Што я мог яшчэ сказаць?

— Цудоўна, — прамовiў Снаўт. — Ёсць i iншы праект. Перарабiць апарат Роша.

— Анiгiлятар?..

— Ага. Папярэднiя разлiкi ў Сарторыуса ўжо ёсць. Гэта рэальна. I нават не спатрэбiцца вялiкая магутнасць. Устаноўка можа працаваць цэлыя суткi, без абмежавання часу, ствараючы антыполе.

— Па… пачакай! Як гэта, на твой погляд, адбудзецца?

— Вельмi проста. Гэта будзе нейтрыннае антыполе. Звычайная матэрыя застаецца без змяненняў. Знiшчаюцца толькi… нейтрынныя сiстэмы. Разумееш?

Снаўт задаволена ўсмiхаўся. Я сядзеў як аглушаны. Ён перастаў усмiхацца, дапытлiва паглядзеў на мяне, зморшчыў лоб i чакаў.

— Першы праект — «Думка» — адкiдваем. А другi? Сарторыус ужо займаецца iм. Назавём праект «Свабода».

На iмгненне я заплюшчыў вочы. Нечакана прыйшло рашэнне. Снаўт — не фiзiк. Сарторыус выключыў або разбiў вiдэафон. Цудоўна!

— Я назваў бы праект «Бойня»… — паволi прамовiў я.

— Не выдавай сябе за святога. Зараз усё будзе iначай. Нiякiх «гасцей», нiякiх утварэнняў Ф — нiчога. У момант матэрыялiзацыi пачынаецца распад.

— Гэта непаразуменне, — усмiхнуўся я i пакiваў галавой; я спадзяваўся, што мая ўсмешка выглядае натуральна. — Снаўт, гэта не пакуты сумлення, а толькi iнстынкт самазахавання. Я не хачу памiраць.

— Што?..

Снаўт разгубiўся. Ён падазрона паглядаў на мяне. Я дастаў з кiшэнi скамечаны лiст з формуламi.