Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 31 из 104

Хутка яго паклiкалi да рэдактара. У доўгiм i вузкiм кабiнеце акрамя рэдактара сядзеў дырэктар тэлестудыi Аляксей Тукала, стары прыяцель Шыковiча, некалi разам пачыналi пiсаць, разам працавалi многа год. Кiрыла ўзрадаваўся, што размова будзе не адзiн на адзiн i што нарэшце ён зможа высветлiць вiну сына. Тукала, напэўна ж, усё ведае.

Шыковiч, як звычайна, весела прывiтаўся. Але тое, што Аляксей, працягваючы руку, афiцыйна-ветлiва прыўзняўся, насцярожыла яго.

Няўжо Алёша Тукала падкрэслiвае дыстанцыю памiж сабой i iм, Шыковiчам? Смешна.

Не таму, што сумеўся, а знарок, каб паглядзець, што ж будзе далей, Кiрыла напусцiў на сябе выгляд вiнаватага - не павiтаўся з рэдактарам за руку, цiха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Але бачыў, што i дырэктар студыi i рэдактар разглядаюць яго з павышанай цiкавасцю.

"Алёшу ўразiла мая новая якасць - уменне выкiдваць з кабiнета дурняў", падумаў весела.

Жывiцкi - прынцыповы кiраўнiк i ўвогуле добрай душы чалавек. Ён цанiў людзей, якiя ўмеюць пiсаць, абараняў кожнага здольнага журналiста. Шыковiчам жа проста ганарыўся - не кожная газета мае такога нарысiста i фельетанiста. Нiколi ў адносiнах да яго не выяўляў сваю рэдактарскую ўладу. Таму i размову гэтую яму пачаць было нялёгка.

- Кiрыла Васiльевiч, скажы, калi ласка, што ў вас адбылося. Рагойша тут дакрычаўся да сардэчнага прыступу. Лекара выклiкалi. Заявiў, што пойдзе ў гарком...

- Няхай iдзе...

Мяккасць i асцярожнасць, з якой Жывiцкi пачаў сваю прамову, адразу зрабiлi Кiрылу сур'ёзным i злосным. Злосным на Рагойшу. Дзiўна, да слоў рэдактара ён не адчуваў гэтай злосцi.

- Не, ты чакай... З крыку Рагойшы я нiчога не зразумеў. Растлумач ты хоць, што ў вас адбылося.

- Нiчога не адбылося. Ён папракнуў мяне за сына. Я не ведаю яшчэ, што там натварыў мой сын. Але калоць мне вочы сынам я нiкому не дазволю! - цвёрда папярэдзiў ён, чамусьцi звяртаючыся да Тукалы.

Той як бы ўздрыгнуў, узняў галаву ад паперы, на якой рысаваў тоўстым сiнiм алоўкам кароткiх смешных чалавечкаў, пiльна паглядзеў на Шыковiча праз вялiкiя люстраныя акуляры, у якiх адбiвалiся вокны i дрэвы на вулiцы, сказаў:

- Але, накуралесiў твой Уладзiслаў.

- Што ён зрабiў?

- Напiўся. Прыставаў да ангельскiх турыстаў. Чаго ты лезеш да чужаземцаў? Што табе трэба ад iх? Раскрычаўся, што скiне на Ангельшчыну бомбу. Скажы, калi ласка, камандуючы ракетнымi войскамi! - абурана перасмыкнуў Тукала плячамi.

- Усяго? - мiмаволi вырвалася ў Кiрылы, бо сапраўды ён адчуў палёгку, даведаўшыся дакладна, што ўчынiў сын.

- "Уся-го"?! - Тукала падхапiўся, загрымеўшы крэслам, абурана кiнуў аловак, i шасцiграннiк пакацiўся па доўгiм стале з дробным стукам, але не ўпаў на падлогу, спынiўся на самым краi. - "Усяго"! Ты чуў, Станiслаў Iванавiч? З яго гэтага мала! Табе хацелася, каб ён перавярнуў рэстаран дагары нагамi цi забiў каго?..

Шыковiча напачатку мала закрануў крык Тукалы. Ён прасачыў, як кацiўся аловак, i сур'ёзна зацiкавiўся, якая перашкода спынiла яго на самым краi стала. Сказаў лагодна:

- Не крычы, Аляксей.

Але той ужо ўзрушана хадзiў па кабiнеце, зняўшы акуляры (мабыць, баяўся, што яны зваляцца) i размахваючы iмi.

- "Усяго"! Вось так мы выхоўваем моладзь! Пiшам адно... Шумiм пра высокiя матэрыi... А ўласныя дзецi...

У гэты мiг, мабыць ад Тукалавых крокаў, аловак звалiўся.

Шыковiч перавёў позiрк на свайго ўгневанага сябра, на яго маладжавы, заўсёды як бы загарэлы хударлявы твар з радзiмай плямкай на левай шчацэ, на прыгожую кучаравую шавялюру. Потым глянуў на рэдактара, якi слухаў з сумным i збянтэжаным выразам на змораным твары, убачыў яго парадзелыя светлыя валасы, вялiкiя залысiны. I чамусьцi ўспомнiў, што ўсе яны равеснiкi, рэдактар нават на год маладзейшы. Але лепш за ўсiх выглядае Тукала, здаецца, якiм быў гадоў дваццаць назад, такiм i застаўся, нават нiводнай сiвай павуцiнкi ў валасах. Падумаў непрыязна: "Умее сябе берагчы, чорт".

А Тукала ўсё больш разыходзiўся:

- ...Канешне, калi бацька будзе выкiдваць з кабiнета людзей, то сыну ёсць з каго ўзяць прыклад... Калi бацька сабе дазваляе...

Рэдактар зморшчыўся, быццам яму наступiлi на мазоль, i папрасiў:

- Аляксей Рыгоравiч!.. Пагаворым спакойна.

Тукала на момант асекся. Шыковiч глядзеў на яго цяпер так, быццам не пазнаваў старога сябра, з якiм з'еў не адзiн пуд солi. Сказаў з глыбока затоенай iронiяй:



- Значыцца, ты, Алёша, рашыў навучыць мяне, як выхоўваць дзяцей? Давай, давай...

Гэта быў тонкi намёк на тое, што Тукала некалi пакiнуў першую жонку з дзiцем. Ён зразумеў гэты намёк i закiпеў яшчэ горш. Але голас панiзiўся:

- Я не думаю цябе вучыць. Але калi ты лiчыш, што з цябе мала таго, што зрабiў твой сын, то з мяне гэтага - вось так. - Ён правёў далоняй па шыi. - Я не буду трымаць у сябе хулiганаў.

Ах, вось яно што! Нарэшце Шыковiчу ўсё стала ясна: Тукалу цяжка было паведамiць аб рашэннi звольнiць Славiка, а таму ён гэтак i нерваваўся.

"Баязлiвец! Атрымаў цёплую пасаду i забываеш, што ёсць звычайныя чалавечыя адносiны".

Раптам стала шкада сына: нельга караць двойчы за адну i тую ж вiну. Знявага да Тукалы расла, як снежны камяк. Кiрыла адчуў нават страх: не сарвацца б зноў. Падняўся, засунуў рукi ў кiшэнi, ступiў блiжэй да рэдактара пад яго спакой.

- Страхуешся? - спытаў знешне спакойна, але з'едлiва.

- Мне няма чаго страхавацца! - ужо без нервовасцi, паважна адказаў Тукала, надзеючы акуляры.

- Лягчэй за ўсё выкiнуць чалавека з калектыву, - уздыхнуў Жывiцкi. Нiколi не спяшайся...

- А што яму да чалавека!..

- Няхай пра такога чалавека падумае ў першую чаргу бацька!.. А калi бацька апраўдвае... Калi бацька паказвае прыклад... А потым ходзiць прасiць за сына... шукае яму цёплага месца...

Гэта быў подлы ўдар. Шыковiча перасмыкнула ўсяго. Ён не верыў сваiм вушам. Няўжо гэта кажа Алёша Тукала, якога яшчэ тыдзень назад ён запрашаў да сябе ў госцi? Слiзняк!

Халодная разважлiвая злосць апанавала Кiрылу. Цяпер ён рабiў усё свядома, з разлiкам.

Сумна пакiваў галавой.

- Столькi год я з табой сябраваў i не ведаў, што ты такая дрэнь.

Эх, як Тукала зноў падскочыў.

- Чуеце?.. Станiслаў Iванавiч!

- Хлопцы, як вам не сорамна, - паспрабаваў прымiрыць рэдактар.

- Цяпер разумею, што не зусiм таго, каго трэба, я выкiнуў за дзверы. Вось каго трэба! I не за дзверы. За акно. Дазволь, Станiслаў Iванавiч? - I Кiрыла пайшоў, каб абысцi доўгi стол.

Тукала хутка адступiў за рэдактарскi стол. Спалатнелы, стаў побач з Жывiцкiм, якi таксама насцярожана падняўся.

Шыковiчу стала смешна. Ён дайшоў да краю стала, хмыкнуў i накiраваўся да выхаду. Калi дзверы за iм зачынiлiся, Тукала выхапiў хусцiнку i пачаў выцiраць успацелыя рукi i лоб.

- Ты бачыў? Зазнаўся! Напiсаў дзве бяздарныя кнiжачкi i гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Жах!

Жывiцкi засмяяўся.

Не разумеючы прычыны яго смеху, Тукала пачаў развiваць цэлую тэорыю наконт славы i зазнайства.

8

Яраш абсталёўваў аперацыйную навейшай апаратурай. Рэканструкцыi яго неаднойчы прыводзiлi ў жах аддзел аховы здароўя. Але няўмольныя вартавыя фiнансаў не маглi ўстаяць перад яго хiрургiчным аўтарытэтам. Патрыёты горада, яны таксама ганарылiся славай хiрургiчнага аддзялення бальнiцы, якое лiчылася лепшым у рэспублiцы. Аперацыйная прывяла ў захапленне дэлегацыю чэшскiх лекараў, якiх нялёгка здзiвiць медыцынскай тэхнiкай. А Яраш усё адно быў незадаволены: ёсць апаратура лепшая. Пераабсталяванне ён планаваў даўно. Многiя з патрэбных апаратаў былi набыты загадзя. Але ўстаноўку iх адцягваў: па-першае, шмат чаго не хапала, па-другое, ён спадзяваўся, што пад канец года галоўны лекар i аддзел будуць больш шчодрымi.

I раптам ён пачаў работу па пераабсталяванню нечакана. Сам працаваў з манцёрамi i мантажнiкамi вечарамi. Плацiў iм прэмiяльныя са сваёй кiшэнi. За гэтае дзiвацтва яму ўжо неяк раней накiвалi на партбюро. З тым жа, што ён часта працуе не толькi з манцёрамi, але i са сталярамi, з паркетчыкамi, у клiнiцы звыклiся. Добрыя душы тлумачылi, што Ярашу проста няма куды дзяваць сiлу i энергiю, злыя - што такiм чынам ён хоча павялiчыць сваю папулярнасць.