Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 83 из 104

Дадому ён прыйшоў разбiты, з галаўным болем. Хацелася легчы ў ложак, выклiкаць лекара.

Жонка яго, Вольга Раманаўна, старая i шчырая работнiца ашчаднай касы, раней газеты толькi праглядала i чытала галоўным чынам фельетоны цi тыя матэрыялы, якiя хто-небудзь перад гэтым параiў. А тут за вялiкiм сталом сядзела абкладзеная кiпамi газет.

Гукан заглянуў цераз жончына плячо, вырваў вачамi абзац, другi. Захацелася яму шчыра, па-сямейнаму, без сведак, пагутарыць з жонкай. Яна, на яго думку, не надта разумная, аднак па-жаночы чулая. За трыццаць год добра вывучыла яго, неаднойчы ў цяжкую хвiлiну суцяшала, можа, i цяпер зразумее, як нялёгка яму.

- Як табе, Оля, падабаецца ўсё гэта?

- Што?

- Ну, з культам...

- А што? Правiльна! Не так трэба служыць народу, каб быць побач з Ленiным, - не ўзняўшы галавы, адказала жанчына.

Сямёна Парфёнавiча чамусьцi ўзлаваў яе такi адказ i тое, што яна не адарвалася ад газеты.

- Разумныя вы ўсе пасталi! Заднiм чыслом. Палiтыкi лiпавыя! Абед давай! Зачыталася!

Здаралася, што раней ён гэтак крычаў на яе, у маладосцi. Але калi выраслi i раз'ехалiся дзецi, а ў iх пасiвелi галовы, Сямён многа год ужо такiм тонам з ёй не размаўляў.

Вольга Раманаўна здзiвiлася. Пiльна паглядзела на мужа. Яна не разумела яго. Чаму ён у такой злосцi, калi ўвесь народ радуецца? Мякка спытала:

- Што здарылася, бацька? Непрыемнасцi?

Яму зрабiлася няёмка, ён памякчэў:

- Нiякiх непрыемнасцей няма. Стамiўся. У сэрца коле.

- Прымi валiдол. Паляжы, пакуль я згатую што-небудзь. Я сапраўды зачыталася.

Ляжаць Сямён Парфёнавiч не здолеў. Лекара не выклiкаў. Пахадзiў па трох пакоях сваёй кватэры, пачытаў газеты, паглядзеў па тэлевiзары канец нейкага замежнага кiнафiльма - нiчога не зразумеў.

Зноў вяртаўся ў думках да заводскага мiтынгу.

Ён не дапускаў думкi, што не згодзен з рашэннем з'езда. Не, ён згодзен. Але ўсё-такi, здавалася яму, нешта рабiлася не так. Асабiста ён так не зрабiў бы.

Вось хаця б з помнiкамi гэтымi... Прыгадалася, што помнiк на плошчы рабiўся ў першы год яго старшынства. Ён, гаспадар горада, прыклаў столькi энергii. Было ўрачыстае адкрыццё. Свята. Мiтынг. Ён казаў прамову, i прамова яго была адной з лепшых. Праўда, напiсаць яе дапамог Шыковiч. Ён, Гукан, пазваў, i той адразу ж з'явiўся, сеў за працу... Быў парадак. А цяпер? Той жа Шыковiч, сярэднi журналiст, паводзiць сябе бог ведае як. Усё хоча перавярнуць дагары нагамi.

Моцна кальнула ў сэрца. Сямён Парфёнавiч прыцiснуў руку да грудзей, быццам жадаючы падтрымаць яго, сваё патрывожанае сэрца.

29

Шыковiч пiсаў дакументальную аповесць пра падполле. Але "белая пляма" група iнфекцыйнай бальнiцы - моцна перашкаджала завяршэнню работы. Уласна кажучы, не было нiякай "белай плямы". Пра гэтую групу ён ведаў цяпер больш, чым пра любую другую. Аднаго толькi не разумеў: навошта гестапа спатрэбiлася такая правакацыя з Савiчам? Гэтага не разумелi многiя. Выказвалi сумненнi. Яны злавалi Кiрылу: жыве яшчэ недавер да людзей! Хiба жывыя людзi - Сухадол, Зося - не самыя лепшыя дакументы? Праўда, нiхто, акрамя хiба Гукана i Рагойшы, так адкрыта не паказваў, што не верыць iх расказам. Аднак недзе памiж радкамi выказванняў самых аб'ектыўных i шчырых людзей Шыковiч чытаў: усё-такi Зося дачка, Сухадол - нейкая лекарка, да таго ж не такая ўжо актыўная падпольшчыца, старая жанчына, якая з-за склерозу i даўнасцi магла шмат што наблытаць.

Урэшце i сам даследчык зразумеў, што не хапае яму той нiтачкi, знайшоўшы якую можна разблытаць увесь клубок. Тут трэба было або шукаць гэтых кончыкаў нiткi, або секчы гордзiеў вузел. Ён шукаў настойлiва, упарта. Ездзiў у цэнтральны партызанскi архiў. Доўга сядзеў там, выкарыстаўшы свой адпачынак. Шукаў падпольшчыкаў. Ах, каб яму далi магчымасць апублiкаваць артыкул! Тады людзi, безумоўна, прыйшлi б самi. Тарасаў абяцаў, але ўсё чамусьцi адцягваў.

Шыковiч у адным памыляўся: яму здавалася, што ўсёй гэтай справай па-сапраўднаму займаецца адзiн ён. Ды яшчэ Яраш. I ўсё. Ён не думаў, што падполлем займаюцца многiя людзi, па розных лiнiях, у розных аспектах. Яго пошукi, магчыма, толькi з'явiлiся тым каталiзатарам, якi паскорыў рэакцыю. Неўзабаве ён зразумеў гэта.

У лiстападзе ўжо, калi за акном лёталi "белыя мухi", пазванiў Сербаноўскi. Кiрыла даўно не бачыўся з капiтанам i ўжо амаль страцiў надзею, што той можа нечым памагчы яму. Сербаноўскi прасiў зайсцi да яго заўтра.

- А сёння нельга? - з нецярплiвасцю спытаў Шыковiч.

- Не, заўтра. У адзiнаццаць.

Капiтан за гэты час зрабiўся маёрам. Вырас. Але здавалася, яшчэ больш схудзеў: глыбей запалi вочы i як бы пабольшалi вушы - адтапырылiся наперад, быццам чалавек насцярожана ўслухоўваўся ў падманную цiшыню. Вiтаючыся, Шыковiч адчуў мазалi на яго далонi, успомнiў пра хворую жонку i пашкадаваў гэтага засяроджанага i, вiдаць, упартага ў любой працы чалавека. Але Сербаноўскi нечакана выявiў даволi бадзёры настрой i добрую, амаль сяброўскую прыязнасць.

- Што маем новае, Кiрыла Васiльевiч?



- Па групе чыгуначнiкаў знайшоў гару новых дакументаў, па групе Савiча... - Шыковiч развёў рукамi. - Акрамя ўсяго iншага, гэтыя людзi здорава ўмелi маўчаць.

- Але, - згадзiўся чэкiст. - Не дзеля ўласнай славы яны змагалiся. I не думалi, што нам з вамi прыйдзецца не спаць начамi, каб даследаваць iх дзейнасць.

Не спыняючы размовы, маёр набраў нумар тэлефона, коратка загадаў:

- Арыштаванага Дымара да мяне.

Шыковiч устрапянуўся:

- Што-небудзь новае?

- Зараз пабачыце i пачуеце, - усмiхнуўся Сербаноўскi. Падняўся з-за стала, пацягнуўся, падышоў да акна i адчынiў фортачку. - Як ваш сябра Яраш жыве?

Шыковiч насцярожыўся: цi не дайшла i сюды, у гэты старажытны будынак, плётка пра сувязь Антона о Зосяй? Адказаў жартам:

- Рэжа людзей без лiтасцi.

- Мне Вагiн расказваў: здорава ён выступiў на сесii. Малайчына!

- Але. Прыйшлося каму-нiкаму пачухацца.

Пастукалi ў дзверы.

- Заходзьце! - гучна крыкнуў Сербаноўскi. Хутка ўзяў ад сцяны крэсла, паставiў на вугал стала, з таго боку, дзе сядзеў сам. Кiўнуў Шыковiчу: - Сюды, калi ласка...

Кiрыла хутка перасеў.

Ён чакаў убачыць у арыштаваным грамiлу з бандыцкай мордай, а ўбачыў раптам у дзвярах старога - сiвога, сухога, з пакорлiва-дабрадзейным выразам твару. Салдат з аўтаматам на грудзях пачаў дакладваць:

- Таварыш маёр...

Сербаноўскi спынiў яго знакам рукi:

- Пасядзiце ў калiдоры.

- Слухаюся, таварыш маёр! - Шчоўкнулi абцасы, бясшумна зачынiлiся дзверы.

Стары, як бы раптам успомнiўшы, сарваў з галавы кепку:

- Добры дзень, грамадзянiн следчы.

- Добры дзень, - адказаў Сербаноўскi як быццам i ветлiва, але Шыковiч адразу адчуў знявагу i агiду ў яго голасе.

Маёр стаяў каля акна, залажыўшы рукi за спiну. Шыковiч упершыню ўбачыў яго такiм - высокiм, стройным, паважным i нават гордым, магчыма, за сваю нялёгкую, але пакуль што вельмi патрэбную прафесiю. Ва ўсякiм разе, у гэты момант ён зусiм быў не падобны на таго сутулага, са змораным тварам капiтана, якога Шыковiч некалi сустракаў на вулiцы i чамусьцi неўзлюбiў завочна, пакуль не пазнаёмiўся, не пачаў разам працаваць.

- Сядайце, - паказаў Сербаноўскi арыштаванаму на крэсла, што стаяла амаль пасярод пакоя.

Стары цяжка ўздыхнуў i сеў. Маёр прайшоў мiма яго i зайшоў з другога боку стала на сваё месца.

"Няўжо гэты дзядуля сур'ёзны злачынца? - думаў Шыковiч, разглядаючы арыштаванага. - Такi бяскрыўдны твар. Тонкiя кiсцi, пальцы рук, як у музыкi. Няўжо з iнтэлiгентаў? Не, ёсць у iм нешта лакейскае. Хутчэй афiцыянт якi-небудзь. Сумеў агледзець мяне так, каб не сустрэцца позiркамi. Ацанiў касцюм".

Сапраўды, сiвы дзядуля прыкiнуў па адзенню: хто гэты другi - цывiльны цi пераапрануты чэкiст? Пазнаваць людзей па вопратцы ён умеў добра.

- Грамадзянiн... - Сербаноўскi як бы забыўся прозвiшча i заглянуў у паперы, - Дымар-Сокалаў-Беразоўскi... Я ўсё забываю, якое з гэтых прозвiшчаў ваша сапраўднае?