Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 37 из 104

- Хадзем дроў напiлуем, - сказаў Iры Тарас.

- Дровы? - здзiвiлася яна, але тут жа згадзiлася.

Валянцiна Андрэеўна ведала, што не ўмее яе дачка пiлаваць, бо нiколi ў жыццi не бралася за пiлу. Але ўзрадавалася, што яна пайшла з Тарасам. Цяжка ёй, мацi, глядзець i параўноўваць, як працуе Iра i гэтая залатая чарадзейка. На мiг адступiлi некуды захапленне i любаванне дзяўчынай i з'явiлася раўнiвая непрыязь да яе. Агiднае пачуццё. Ёй, настаўнiцы, зрабiлася сорамна за такое пачуццё. Не, яна павiнна быць шчырай i аб'ектыўнай.

А другая жанчына - Галiна Адамаўна - у гэты момант думала:

"Няхай бы Тарас закахаўся ў гэтую рудую. Ён бы адгарадзiў яе ад Антона. Антон высакародны чалавек. Але ён слабы, як усе мужчыны. Калi ён прывёз яе, каб пазнаёмiць з Тарасам, то, значыцца, нiчога ў iх не было, яна добрая дзяўчына, i мне варта прылашчыць яе".

Паднялося над лесам сонца - i ўзняўся вецер. Зашумеў бор, як далёкi марскi прыбой. Знiкала ранiшняя дымка на небе, быццам вецер старанна працёр гэтае вялiзнае блакiтнае шкло. Не было душна, як некалькi апошнiх дзён. Аднак сонца палiла няшчадна. Доўга чакалi рыбакоў снедаць. Яны не прыйшлi.

Снедалi пад дубамi.

Шыковiч прачнуўся з галаўным болем, не мог знайсцi лязо для брытвы, хоць добра помнiў, што прывозiў iх з горада, узлаваўся, бурчаў на жонку, на дачку. А ўбачыў Машу - i адразу падабрэў. Валянцiне Андрэеўне, разважлiвай, спакойнай, якая нiколi не раўнавала беспадстаўна, стала смешна i сумна. З iронiяй назiрала за мужам, як ён заляцаецца да Машы, з трывогай - за Тарасам i Iрай. Каб толькi залатая чараўнiца не падзейнiчала так на хлопца, як на гэтага лысаватага рамантыка, яе мужа. Здаецца, Тарас вядзе сябе больш разумна, паважна, больш стрымана.

А ў Галiны Адамаўны, калi яна ўбачыла, як загарэўся Шыковiч перад Машай, зноў засмактала ў грудзях. У яе была свая грубая фiласофiя: мужчыны - што каты, адразу, нюхам, чуюць кошку. I яна ўжо амаль ненавiдзела дзяўчыну. Але за сталом было весела.

Шумелi дубы. Церушылiся на стол, у талеркi i шклянкi тонкiя сухiя галiнкi, мох, зрэдку злятаў заўчасна пажоўклы лiст. З лугу цягнула густым водарам сухога сена.

Ва ўсiх быў добры апетыт. Маша ела са смакам, многа i па-дзiцячы прыгожа. Шыковiч любiў такую здаровую, "эстэтычную", як ён казаў, яду. Наташа, нягледзячы на пагрозы мацi, за снеданнем чытала, не магла адарвацца ад "Запiсак вучанiцы". I раз-пораз выбухала такiм залiвiстым смехам, што i ўсе дарослыя смяялiся, хоць i не ведалi, што там, у кнiзе.

- Ох, не магу! Памру, - дрыгала Наташа пад сталом нагамi. - Усё, як у нашым класе.

- Наташка, не крыўляйся.

- Што ты, мама! Каб ты прачытала, то сама поўзала б ад смеху. Вы не чыталi, дзядзька Кiрыла?

- Не.

- Вы нiчога не чытаеце. Самi пiшаце, а нiчога не чытаеце.

- Наташа!

- Правiльна, Наташа. Не ў брыво, а ў вока бi, - ухвалiла Валянцiна Андрэеўна.

- Валя! Ёсць i другiя правiлы для дзяцей.

- А я чытала - i нiчога там смешнага.

- Бо ты, Iрка, як наша ангелька, смяешся раз у месяц, па святочных днях.

- Наташа! Я табе язык накалю, паганка. Iдзi прэч, - узлавалася Галiна Адамаўна.

- Не трэба, Галя, - папрасiў Шыковiч. - Усе людзi павiнны гаварыць, што думаюць. Якая была б шчырасць у адносiнах!

- Быў бы поўны хаос, тата.

- А я чытаю мала, - уздыхнула Маша.

- Чаму? - спытаў Шыковiч.



- Не ведаю. А вы - чаму?

- Я? - Ён засмяяўся. - Дзiця маё, я мала чытаю такiя кнiжкi, якiя чытае Наташа. Але колькi я чытаю другiх, часам такiх, над якiмi Наташа заснула б на другой старонцы. А рукапiсаў! Я аслеп ад рукапiсаў. А цяпер яшчэ ад архiўных дакументаў. У мяне цяжкi жанр - дакументальны. Не толькi праца пiсьменнiка, але i гiсторыка, - ён уздыхнуў.

Валянцiна Андрэеўна хавала ўсмешку ў кубак з чаем. Яна паважала мужаву працу, яго творчае гарэнне. Але каму ён гаворыць усё гэта зараз, напускаючы на сябе такую паважнасць, скардзячыся на нялёгкi лёс? Незнаёмай дзяўчыне, каб паланiць яе хоць чым-небудзь. Смешны стары дурань! Пасаромеўся б дачкi.

Шыковiч, памогшы Тарасу вынесцi пад дубы амаль усе сталы, якiя былi на дачы, пайшоў дапiсваць артыкул. Тарас i Наташа панеслi рыбакам снеданне.

Жанчыны займалiся той дробнай мiтуслiвай работай, якой амаль не вiдаць, але якая надзвычай стамляе i ўрэшце прыводзiць да апатыi, абыякавасцi. Прыходзяць госцi, а гаспадыню ўжо нiшто не цiкавiць, яна ўжо згарэла. Да такога стану дайшла Галiна Адамаўна дужа рана: яе стамiла не столькi работа, колькi хваляванне, трывожныя думкi пра мужа i Машу. Яна ўпала пад дубамi на коўдру i... заснула.

Валянцiна Андрэеўна i дзяўчаты сцераглi яе сон. Гаварылi напаўголасу.

Маша i Iра быццам бы пасябравалi, разгаварылiся. Валянцiна Андрэеўна назiрала за iмi i бачыла, як лёгка i адкрыта iшла на зблiжэнне Маша i як асцярожна, хiтра, дыпламатычна падступала да новай знаёмай яе дачка. Мацi стала непрыемна. Адкуль гэта ўзялося ў Iры? I наогул, чаму ўсё так атрымлiваецца? Здавалася б, простыя бацькi, простыя i шчырыя адносiны ў сям'i - i раптам такiя дзецi, зусiм розныя i абое з нейкiмi дзiўнымi адхiленнямi ад той нормы, што выпрацавала педагогiка, якой яна, Валянцiна Андрэеўна, аддала ўсё сваё свядомае жыццё. Упершыню яна падумала пра гэтую навуку без павагi, скептычна ўсмiхнуўшыся.

"Можа, Кiрыла таму лягчэй перажывае паводзiны дзяцей, што ён не ведае гэтых педагагiчных догм. Ён лёгка запальваецца, але лёгка i патухае. Як ён сустрэне Славiка?"

Толькi падумала пра сына, а ён тут як тут.

Яна сядзела пад паветкай на нiзкай калодачцы i, задумаўшыся, мыла ў тазе талеркi, вiдэльцы i нажы. I раптам убачыла не яго - цень. Уздрыгнула, падняла галаву. Славiк упаў перад ёю на адно калена.

- Мама, твой блудны сын з'явiўся пад гэтую мiрную дачную страху i вiнавата схiляе гвалтоўна абстрыжаную галаву. Пасып яе гарачым попелам.

Звыклы яго ход - адразу ўсё перавярнуць на жарт. Яна ўпэўнена, што не так весела ў яго на сэрцы, але ён жартуе, ён усё адно жартуе. Аднак не пра гэта мацi думала. Яна даўно не бачыла яго стрыжаным. I ў гэтай стрыжанай, круглай, трохi смешнай роднай галаве яна ўбачыла маленькага Славiка, добрага, ласкавага, таго, якi, прачынаючыся, перабiраўся ў iх ложак i вось гэтай стрыжанай галавой тулiўся да яе шчакi.

Ёй зрабiлася да болю шкада яго. Нясцерпна хацелася ўзяць мокрымi рукамi яго дурную галаву, прытулiць да грудзей, пацалаваць, а потым накруцiць гэтыя любыя ружовыя вушы. Салодка было недзе глыбока ў грудзях i горка ў горле. Умiг успомнiлася, якiм прыехаў у той дзень, калi Славiка пасадзiлi, бацька - што хмара. Яна вырашыла, што ён зноў з кiм-небудзь пасварыўся ў рэдакцыi, i, каб адцягнуць яго думкi ў iншы бок, спытала, цi бачыў ён Славiка. Як Кiрыла падскочыў, як закрычаў:

"Дарожкi ў парку падмятае твой Славiк! Пацалуйся iдзi з iм! Выхавала бандыта, педагог няшчасны!"

Яна адразу нават не зразумела, што да чаго. А з Iрай ледзь не здарылася iстэрыка. Дачка крычала:

"Вось ён, ваш сынок, ваш любiмчык! Я даўно казала, што ён зганьбiць усiх нас! Божа мой! Якi сорам! Цяпер нельга будзе паказацца ў горадзе. А ўсё вiнаваты вы! Абое вы. Бацькi! Патуралi, няньчылiся..."

Валянцiну Андрэеўну тады абразiлi словы дачкi: быццам з ёй няньчылiся менш.

А цяпер Iра стаяла, глядзела на ўкленчанага Славiка i стрымлiвала сябе, каб не зарагатаць.

Яны iшлi ад стала, якi накрывалi, убачылi Славiка, - спынiлiся за яго спiной. Маша глядзела здзiўлена, Iра - з iронiяй. Валянцiна Андрэеўна ўбачыла iх i, схамянуўшыся, сурова сказала сыну:

- Не крыўляйся. Устань!

Славiк падняўся, не забыўшыся абтрэсцi калена, i паправiў канцы чырвонай вяровачкi, што замяняла гальштук.

Валянцiна Андрэеўна раптам узлавалася:

- I каб я не бачыла ў цябе на шыi гэтую дурацкую вяроўку. Выкiнь!

Ён паслухмяна сарваў бляшку, вышмаргнуў вяровачку, размахнуўся, каб шыбануць яе ў кусты каля ручая... I тут убачыў сястру i... Машу. Застыў у вялiкiм здзiўленнi. Потым ступiў крокi два ўбок, пакруцiў стрыжанай галавой, як бы праганяючы сон. Хутка наблiзiўся да дзяўчат. Крыкнуў: