Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 82 из 104

Пакуль загадчык аддзела аховы здароўя да нуднасцi аднатонна чытаў свой даклад, Яраш бязлiтасна перакрэслiваў, выпраўляў свой.

Пасля даклада патрабавалi перапынку.

Гукан i Тарасаў селi ў буфеце за адзiн столiк.

- Што, Сямён Парфёнавiч, знiшчым па парасяцi? Бачыш, як залiты? - весела прапанаваў Тарасаў.

- Не, я - кефiрчык.

- Баiшся халестэрыну? Мая дачка кажа: халерастэрын. А я не баюся нiякай халеры.

- У твае гады i я нiчога не баяўся.

- Але? Нiчагусенькi? - як бы здзiвiўся Сяргей Сяргеевiч, пасылаючы ў рот ладны кавалак парасяцiны. - А я дык усё жыццё каго-небудзь цi чаго-небудзь баяўся. Малы - бацькi, у мяне суровы бацька, у армii - камандзiра. Калi ранiлi, ведаеш, як я баяўся, каб гэтыя эскулапы не адхапiлi нагi...

Гукан, слухаючы, стукаў кулаком па дне бутэлькi, каб вылiць захаладзелы кефiр.

- Бачыў, якiя анархiчныя замашкi ў Яраша? - раптам перапынiў ён сакратара i так трасянуў бутэльку, што кефiр плёхнуўся цераз край шклянкi на стол. Адразу падскочыла афiцыянтка, каб выцерцi.

- Чаму анархiчныя? А калi яму сапраўды ёсць што сказаць?

- Ох гэтыя мне свяцiлы! - Сямён Парфёнавiч разрэзаў лiмон, выцiснуў палавiну ў шклянку з кефiрам.

- Моцна ты вiтамiнiзуешся, - усмiхнуўся Тарасаў.

Старшыня гарсавета азiрнуўся, нахiлiўся над сталом, спытаў паўшэптам:

- Чуў пра яго iнтымнае жыццё?

Але, Тарасаў чуў. Нават яго жонка, работнiца бiблiятэкi, прынесла дадому гэтую навiну. Спачатку ён паверыў: што ж, усё можа быць, такому мужчыну, як Яраш, любая ў абдымкi кiнецца. Ён не любiў падобных гiсторый, асаблiва калi справа даходзiла да партыйнага разгляду, а таму ўзлаваўся на Яраша: яшчэ яго не хапала туды ж? Але калi пра гэта пачалi гаварыць многiя другiя, сакратар адчуў, што тут нешта не так, што нехта стараецца, каб плётка разышлася па горадзе. Хто i з якой мэтай - хацелася яму даведацца. Таму ён насцярожыўся, калi пра гэта загаварыў i Гукан.

- Старая любоў з дачкой Савiча. Адкуль цягнецца, а? Цяпер ты можаш зразумець "прынцыповую" падаплёку артыкула Шыковiча.

Тарасаў чытаў ужо другi варыянт артыкула, дапоўнены расказам Зосi, Шыковiч прыходзiў раiцца з iм. Усе факты, на яго думку, заслугоўвалi самай сур'ёзнай увагi, хоць для публiкацыi патрабавалiся дадатковыя даследаваннi. А тут, выяўляецца, вунь як паварочваюць, вунь да чаго зводзяць! Дагэтуль ён ставiўся да старшынi даволi прыязна, хоць бачыў i разумеў яго слабасцi i памылкi, частка з якiх iшла ад яго асабiстых чалавечых якасцей, другая - ад пэўнага часу, калi ён выхоўваўся як кiраўнiк. Ён дараваў Гукану шмат якiя слабасцi i памылкi: iдэальных людзей мала. Але ад гэтых Гуканавых слоў яго скаланула. Тарасаў раптам убачыў, адчуў, зразумеў: чалавек гэты варожы яму па духу, па складу думак, па адносiнах да людзей - па ўсiм. I нельга яму паблажлiва дараваць! Яго трэба бязлiтасна выкрываць!

Сяргей Сяргеевiч сказаў спакойна, але з гнеўнай непрымiрымасцю:

- Ух, з якой радасцю ты зрабiў бы iх правакатарамi i агентамi гестапа. Усiх. Нават Шыковiча, якi быў у армii.

Гукан папярхнуўся кефiрам.

А ў гэты момант Яраш у фае палаца раiўся з Кiрылам, якi выканаў сваё абяцанне - з'явiўся паслухаць садаклад сябра. Антон Кузьмiч выказаў сваю боязь, каб калегi не палiчылi яго крытыку Гаецкай за акт помсты. Ён не хацеў бы змешваць асабiстага з грамадскiм. Шыковiч, якi гадзiну гуляў па парку любаваўся залатой восенню i абдумаў цiкавы кампазiцыйны ход для наступнага раздзела сваёй кнiгi пра падполле, быў у бадзёрым i ўзнёслым настроi. Ён бачыў, што Яраш хвалюецца, i як бы радаваўся гэтаму: хоць раз угледзець сябра ў хваляваннi. Кiрыла слухаў яго з iранiчнай усмешкай. Перапынiў нечакана для Яраша, сказаў з вясёлай жорсткасцю:

- Па-мойму, ты робiшся талстоўцам.



Яраш здзiвiўся:

- У якiм сэнсе?

- У гэтым самым сэнсе. Ты мяне здзiўляеш, падпольшчык, дыверсант Яраш. Навука яўна псуе цябе.

Ты - той прыклад, калi iнтэлiгентнасцi замнога, а гэта таксама шкодна. Ды калi яна дала табе аплявуху, пляснi яе пяць разоў. Пляснi так, каб iскры з вачэй пасыпалiся, нягледзячы на яе прыналежнасць...

- Ты так думаеш?

- Я так зрабiў бы. Тут няма чаго размяжоўваць асабiстае i грамадскае.

Пошукi фактаў пра падполле выклiкалi ў Шыковiча гэты ваяўнiча-наступальны настрой. Памяркоўны, ленаваты i лiберальны раней, ён здзiўляўся цяпер сам сабе: адкуль бярэцца такая энергiя, такi iмпэт i рашучасць?

Яраш не паспеў у другi раз перабудаваць свой даклад, а таму гаварыў, амаль не заглядваючы ў напiсанае. Але гэта прыдало выступленню пафасную жвавасць i злосць да тых бюракратычных непарадкаў, якiя мелi месца ў медыцынскiм абслугоўваннi. Нiхто з дэпутатаў не чытаў больш газеты, нiхто не кляваў носам. Разоў колькi яго перапынялi воплескамi.

Тамара Аляксандраўна кляла тую хвiлiну, калi дала згоду заняць старшынскае месца. Сотнi вачэй свiдравалi яе. Яна бачыла ўсмешкi, розныя па сваiх адценнях, ад зларадных да спачувальных.

Дасталося i выканкому гарсавета.

Гукан не глядзеў на Яраша, ён увесь час, яўна i ўпотай, глядзеў на Тарасава: хацеў зразумець па яго рэакцыi, цi не ўзгадняўся садаклад з iм. Калi ўзгадняўся, тады ўсё ясна. Але было падобна, што многiя факты сакратар гаркома чуе ўпершыню. Гэта трохi супакойвала Сямёна Парфёнавiча.

Расчырванелая, узрушаная Гаецкая ў наступны перапынак злавiла Яраша ў фае. Сказала яхiдна, але зноў-такi дэманструючы перад людзьмi сваю блiзасць з iм:

- Ведаеш, Антон, прымаўку: смяецца той, хто смяецца апошнi.

- Уявi сабе, Томачка, што ведаю, - засмяяўся Яраш.

28

Гукану гарком даручыў прысутнiчаць на станкабудаўнiчым заводзе. Мiтынг адбыўся ў апошнi дзень з'езда.

Заводскi двор - мора замасленых кепак i палiнялых касынак. Трыбуна грузавiк з адкiнутымi бартамi - была абсталявана ў глыбiнi двара.

Рашэннi дваццатага з'езда аб кульце Гукан прыняў параўнаўча спакойна. Была кароткая разгубленасць, але нi ў якiм разе не спалох. Магчыма, усе iншыя пачуццi перамагла тады сенсацыйная цiкаўнасць. За пяць год умацавалася перакананасць у тым, што культ сапраўды прынёс шкоду, i ён, Гукан, зусiм шчыра гаварыў пра гэта ў сваiх дакладах i выступленнях. I, здавалася яму, гэтак жа шчыра змагаўся за адраджэнне ленiнскiх норм кiраўнiцтва i жыцця. Рашэнне гэтага, дваццаць другога, з'езда ён таксама прыняў як заканамерную з'яву. Але калi на мiтынгу - першы ж пасля сакратара парткома - Тарас Ганчароў нечакана прапанаваў знесцi заводскi помнiк, Сямён Парфёнавiч неяк балюча скалануўся i... спалохаўся. Не так даўно ён адкрываў гэты помнiк.

Ведаючы, што Ганчароў - прыёмны сын Яраша, ён адразу падумаў: "Адна хеўра. Анархiсты!"

Яму варта было выступiць, ён не выступiў - не ведаў, што сказаць.

Адпусцiўшы машыну, пайшоў пехатой па вулiцах, якiя забудоўвалiся пад яго кiраўнiцтвам. Ён падумаў пра гэта - што амаль увесь новы горад будаваўся пры яго ўдзеле, пад яго кiраўнiцтвам. Ён заўсёды адчуваў сябе гаспадаром горада. Гэта надавала яму ўпэўненасцi, сiлы. I раптам цяпер адчуў, што нiякi ён не гаспадар тут... Але ад гэтага адчування яму зрабiлася страшна. Упершыню ён не радаваўся рашэнням партыi, а ён жа заўсёды лiчыў сябе самым верным яе сынам. Што ж здарылася, Сямён Парфёнавiч? Што змянiлася? Вось ад гэтага яму сапраўды стала страшна, аж кiнула ў пот, хоць апошнi кастрычнiцкi дзень быў ужо амаль па-зiмоваму халодны. Ён падумаў пра Шыковiча i Яраша, падумаў неяк зусiм iнакш, чым думаў дагэтуль, - без сувязi з гiсторыяй, якую расказала Гаецкая, з учынкам Славiка, выступленнем Тараса. Ён пазайздросцiў iм. Лёгка iм жывецца, калi што i няясна, незразумела, то - пра другiх, а ў самiх iх, напэўна, усё ясна i ўсё проста. А вось ён, Сямён Гукан, у самiм сабе не можа разабрацца. Хто i што ён, маленькi чалавек, радавы работнiк? (Ён раптам пачаў думаць пра сябе як пра зусiм маленькага чалавечка.) "З якою радасцю ты зрабiў бы iх правакатарамi". Няпраўда, таварыш Тарасаў! Я нiкога не думаю рабiць правакатарамi! - хацелася крыкнуць яму на ўвесь горад.