Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 40 из 104

- Правiльна! Я таксама за тое, каб усе сталi дачнiкамi.

- Слава! Вылецiш з-за стала, як корак з бутэлькi, - не стрымаўся ўрэшце Шыковiч-старэйшы.

- Маўчу, як фаршыраваная рыба. - Славiк зацiснуў рот далоняй.

- Карацей кажучы, я хацеў бы пажыць у грамадстве, дзе не будзе людзей злосных, несправядлiвых, дурных, несумленных...

- У Косцi хрысцiянская мараль, - перапынiў сябра Iван Ходас. - Яму здаецца, што такое грамадства нехта падасць на талерцы, калi ласка, Косця, жывi, расцi кветачкi, гадуй дзетачак... А для мяне - радасць у змаганнi. I я думаю, што камунiзм - гэта найвышэйшая форма барацьбы.

- Супраць каго?

- За што?

- Супраць дурняў, бюракратаў, дармаедаў... Я не кажу ўжо пра ворагаў знешнiх, iмперыялiстаў розных...

- А калi iх не стане? Знiшчым?

- Ага!

- Я не заглядаю так далёка! I ў царства ўсеагульнага цалавання не веру. I сярод анёлаў жыць не жадаю! Нудна. Я сам злосны i, магчыма, бываю несправядлiвы. Малы быў - маму крыўдзiў. Дык што ты, i мяне знiшчыш? - горача насядаў Ходас на Косцю.

- Завёўся ўжо! - папракнула яго Вера, жонка Лапацiна.

Iван асекся, павярнуўся да гаспадароў: як рэагуюць яны? Яраш з ухвалой кiўнуў галавой. Шыковiч сказаў:

- Я згодзен, Iван. Камунiзм пабудуюць не святыя, а мы з вамi, кожны са сваiм характарам, даволi часта вельмi супярэчлiвым i складаным. Але бясспрэчна i тое, што мы павiнны стаць лепшымi, чым ёсць. Пазбавiцца перажыткаў... Як гэта зрабiць хутчэй? Што, па-вашаму, мае першаступеннае значэнне ў выхаваннi камунiстычнай культуры пачуццяў?

Iван задумаўся. I ўсе змоўклi, задумалiся таксама.

- Калектыў, - першы адгукнуўся Тарас.

- Праца, - амаль адначасова з iм выказаўся Лапацiн, прынiмаючыся за кавалак пiрага, якi падсунула яму клапатлiвая жонка.

- Барацьба! - не адступаў Ходас ад сваёй пачатковай думкi.

- Праўда! - Славiк сказаў гэта сур'ёзна, цвёрда, пераканана. - Пакуль будзе ханжаства, падман...

Кiрыла Васiльевiч пераглянуўся з жонкай i, вiдаць, хацеў нешта адказаць сыну. Але перапынiў Косця.

- Любоў! - крыкнуў ён.

Усе маладыя засмяялiся. Акрамя Славiка.

- Цябе ўсё-такi хiлiць да Езуса, - падкалоў сябра Iван.

- Чаму любоў, Косця? Растлумач!

- Любоў не ў вашым вузкiм разуменнi. А наогул. Любоў з вялiкай лiтары. Да радзiмы, да працы, да людзей, блiзкiх i далёкiх...

- Якая шчодрая душа, - з добрай усмешкай сказала Галiна Адамаўна так, што пачулi толькi свае - Майзiсы i Шыковiч. - Можна падумаць, што яго нiхто нiколi не крыўдзiў.

- Прадстаўнiк пакалення, якое не ведае, што такое нянавiсць. - I на поўны голас да Косцi i да ўсiх: - Па-мойму, Косця, такая любоў - гэта мэта, а не сродак. Тое ж самае i твая праўда, Славiк. Да такой праўды i такой любовi мы прыйдзем... Безумоўна, Iван, праз барацьбу з маральнымi заганамi i ўсiмi тымi, хто будзе перашкаджаць... I, напэўна, маюць рацыю таварышы, Тарас, Васiль Пятровiч, што праца... праца ў калектыве... грамадска карысная - галоўны фактар. Раз Шыковiч павярнуў на тэорыю, няхай ён падводзiць вынiкi. А мне хацелася пачуць ад вас больш простыя адказы. Каб кожны пра сябе. I я скажу пра сябе. Планы, мары, жаданнi... Вось Генрых маўчыць...

Генрых, якi сапраўды не сказаў нi слова, пачырванеў, збянтэжана ўсмiхнуўся. Сябры скiравалi на яго позiркi, чакалi яўна з цiкавасцю. Ён прыгладзiў дзвюма далонямi валасы i затрымаў рукi на патылiцы.

- Мары, яны не пастаянныя, Антон Кузьмiч. Калi я быў вучнем, то вельмi любiў чытаць раманы. Ну, Вальтэра Скота, Дзюма... I мне страшэнна хацелася быць рыцарам, выратаваць прынцэсу - абавязкова прынцэсу! Не нiжэй! - i... жанiцца на ёй.

Моладзь стрымана засмяялася.



- А цяпер я штоноч сяджу над тэорыяй машынабудавання, супраматам, мару, як бы хутчэй здаць экзамены, стаць iнжынерам i... жанiцца на Зоi Крахмалавай.

Выбухнуў такi рогат, што з-пад стала спалохана выскачыла кошка. Гаспадары i Майзiсы не разумелi прычыны гэтага рогату, а таму ветлiва ўсмiхалiся весялосцi моладзi.

Вера, выцiраючы слёзы, тлумачыла iм:

- Ён заўсёды так, маўчыць, маўчыць, а потым як ска-а-жа...

А Генрых павярнуўся да Славiка i сказаў яму:

- Твая чарга. Па парадку.

- Я? - здзiвiўся Славiк, тыркнуўшы сябе ў грудзi пальцам. - Чаму я? Пра што мару? Нi пра што! Хачу? - Ён абвёў дзёрзкiм позiркам усiх, хто сядзеў за сталом, - ад бацькi да Косцi, потым павярнуўся да Машы i сказаў быццам ёй адной: - Хачу паляцець у космас. У пустату. Дзе б нiхто не дапытваў i не чытаў "маралаў".

Усе сцiхлi, усiм зрабiлася няёмка, бо ведалi, што хлопец толькi што адбыў пакаранне за свае паводзiны. З далiкатнасцi нiхто не напамiнаў яму пра гэта. Шанавалi бацькоў - паважаныя людзi.

Усе бачылi, як уразiлi iх раздражнёныя сынавы словы. Асаблiва мацi. Валянцiна Андрэеўна, схаваўшы вочы, сцiснула мужаву руку, молячы яго маўчаць.

Каб загладзiць няёмкасць, Маша вырашыла перавесцi ўвагу на сябе, сказала весела, гарэзлiва:

- А я ведаеце пра што мару? Выйсцi замуж за добрага, разумнага чалавека i нарадзiць добрых, разумных дзяцей.

Хацела, каб гэта прынялi як жарт, але сустрэлася вачамi з сур'ёзным i здзiўленым позiркам Наташкi i... збянтэжылася, загарэлася ўся, бо здалося ёй, што сказала пры малой непрыстойнасць. Пэўна, праз гэтую яе збянтэжанасць нiхто не пачаў жартаваць з такога прызнання. Нават усмешак яна не ўбачыла. Стрыманасць такая iшла ад той жа далiкатнасцi. Але Машы яна здалася дакорам агульным. Чаму яны такiя сур'ёзныя? Чаму так свiдруе яе позiркам жонка Яраша? Праўда, сам Антон Кузьмiч падтрымаў яе:

- Вось гэта зямная мара! - i яшчэ нешта сказаў.

Але Маша не пачула. У вуха ёй горача дыхнуў Славiк:

- Хочаш, я зраблю табе дзiця? - i зноў дакрануўся рукой да калена.

Цынiчны шэпт яго i дотык абразiлi дзяўчыну, i яна здзейснiла сваю пагрозу - пляснула яму па твары. Не моцна. У другiх абставiнах магло б сысцi за жарт. Але ў той момант аплявуха прагучала, як гарматны стрэл.

Аглушыла i сталых i маладых. На мiг усе застылi. Першая падхапiлася Iра. Крыкнула брату:

- Хам! - i выскачыла з-за стала.

Пагрозлiва павольна падняўся Шыковiч. Жонка паспрабавала стрымаць яго, ён тузануўся ўсiм целам, як бы вырываючыся. Але сказаў спакойна, амаль весела:

- Хадзем, Уладзiслаў, пагаворым, - i рушыў да дачы. Не азiраўся, цi iдзе Славiк за iм, не чуў, як той, весела падмiргнуўшы хлопцам, кiнуў: "Iду на эшафот", не бачыў будынка, лесу, неба i сонца, усё кiпела ў яго грудзях. Калацiлася сэрца, млелi ногi...

Толькi ў пакоi Кiрыла павярнуўся i ўбачыў, што Славiк стаiць на парозе, засунуўшы рукi ў кiшэнi штаноў. Такая нахабная пастава яшчэ больш абурыла.

- Падыдзi блiжэй! - працадзiў ён праз зубы.

Славiк, iранiчна ўсмiхнуўшыся, не ступiў тры крокi, а, здавалася, павольна прасунуўся, як на лыжах. Магчыма, каб не такая яго ўсмешка, усё было б, як многа разоў дагэтуль: успыхнуў бы феерверк гнеўных слоў i... патух. Нi разу Кiрыла не падымаў на сына руку. Не мог, бо любiў яго. Але тут сарвалася апошняя кропля цярпення.

- Рукi з кiшэняў! - грымнуў ён i, не дачакаўшыся, пакуль сын выканае загад, схапiў за адварот тэнiскi, iрвануў на сябе. - Ты! - I з усяго размаху садануў правай рукой у скiвiцу.

Славiк адляцеў да дзвярэй, ударыўся спiной аб вушак, споўз на падлогу, войкнуў, схапiўся за шчаку. У той жа мiг у дзвярах з'явiлася мацi. Загарадзiла сабой сына, замалiла да мужа:

- Што ты робiш, дурны? Пасаромейся!

- Змоўкнi! - у страшэнным гневе закрычаў Кiрыла. - Абаронца! Ты бачыш, да чаго давяла твая абарона? Шчанюк! Ты доўга будзеш ганьбiць добрае iмя бацькi, мацi, сястры? Хто цябе выгадаваў такога?!

- Не крычы! Людзi, - зморшчылася Валянцiна Андрэеўна, заклапочана схiлiўшыся над Славiкам, якi сядзеў нерухома, рукамi закрыўшы твар.

- Табе сорамна людзей, калi я крычу? А за яго табе не сорамна? Пашкадуй, пашкадуй яго, вытры соплi, ён табе не адну яшчэ пiлюлю падсуне. Герой! На што ты здатны? Што ты ўмееш? Толькi можаш, што паскудзiць, як шалудзiвы кот.