Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 99 из 104



36

Славiк не спаў усю ноч. Пасля доўгага роздуму вырашыў - пойдзе на завод. А можа здарыцца, што абыдзецца. Але калi мацi ранiцой пачала будзiць яго, сказаў, што ў яго выхадны.

Доўга валяўся ў ложку. Не хацелася нiкога бачыць, нiкому глядзець у вочы. Здавалася, глянуць на яго i ўсе адразу здагадаюцца.

Падняўся - i адразу схапiўся з сястрой. Знарок, на злосць ёй, абвясцiў, што чытаў яе дзённiк.

- Сентыментальная лухта.

Рэакцыя Iры была зусiм нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважлiва i на поўны голас, пры мацi, сказала:

- Падонак ты! Што ты разумееш? Так, я люблю яго!

- Але ж ён цябе, дурнiцу, не любiць.

- Ну i няхай. I няхай. А я люблю! Люблю так, як ты, цынiк няшчасны, не палюбiш нiколi. I мне хораша!.. I ты не чапай!.. Не лезь сваiмi бруднымi лапамi! - Ёй было так "хораша", што слёзы палiлiся ў яе з вачэй.

Славiку стала сорамна. Дурань! Надумаў здзекавацца... З каго? I з чаго? Сам такi.

Нiколi ён яшчэ не прасiў у сястры прабачэння. А тут збянтэжана папрасiў:

- Я не хацеў цябе пакрыўдзiць. Даруй.

Гэта да слёз кранула Валянцiну Андрэеўну. Прызнанне дачкi, трагедыя яе першага кахання, нечаканая чуласць сына - як усё гэта адгукнулася ў мацярынскiм сэрцы! Адначасна - i болем i радасцю. Папракнула сябе: мала займаецца дзецьмi.

Прыкмецiўшы, як за апошнi час Славiк пасталеў, пасур'ёзнеў, Валянцiна Андрэеўна радавалася i сачыла, каб хто незнарок не абразiў яго напамiнкам пра мiнулае цi яшчэ чым-небудзь, што магло б зрабiць душэўную траўму.

Жадаючы замацаваць мiр памiж дзецьмi, улагодзiць, яна дала кожнаму з iх прыемнае даручэнне.

- Я не веру, што бацька прывязе елку з ляснiцтва. Ён тыдзень абяцае i не можа выбрацца. Ды, кажуць, леснiкi i мiлiцыя затрымлiваюць усiх елачных браканьераў. Славiк, разбiся, а знайдзi добрую елку. Што гэта за такая абыякавасць да Новага года? Зрабiце прыемнае мне, калi не хочаце рабiць сабе. Iра, сходзiш у краму, купiш цацкi. Каб да вечара ў нас стаяла елка. Будуць госцi.

Славiк узрадаваўся, што ёсць прычына пабадзяцца па горадзе, нечым заняцца. Абы забыцца на ўчарашняе. Каб можна было забыцца! А што, уласна кажучы, здарылася? Нiчога. Яго ж не выгналi з завода. Ён можа працаваць. Не, чорта з два! Як ён можа вярнуцца, калi не пайшоў сёння?

Ён хацеў прымусiць сябе на ўсё махнуць рукой з цынiчнай абыякавасцю чалавека, вольнага ад усiх умоўнасцей. Такiм яму хацелася некалi быць. Але цяпер гэта не атрымоўвалася. Адбылося нешта незразумелае для яго. Каб раней яму сказалi, што здарыцца так, што яму будзе цяжка расстацца з брыгадай, то ён, напэўна, засмяяўся б. А цяпер, калi ён так прыжыўся там, нават з Ходасам, здаецца, паладзiў, набыў прафесiю i палюбiў яе!.. Крыўдна, шкада. I ён не саромеецца гэтых "банальных пачуццяў". Застацца на заводзе? Але тады трэба iсцi ў другi цэх, зноў вучнем, зноў пачынаць усё спачатку, могуць нават паставiць рознарабочым. Разгружаць вугаль цi вывозiць з цэха стружку разам з тымi дзяўчатамi, што толькi ўчора прыйшлi на завод з вёскi.

Праўда, цяпер ён не думаў са знявагай пра гэтых дзяўчат. Нi да каго - якую б чорную работу нi рабiў чалавек! - ён не ставiўся цяпер з вышынi сваёй выключнасцi. Якая там, да д'ябла, выключнасць! Таксама знайшоўся звышчалавек! Ён скептычна ўсмiхаўся з ранейшых думак пра свае таленты, незвычайнасць, са сваёй гульнi ў расчараванасць, незадаволенасць. Не, цяпер яму хочацца аднаго быць звычайным, звычайным слесарам-зборшчыкам, такiм, як Косця, як хiтрун i насмешнiк Варэнiк, як Лапацiн, як Тарас, як нават Ходас. Як усе яны разам i кожны паасобку - з усiм тым добрым, што ў iх ёсць, i з усiмi чалавечымi слабасцямi. I мець звычайнае шчасце - Машына каханне. Больш нiчога не трэба. Але, пэўна, ён горшы за ўсiх: Маша з iм не хоча нават сустрэцца, i з брыгады яго выгналi...

Славiк спынiўся пасярод шырокай i пустой плошчы. У далёкiм канцы яе, каля паркавай агароджы, прадавалi елкi. Углыбiўшыся ў развагi, ён зусiм быў забыўся, чаго iшоў сюды. Убачыў елкi - успомнiў i адчуў, што нiшто яго не цiкавiць: нi елка, нi Новы год.



А можа, пайсцi да хлопцаў? I сумленна расказаць iм пра ўсё. I з Нiнкай пагаварыць - папрасiць: даруй. Ён адчуў раптам павагу да дзяўчыны, якая "па начах раве ў падушку", але нiкому - нi слова. Але ж - сорамна, ганебна. Як скажаш: даруй, што не кахаю цябе. Не, ён сапраўды такi пашляк i не мае права быць у такой брыгадзе. Каб можна было зайсцi да Машы i да гэтай жанчыны з добрымi сумнымi вачамi... Чамусьцi здалося, што толькi яны маглi б зразумець яго. Вельмi захацелася зайсцi да iх. Але ён разумеў, што цяпер у яго тым больш не хопiць рашучасцi.

- Што ты прывезла ламачча нейкага, а не елак? - закрычаў ён на маладую чырванашчокую жанчыну, якая ў кажуху, у валёнках сядзела на грудцы крыжавiн i смачна ела свежую булку. - Думаеш, гарадскiя - дурнi, любую дрэнь праглынуць? Цi, можа, iм грошай няма куды дзяваць?

- А ты б пазней паспаў, можа б, табе сама Снягурачка прынесла елку, хораша ўсмiхнулася яна. - Елкi як елкi. Хто гэта будзе добры ельнiк рубiць? У цябе елка два днi пастаяла, ды i на сметнiк. А з добрай ялiнкi якое дрэва вырасце!

Яе мудрая разважлiвасць, спакой i здаровы апетыт неяк дзiўна супакоiлi Славiка, нават развесялiлi, настроiлi па-святочнаму. Ён хутка выбраў елку, разлiчыўся. Жанчына зычлiва параiла:

- Галiнак захапi. Падвяжаш, будзе елачка што лялечка.

Славiк нёс сваё свята, дарагое яшчэ з маленства, i стараўся адагнаць прэч усе сумныя думкi. Пакiнуць усе турботы старому году! О, каб можна было ўвайсцi ў новы год зусiм новым, без усяго мiнулага! Нехта ўчапiўся ззаду за елку, пацягнуў. Нехта жартаваў. Ён намерыўся панатужыцца, пацягнуць на сябе, а пасля рэзка адпусцiць - няхай грымнецца нейкi дурань. Але ззаду пырскнуў дзявочы смех. Славiк хутка павярнуўся. Перад iм стаяла Маша. Трымала маленькую пушыстую елачку i ўсмiхалася. Чырвоная, як жар, рукавiчка гарэла памiж цёмнай зелянiны. Iскрылася iнеем хлапчуковая шапка.

- З наступаючым, Славiк.

Ён так узрадаваўся, што забыўся нават павiншаваць яе ў адказ. Стаяў, глядзеў i блазнавата ўсмiхаўся.

Потым яны iшлi побач. Неслi елкi, вялiкую i рэдкую - Славiкаву, маленькую i густую - Машыну. Як у лесе. Славiк сапраўды iшоў, як у лесе, - нiкога вакол не бачыў, нiчога не чуў, акрамя яе голасу. Гаварылi пра пустое, дробязнае. Але ён увесь час думаў, што хутка ёй трэба павярнуць... Яна са смехам развiтаецца i... пойдзе. А ён зноў застанецца са сваiмi пакутамi. Калi яшчэ здарыцца такi выпадак?

Славiк спынiўся, глыбока ўдыхнуў марознае паветра, як бы рыхтуючыся нырнуць.

Маша са смяшынкай у вачах глядзела на яго, напэўна, здагадваючыся, пра што ён хоча сказаць. Ён сказаў амаль шэптам:

- Я люблю цябе, Маша. Я вельмi...

I змоўк - спалохаўся, што яна засмяецца. Яна не засмяялася. Наадварот, зрабiлася раптам вельмi сур'ёзнай. Ласкава дакранулася вогненнай рукавiчкай да адварота яго палiто.

- Выкiнь з галавы, Славiк. Я выходжу замуж, - i ўздыхнула.

Словы яе - як удар молата, таго, шматтоннага, што ў механiчным цэху. Неяк назiраючы за яго работай, Славiк падумаў, што было б, каб пад молат трапiў чалавек. Ён "трапiў пад молат"... "Яна выходзiць замуж за Тараса. Але, за яго, безумоўна. За каго ж яшчэ?"

- Ты дзiця, Славiк. А я - старая. Мне дваццаць тры. Тарас - цудоўны чалавек.

Усё. Цяпер - усё. Няма Машы, няма брыгады. Нiчога няма. Што ж рабiць?

Кiнуўшы елку, як непатрэбную рэч, Славiк доўга без мэты i без думак, з пустой галавой блукаў па горадзе. Спачатку не бачыў людзей. Пасля iх узбуджаныя i шчаслiвыя твары пачалi раздражняць яго. Што iх радуе? Новы год? Елкi? Смешна. Куды б пайсцi, дзе б схавацца, каб нiчога не бачыць, не чуць звычайных, банальных слоў?

Каля пад'езда рэдакцыi стаяў бацькаў "Масквiч". Славiк як бы спатыкнуўся на яго. Доўга стаяў, разглядаў, як дзiва нейкае. Потым з'явiлася думка. Вось яно - выйсце! Паехаць - куды вочы глядзяць. За горад! У снежны прастор! Ляцець, каб вецер свiстаў! З'ехаць на край свету. Няхай шукаюць!