Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 39 из 104

А калi выпiлi i закусiлi, то сцiхлi, абмяклi. Дзiўная з'ява! Здарылася гэта таму, што хлопцы пiлi вельмi стрымана - толькi вiно i не асушвалi чаркi да дна. Было ў iх такое правiла. Не запiсвалi яго нi ў якiя абавязацельствы, але дамовiлiся памiж сабой: аскетамi не будзем, аднак у любых абставiнах, у любой кампанii, на любым вяселлi кожны павiнен помнiць пра сваё высокае званне.

Славiку ўдалося глытнуць каньяку з бутэлькi яшчэ да таго, як селi за стол. Мабыць, бацька i мацi здагадалiся пра гэта i цяпер пiльна сачылi за iм. Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны i пагрозлiвы бацькаў позiрк. "Стары конь", як ён у кампанii сяброў часам называў бацьку, сядзеў як на старшыньскiм месцы i добра бачыў увесь стол. Бутэлька з гарэлкай абмiнула Славiка першы раз i другi. Сусед злева, доўгi, сутулы слесар-зборшчык, смешны на выгляд i са смешным спалучэннем iмя i прозвiшча - Генрых Варэнiк, налiў яму яблычнага вiна, якое хлопцы прывезлi з сабой. Славiк выпiў, паморшчыўся, быццам воцату каўтнуў:

- Дрэнь. - I папрасiў Машу, якая сядзела побач з другога боку, каб падала бутэльку з гарэлкай. - Давай, сусед, лепш вось той божай слязы...

Маша пацягнулася за бутэлькай, але яе перахапiла Iра i перадала Тарасу далей ад брата. Славiк зразумеў, што супраць яго змова. Жэстамi паказаў Тарасу: дай нам з Генрыхам.

Але гэты "сагнуты Варэнiк" запярэчыў:

- Не трэба. Я не п'ю.

Славiк узлаваўся. Зашыпеў яму на вуха:

- Не п'еш?

- Не.

- Хлусiш. Я ж бачу, як ты каўтаеш слiну.

Генрых збянтэжыўся, пачырванеў, як дзяўчына. Яго выручыў сябра - бялявы, прыгожы, памяркоўны з выгляду Iван Ходас. Ён пачуў, што сказаў Славiк, нахiлiўся да яго за спiной Генрыха i пагрозлiва прашаптаў:

- Мы такiх разумнiкаў бачылi. I ведаем, чаго варта твая "шчырасць".

- Чаго? - натапырыўся Славiк.

- Я асабiста сапсутай гайкi за яе не дам.

- А я плюю на вашу крытыку.

- Ты дзе вырас такi? На Брадвеi? Мне шкада цябе.

- Пашкадуй сваю маму.

- Хлопцы! Хлопцы! - прасiў Генрых.

- Вось такiя на родную маму гатовы плюнуць.

А мацi ўжо тут. Валянцiна Андрэеўна непрыкметна падышла ззаду, паклала адну руку на плячо сыну, другой дакранулася Iвана.

- Што ў вас, хлопчыкi? Можа, чаго не хапае?

- Не. Дзякуем, Валянцiна Андрэеўна. Гэта мы з-за футбола паспрачалiся. Якая каманда сёння выйграе.

"Здзекуецца, гад", - ажно перасмыкнула Славiка. Ён налiў сабе таго ж паганага вiна i дэманстратыўна, на злосць усiм, выплеснуў у рот.

Маша, якая чула ўсю iх размову, цiха сказала:

- Ты задзiрысты певень.

- А ты рыжая курыца.

Яна бяскрыўдна засмяялася. А ў Славiка ўжо залез чорцiк: хлопцу хацелася ўсiх крыўдзiць i каб да яго таксама чаплялiся. Тое, што Маша не пакрыўдзiлася за "рыжую курыцу", трохi абяззброiла яго. Ён надзьмуўся, прыслухаўся да застольнай гаманы.

- Мы можам выхоўваць чалавека ў сваёй брыгадзе. А выхоўваць начальнiка змены, iнжынера - нам, рабочым!.. Яго iнстытут не выхаваў, - даводзiў Тарасу яго сусед, самы старэйшы з iх брыгады, мужчына з тварам баксёра (нават нос сплюснуты) - Васiль Лапацiн. Ён прыехаў з жонкай. Славiк заўважыў, што дзябёлая, здаецца, цяжарная жанчына сама ела мала, сарамлiва, а мужу падкладвала смачнейшыя i большыя кавалкi i ўвесь час непрыкметна падлiвала вiна. Ён выпiваў цiшком, як ваду. Славiка гэта развесялiла.

"Вунь вашы праведнiкi як дзейнiчаюць", - хацелася яму сказаць Генрыху. Але той шаптаўся з Iванам.

- Талстоўская фiласофiя ў цябе. Часам трэба i па мордзе даць.

"Пра мяне, гады. Паспрабуй даць".

- Я Волгу пераплываў...

- Дзе? Каля вытоку?

Самыя малодшыя, сярод iх i Вiктар, жартуюць на другiм канцы стала, у iх свая тэма: спорт, рэкорды, галубы.

"Нецiкава. Я вырас з гэтых штаноў".

- Наташка, наелася? Бяжы гуляй.



- Што ты, тата? Я ж люблю гасцей. Ты хiба не ведаеш?

- Гасцiнная натура!

- Аднойчы на iмянiны яна запрасiла два класы - свой i паралельны. Помнiш, Антон?

- У нас Славiк быў такi.

"Быў... Быццам мяне пахавалi".

- Хлопчыкi, ешце. Усё, што на стале, павiнна быць з'едзена. Кiрыла, прапануй тост.

- Праўда, ён цiкавы, Косця? Як цыган. Глядзi, якiя вочы. Як вуглi. А зубы якiя!

"Наiўна, але правiльна, сястра. Хвалi другiх, каб адвесцi ад таго, з каго сама не спускаеш вачэй".

Славiку рабiлася нудна, i ён пачаў шукаць, чым бы пазабаўляцца. Падсунуўся блiжэй да Машы, дакрануўся нагой да яе нагi. Яна строга глянула на яго i адсунулася да Iры.

Яраш з цiкавасцю прыглядаўся да моладзi. Пасля размовы з Машай, калi ён адчуў раптам разрыў памiж такiмi, як яна, i сабой, яго зацiкавiла моладзь. Уся моладзь: маладыя лекары, сёстры, санiтаркi... Але сябры Тараса асаблiва. Рабочы клас. Творцы матэрыяльных каштоўнасцей.

Пакiнуўшы Майзiса i яго жонку, якая стаiла крыўду, Яраш ганяў з хлопцамi па выкашаным лузе мяч, спаборнiчаў у плаваннi, загараў. Услухоўваўся ў iх размовы. Але на адпачынку словы i думкi былi лёгкiя, як той мяч, што ганялi. Ён не верыў, што можна пагаварыць сур'ёзна цяпер за сталом, але паспрабаваў арганiзаваць такую размову. Пастукаў вiдэльцам па пляшцы, просячы цiшынi. Моладзь адразу ўгаманiлася, бадай, хутчэй, чым перад тостамi Шыковiча.

- Хвiлiначку, сябры. Сумнавата робiцца за нашым сталом. Сепаратныя размовы, шаптанне... Давайце паспрабуем пагаварыць калектыўна. Пра што? Адкажам, напрыклад, на такую анкету: мае мары, маё ўяўленне пра будучыню, чаго я хачу, да чаго iмкнуся. Ша! Не хаваю нашага з Кiрылам Васiльевiчам хiтрага намеру - выпытаць пра вашы мары. Мы тут з iм часта спрачалiся наконт iдэалаў маладога пакалення. Толькi ўмова: адказваць шчыра, не баючыся, што адказы вашы трапяць у друк. Карэспандэнтаў тут няма.

- А Кiрыла Васiльевiч?

- Ён без пяра. Акрамя таго, у яго прынцып: калi ем...

- То глух i нем. Адно мурлыкаю, як кот.

Засмяялiся, заварушылiся, трохi ўзрушаныя нечаканай прапановай. Кожны, безумоўна, адразу падумаў: пра што сказаць? Хiба мала iх, мар? А якая галоўная?

Славiк хмыкнуў. I здзейснiў намер, якi з'явiўся хвiлiн колькi назад: апусцiў руку пад стол, дакрануўся да Машынага голага калена. Яна ўздрыгнула, тузанулася, ушчыпнула яго за руку. Сказала спакойна:

- Славiк, схопiш аплявуху.

Iра здагадалася, што ён зрабiў, i вочы яе пад шкламi акуляраў сталi жоўтымi ад гневу.

- Славiк! Паскуда! Я маме скажу.

- Закрычы, ябеда. Ты ўсё жыццё нагаворвала.

Бацькi ўжо звярнулi ўвагу на iх злоснае перашэптванне. Валянцiна Андрэеўна зноў падышла да сына, ласкава папрасiла:

- Прынясi, сыне, пiва з пограба.

- Чакай, паслухаю людзей будучага.

- Дык хто пачне, хлопцы? - запрашаў Яраш.

- Косця! - падказала жонка Лапацiна.

Той самы Косця, якiм захаплялася Iра, маленькi, рухавы, смяшлiвы i самы малодшы ў брыгадзе, падскочыў, як школьнiк. Чорныя вочы яго загарэлiся, як вугалькi. Можа, ён не адразу зразумеў, што ад яго патрабуюць.

- Сядайце, Косця. Што вы! - адразу запярэчыла Валянцiна Андрэеўна. - Гэтак будзе не сяброўская гутарка, а непрыемны экзамен. Ты сам, Антон Кузьмiч, пачнi.

- Не, я пасля скажу, пра што я марыў, калi мне было столькi ж гадоў. Параўнаем...

- Я скажу, - адгукнуўся Косця. - Я думаю пра ўсё... Пра дзяўчат...

- Вось гэта шчыра! - засмяяўся Славiк.

Але яго смеху не падтрымалi, можа, таму, што Косця тут жа запэўнiў горача, з дзiцячай непасрэднасцю:

- Я хораша думаю пра дзяўчат... Жанчына дае жыццё i красiць яго, усё прыгожае ад жанчыны. Я многа думаў пра касмiчныя палёты. Але, ведаеце, самому мне чамусьцi не хочацца ляцець туды.

- Баiшся? - зноў гукнуў Славiк i быў рады, што ў гэты раз выклiкаў смех.

- Не, не баюся. Але я люблю зямлю... дрэвы i кветкi. Для мяне найвялiкшая радасць бачыць вось гэты лес. Я так мяркую, што ў камунiзме ўсе людзi павiнны жыць сярод дрэў i кветак. Тады ўсе стануць добрыя, вясёлыя...