Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 33 из 104

Адразу пасля вайны адчуваў маральны абавязак перад памяццю таварышаў, якiя загiнулi, напiсаць пра iх барацьбу. Не напiсаў. Пiсаў дысертацыi. Кандыдацкую, пасля доктарскую (якую збiраецца абараняць). Гэтым апраўдваўся перад сваiм сумленнем. А потым увогуле падполле пачало здавацца далёкай гiсторыяй, да таго ж вельмi заблытанай людзьмi i часам. Ён не зразумеў нават адразу жадання Шыковiча вярнуцца да гэтай гiсторыi, ператрусiць яе, перагледзець. Яму здавалася, каму гэта патрэбна цяпер? I вось уваскрэсла з мёртвых Зося Савiч... Ужо тады, у тую ноч, калi расказваў пра яе Шыковiчу, ён, Яраш, зразумеў, што гэта патрэбна людзям, патрэбна новаму пакаленню - Тарасу, Славiку, Вiцю, Наташы. Пасля размовы з Машай, пасля яе нечаканай просьбы расказаць пра ўсё на камсамольскiм сходзе ён пераканаўся ў гэтым цвёрда i непарушна.

Асноўныя работы ў аперацыйнай былi закончаны. Апошнiя днi поркалiся з тэлевiзiйнай апаратурай. Яраша доўга не задавальняла яркасць адбiтка на экране, i ён выгнаў з iнжынера, з рабочых i з самога сябе сем патоў, пакуль дамогся, каб дарагая навiнка гэтая давала належны эфект i карысць.

Калi тэхнiкi пайшлi "замочваць" добрую справу за яго прэмiяльныя, Яраш застаўся адзiн. Ён яшчэ раз агледзеў сваю гаспадарку, якой употай ганарыўся. Усюды - нiкеляваная сталь: безлiч блiскучых iнструментаў у шкляных шафах, дэталi апаратаў. Сталь, якая ў разумных руках хiрурга прыносiць людзям ратунак, жыццё. О, ён ведаў вартасць сталi!

Але не дзеля таго, каб лiшнi раз агледзець аперацыйную, ён застаўся. Хацелася самому, без спецыялiстаў, праверыць тэлеапаратуру. Быў у яго непахiсны закон - усё ўмець рабiць самому.

Ён палажыў на аперацыйны стол разгорнуты падручнiк па анатомii, навёў на старонку тэлевiзiйную пушку, якая была ўманцiравана ў бясценевую лямпу. Нацiснуў кнопкi. Засвяцiўся экран, задрыжалi на момант звiлiстыя нiткi кадраў. А потым застыў павялiчаны адбiтак каленнага сустава. Ён гартаў старонкi i бачыў на экране свае рукi. Чалавеку старонняму магло б здацца, што ён забаўляецца, як дзiця, цешыцца новай цацкай, назначэнне якой у аперацыйнай не кожнаму лёгка зразумець. На экране з'явiлася сэрца. Яраш перастаў гартаць старонкi падручнiка, выпрастаўся i ўважлiва пачаў разглядаць адбiтак, быццам убачыў гэтае дзiва першы раз у жыццi. У той мiг ён падумаў пра Зосю. I яго ўласнае сэрца дало пачуць сябе. Такiя нечаканыя штуршкi ён адчуваў ужо некалькi разоў. Няўжо гэта боязь будучай аперацыi?

Яраш выключыў устаноўку i бясценевыя лямпы i адышоў да шырачэзнага - на ўсю сцяну - акна. Вечарэла. Сад пакрыўся ценем ад будынкаў. Сонца заходзiла з другога боку, за бальнiчнымi карпусамi. Адзiны прамень яго прабiўся памiж муроў i асвяцiў верхавiны таполяў, маладых, але самых высокiх дрэў. Яраш прыгадаў, што таполевая алея гэтая была пасаджана ў вясну Перамогi. I вунь якiя вымахалi дрэвы! У садзе гулялi хворыя. Адны сядзелi, другiя хадзiлi. Санiтарка ў белым халаце гушкала дзiця, загорнутае ў такi ж шэры бальнiчны халат, якiя былi i на дарослых. Яраш ненавiдзеў форму i колер гэтых халатаў i ўжо колькi год вёў вайну, каб замянiць iх. З iм згаджалiся, а пасля - ён ведаў - кпiлi, ацэньваючы яго дамаганнi як дзiвацтва таленавiтага чалавека, якi ва ўсiм хоча быць арыгiнальным.

Амаль пад самым акном аперацыйнай пад яблыняй сядзелi трое маладых людзей: адзiн у бальнiчным халаце з падвязанай рукой, двое ў майках. Хлопцы разлiвалi вiно. Хворы быў яго, Ярашаў, рабочы-будаўнiк з пераломам рукi. Але як трапiлi сюды ў такi час наведвальнiкi?

"Хаця б схавалiся. А то расселiся на вачах усёй бальнiцы. Вось жа лайдакi!" - з нязлосным дакорам падумаў хiрург. Ён мог адчынiць акно i накрычаць на хлопцаў. Але замест гэтага далiкатна адступiў у глыб аперацыйнай, каб не спугнуць iх. I самому яму захацелася хутчэй апынуцца на дачы. Сесцi вось так на траву, каля свайго ўлюбёнага вогнiшча. А потым ляжаць, глядзець у неба i слухаць крыху блытаныя, але цiкавыя разважаннi Шыковiча пра палiтыку, мараль i лiтаратуру. Пра адно толькi падумаў з непрыемнасцю: зноў трэба тлумачыць Галiне, дзе так затрымаўся. Але не ўзлаваўся на жонку, а пашкадаваў яе: яна варта жалю за сваю неразумную рэўнасць.

Павярнуўся, каб пайсцi, i ў адчыненых шкляных дзвярах убачыў Машу. Яго трохi спалохала, што сястра магла доўга назiраць за iм. I ён спытаў амаль груба:

- Што вы робiце тут у такi час? - Але спахапiўся i пажартаваў: - Вашы равеснiцы даўно танцуюць.

- Я была ў Зосi. - Вочы яе дзiўна блiснулi. - Яна расказвала, як ратавала вас... I пра сябе.

Яраш падумаў: а цi правiльна ён робiць, што нi пра што не распытвае ў Зосi? А раптам... Не, не! Ён рашуча адганяў гэтую думку. Таму i не распытвае i рэдка пакуль што наведваецца, бо хоча пераканаць у першую чаргу яе (ды i сябе таксама!), што аперацыя гэтая звычайная i ўсё скончыцца найлепшым чынам.

"Што яна расказвала пра сябе?" - хацелася яму спытаць у Машы. Але нешта стрымала яго.

- Значыцца, больш яна не адносiцца да вас з падазронасцю?

- Мне здаецца, мы пасябравалi.

- Дзякую, Маша.

- Няма за што, Антон Кузьмiч. - Яна апусцiла вочы, сказала: - Яна пыталася, цi знаёма я з Тарасам, - i раптам папрасiла: - Пазнаёмце мяне з Тарасам.

Цяжка не здзiўляцца - такiя нечаканыя паведамленнi i просьбы ў гэтай дзяўчыны. Але гэтая просьба Ярашу спадабалася.

- Прыязджайце ў нядзелю да нас на дачу. Пазванiце ранiцай доктару Майзiсу, у яго свая машына. Я запрашаў яго.



- Дзякую, Антон Кузьмiч. Я магу iсцi?

- Калi ласка, Маша...

Нейкi момант ён стаяў у аперацыйнай, слухаючы, як недзе далёка ляпаюць дзверы. Потым рушыў у калiдор, на хаду развязваючы нарукаўныя матузкi халата. Перад сваiм кабiнетам спынiўся, хвiлiну пастаяў у задуме i... хутка пайшоў па доўгiм калiдоры, завязваючы матузкi.

У тэрапеўтычным аддзяленнi ён пачуў, як адна дзяжурная сястра спалохана крыкнула другой:

- Яраш! - I забегалi, замiтусiлiся. Ён нiколi не мог зразумець, чаму ў другiх аддзяленнях i клiнiках яго гэтак баяцца.

Зося, у адной сарочцы, доўгай, пацямнелай ад часу i мыцця, сядзела каля акна i ела чарэшню, выплёўваючы костачкi на газету. Убачыўшы яго, яна войкнула, засаромелася, закрыла рукамi грудзi. Ад яе сарамлiвасцi i яму зрабiлася нiякавата. Год пятнаццаць ужо ён не адчуваў нiчога падобнага, заходзячы да хворых i застаючы iх у любым выглядзе. Ды i ўвогуле з iм было гэта толькi аднойчы: калi нарадзiўся iх першынец Вiктар i ён, студэнт-выпускнiк, наведаўся ў палату, дзе ляжалi парадзiхi.

"Што ты закрываешся? - падумаў ён пра Зосю. - Столькi разоў я цябе аглядаў, выслухоўваў... Буду трымаць у руках тваё сэрца..."

Прывiтаўся да ўсiх. У адзiн позiрк убачыў, што i другiя жанчыны накрываюцца коўдрамi, зашпiльваюць халаты, прычэсваюць валасы. Iх было ў палаце шэсць чалавек. Дзiўная жаночая псiхалогiя! Сарамлiвасць iх залежыць ад часу i абставiн.

Яраш спытаў у Зосi, як пытаюць усе лекары ў сваiх пацыентаў:

- Як мы адчуваем сябе?

- Добра, - нясмела адказала яна i ўсё яшчэ закрывала грудзi i хавала пад табурэт свае босыя ногi.

Ён узяў на ложку стракаты халат i падаў ёй. Яна хуценька накiнула яго, зашпiлiлася.

- Лажыцеся, - сказаў ён.

Узрадаваная, яна даволi рухава нырнула пад коўдру. Ён узяў табурэт, на якiм яна сядзела каля акна, сеў побач.

- Гуляем?

- Мне дазволiлi ўставаць, - прыдушаным i спалоханым голасам адказала Зося.

- Ёй дазволiлi, - пацвердзiла суседка.

Яраш адгарнуў коўдру i агледзеў ногi хворай, памацаў iх. Ацёк знiк. Зусiм звычайная жаночая нага - i па колеру i па форме. I твар змянiўся за два тыднi, якiя Зося знаходзiцца ў iх бальнiцы. Твар памаладзеў, папрыгажэў. Цяпер Яраш лёгка пазнаваў рысы той Зосi, якая некалi смела i дзёрзка схавала яго. Але яму хацелася ўбачыць рысы i таго ж характару. Няхай бы блiснула хоць адна iскра яе дзёрзкасцi, рашучасцi, весялосцi, дасцiпнасцi, хiтрасцi! Не, усё задушана, нават хiтрасць. Адно хiба свяцiлася ў яе вачах - захапленне iм, Ярашам. Але i яно было зусiм iнакшае, чым тады, нейкае па-рабску пакорлiвае.