Страница 21 из 44
Пасля мы пайшлi ў невялiкi аперацыйны пакой, побач з радыёстанцыяй; у мяне быў сякi-такi план. Я сказаў Хэры, што хачу на ўсялякi выпадак яе абследаваць. Я сеў на складное крэсла i дастаў са стэрылiзатара шпрыц i iголкi. Я ведаў амаль на памяць, дзе што знаходзiцца, бо так вымуштравалi нас на Зямлi, на трэнажоры. Я ўзяў кроплю крывi з пальца Хэры i зрабiў мазок, высушыў яго ў экспiкатары, апрацаваў iонамi серабра ў высокiм вакууме.
Рэальнасць гэтай працы супакойвала. Хэры, лежачы на падушках раскладзенага крэсла, разглядвала аперацыйны пакой, застаўлены рознымi апаратамi.
Цiшыню перапынiла мармытанне ўнутранага тэлефона. Я ўзяў трубку.
— Кельвiн слухае, — прамовiў я, не зводзячы вачэй з Хэры, якая з пэўнага часу стала апатычнай, нiбыта за апошнiя гадзiны яе ўсю вычарпалi.
— Ты ў аперацыйнай? Нарэшце! — пачуў я ўздых палёгкi.
Гэта быў Снаўт. Я чакаў, прыцiснуўшы трубку да вуха.
— У цябе «госць», праўда?
— Праўда.
— I ты заняты.
— Так.
— Сякiя-такiя даследаваннi?
— А што? Ты хацеў згуляць партыю ў шахматы?
— Не блазнуй, Кельвiн. Сарторыус хоча з табой сустрэцца. Дакладней, з намi.
— Вось дык навiна, — здзiвiўся я. — А што з… — Я не закончыў, а пасля дадаў: — Ён адзiн?
— Не. Я недакладна сказаў. Ён хоча з намi паразмаўляць. Звяжамся ўтрох, па вiдэатэлефоне, але толькi заслонiм экран.
— Ах, так? Чаму ён не пазванiў адразу мне? Яму сорамна?
— Нешта накшталт гэтага, — прамармытаў Снаўт. — Ну як?
— Значыць, нам трэба дамовiцца? Давай праз гадзiну. Добра?
— Добра.
На маленькiм, не большым за далонь, экране я бачыў толькi яго твар. Снаўт дапытлiва пазiраў мне ў вочы. У трубцы трашчалi разрады.
Пасля Снаўт рашуча прамовiў:
— Як ты маешся?
— Зносна. А ты?
— Лiчу, крыху горай за цябе. Я мог бы?..
— Ты хочаш прыйсцi да мяне? — здагадаўся я.
Я зiрнуў на Хэры. Яна звесiла галаву з падушкi i ляжала, закiнуўшы нагу на нагу, ад самоты падкiдвала срэбны шарык, якiм заканчваўся ланцужок ля поручня крэсла.
— Пакiнь гэта, чуеш? Пакiнь! — пачуўся гучны голас Снаўта.
Я ўбачыў на экране яго профiль. Больш я нiчога не пачуў, ён закрыў рукой мiкрафон, я бачыў толькi яго губы, якiя шавялiлiся.
— Не, я не магу прыйсцi. Мо пасля. Праз гадзiну, — хутка сказаў ён, i экран патух.
Я павесiў трубку.
— Хто гэта быў? — абыякава спыталася Хэры.
— Так сабе, адна асоба. Снаўт. Кiбернетык. Ты яго не ведаеш.
— Яшчэ доўга чакаць?
— А табе хiба сумна? — спытаўся я.
Я заклаў першую серыю прэпаратаў у касету нейтрыннага мiкраскопа i пачаў нацiскаць каляровыя кнопкi выключальнiкаў. Сiлавыя палi глуха загулi.
— Забаў тут няма, а калi майго сцiплага таварыства табе не хапае, то справа дрэнь, — гаварыў я нiбыта мiж iншым, з вялiкiмi паўзамi, апускаючы рукамi вялiкую чорную галоўку, у якой свяцiўся акуляр мiкраскопа, i прыкладваючы мяккую гумавую аблямоўку да вачэй.
Хэры нешта сказала, я не разабраў што. Нiбыта з вялiкай вышынi я бачыў бязмежную пустыню, залiтую срабрыстым бляскам. На ёй ляжалi ахутаныя лёгкай iмглой, патрэсканыя, выветраныя пляскатыя круглякi камянёў. Гэта былi чырвоныя крывяныя цельцы. Не адводзячы вачэй ад шкельцаў, я павялiчыў рэзкасць i ўсё глыбей i глыбей апускаўся ў палаючае серабрыстае поле. Левай рукой я круцiў ручку рэгулятара столiка, а калi адзiнокае, як валун, цельца апынулася на перасячэннi чорных рысачак, я дадаў павелiчэння. Здавалася, што аб’ектыў наязджае на бясформенны, увагнуты пасярэдзiне эрытрацыт, якi меў выгляд кратэра вулкана, з чорнымi рэзкiмi ценямi ў паглыбленнях колцападобнага беражка. Гэты беражок, пакрыты крышталёвым налётам iонаў серабра, не змяшчаўся ў фокусе. З’явiлiся цьмяныя, бачныя нiбыта праз мiгатлiвую ваду, абрысы сплаўленых, сагнутых ланцужкоў бялку; злавiўшы на чорным скрыжаваннi адно з патаўшчэнняў бялковых рэшткаў, я паволi пакручваў ручку павелiчальнiка, усё пакручваў i пакручваў; вось-вось мусiў наступiць канец гэтага падарожжа ўглыбiню. Расплюшчаны цень малекулы запоўнiў усё поле i… раптам расплыўся ў тумане!
Нiчога, аднак, не сталася. Я павiнен быў убачыць мiльганне дрыготкiх сцюдзянiстых атамаў, але iх не было. Экран свяцiўся незатуманеным срэбрам. Я дакруцiў ручку да канца. Гнеўны гул мiкраскопа ўзмацнiўся, але я па-ранейшаму нiчога не бачыў. Дрыготкi сiгнал, якi паўтараўся, папярэджваў, што апаратура перагружана. Я яшчэ раз зiрнуў на срэбную пустыню i выключыў ток.
Я паглядзеў на Хэры. Яна вымушана ўсмiхнулася, каб схаваць пазяханне.
— Як там мае справы? — спыталася яна.
— Вельмi добра, — адказаў я. — Думаю, што… лепш i быць не можа.
Я ўсё пазiраў на яе, адчуваючы паколванне ў нiжняй губе. А што, уласна, адбылося? Што гэта значыць? Гэтае цела, з выгляду такое далiкатнае i слабае, нельга знiшчыць? Па сутнасцi, яно складаецца з нiчога? Я стукнуў кулаком па цылiндрычным корпусе мiкраскопа. Мо якi-небудзь дэфект? Мо няма факусiроўкi?.. Не, я ведаў, што апаратура спраўная. Я апусцiўся на ўсе ўзроўнi: клетка, бялковае рэчыва, малекула — усё мела такi самы выгляд, як i на тысячах прэпаратаў, якiя я ўжо бачыў. Але апошнi крок унiз вёў у тупiк.
Я ўзяў у Хэры кроў з вены i разлiў яе ў прабiркi. Аналiзы занялi больш часу, чым я меркаваў, - я ўжо страцiў ранейшы спрыт. Рэакцыi былi нармальныя. Усе. Хiба што…
Я капнуў канцэнтраванай кiслатой на чырвоную пацерку. Кропля задымiлася, стала шэрай, пакрылася налётам бруднай пены. Разлажэнне. Дэнатурацыя. Далей, далей! Я адхiлiўся па новую прабiрку. Калi ж зiрнуў на ранейшую, прабiрка ледзь не вывалiлася з маiх рук.
Пад бруднай пенай на самым дне прабiркi зноў вырастаў цёмна-чырвоны слой. Кроў, спаленая кiслатой, аднаўлялася! Гэта было неверагодна! Гэта было немагчыма!
— Крыс! — пачуў я быццам здалёку. — Крыс, тэлефон!
— Што? А, тэлефон? Дзякую.
Тэлефон мармытаў ужо даўно, але я пачуў яго толькi зараз.
— Кельвiн слухае, — сказаў я ў трубку.
— Гаворыць Снаўт. Я пераключыў лiнiю, i мы ўтрох будзем адначасова слухаць адзiн аднаго.
— Вiтаю вас, доктар Кельвiн, — пачуўся высокi, насавы голас Сарторыуса. Голас гучаў так, нiбыта яго гаспадар узыходзiў на небяспечна гнуткi подыум, пранiзлiва, насцярожана, хоць знешне спакойна.
— I я вiтаю вас, доктар, — адказаў я.
Мне стала смешна, хоць не было нiякай прычыны для смеху. З каго мне, у рэшце рэшт, смяяцца? Я нешта трымаў у руцэ: прабiрку з крывёю. Я страсянуў прабiрку. Кроў ужо згарнулася. Мо ўсё гэта мне здалося? Мо проста падман?
— Я хацеў бы прапанаваць на ваш разгляд некаторыя праблемы, звязаныя з э… фантомамi, — чуў i не чуў я голас Сарторыуса.
Словы з цяжкасцю даходзiлi да маёй свядомасцi. Я абараняўся ад яго голасу, па-ранейшаму пазiраючы на прабiрку са згусткам крывi.
— Назавём iх утварэннем Ф, — хутка падказаў Снаўт.
— Цудоўна.
Пасярод экрана цямнела вертыкальная лiнiя, якая сведчыла, што я прымаў адначасова два каналы — па абодва бакi ад лiнii я павiнен быў бачыць маiх субяседнiкаў. Аднак экран заставаўся цёмным, толькi вузкая светлая палоска вакол яго сведчыла, што апаратура працуе, а перадатчыкi нечым заслонены.
— Кожны з нас правёў розныя даследаваннi… — Зноў ранейшая асцярожлiвасць у гугнявым голасе таго, хто гаварыў. Маўчанне. — Можа, мы спачатку аб’яднаем нашы назiраннi, а затым я мог бы паведамiць, да чаго прыйшоў сам… Мо вы, доктар Кельвiн, пачняце першы…
— Я? — здзiвiўся я.
Раптам я адчуў позiрк Хэры. Я паклаў прабiрку на стол, яна пакацiлася пад штатыў, а я падсунуў нагой трыногу i ўсеўся на яе. Спачатку я хацеў адмовiцца, але нечакана для самога сябе прамовiў:
— Добра. Кароткi абмен думкамi? Добра! Я амаль нiчога не зрабiў, але сказаць магу. Адно мiкраскапiчнае даследаванне i некалькi рэакцый. Мiкрарэакцый. У мяне склалася ўражанне, што…
Да гэтай хвiлiны я не ўяўляў, што буду гаварыць. Толькi зараз я зразумеў.
— Усё ў норме, але гэта камуфляж. Iмiтацыя. У пэўным сэнсе гэта суперкопiя: паўтарэнне больш дакладнае, чым арыгiнал. Гэта азначае, што там, дзе ў чалавека мы сутыкаемся з мяжой структурнай дзялiмасцi, тут мы iдзём далей — тут скарыстаны субатамны будаўнiчы матэрыял!