Страница 98 из 104
- Ты, Вера, можаш глядзець на нас як хочаш. Але не забывай, калi ласка, што мы не ангелы, мы - людзi. Маладыя хлопцы.
Сакратар не дачакаўся, пакуль Куцькiна праявiць iнiцыятыву. Сказаў:
- Давай, Вера, ты... выкладвай...
Яна з неахвотай адарвалася ад пастановы, блiснула акулярамi, крутнула галавой.
- Ох, лiберал! - I павярнулася да Тараса: - Даклад кароткi. Я патрабую, каб гэтага твайго пiжона Шыковiча выцягнулi на камiтэт.
- Завошта?
- Ён пакрыўдзiў дзяўчыну Нiну Байкач.
- Як пакрыўдзiў?
Вера сурова глянула на брыгадзiра з-пад акуляраў.
- Не прыкiдвайся, Ганчароў, дурнем. Ты добра ведаеш, як можа пакрыўдзiць такi.
Тарас пачырванеў. Ён заўсёды адчуваў сябе няёмка, калi гаварылi пра такiя рэчы маладыя людзi, ды яшчэ дзяўчаты.
- Яна паскардзiлася табе?
- Не. Праз дурны дзявочы гонар яна нiкому нiчога не расказвае. Але сяброўкi чуюць, як яна начамi раве ў падушку.
- А чаму, Вера, па-твойму, гэта дурны гонар? - нечакана спытаў Валодзя Клецень.
Куцькiна доўга разглядала сакратара праз свае вялiкiя акуляры, як бы здзiўленая, што ён мог задаць такое пытанне. Потым, як суровая настаўнiца, пакiвала яму пальцам.
- Клецень! Табе не да твару такая пазiцыя. У цябе спытаюць... Гарком спытае... Чаму такi чалавек носiць званне сябра брыгады камунiстычнай працы? Я дагэтуль не ведаю, як ён апынуўся ў брыгадзе...
- Мы самi яго ўзялi.
- Ведаю, што самi. А завошта? За якiя заслугi?
- Баюся, што ты, Вера, гэтага не зразумееш, - уздыхнуў Тарас, як бы шкадуючы, што яна не можа зразумець такой простай рэчы. А Вера прыняла гэта як абразу. Абурана закрычала:
- Ты чуў, Валодзя? Адны яны ўсё разумеюць! Што гэта такое, як не зазнайства? Хiба я не казала, што нам трэба глядзець ды глядзець за гэтай брыгадай?!
Тарасу хацелася пасварыцца, але ён змаўчаў. Iншае ўзрушыла. Ён быў супраць, каб адносiны Славiка з Нiнай выносiлi на камiтэт. Хто ведае, што ў iх было. Калi дзяўчына не скардзiцца, а толькi плача па начах i сохне, то, на думку Тараса, справа гэтая не для такога разбору. Тут трэба нешта другое. Неяк iнакш. Больш далiкатна.
Акрамя ўсяго Тарас баяўся, як бы Славiк не падумаў, што ўсё гэта ўзняў ён, брыгадзiр, з-за Машы. Безумоўна, падумае.
Славiкавы настойлiвыя заляцаннi да Машы прынеслi Тарасу нямала цяжкiх перажыванняў. Асаблiва трывожыла, што Маша ўсё яшчэ не адказвае, цi згодна яна выйсцi за яго замуж. Але каб выгнаць Славiка з брыгады, - такой i думкi нiколi не было. А вось жа могуць стварыцца абставiны, што зробяць iх ворагамi. I тады ўжо напэўна ў адной брыгадзе iм не працаваць. Валодзю Клеценю можна было б пра ўсё гэта расказаць. Але Куцькiнай - не. Перакруцiць усё дагары нагамi, даводзячы свае высокiя прынцыпы. Тарас сказаў:
- Дайце спачатку нам самiм пагутарыць з iм. У брыгадзе.
Вера падазрона прыжмурылася.
- Хочаце выпрацаваць тактыку, як абараняць свайго любiмчыка? Ой, глядзi, Ганчароў, зацягне ён цябе ў балота!
Славiк i Генрых прыйшлi апошнiя: даўжэй другiх мылiся ў душы; любiлi паплёскацца. Генрых ведаў, з якой мэтай збiраецца брыгада. Ён, як i Ходас, адразу паверыў, што Славiк мог зрабiць подласць, i ўзлаваўся на гэтага "безадказнага шчанюка". Яны разам працавалi - на зборцы аўтаматычнага дэталез'ёмшчыка. Славiк, як нiколi, быў уважлiвы i старанны. "Асiсцiраваў" без адзiнай памылкi. Гэтае яго ўменне яшчэ больш злавала "прафесара". Няўжо ўсе iх спадзяваннi i намаганнi дарэмныя? Няўжо не будзе чалавека? Генрых дзiўна гасiў сваё абурэнне i выдаваў свой настрой: увесь час, ад абеду да канца змены, бурчаў словы адной i той жа песнi:
Миленький ты мой, возьми меня с собой
И в той стране далекой зови меня женой.
Славiку песня спачатку падабалася, потым пачала раздражняць.
- Бабская песня, - сказаў ён.
- Бабская, - згадзiўся Генрых.
Славiк зразумеў, што сабралiся гаварыць пра яго адразу ж, як толькi ўвайшоў у пакой iнтэрната. З якой прычыны?
Паважнай хадой "кiруючага таварыша" - Славiк навучыўся перадражнiваць гэтую паходачку - крочыў па пакоi Iван Ходас, глыбока засунуўшы рукi ў кiшэнi штаноў. Косця завалiўся на свой ложак, прытулiўшыся патылiцай да сцяны - да фатаграфiй кiнаактрыс, i, чырвоненькi, узбуджаны, зiркаў сваiмi цыганскiмi вачамi на Iвана. Вiдно было, што яны пасварылiся. Тарас i Лапацiн сядзелi за сталом. Лапацiн з дзiцячай цiкавасцю разглядаў маленькую штучную елачку, круцiў у руках, асцярожна дакранаўся да кожнай мiнiяцюрнай цацачкi.
- Скажы, калi ласка! Косця! Колькi каштуе?
- Сто рублёў.
- Манiш. Толькi што гаварыў - трыццаць. Але i трыццаць - дорага. - Пасля таго як Вера нарадзiла сына, Васiль стаў надзiва ашчадны.
"Знарок цягнуць", - падумаў Славiк. Яго неаднойчы прабiралi ў школе, на студыi, у брыгадзе. Але нiколi ён не адчуваў сябе так кепска. Ён ненавiдзеў сябе за гэтую незразумелую боязь. Загадваў сабе быць дзёрзкiм i смелым. Але калi казаць шчыра, то таксама ўпершыню ўсумнiўся, што здолее быць такiм.
Генрых падышоў да этажэркi, узяў нейкую кнiжку, разгарнуў i зноў цiха заспяваў:
Миленький ты мой, возьми меня с собой
И в той стране далекой зови меня чужой...
Славiк узарваўся:
- Не вый! - Але спахапiўся i сказаў да ўсiх з усмешкай, быццам бы жартам: - Што вы паселi, важныя, як суддзi? Судзiце.
- I а-су-дзiм, - пагрозлiва, з нацiскам, праз зубы працадзiўшы склады, адказаў Ходас. Спынiўся перад Славiкам, выцягнуў з кiшэнi сцiснуты кулак. Брыгаду ганьбiць не дамо!
- Хлопцы, няўжо трэба псаваць настрой перад Новым годам? - зморшчыўся Косця, просячы вачамi ўсiх, каб яны былi больш далiкатныя, не сварылiся. Адкуль столькi чуласцi i дабраты ў гэтага хлопца!
- Ён, можа, жыццё чалавеку сапсаваў, а не настрой! - крыкнуў Ходас. - А ты - добранькi!.. Хрыстосiк!..
У Славiка захаладала ўсяродку. Пад нагамi, здавалася, калыхнулася падлога.
Вось яно, прыйшло... Няўжо Нiнка зацяжарала i пра ўсё расказала? О жах! На лбе выступiў пот. Здрадны пот. Выцерцi? Не. Славiк паварушыў пальцамi i адчуў, што яны злiплiся, быццам iх вымазалi смалой.
- Чакай, - спынiў Тарас Ходаса, якi пачаў быў ужо гаварыць гнеўную прамову, i спакойна спытаў у Славiка: - Скажы нам шчыра, што ў цябе з Нiнкай. Дзяўчына плача начамi...
"Значыцца, не скардзiлася, а толькi плача, - узрадаваўся Славiк. - Тады адмаўляць. Усё адмаўляць! Не здавацца! Наступаць!" Ён даўно ўжо пераканаўся, што лепшая форма абароны - наступленне. I закрычаў:
- Ты ўжо пытаўся ў мяне пра гэта. I я табе адказаў. I табе адказаў! тыркнуў Славiк пальцам у Генрыха. - Шчыра. Чаму вы не верыце мне? Крычыце пра веру ў чалавека, а самi... Лезеце ў душу, дзе трэба i не трэба...
- Не, дзе трэба! Дзе не трэба - не лезем, - адказаў Тарас i папрасiў ветлiва: - Не гарачыся, калi ласка.
А Генрых з узнятай кнiгай ступiў да Славiка i сказаў са сваёй звычайнай разважлiвасцю:
- Па маралi мяшчанскай мы, вiдаць, сапраўды не маем права лезцi ў душу, як ты кажаш, калi справа датычыць тваiх адносiн з дзяўчынай. А па маралi нашай, я думаю, мы маем гэтае права. Абавязаны, Косця! - павярнуўся "прафесар" да Косцi i... сунуў яму ў рукi кнiгу, невядома навошта.
- А ён плюе на нашу мараль! - нiяк не мог супакоiцца Ходас. - У яго свая, брадвейская... Выхоўваем... Даўно пара гнаць!
- А я веру Славiку! Хiба ён падвёў нас у чым? Дрэнным таварышам быў?
Славiк хмыкнуў:
- Ты наiўны, Косця. Хiба не бачыш, што камусьцi хочацца мяне выжыць? - Ён нахiлiўся над сталом, да Тараса, заглянуў зблiзку яму ў твар, у вочы, аскалiўся, як ваўчаня. - Што? Знайшоў прычыну, брыгадзiр? Хочаш адпомсцiць? Дык ведай. Я люблю Машу!
Усе адразу сцiхлi. Тарас апусцiў вочы, лоб яго пабялеў, а шыя налiлася крывёю.
"Я так i ведаў", - падумаў ён, але схамянуўся, смела глянуў на Славiка i сказаў спакойна i цвёрда:
- I я люблю Машу. Але помсцiць табе... - ён пакiваў галавой, - няма за што. I не думай, што нам прыемна разбiраць такiя справы. Вырашым так... Брыгадзiр рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такi рашучы выгляд, звычайна ён любiў параiцца, разважыць. - Вырашым так... Калi ты сумленны перад Нiнай, перад намi, - прыходзь заўтра ў брыгаду i - працуй. Мы слова больш не скажам. У камiтэце я ўладжу. Калi ж ты зрабiў подласць i не маеш мужнасцi прызнацца, - не прыходзь. - Ён вымавiў гэтае "не прыходзь" амаль шэптам, але выразна i цвёрда. - Так будзе лепш для цябе. Праўду не схаваеш. Выганiм з ганьбай!