Страница 24 из 44
Больш складаная i капрызная форма, якая выклiкае сама рашучы пратэст (вядома, несвядомы) — гэта «мiмоiды». Iх без перабольшання можна назваць любiмай формай Гiзэ. Да сваiх апошнiх дзён вывучаў ён i апiсваў мiмоiды, спрабуючы адгадаць iх сутнасць. У назве Гiзэ спрабаваў перадаць iх сама дзiўную, з чалавечага пункту погляду, уласцiвасць: пэўную схiльнасць быць падобнымi на навакольныя формы, незалежна ад таго, дзе гэтыя формы размешчаны — блiзка або далёка.
I вось надыходзiць дзень, калi ў глыбiнi Акiяна пачынае арганiзоўвацца пляскаты шырокi круг з няроўнымi берагамi i чорнай як смоль паверхняй. Праз некалькi гадзiн на iм можна ўжо адрознiць асобныя сегменты, ён дзелiцца i адначасова прабiваецца ўсё блiжэй i блiжэй да паверхнi. Назiральнiк мог бы прысягнуць, што там iдзе шалёная барацьба: сюды з усiх бакоў збягаюцца бясконцыя шэрагi кругавых хваляў, што нагадваюць прагныя раты, жывыя кратэры, якiя могуць вось-вось стулiцца; хвалi ўздыблiваюцца над расплывiста цёмным углыбiнi прывiдам i, становячыся на дыбкi, кiдаюцца ўнiз. Кожны такi абвал тысячатонных грамадзiн суправаджаецца хлюпаннем, якое доўжыцца цэлыя секунды i падобнае на грымоты, — маштабы таго, што адбываецца, неверагодныя. Цёмнае ўтварэнне спаўзае ўнiз; чарговы ўдар, здаецца, вось-вось расплюшчыць i пашчапае яго; сегменты дыска вiсяць, як мокрыя крылы, ад iх адрываюцца даўгаватыя гронкi, выцягваюцца ў доўгiя пацеркi, злiваюцца адна з адной, цягнучы за сабой i дыск, якi iх утварыў, а тым часам зверху ў гэты ўсё больш выразны круг трапляюць новыя i новыя хвалi. Гэта доўжыцца часам дзень, а часам — месяц. Часта ўсё на гэтым i канчаецца. Добрасумленны Гiзэ назваў гэты варыянт «няспелым мiмоiдам», нiбыта ён аднекуль даведаўся, што канчатковая мэта кожнага такога катаклiзму — «спелы мiмоiд», гэта значыць тая калонiя падобных на палiпы бляклых нарастаў (яна звычайна нават большая за цэлы зямны горад), прызначэнне якiх — перадражнiваць знешнiя формы. Вядома, знайшоўся другi салярыст, Юйвенс, якi прызнаў менавiта гэтую, апошнюю фазу, самалiквiдацыяй, адмiраннем, а новыя формы — несумненнай адзнакай вызвалення «парасткаў» ад уздзеяння зыходнага ўтварэння.
Калi Гiзэ апiсвае ўсе iншыя салярысныя праявы, ён нагадвае мураша, якi апынуўся на замёрзлым вадаспадзе: ён не адхiляецца, не абагульняе, а карпатлiва збiрае i суха выкладае сама драбнюткiя дэталi. Але ён такi ўпэўнены ў сабе, калi гаворыць пра мiмоiды, i так захапляецца, што спалучае асобныя фазы з’яўлення мiмоiда ў залежнасцi ад усё большай дасканаласцi.
Калi глядзець на мiмоiд зверху, ён нагадвае горад, але гэта толькi iлюзiя, якая выклiкана пошукамi хоць нейкай аналогii. Калi неба бязвоблачнае, усе шматпавярховыя вырасты i частаколы на iх вяршынях апяразваюць слой нагрэтага паветра, у вынiку чаго формы, якiя i так цяжка вызначыць, хiстаюцца i раствараюцца. Першая ж аблачынка ў нябесным блакiце (я кажу гэта па зямной звычцы, бо «блакiт» пад час чырвонага дня — рыжы, а пад час блакiтнага асляпляльна белы) адразу ж знаходзiць водгук. Пачынаецца iмклiвае размнажэнне пупышак. Угору iмкнецца абалонка, якая амаль цалкам аддзялiлася ад асновы, цякучая, падобная на гронку. Яна адразу ж блякне i праз некалькi хвiлiн становiцца надзвычай падобная на кучавое воблака. Вялiзны аб’ект дае чырванаваты цень, адны вяршынi мiмоiда нiбыта перадаюць яго iншым у кiрунку, супрацьлеглым руху сапраўднай хмары. Мне здаецца, Гiзэ даў бы адсекчы руку, каб даведацца хоць адно: чаму так адбываецца. Але такiя «адзiночныя» ўтварэннi мiмоiда — гэта дробязь у параўнаннi з бурнай дзейнасцю, якую ён распачынае, калi яго «раздражняе» наяўнасць прадметаў i формаў, якiя з’яўляюцца над iм па вiне прышэльцаў з Зямлi.
Мiмоiд iмiтуе лiтаральна ўсё, што знаходзiцца на адлегласцi не больш за восем-дзевяць мiль. Звычайна мiмоiд пад час iмiтацыi павялiчвае, а часам скажае форму, утвараючы карыкатуры альбо забаўныя спрашчэннi, асаблiва калi ён «мае справу» з механiзмамi. Зразумела, што матэрыялам заўсёды з’яўляеца адна i тая ж маса, якая хутка блякне i, выкiнутая ў паветра, не падае назад, а завiсае, спалучаная пупавiнамi, якiя хутка рвуцца, з асновай; па аснове яна i паўзе, то сцiскаючыся, то набухаючы i раздуваючыся, i тады непрыкметна з’яўляюцца неверагодна складаныя ўзоры. Лятальны апарат, рашоткавая ферма або мачта паўтараюцца з аднолькавай iмклiвасцю; мiмоiд не рэагуе толькi на людзей, а дакладней, на жывыя арганiзмы, у тым лiку i на раслiны — дзеля эксперымента нястомныя даследнiкi нават раслiны прывезлi на Салярыс. Затое муляжы напрыклад, чалавека, сабакi або дрэва, — зробленыя з любога матэрыялу, капiруюцца адразу ж.
I тут, на жаль, трэба зазначыць, што такое выключнае на Салярыс «паслушэнства» мiмоiда эксперыментатарам назiраецца не заўсёды. У сама свядомага мiмоiда надараюцца «лянiвыя днi», калi ён толькi вельмi марудна пульсуе. Кожная фаза «пульсу» доўжыцца больш за дзве гадзiны, таму пульсацыя адбываецца непрыкметна. Выявiць яе ўдалося толькi з дапамогай спецыяльных кiназдымкаў.
У гэты час мiмоiд, асаблiва стары, вельмi прыдатны для шпацыру: надзейнай апорай служаць i дыск, якi плавае ў Акiяне, i нарасты, якiя ўзвышаюцца над iм.
Вядома, можна знаходзiцца на мiмоiдзе i ў яго «працоўныя» днi, але тады бачнасць амаль роўная нулю, бо з пухiрыстых адгалiнаванняў абалонкi, якая капiруе форму, увесь час сыплецца пушыстая, белаватая, як дробны снег, калоiдная завiсь. Зрэшты, зблiзку iмiтаваныя формы немажлiва ахапiць позiркам: сваiмi памерамi яны нагадваюць зямныя горы. Да таго ж нiжняя частка мiмоiда, якi «працуе», ад слiзiстага дажджу становiцца лiпкай i толькi праз некалькi гадзiн слiзь застывае i ўяўляе цвёрдую скарынку, якая ў шмат разоў лягчэйшая за пемзу. Але без адпаведнага рыштунку можна i заблудзiцца ў лабiрынце пузатых адгалiнаванняў, якiя нагадваюць цi то калоны, што расцягваюцца i сцiскаюцца, цi то напалову вадкiя гейзеры. Заблудзiцца можна нават пры сонечным святле, яго промнi не могуць прабiць заслону, якую няспынна выкiдваюць у атмасферу «выбухi-iмiтатары».
Назiраннi за мiмоiдам у шчаслiвыя для яго днi (а калi казаць больш дакладна, то ў днi, шчаслiвыя для даследнiка, якi знаходзiцца над мiмоiдам) могуць пакiнуць незабыўныя ўражаннi. У мiмоiда бывае свой «творчы ўздым», калi ён выпускае неверагодную колькасць звышпрадукцыi. Ён то капiруе знешнiя формы, то робiць iх больш складанымi або стварае iх «фармальны працяг» — такiм чынам ён можа забаўляцца цэлымi гадзiнамi на радасць мастаку-абстракцыянiсту i на адчай вучонаму, якi дарэмна спрабуе зразумець хоць што-небудзь. Часам у дзейнасцi мiмоiда выяўляюцца рысы амаль што дзiцячага прымiтывiзму, часам ён паддаецца «стылю барока», тады на ўсiм, што ён вытварае, ляжыць адбiтак няўклюднай велiчы. Старыя мiмоiды часта фабрыкуюць неверагодна смешныя формы. Праўда, я нiколi не смяяўся з iх — таямнiчае вiдовiшча занадта моцна здзiўляла мяне.
Зразумела, што ў першыя гады вывучэння ўсе так i накiнулiся на мiмоiды. Iх палiчылi цэнтрамi салярыснага Акiяна, бо думалi, што менавiта тут адбудзецца доўгачаканы кантакт дзвюх цывiлiзацый. Аднак вельмi хутка высветлiлася, што пра кантакт не можа быць i гаворкi, бо ўсё пачынаецца i заканчваецца iмiтаваннем формы.
Антрапамарфiзм (або зоамарфiзм) зноўку пранiзваў адчайныя пошукi даследнiкаў, яны бачылi ў розных змяненнях жывога Акiяна то «органы адчування», то нават «канечнасць»; нейкi час вучоныя (напрыклад, Мартанс i Эканаi) лiчылi «канечнасцю» i «хрыбетнiкi», i «мiгценнiкi» Гiзэ. Але гэтыя пратуберанцы жывога Акiяна, якiя часам уздымалiся ў атмасферу на дзве мiлi, можна назваць «канечнасцямi», роўна як землятрус — «гiмнастыкай» зямной кары.
Каталог формаў, якiя паўтараюцца адносна пастаянна i нараджаюцца жывым Акiянам параўнальна часта, налiчвае каля трохсот адзiнак. За суткi можна выявiць iх на паверхнi некалькi дзесяткаў альбо сотняў. Сама «нечалавечыя» формы, гэта значыць абсалютна не падобныя нi на што зямное, як даказвае школа Гiзэ, — гэта сiметрыяды. Было ўжо добра вядома, што Акiян не агрэсiўны i ў плазматычных глыбiнях можа загiнуць толькi вельмi неасцярожны або бесклапотны чалавек (вядома, калi не лiчыць няшчасных выпадкаў, што выклiканы пашкоджаннем кiслароднага апарата альбо кандыцыянера). Нават цылiндрычныя рэкi «даўгуноў» або пачварныя слупы «хрыбетнiкаў», якiя па-вар’яцку хiсталiся памiж хмарамi, можна прабiць наскрозь любым апаратам для палёту, i гэта не прынясе нiякай шкоды — плазма дасць дарогу, расступаючыся перад iншародным целам, iмклiва, з хуткасцю гука ў салярыснай атмасферы; яна ж адчынiць, калi яе прымусiць, глыбокiя тунелi нават у тоўшчы Акiяна. З гэтай мэтай iмгненна трацiцца велiзарная энергiя — Скрабiн падлiчыў, што яна раўняецца 1019 эргаў!!! I ўсё адно, калi пачыналi даследаваць сiметрыяды, вучоныя захоўвалi надзвычайную бяспеку, штораз адступаючы, выдумляючы ўсё новыя меры перасцярогi (часам толькi ўяўныя), а прозвiшчы тых, хто першы выправiўся ў бездань сiметрыяд, ведаюць на Зямлi нават дзецi.