Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 38 из 104

- Мама! Я не сплю? Адкуль узялося гэтае дзiўнае стварэнне? - I да Машы: Слухайце, вы ж незямная. Я вас часта снiў. Я снiў марсiянак. I ўсе яны падобны на вас. Далiбог жа, праўда? Не, скажыце шчыра, вы адтуль? - Ён паказаў на неба i зарагатаў.

- Славiк! - сурова спынiла мацi. - Вядзi сябе прыстойна.

- А хiба я сказаў што-небудзь непрыстойнае? Клянуся, я шчыра перакананы, што яна адтуль. На зямлi я такiх не страчаў.

Машу абразiла, як бесцырымонна, не пазнаёмiўшыся нават, гэты юны шалапут разглядае яе. Абразiла i ўся яго недарэчная балбатня. Яна застыла на мiг, а потым падняла руку, прыклала далоню да шчакi, нiбы мацаючы, цi не гарачая. Сказала не яму - Валянцiне Андрэеўне:

- А я такiх страчаю штовечар. У парку. I заўсёды п'яненькiх.

Словы яе ранiлi сэрца мацi. Валянцiна Андрэеўна адчула непрыязь да дзяўчыны. А са Славiка - што з гусi вада. Ён галантна пакланiўся, шаркнуўшы нагой па сухой траве:

- Дзякую за высокую атэстацыю.

Мабыць, адчуўшы настрой мацi, баючыся, што Маша зноў скажа што-небудзь непрыемнае, Iра павярнула знаёмства на звычайны мiрны шлях:

- Мой брат. Уладзiслаў. Ён добры, толькi крыўляка.

- Ура! - гукнуў на ўвесь лес Славiк. - Мая дарагая сястра прызнае мяне добрым. У такi дзень! Прагрэс!

- А гэта - Маша.

- Маша?

Мабыць, Славiку сапраўды здавалася, што ў дзяўчыны ўсё незвычайнае, i такое простае iмя як бы працверазiла яго. Ён зусiм сур'ёзна працягнуў ёй руку. Маша нейкi момант вагалася - падаваць руку цi не. Гэта спалохала Валянцiну Андрэеўну. Што, калi яна не падасць рукi? Якая будзе абраза для хлопца. Яе заўсёды палохалi нячуласць, чэрствасць.

Але Маша раптам працягнула руку, хораша ўсмiхнуўшыся. I ў гэты момант Валянцiна Андрэеўна даравала ёй усё.

- Хто вы, Маша? - затрымлiваючы яе руку, сур'ёзна спытаў Славiк.

- Сястра.

- Чыя?

- Аперацыйная.

- Аперацыйная? - Вiдаць, да яго не адразу дайшло, што гэта такое. - З бальнiцы? - Ён цiха свiснуў, нявесела пажартаваў: - Умее Яраш выбiраць сабе сясцёр. - I, ужо выпусцiўшы яе руку, адыходзячы, кiнуў убок, яўна з зайздрасцю: - Яраш усё ўмее.

Мацi адчула гэтую зайздрасць, гэты нечаканы пераход ад крыўляння да сур'ёзнасцi, зразумела, як нялёгка было Славiку прыйсцi, i зноў пашкадавала яго: "Якi ён худы, падстрыжаны, адны вушы тырчаць. I пад вачамi сiнiя ценi".

- Ты галодны?

- Як воўк.

Яны падавалi яму на стол утраiх - мацi, Iра, Маша - усё самае лепшае, што гатавалi для гасцей, як самаму галоўнаму госцю.

Валянцiна Андрэеўна адчувала ўдзячнасць дачцэ i Машы за iх чуласць. Яе нават не вельмi кранала, што сын больш аддае ўвагi гэтай амаль незнаёмай дзяўчыне, чым ёй, мацi. Пiльна сочыць за кожным яе рухам, ловiць кожнае слова i позiрк.

"Захапляецца зусiм па-дзiцячы", - з замiлаваннем падумала мацi.

Ад добрага снедання i жаночай клапатлiвасцi Славiк зноў зрабiўся балбатлiвы.

- Маша, хочаце, я вас здзiўлю?

Iра спалохана страляла ў яго вачамi: маўчы!

Ёй здавалася ганьбай i сорамам такое прызнанне.

- Я толькi ўчора з турмы.

Нiводная рыска не тузанулася на надзвычай рухавым i выразным Машыным твары.

- I доўга там вас трымалi?

- Дзесяць сутак.

- О-о! - Што значыла гэтае "о-о", нiхто не зразумеў.

- Я пагразiў адным замежным дурням атамнай бомбай. Быццам яна ляжала ў мяне ў кiшэнi. I - калi ласка, маралiсты ўляпiлi мне... А ўчора я перачытваў газеты. Я рэдка чытаю. Так, ад смутку. I - божа мой! - што я там прачытаў. Калi мне далi дзесяць сутак, то многiм сэрам i лордам трэба даць па дзесяць гадоў. Як яны махаюць гэтымi бомбамi! Жах!



Валянцiна Андрэеўна насцярожана замерла: нiколi яшчэ сын не гаварыў пра такiя сур'ёзныя рэчы. Няхай з гумарам, але з якiм!.. Як вырываюцца праз гэты гумар злосць, абурэнне! Чым ён больш абураецца? Тым, што несправядлiва пакаралi яго за п'яную балбатню? Цi тым, што над чалавецтвам вiсiць страшэнная пагроза?

- Махаюць нада мной. Над табой! Над табой, мама. А ты хочаш, каб я быў у захапленнi ад гэтага свету! Пляснуць у такую вось чароўную ранiцу... - Ён нервова засмяяўся.

- Не будзь песiмiстам, Уладзiслаў, - сказала мацi, расчараваная, што сын павярнуў не туды. - Ты ўсё пераблытаў. Сваю маленькую крыўду ты ўзнiмаеш да праблемы, якая сапраўды хвалюе ўсё чалавецтва. Але i на гэтую страшную небяспеку ты глядзiш як iндывiдуалiст i песiмiст!..

- Мама, не трэба мне маралi! - Ён кiнуў вiдэлец, зацiснуў далонямi вушы, потым правёў рукой па горле. - Я сыты вось так!

- Не, ты паслухай! Людзi змагаюцца i перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць...

- Нiчога гэтага людзi не перамаглi! Не цешце сябе!

- Няпраўда! - запярэчыла Iра. - Можа, не ўсё, але шмат што перамаглi.

- Перамаглi ў адной вайне, каб пачаць другую? Такую, у якой ужо не будзе нi пераможаных, нi пераможцаў. Застанецца адзiн попел.

- Ты проста баязлiвец! Панiкёр! Ты заўсёды быў баязлiўцам! - раздражнёна папракнула Iра.

- Вы самi баiцеся. Вы ўсе нервуецеся, калi пачуеце пра гэта. Усе, акрамя хiба мамы. Я ж чуў, як бацька i Яраш гавораць...

"Няўжо яны так часта гавораць пра гэта?" - падумала Маша. Сама яна нават рэдка думала пра такiя высокiя матэрыi. Не ўмела гаварыць пра iх, спрачацца. Ды i не было з кiм. Сёстры i лекары гаварылi пра атамную вайну мiж iншым, i то больш з гумарам i ўсе аднолькава. Значна больш iх цiкавiла тое, што звязана з жыццём, простым i няспынным, - кватэры, заробак, цэны, каханне, замужжа, дзецi. Маша не ўяўляла, што ёсць сем'i, у якiх вядуць вось такiя спрэчкi. Ёй было цiкава i дзiўна слухаць. Захацелася самой умяшацца i сказаць нешта значнае, разумнае. Але, дасцiпная, знаходлiвая ва ўсiх iншых спрэчках i гаворках, тут яна баялася, каб не сказаць глупства, не выдаць прымiтыўнасць мыслення.

- Не, Слава, я таксама баюся, - адказала сыну Валянцiна Андрэеўна, баюся, можа, больш, чым усе. Але я веру ў чалавечы розум...

I тут Маша не стрымалася:

- Людзi не збiраюцца сябе хаваць. Людзi жывуць. I будуць жыць!

Проста, амаль наiўна. Але тыя нацiскi, якiя яна зрабiла на "жывуць" i "будуць", надалi яе словам надзвычайную пераканальнасць. Нават Славiк хутка ўзняў галаву, паглядзеў на дзяўчыну, усмiхнуўся не скептычна - прасветлена, нiбы ўбачыў выйсце.

Магчыма, што спрэчка ўсё адно яшчэ працягвалася б. Але выйшаў Шыковiч. Рушыў да iх.

Славiк прыўзняўся з-за стала, адсалютаваў:

- Вiтаю цябе, стары!

Бацька не адказаў. Валянцiна Андрэеўна адчула, што ён кiпiць, i спалохалася; яна была пераканана, што любая грубасць у адносiнах да сына пасля ўсяго, што ён перажыў i перадумаў, недаравальна, антыпедагагiчна. Iра таксама насцярожылася. Але, вiдаць, прысутнасць Машы стрымала Шыковiча. Ён спытаў з сарказмам:

- Ну як, герой... нашага часу?

Славiк засунуў рукi ў кiшэнi вузенькiх штаноў, бадзёра абышоў стол, наблiзiўся да бацькi, як бы дэманструючы, што ён нiчога не баiцца i што ўвогуле з бацькам у яго адносiны вось такiя - панiбрацкiя.

- Ты ведаеш, творца, чартоўскi цiкава. Для цябе асаблiва. Каб ты пабачыў, якiя там тыпы, то памёр бы ад смеху. А пасля папрасiў бы туды творчую камандзiроўку.

Засмяялася Iра. Усмiхнулася Валянцiна Андрэеўна. Шыковiч адказаў лагодна:

- Балбатун няшчасны. - I да жонкi: - У каго ён, такi чорт, удаўся?

- У цябе, бацька, - адказаў Славiк. - Калi ў мяне будзе такая лысiна i такi жывоцiк, я буду вылiты Шыковiч-старэйшы.

- Калi з цябе выб'юць дурноту?

- Выб'юць!

Шыковiч нахмурыўся.

Маша падумала: як бы яна гаварыла са сваiм бацькам? Ёй зрабiлася сумна, i яна непрыкметна адышла за дубы, спусцiлася да ручая...

Праз хвiлiну Славiк паклiкаў яе:

- Маша!

10

Сябры Тараса - сябры яго брыгады - хоць i адчувалi сябе няёмка ў прысутнасцi пiсьменнiка, дактароў, iх жонак, але, узбуджаныя ракой, лугам, купаннем i гульнёй, на пачатку абеду былi шумныя i вясёлыя. Бурна рэагавалi на тосты Шыковiча, на шчырыя дзiцячыя каментарыi Наташы, нават на недарэчныя жарты Славiка.