Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 22 из 44



— Пачакайце. Пачакайце. Як вы гэта разумееце? — дапытваўся Сарторыус.

Снаўт не прамовiў нi слова. А мо гэта яго частае дыханне чулася ў трубцы? Хэры зiрнула ў мой бок. Я быў надта ўзрушаны — апошнiя словы амаль выгукнуў. Супакоiўшыся, я згорбiўся на сваёй нязручнай табурэтцы i заплюшчыў вочы.

— Як гэта выразiць? Першасны элемент нашых арганiзмаў — атамы. Мяркую, што ўтварэннi Ф складаюцца з адзiнак, меншых, чым звычайныя атамы. Значна меншых.

— З мезонаў?.. — падказаў Сарторыус.

Ён зусiм не здзiвiўся.

— Не, не з мезонаў… Мезоны можна было б убачыць. Бо магчымасць апаратуры, якая стаiць тут, у мяне, унiзе, дасягае 10–20 ангстрэм. I ўсё адно не вiдаць. Значыць, не мезоны. Хутчэй за ўсё нейтрыны.

— Як вы гэта сабе ўяўляеце? Бо нейтрынныя кангламераты нетрывалыя…

— Не ведаю. Я не фiзiк. Магчыма, iх стабiлiзуе нейкае сiлавое поле. Я гэтага не ведаю. Ва ўсякiм разе, калi я маю рацыю, то яны складаюцца з часцiц, якiя меншыя за атам прыблiзна ў дзесяць тысяч разоў. Але i гэта яшчэ не ўсё! Калi б малекулы бялку i клеткi мелi будову непасрэдна з «мiкраатамаў», то яны адпаведна былi б меншыя. I крывяныя цельцы, i ферменты, i ўсё. Але i гэта не так. З гэтага вынiкае, што ўсе бялкi, клеткi, ядро клетак — толькi iмiтацыя! На самай справе структура, якая нясе адказнасць за дзеяздольнасць «госця», схавана глыбей.

— Кельвiн! — амаль выгукнуў Снаўт.

Я здзiвiўся i змоўк. Я сказаў: «Госця»?! Так, але Хэры не пачула гэтага. Зрэшты, яна не зразумела б. Хэры глядзела ў iлюмiнатар, падпершы галаву рукой, яе маленькi чысты профiль вымалёўваўся на фоне пурпуровай зоркi. Слухаўка маўчала. Я чуў толькi далёкае дыханне.

— Тут нешта ёсць, — прамармытаў Снаўт.

— Так, мажлiва, — дадаў Сарторыус, — толькi маецца адна закавыка — Акiян складаецца не з гiпатэтычных часцiц, пра якiя гаворыць Кельвiн, а са звычайных.

— Вiдаць, ён можа сiнтэзаваць i такiя, — адзначыў я.

Раптам мяне ахапiла апатыя. Гэта была бясплодная, нiкому не патрэбная размова.

— Але гэта вытлумачвала б незвычайную вынослiвасць, — мармытнуў Снаўт. — I тэмп рэгенерацыi. А мо энергетычная крынiца знаходзiцца нават там, углыбiнi, iм жа не трэба есцi…

— Прашу слова, — прамовiў Сарторыус.

Я не мог яго пераносiць. Калi б ён хоць не выходзiў са сваёй ролi!

— Давайце прааналiзуем пытанне матывацыi. Матывацыi з’яўлення ўтварэнняў Ф. Я ставiў бы пытанне так: а што такое ўтварэннi Ф? Гэта не асобы, не копii пэўных асоб, а матэрыялiзаваная праекцыя тых звестак пра гэтую асобу, якiя маюцца ў нашым мазгу.

Трапнасць вызначэння здзiвiла мяне. Сарторыус хоць i антыпатычны мне, але мае розум.

— Гэта праўда, — уставiў я. — Гэта вытлумачвае нават, чаму з’явiлiся асо… утварэннi менавiта такiя, а не iншыя. Выбраны сама ўстойлiвыя адбiткi з памяцi, найбольш iзаляваныя ад iншых, хоць, вядома, нiводзiн гэткi адбiтак не можа быць цалкам адасоблены, i ў працэсе яго «капiравання» былi, маглi быць захоплены часткi iншых адбiткаў, якiя выпадкова знаходзiлiся побач, таму прышэлец часам выяўляе ведаў больш, чым аўтэнтычная асоба, паўтарэннем якой ён павiнен з’яўляцца…

— Кельвiн! — зноў перапынiў мяне Снаўт.

Мяне здзiвiла, што толькi ён быў незадаволены маiмi неабачлiвымi словамi. Здавалася, Сарторыус iх не баiцца. Магчыма, яго «госць» па сваёй сутнасцi не такi кемлiвы, як «госць» Снаўта. На секунду ў маiм уяўленнi паўстаў нейкi карлiкавы крэтын, якi неадступна следаваў за доктарам Сарторыусам.

— Так, i мы гэта заўважылi, — пачаў Сарторыус. — Цяпер што да матываў з’яўлення ўтварэнняў Ф… Першая найбольш верагодная думка — на нас праводзяць эксперымент. Аднак хутчэй за ўсё гэта быў бы варты жалю эксперымент. Калi мы ставiм дослед, то вучымся на вынiках, перш за ўсё на памылках, i пры паўтарэннi доследу ўносiм у яго папраўкi… У нашым выпадку пра гэта не можа быць i гаворкi. Тыя ж самыя ўтварэннi Ф з’яўляюцца нанава… нескарэктаваныя… не ўзброеныя нiчым дадаткова супраць… нашых спроб пазбавiцца ад iх…

— Словам, тут няма функцыянальнай пятлi дзеяння з карэгiраванай зваротнай сувяззю, як назваў бы гэта доктар Снаўт, — адзначыў я. — I што з гэтага вынiкае?

— Толькi адно: калi лiчыць тое, што адбываецца, эксперыментам, то гэта не эксперымент, а… халтура, што, аднак, непраўдападобна. Акiян… дакладны. Гэта выяўляецца хоць бы ў двухслойнай канструкцыi ўтварэнняў Ф. Да пэўнай мяжы яны паводзяць сябе так, як паводзiлi б сябе… сапраўдныя… сапраўдныя…

Ён змоўк.

— Арыгiналы, — хутка падказаў яму Снаўт.

— Так, арыгiналы. Аднак калi сiтуацыя перавышае нармальныя здольнасцi пасрэднага… э… арыгiнала, настунае нiбыта «выключэнне свядомасцi» ўтварэння Ф, i адразу ж праяўляюцца iншыя дзеяннi, нечалавечыя…



— Гэта праўда, — сказаў я, — але такiм чынам мы толькi складаем каталог паводзiн гэтых… гэтых утварэнняў, i больш нiчога. А гэта бязглуздзiца.

— Я не ўпэўнены, — запратэставаў Сарторыус.

Тут я зразумеў, чым ён мяне так нервуе: ён не проста гаварыў, а казаў прамову, як на пасяджэннi Iнстытута.

Вiдаць, размаўляць iнакш ён не ўмеў.

— Тут узнiкае праблема iндывiдуальнасцi. Акiян цалкам пазбаўлены гэтага паняцця. Так i павiнна быць. Мне здаецца, шаноўныя калегi, што гэты… э… далiкатны, непрыемны для нас бок эксперымента не мае нiякага значэння для Акiяна, ён — за межамi яго разумення.

— Вы лiчыце, што гэта незнарок?.. — спытаўся я.

Яго сцверджанне крыху ашаламiла мяне, але, падумаўшы, я вырашыў, што такi пункт погляду нельга браць пад увагу.

— Так. Я не веру нi ў вераломства, нi ў зласлiвасць, нi ў жаданне нанесцi ўдар у сама балючае месца, як лiчыць калега Снаўт.

— Я зусiм не прыпiсваю Акiяну чалавечых пачуццяў, - упершыню ўзяў слова Снаўт, — але мо ты скажаш, як вытлумачыць гэтыя пастаянныя вяртаннi?

— Магчыма, уключана нейае прыстасаванне, якое ўсё круцiцца i круцiцца, як кружэлка, — прамовiў я, iмкнучыся зачапiць Сарторыуса.

— Не будзем адхiляцца, калегi, — гугнявым голасам заявiў доктар. — Гэта не ўсё, што я хацеў вам паведамiць. У звычайных умовах я лiчыў бы складанне нават кароткага паведамлення пра стан маёй працы дачасным, але з улiкам спецыфiчных умоў я раблю выключэнне. У мяне такое ўражанне, толькi ўражанне, не болей, што ў меркаваннях калегi Кельвiна ёсць рацыянальнае зерне. Я маю на ўвазе яго гiпотэзу пра нейтрынную структуру… такiя сiстэмы мы ведаем толькi тэарэтычна, нам невядома, цi можна i’ стабiлiзаваць. Тут з’яўляецца пэўны шанц, бо знiшчэнне сiлавога поля, якое надае стабiльнасць сiстэме…

Я заўважыў, як цёмны прадмет, якi засланяў экран з боку Сарторыуса, адсоўваецца: з самага верху блiснула шчылiна, i можна было ўбачыць, што там паволi шавялiлася штосьцi ружовае. I раптам цёмная перагародка ўпала.

— Прэч! Прэч!!! — пачуўся ў трубцы адчайны крык Сарторыуса.

На раптоўна асветленым экране мiльганулi рукi доктара ў шырокiх лабараторных нарукаўнiках i вялiкi, залацiсты, падобны на дыск прадмет, усё гэта знiкла раней, чым я зразумеў, што залацiсты круг — гэта саламяны капялюш…

— Снаўт? — паклiкаў я, глыбока ўздыхнуўшы.

— Слухаю, Кельвiн, — стомлена азваўся кiбернетык.

Раптам я адчуў, што Снаўт мне вельмi падабаецца. Я на самай справе не хацеў бы ведаць, хто ў яго «ў гасцях».

— Гэтага, вiдаць, досыць, га?

— Думаю, дастаткова, — згадзiўся я. — Паслухай, калi будзеш мець мажлiвасць, зазiрнi ўнiз або да мяне ў кабiну, добра? — спешна дадаў я, пакуль ён не паклаў трубкi.

— Згода, — адказаў Снаўт. — Толькi не ведаю калi.

На гэтым праблемная дыскусiя скончылася.

ПАЧВАРЫ

Пасярод ночы мяне разбудзiла святло. Я абапёрся на локаць, засланяючы другой рукой вочы. Хэры, захiнутая ў прасцiну, скурчылася i сядзела ў нагах ложка, валасы засыпалi яе твар. Плечы ўздрыгвалi. Хэры бязгучна плакала.

— Хэры!

Яна скурчылася яшчэ больш.

— Што з табой?.. Хэры…

Я сеў, яшчэ не зусiм прачнуўшыся, паступова выбаўляючыся з кашмару, якi душыў мяне хвiлiну таму.