Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 32 из 104

Каб яму сказаў хто, што ўсё гэта робiцца так тэрмiнова з-за адной хворай, ён, напэўна, пачаў бы аспрэчваць, можа, нават з абурэннем. Не, апаратура ўдасканальваецца не для адной хворай! Для ўсiх. Але ён разумеў, што было б няпраўдай адмаўляць, што гэта ўваходзiць у падрыхтоўку да аперацыi Зосi Савiч. Ён зрабiў сотнi розных аперацый, нямала ўжо i такiх - на сэрцы. Але бадай нi да адной не рыхтаваўся з такой стараннасцю i адказнасцю. Як да найвышэйшага экзамену. Тут усё павiнна быць узважана i ўлiчана. Каб нiякай выпадковасцi. Яго апраўдаюць усе, што б нi здарылася. Але сам ён не даруе сабе, калi гэтая спакутаваная жанчына скончыць сваё жыццё на аперацыйным стале. Неяк уначы ён увесь захаладаў ад такой думкi, гэтак жа, як некалi, калi цяжка хварэў Вiця i ён, хiрург Яраш, страцiўшы веру ў медыцыну, раптам падумаў, што сын можа памерцi. З'яўлялася думка: а можа, запрасiць каго-небудзь з калег з Масквы, з Кiева? Да яго прыедуць. Рэдка якi хiрург бярэцца аперыраваць блiзкага чалавека. Блiзкага... А гэтую дзяўчынку ён ведаў роўна восем сутак, бачыў, размаўляў, калi яна прыносiла яму ежу на гару, дзе i ўдзень панаваў паўзмрок. Ён амаль не ведае (можа, толькi здагадваецца), як яна жыла васемнаццаць год свайго жыцця. I ўсё-такi яна была блiзкiм чалавекам. Нi адзiн хворы цi хворая не жылi так у яго сэрцы, у думках.

Пакуль што Яраш аддаў яе тэрапеўтам, каб падлячылi, паназiралi, зрабiлi ўсе кардыяграмы, здымкi i аналiзы. Сам заходзiў рэдка, раз у тры днi, на кароткi час, як лекар. Гэта не зблiжала, наадварот, аддаляла iх. Калi ў дзень сустрэчы ён казаў ёй "ты", то цяпер звяртаўся на "вы", як належыць лекару да хворай. На такое аддаленне ён пайшоў свядома. У той жа час папрасiў Машу, каб тая наведвалася да Зосi. Ён сказаў пра гэта аперацыйнай сястры чамусьцi крыху збянтэжана:

- Маша, ёсць у мяне да вас просьба...

Яна адразу насцярожылася.

- Калi ласка, Антон Кузьмiч. - I падняла свае тонкiя рукi, каб паправiць бялюткi чэпчык на высокай дзiвосна залатой кукле валасоў. Ён даўно заўважыў, што яна заўсёды слухае вось так - з паднятымi рукамi.

- У тэрапii ляжыць хворая Соф'я Савiч. Нам з вамi, здаецца, прыйдзецца аперыраваць яе. Я хацеў бы, каб вы наведвалiся да яе. Не як сястра. Як добры друг. Разумееце? Жанчына гэтая пражыла цяжкае жыццё.

Яраш адчуваў, што, выказаўшы такую просьбу, ён абавязаны растлумачыць Машы, хто ж такая Савiч. Але што сказаць?

Што Зося ратавала яго ад смерцi? Чамусьцi не хацелася, каб да аперацыi пра гэта даведалiся ў бальнiцы. Ён добра ведаў, што, бадай, няма большых легендатворцаў i аматараў сенсацый, як лекары i сёстры.

Падумаўшы пра легенды, ён сказаў пра другое:

- Вы ведаеце, Маша, я не люблю казак. Але ёй расказвайце пра мяне любыя легенды.

Сястра застыла, як манекен, зграбная i халодная; яна заўсёды астывала, калi чаго не разумела. Ён растлумачыў:

- Пра маю хiрургiчную славу. Псiхiчная падрыхтоўка.

Маша ўсмiхнулася проста i цёпла, здавалася, што ўсмiхнуўся не толькi яе твар, вусны, а ўся постаць - ад залатых валасоў да бронзавых ад загару стройных ног.

- Цяжка расказаць больш, чым вы заслугоўваеце, Антон Кузьмiч.

- Не будзем гаварыць адно аднаму камплiментаў, Маша. Нам не патрэбна псiхiчная падрыхтоўка.

Жарт гэты збянтэжыў дзяўчыну.

Днi праз два Маша зайшла да яго ў кабiнет у той час, калi ён адпачываў памiж дзвюма складанымi аперацыямi. Яна не магла не ведаць, што хвiлiны такога адпачынку былi свяшчэннымi. Як добры актор настройвае сябе на iнакшае псiхалагiчнае гучанне ў другой дзеi, так ён настройваў сябе на другую аперацыю. Сядзеў у мяккiм крэсле, скiнуўшы чаравiкi, паклаўшы ногi на другое крэсла, i палiў. I вельмi не любiў, калi хто-небудзь заходзiў, перашкаджаў адпачынку. Пра гэта ў аддзяленнi ведалi.

На стук у дзверы адказаў незадаволена:

- Хто там? - i скамячыў цыгарэту.

- Я.

Ён здзiвiўся, убачыўшы Машу. Яна ўвайшла, нясмелая i надзiва збянтэжаная. Куды падзелiся яе разлiчаныя, да ненатуральнасцi артыстычныя рухi! Спынiлася каля дзвярэй, трымалася за ручку, як бы рыхтуючыся ўцякаць. Выраз твару быў вiнаваты.

Яраш хутка сунуў ногi ў чаравiкi.

- Што здарылася, Маша?

- Я дрэнная сядзелка, Антон Кузьмiч, - сказала яна так, як магла б сказаць тады, калi ён выказваў сваю просьбу, каб мела намер адмовiцца. - Мы не разумеем адна адну. Яна, Савiч, адносiцца да мяне з дзiўнай падазронасцю...

- З падазронасцю? - перапытаў Яраш.

- Можа, не тое слова я сказала. Але... дзiўная яна. Пра такiх у нас кажуць: нелюдзiмая.

- Нелюдзiмая? - з суровым дакорам перапытаў ён i гэтай суровасцю зусiм збянтэжыў дзяўчыну. Але тут жа мякка прапанаваў: - Сядайце, Маша, - i паказаў на тое мяккае крэсла, у якiм толькi што сядзеў сам.



Яна нясмела села. Як тая вясковая дзяўчынка, што ўпершыню трапiла да суровага i бязлiтаснага прафесара. Яраш не пазнаваў сваю маўклiвую, але надзвычай упэўненую, спакойную, гордую аперацыйную сястру.

- Яна нiчога не расказала вам пра сваё жыццё?

- Не, нiчога.

- Вы чулi што-небудзь пра доктара Савiча?

Маша пакiвала галавой - не.

Цяпер Яраш зразумеў, чаму яна прыйшла вось так i такая: хацела, каб ён расказаў ёй пра хворую, тады толькi яна можа выканаць яго просьбу. Ён узлёг на стол сваiм магутным целам i такiм чынам даверлiва наблiзiўся да яе.

- Скажыце, Маша, а вы да каго-небудзь адносiлiся з падазронасцю?

- Я? Калi бачыла, што перада мной хлус, няшчыры чалавек... Але гэта не тая падазронасць! - Тут яна застыла ў сваёй звыклай паставе - не зразумела яго.

- Скажыце, а вы нiколi не баялiся людзей, Маша?

Яна ўсмiхнулася, але ўсмешка не растапiла халоднага неразумення i не зварухнула застылыя рысы твару.

- У школе я баялася нашага гiсторыка. Мне дрэнна давалася гiсторыя.

Ярашу здалося, што пра гiсторыю яна выдумала знарок, надаўшы словам хiтры i тонкi сэнс. Ён не здзiвiўся, бо заўсёды лiчыў яе разумнай i дасцiпнай. Закрыўшы далонямi вочы, задумаўся: як расказаць ёй пра Зосю?

У часе гэтай паўзы Маша спытала ва ўпор:

- Хто яна вам, гэтая Савiч?

Антон Кузьмiч хутка адняў ад твару рукi.

- Вы маглi б, Маша, спытаць пра гэта адразу. Я сказаў бы вам. Зося Савiч ратавала мяне ў падполлi ад смерцi.

- Вас? - Маша здзiвiлася, устрапянулася i адразу стала звычайная: сур'ёзная, але чуткая, як сейсмограф. Магчыма, нейкi момант яна не давала веры, што тая худзенькая, маленькая, спакутаваная - скура ды косцi нелюдзiмая жанчынка ратавала такога асiлка.

Яраш, зразумеўшы гэта, сказаў:

- Яна мужная дзяўчына. I ў яе цяжкi лёс. Смерць бацькi, загадкавая смерць. Нямецкi канцлагер. Сiбiр... Хвароба. - Ён падняўся, вялiкi, крыху ўсхваляваны, выйшаў з-за стала. - Я хацеў, Маша, каб вы растапiлi лёд у яе душы.

Пiльна назiраючы за iм, Маша нейкi час яшчэ сядзела. А потым падхапiлася, збянтэжаная: нiколi яна не садзiлася, калi доктар Яраш стаяў. Цяпер ёй было сорамна i за тое, што яна не здолела нават шчыра пагаварыць з Савiч, i за тое, што вось так настойлiва дамагалася тлумачэння ад Антона Кузьмiча. Што ён можа падумаць? Але яна не стала прасiць прабачэння i не стала запэўняць, што цяпер пастараецца ўсё зрабiць, каб хворая не адчувала адзiноту. А зусiм нечакана папрасiла пра другое:

- Антон Кузьмiч, раскажыце пра гэта на нашым камсамольскiм сходзе.

- Пра што?

- Пра сваю работу ў падполлi. Пра тых людзей... Пра Савiч...

Яраша трохi здзiвiў такi нечаканы паварот. Ён пiльна ўгледзеўся ў яе вочы-азёры з залатымi берагамi: сур'ёзна яна цi зноў з iронiяй, помсцячы, што ён нiчога не расказаў адразу? Не, сястра прасiла сур'ёзна. I яго хораша кранула такая яе сур'ёзнасць.

Калi яна выйшла, Антон Кузьмiч зноў сеў у крэсла, зноў запалiў (другую цыгарэту!) i доўга думаў. Пра лёс Зосi. Пра пакаленне, якое не ведае падазронасцi i нiчога не баiцца... Але што ён, Яраш, ведае пра гэтае пакаленне? Належаць да яго Тарас i Маша... Але ёсць i Славiк Шыковiч... Як i чым жыве Маша? Тарас? Што хвалюе Славiка? Як далёка ён, нядаўнi камсамолец Яраш, адышоў ад гэтага пакалення! Калi быў апошнi раз на камсамольскiм сходзе? Год дзесяць ужо, не менш, публiчна не расказваў пра падполле. Чаму? А раней, калi часам выступаў, цi расказаў хоць раз пра Зосю Савiч? Не, так, мiж iншым, зрэдку ўспамiнаў дзяўчыну, якая памагла ўратавацца. Цяпер яму стала сорамна i агiдна. Няўжо i ён баяўся? У падполлi не баяўся сто разоў iсцi на смерць, а тут...