Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 81 из 104

Яна з'явiлася ў дзвярах спальнi ў чорным фартушку, з банцiкам у косах, стройная, высокая (у бацьку пайшла), з ласкавай усмешкай на твары.

- Добры дзень, тата. Мы не бачылiся сёння, - падбегла, паднялася на пальчыках, чмокнула ў шчаку.

- Твой тата падлюга! - не вытрымала Галiна Адамаўна, каб не шыбануць у мужа самы цяжкi камень. Яна не чакала, што камень можа паляцець у яе.

Наташа адступiла ад бацькi, агледзела яго, потым - мацi. I зноў да бацькi. Абняла за шыю, закрычала:

- Няпраўда! Няпраўда! Няпраўда! Ён добры, ён разумны. А ты... ты... неразумная... ты - раўнiвая. Ты атручваеш яму жыццё.

- Наташа! Наташка! Хiба можна! Сцiхнi! - Антон Кузьмiч сварыўся на яе, але прыцiскаў да сябе. Гладзiў худзенькiя плечы i адчуваў, што сам захлынаецца слязамi.

Дачка вырвалася, выбегла з пакоя.

Галiна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ.

Валянцiна Андрэеўна атрымала ананiмнае пiсьмо. Немагчыма растлумачыць, чаму Гаецкая жанчынам, якiя сябравалi памiж сабой, паведамiла па-рознаму: адной - яўна, другой - ананiмна.

Нельга сказаць, што Валянцiна Андрэеўна нiколi не раўнавала Кiрылу. Усё было ў жыццi. На тое яно i жыццё. Але яна нiколi не трацiла розуму i здольнасцi разважаць, аналiзаваць. Быў у яе вопыт i добрая жаночая мудрасць. Калi нiводзiн лекар не задумаўся, колькi патрэбна часу, каб пасля такой аперацыi чалавек вярнуўся да нармальнага, не, ненармальнага, вясёлага жыцця, то яна адразу ж падумала пра гэта i першаму, чаму не паверыла, - сувязi Яраша з Зосяй. Кiрыла i Маша?.. Прыпiсалi б яе мужу любую другую жанчыну, у Валянцiны Андрэеўны, магчыма, яшчэ ўзнiклi б нейкiя падазрэннi: не бывае дыму без агню. Але Маша... Яна бачыла дзяўчыну адзiн раз, ведала, што яна сустракалася з Тарасам i Славiкам. I раптам - Кiрыла. Не, не, не! Яна з агiдай, з нянавiсцю да ананiмшчыка адганяла гэтую брудную плётку. Яна палюбiла Машу, паверыла ў яе розум, у яе дзявочую сумленнасць i чысцiню, iнтуiтыўна, чуццём педагога, адчувала, што такая натура нiколi не зробiць подласцi. Валянцiна Андрэеўна любiла людзей i верыла iм.

Увечары яна паказала пiсьмо Кiрылу. Пакуль ён чытаў, яна ўважлiва сачыла за выразам яго твару. Спачатку ён пачырванеў, потым пабляднеў, спацеў. Як бы вытлумачыла гэта тая ж Галiна Адамаўна! Валянцiна Андрэеўна ўбачыла iншае: здзiўленне i абуранасць. Дачытаўшы да канца, ён разгублена паглядзеў на жонку.

- Чорт ведае што такое! Падумай толькi, якая душа павiнна быць у чалавека, каб з усiх гэтых фактараў зрабiць такiя высновы. Вырвалi мы ёй кватэру, куплялi мэблю, прывезлi яе з бальнiцы, былi яшчэ разы два. Ты чытала яе расказ... Але, прыязджалi яны з Антонам па грыбы... Ну i што? Гэта - яна, Гаецкая. Недарэмна Антон так не любiць гэту бабу.

- Увогуле ты, Кiрыла, ласы на каўбасы. Гэта я ведаю. На кожную прывабную кабету зiркаеш як кот на сала.

- Валя!

- Але не бойся. Гэтаму пiсьму i я не веру. Не таму, што ў табе вельмi ўпэўнена. Не суцяшайся. Веру iм - Зосi, якую знаю па тваiх расказах, i Машы...

Кiрыла з палёгкай уздыхнуў.

- Ведаеш, пра што я падумаў? Чаму ў такiх разумных бацькоў, як мы з табой, не вельмi разумныя дзецi?

- Што табе трэба ад тваiх дзяцей? - адразу спахмурнела i ўзлавалася Валянцiна Андрэеўна. - Розум прыходзiць з гадамi. У цябе яго i цяпер не надта, калi ты пра яго такой высокай думкi.

Пра ўсё яна магла гаварыць разважлiва i спакойна. Але няхай нiхто не чапае яе дзяцей, нават iх родны бацька.

Кiрыла зразумеў, што зрабiў не той паварот i не так, як трэба, злiслiвiў перад жонкай.

- Ну, добра, добра. Не злуй. Чаму ты думаеш, што я так ужо дрэнна думаю пра сваiх дзяцей? Я проста хачу, каб яны былi лепшыя за нас.

Валянцiна Андрэеўна чамусьцi цяжка ўздыхнула.

- Ёсць, Кiрыла, норма чалавечых якасцей? Хiба дрэнны чалавек Галiна Адамаўна? Але ўяўляю, што з ёй робiцца, калi такое агiдненькае пiсьмо прыслалi i ёй.

- Няўжо можна паверыць гэтаму?

- Ты не ведаеш яе. Нам трэба зараз жа схадзiць да iх.

На iх званок адчынiла Наташа. У дзяўчынкi быў такi выгляд, быццам яна толькi што вярнулася з пахавання кагосьцi блiзкага.

- Тата дома?

Яна кiўнула галавой.



- А мама?

- I мама.

Антон Кузьмiч сядзеў у сваiм застаўленым кнiжнымi шафамi кабiнеце i бяздумна гартаў альбом Траццякоўскай галерэi.

Галiна ляжала ў спальнi. Яна не хацела бачыць нi мужа, нi дачкi - гэтага "Ярашавага кодла", як яна пасля крычала ў iстэрыцы. Каля яе быў адзiн Вiця, далiкатны, цiхi, асцярожны ў сваiх пачуццях i меркаваннях. Можа, праз гэта Галiна Адамаўна больш любiла сына, чым рэзкую, нявытрыманую дачку. А Ярашу, наадварот, якраз гэтая рыса не падабалася ў сыне.

Валянцiна Андрэеўна, умiг зразумеўшы становiшча, адразу пайшла да сяброўкi. Кiрыла, убачыўшы, у якiм настроi Яраш, паспрабаваў жартаваць, весела спытаў:

- Што? Выдала?

Антон Кузьмiч сцiснуў рукамi скронi, на твары яго была пакута.

- Жах! Калi гэта будзе паўтарацца, калi так будзе далей - немагчыма жыць, працаваць...

Шыковiч адкiнуў прэч свой гуллiва-жартаўлiвы тон. Пэўна, справа сур'ёзная, калi нават Яраш, якi да ўсiх нягод ставiўся з гумарам, так перажывае. Кiрыла ўпаў у крэсла насупраць сябра. Пстрыкнуў партсiгарам.

- Ты мне растлумач. Чым ты вiнаваты перад ёй, што яна так не верыць?

- Не хапае iнтэлiгентнасцi. Звычайнай культурнасцi. Усё няшчасце наша, што мы не выхавалi ў нашай iнтэлiгенцыi неабходнай iнтэлiгентнасцi. Адгэтуль дзiкая рэўнасць маёй жонкi, дзiкая подласць Гаецкай, усё што хочаш.

Яны доўга гутарылi пра гэта. Можа, праз добрую гадзiну Валянцiна Андрэеўна паклiкала iх у спальню.

- Ну вось што, хлопчыкi, - сказала яна двум сталым мужчынам, як малым. Сядайце i расказвайце. Толькi не круцiце хвастамi, а то надзяру вушы.

Яны расказвалi, дапаўняючы адзiн аднаго, да позняй ночы.

Здавалася, наступiла прымiрэнне.

27

Старшынёй сесii выбралi Гаецкую. З'яўленне яе за сталом прэзiдыума дэпутаты сустрэлi вясёлымi апладысментамi. Раней увесь час старшынёй выбiралi мужчыну, сакратаром - жанчыну. На мiнулай сесii нехта з дэпутатаў зрабiў заўвагу аб такiм парадку. I вось упершыню зрабiлi наадварот.

Тамара Аляксандраўна са сцiплай усмешкай кiвала галавой у залу i крышку даўжэй, чым трэба, цiснула руку сакратару - зусiм юнаму электразваршчыку будаўнiчага трэста. Яна ўмела паказаць сябе людзям! Прыемным голасам абвясцiла парадак i рэгламент. Усё было распiсана, звыкла, i нiхто не чакаў, што могуць быць заўвагi па парадку. Ды раптам падняўся Яраш i сказаў, што яму для садаклада патрэбна не дваццаць хвiлiн, як прапануюць, а мiнiмум гадзiна - ёсць што сказаць пра медыцынскае абслугоўванне гараджан.

Зала загудзела. Такiя з'явы здаралiся рэдка.

Нехта кiнуў уголас:

- Чаму раней не дамовiлiся?

Гукан падхапiўся, каб адхiлiць просьбу Яраша: будзе грунтоўны даклад загадчыка аддзела i няма патрэбы гэтулькi часу даваць садакладчыку. Але яго апярэдзiла Гаецкая. З абваражальнай усмешкай сказала:

- Я думаю, дамо доктару Ярашу гадзiну. Пытанне важнае, а ён наш лепшы спецыялiст. Хто "за" - прашу падняць рукi.

Работнiкi гарсавета, лекары прагаласавалi з-за пэўнай цiкавасцi, усе другiя - з павагi да вядомага хiрурга.

А сам Яраш раптам падумаў, што не трэба яму гадзiна. У садакладзе яго, якi напiсаны даўно, добрыя хвiлiн дваццаць адводзiлiся трэцяму клiнiчнаму аб'яднанню, якiм кiравала Гаецкая. Як будзе вытлумачана цяпер такая жорсткая крытыка яе дзейнасцi? Яшчэ да пачатку сесii па тым, як вiталiся з iм знаёмыя, ён зразумеў, што "царыца Тамара" не абмежавалася яго жонкай i жонкай Шыковiча. Кругi ад яе плёткi-каменя шырока разыходзяцца.

Што рабiць?

Майстар у сваёй справе, Яраш быў не надта вопытны ў выступленнях. Шкада, што няма побач Кiрылы, той добра ведае "псiхалогiю сходаў". Але хiтрун з'явiўся, пазубаскалiў з дзяўчатамi, якiя рэгiстравалi дэпутатаў, атрымаў блакнот i карандаш i знiк. У яго прынцып: "На ўсiх пасяджэннях не перасядзiш, усiх дакладаў не пераслухаеш". Праўда, на яго, Ярашаў, садаклад абяцаў прыйсцi.