Страница 25 из 44
Хоць ад гэтых велiканаў могуць снiцца жудасныя сны, сама страшнае ў сiметрыядах зусiм не iх выгляд. Страх выклiкае хутчэй тое, што ў межах сiметрыяд няма нiчога пастаяннага i пэўнага, там не дзейнiчаюць нават фiзiчныя законы. Менавiта даследнiкi сiметрыяд настойлiва даказвалi, што жывы Акiян мае розум.
Сiметрыяды з’явiлiся раптоўна. Iх нараджае нешта накшталт вывяржэння. Прыкладна за гадзiну да нараджэння сiметрыяды на плошчы ў некалькi дзесяткаў квадратных кiламетраў Акiян пачынае асляпляльна блiшчаць, нiбыта становiцца шкляным. Але нi плаўнасць, нi рытм хвалеўтварэння не змяняюцца. Часам сiметрыяды ўзнiкаюць там, дзе была лейка пасля «мiгценнiка», якi пайшоў углыбiню. Прыкладна праз гадзiну шклопадобная абалонка ўзлятае ўгору, як пачварны пухiр, у якiм адлюстроўваюцца небасхiл, сонца, хмары, гарызонт. Пухiр ззяе ўсiмi колерамi вясёлкi, гульня колераў нагадвае бляск маланак. Гэтая з’ява непаўторная!
Сама ўражлiвыя эфекты святла даюць сiметрыяды, якiя ўзнiкаюць пад час блакiтнага дня або перад самым заходам сонца. Тады здаецца, што з нетраў адной планеты нараджаецца другая, якая з кожным iмгненнем падвойвае свой аб’ём. Шар, якi палае асляпляльным бляскам, лопаецца адразу ж, як толькi падымецца з глыбiнi, падзяляючыся ў верхняй частцы на вертыкальныя сектары, але не распадаецца. Гэтая стадыя, не зусiм удала названая «фазай кветкавай чашачкi», доўжыцца некалькi секунд. Скiраваныя ў неба перапончатыя дугi круцяцца, зрастаюцца ў нябачным чэраве i iмгненна ўтвараюць нешта накшталт магутнага тулава, унутры якога адбываюцца сотнi з’яў адначасова. У самым цэнтры (яго ўпершыню даследавала экспедыцыя Гамалеi ў складзе сямiдзесяцi чалавек) з вялiзных полiкрышталёў складваецца галоўны стрыжань. Часам яго называюць «хрыбетнiкам» (гэты тэрмiн мне здаецца ўдалым). Неверагодныя спляценнi цэнтральнай апоры падтрымлiваюцца ў момант утварэння вертыкальнымi слупамi вадкага, амаль цалкам вадзянiстага рэчыва, якiя выбухаюць з кiламетровых правалаў. У гэты ж час калос нараджае глухi працяглы гук, а навокал уздымаецца вал снежнай, з буйнымi сотамi пены, якая шалёна пульсуе. Пасля пачынаецца надзвычай складанае кручэнне (ад цэнтра да знешнiх межаў) патоўшчаных плоскасцей, на iх наслойваюцца палосы цягучай масы, якая падымаецца з глыбiнi, адначасова гейзеры, пра якiя я толькi што казаў, застываюць, гусцеюць i ператвараюцца ў рухомыя, падобныя на шчупальцы, калоны, скопiшчы якiх скiраваны ў канкрэтных напрамках, падпарадкоўваючыся дынамiцы ўсяго збудавання, i зараз нагадваюць узнятыя ў неба жабры вялiзнага зародыша, якi расце з неверагоднай хуткасцю; у «жабрах» пульсуе ружовая кроў i цёмна-зялёная, амаль чорная вада. З гэтага моманту сiметрыяды пачынаюць выяўляць сваю сама незвычайную ўласцiвасць — здольнасць пераўтвараць або нават прыпыняць дзеянне некаторых фiзiчных законаў. Перш за ўсё зазначым, што дзвюх аднолькавых сiметрыяд не бывае, геаметрыя кожнай з iх — гэта новае «вынаходства» жывога Акiяна. Далей — сiметрыяда выпрацоўвае ўнутры сябе тое, што часта называецца «машынамi iмгненнага дзеяння», хоць гэтыя ўтварэннi зусiм не падобныя на нашы машыны — маецца на ўвазе даволi вузкая i тым самым быццам «механiчная» скiраванасць дзеяння.
Калi гейзеры, якiя рвуцца з безданi, застынуць альбо ўспучацца i стануць тоўстымi сценамi галерэй i калiдораў, што разыходзяцца ва ўсе бакi, а «плёнкi» ўтвораць сiстэмы плоскасцей, якiя перасякаюцца, павецяў, скляпенняў, сiметрыяда пачынае апраўдваць сваю назву: кожнаму мудрагелiстаму перапляценню пралётаў, хадоў i схiлаў ля аднаго полюса адпавядае дакладна такое ж перапляценне ля супрацьлеглага.
Праз дваццаць — трыццаць хвiлiн гiгант пачынае паволi пагружацца, часам адхiляючыся ад вертыкальнай восi на восем — дванаццаць градусаў. Сiметрыяды бываюць вялiкiя i малыя, але нават «карлiкi» ўзвышаюцца над узроўнем Акiяна метраў на восемсот i вiдаць за добры дзесятак мiль. Больш за ўсё бяспечна залазiць унутр сiметрыяды адразу ж, як толькi спынiцца яе пагружэнне i запануе раўнавага, а вось сiметрыяды зноў супадзе з вертыкаллю. Сама зручны ўчастак крыху нiжэй за вяршыню. Даволi гладкую палярную «шапку» абвiвае пояс, якi зрэзаны вусцямi ўнутраных камер i праходаў. Наогул жа сiметрыяда ўяўляе ўвасабленне ў прасторы нейкага надзвычай складанага ўраўнення.
Як вядома, кожнае ўраўненне можна выразiць геаметрычнай мовай, збудаваўшы адпаведна гэтаму ўраўненню фiгуру ў прасторы. У гэткiм разуменнi сiметрыяда нагадвае плоскасць Лабачэўскага i адмоўную Рыманавую крывiзну. Але гэтае падабенства надта далёкае, бо складанасць сiметрыяды неверагодная. Сiметрыяда ўяўляе ўвасабленне цэлай матэматычнай сiстэмы, якое займае некалькi кубiчных мiль, да таго ж увасабленне чатырохмернае; у сiметрыядах сам час не застаецца нязменным.
Сама простае, вядома, дапусцiць, што перад намi «матэматычная машына» жывога Акiяна, мадэль разлiкаў, неабходных яму для нейкiх невядомых нам мэт, але гэтую гiпотэзу Фермонта сёння ўжо нiхто не падтрымлiвае. Яна надта спакуслiвая, але ўяўленне, што з дапамогай такiх велiзарных вывяржэнняў, дзе кожная часцiнка падпарадкавана значна больш складаным формулам матэматычнага аналiзу, жывы Акiян цiкавiцца пытаннямi матэрыi, быцця, космасу, праiснавала не вельмi доўга. Вельмi шмат з’яў, што адбываюцца ў сiметрыядзе, супярэчаць гэткай простай (i нават па-дзiцячы наiўнай, як гавораць некаторыя) iнтэрпрэтацыi.
Былi спробы знайсцi якую-небудзь зразумелую наглядную аналогiю; даволi папулярнае тлумачэнне Аверыяна, якi прапанаваў такое параўнанне: уявiм сабе старажытнае зямное збудаванне эпохi росквiту Вавiлона, якое ўзведзена з жывога рэчыва, што мае здольнасць узбуджацца i развiвацца; архiтэктонiка яго пачаргова праходзiць шэраг фаз, проста на вачах прымаючы формы грэцкай i раманскай архiтэктуры, затым калоны становяцца тонкiмi, як травiнка, скляпенне — бязважкiм, яно iмкнецца ўгору, аркi ператвараюцца ў крутыя парабалы, затым завастраюцца, як у готыцы. Готыка дасягае дасканаласцi, затым старэе, яе строгасць змяняецца оргiяй пышных формаў, на нашых вачах квiтнее мудрагелiстае барока. Паступова, пераходзячы разам з нашым жывым збудаваннем ад аднаго стылю да другога, мы прыйдзем да архiтэктуры касмiчнай эпохi. Уявiўшы ўсё гэта, мы хоць крыху наблiзiмся да разумення таго, што такое сiметрыяда.
Але такое параўнанне, хоць яго ўдасканальвалi i развiвалi, нават спрабавалi праiлюстраваць спецыяльнымi мадэлямi i фiльмамi, у лепшым выпадку доказ нашай бездапаможнасцi, у горшым — спроба ўхiлiцца ад праблемы, а мо проста падман, бо сiметрыяда не падобная нi на што зямное…
Чалавек можа ўспрымаць адразу не вельмi шмат; мы бачым толькi тое, што адбываецца перад намi, тут, цяпер; але мы не здольныя ўявiць сабе мноства адначасовых працэсаў, няхай нават узаемазвязаных, нават тых, што дапаўняюць адзiн аднаго. Гэта датычыць нават параўнальна простых з’яў. Гiсторыя аднаго чалавека можа мець вельмi вялiкае значэнне, гiсторыю некалькiх сотняў цяжка прасачыць, а гiсторыя тысячы або мiльёна не азначае па сутнасцi нiчога. Сiметрыяда — мiльён, не, нават мiльярд, узведзены ў ступень бясконцасцi, сiметрыяда — сама неймавернасць. Мы стаiм у адным з яе завулкаў удзесяцяронай прасторы Кронекера, — быццам мурашы, якiя замерлi на жывым скляпеннi, перад намi — плоскасцi, што iмкнуцца ўгору i цьмяна мiльгаюць у святле нашых асвятляльных ракет, мы назiраем iхняе ўзаемапранiкненне, плаўнасць i бездакорную дасканаласць, i ўсё гэта — толькi момант, бо галоўнае тут — рух, засяроджаны i мэтанакiраваны. Мы бачым толькi асобнае трымценне адной струны ў сiмфанiчным аркестры звышгiгантаў i ведаем — але толькi ведаем, а не разумеем, — што адначасова над намi i пад намi, у спiчастых нетрах, за межамi зроку i ўяўлення адбываюцца тысячы i мiльёны пераўтварэнняў, звязаных мiж сабой, як ноты, матэматычным кантрапунктам. Нехта назваў сiметрыяду геаметрычнай сiмфонiяй, але ў такiм разе нас варта назваць яе глухiмi слухачамi.
Каб хоць што-небудзь тут убачыць, трэба было б адысцiся, адступiцца на неверагодную далеч, але ж у сiметрыядзе ўсё — нутро, размнажэнне, лавiны нараджэнняў, няспыннае фармаванне, дарэчы, тое, што фармуецца i само фармуе. Нiякая мiмоза так чуйна не адгукнецца на дотык, як адгукаецца аддаленая ад нас на шмат мiль i на сотнi ярусаў частка сiметрыяды на змяненнi, што адбываюцца ў тым месцы, дзе мы стаiм. Кожная канструкцыя, якая iснуе толькi адно iмгненне, сама мадэлюе ўсе iншыя i дырыжыруе iмi, а яны ў сваю чаргу ўздзейнiчаюць на яе. Так, гэта сiмфонiя, але такая, якая сама сябе стварае i сама сябе заглушае.