Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 30 из 104

Ён падняўся i адышоў да акна, глядзеў на каштаны. Яшчэ нешта гаварыў. Шыковiч не чуў. Следам за тым агiдным адчуваннем пачала расцi злосць. На Славiка. На Гукана. На Валю: яна больш за ўсё патурала капрызам дзяцей. На сябе: бязвольны чалавек, уласнага сына не мог выхаваць! Гукан папрасiў прабачэння i сеў за рабочы стол. Нацiснуў кнопку званка. Сказаў дзяўчыне, якая з'явiлася ў адзiн мiг:

- Хто там па чарзе? Прасi.

Шыковiч падняўся i, не развiтваючыся, пайшоў да дзвярэй.

- Заходзь, Кiрыла Васiльевiч. Я, можа, успомню прозвiшчы сувязных. Маруся, кажаш? Пазваню Ткачуку, начштаба нашаму...

На вулiцы, пад каштанамi, Кiрыла адчуў, што ўдарыла ў пот. Пацяклi раўчакi за каўнер, залiвала вочы. Нiколi не было ў яго такой патлiвасцi. I дзень нядушны. На сонца раз-пораз наплываюць хмаркi. Вецярок.

Кiрыла дастаў насоўку i пачаў старанна выцiрацца. Нейкi прахожы з усмешкай спытаў:

- Парылi, таварыш?

Не адразу дайшоў да сэнсу гэтых слоў. А калi дайшоў, Шыковiч кiнуўся прэч ад дзвярэй гарсавета. Але на скрыжаваннi вулiц спынiўся. Куды iсцi? Нейкае своеасаблiвае, бадай што незнаёмае пачуццё пацягнула ў парк.

"Пагляджу, цi ўмееш ты хоць падмятаць, сабачы сын. Рос як у Бога за пазухай. А вылупiўся на свет божы i не можаш кроку зрабiць па-чалавечаму... Як ты глянеш мне ў вочы? Я не скажу табе нi слова. Стану i буду глядзець... Падмятай!.. Падмятай!.."

Каля цэнтральнага ўвахода сляпiў вочы касцёр вялiкай клумбы. За ёй кветкавы дыван, перарэзаны чырвонай дарожкай з цаглянай крошкi. На гэтай дарожцы бабулi чамусьцi любяць катаць каляскi з дзецьмi. Магчыма, пад гэтае шарханне шын па дробнай цэгле дзецi хораша спяць. Цi, можа, i малых i старых ап'яняе пах кветак? Маладыя мацi, наадварот, забiраюцца глыбей, у цень, цi сядзяць каля фантана. Да глыбiнь гэтага вялiкага старога парку гарадскiя ўлады нiяк не дабяруцца. Iх за гэта крытыкавалi. А Шыковiч заўсёды лiчыў, што так лепш. Пачнуць добраўпарадкаваць - сапсуюць усю дзiкую непаўторную прыгажосць. Ён асаблiва любiў глухiя куткi за сажалкай. Але наўрад цi будуць падмятаць там. Таму ён спачатку абышоў усе дарожкi паблiзу, у культурнай частцы парку. Гулялi дзецi, драмалi на лавачках з газетамi на каленях пенсiянеры. Маладыя мамы чыталi тоўстыя раманы. Бабулi вязалi шарсцяныя чулкi. Дзiўна. Хвiлiны ўтрапення, разгубленасцi мiнулi, i ён усё востра прыкмячаў, усё фiксаваў у памяцi. Нават злосць знiкла. З'явiлася нешта зусiм iншае. Хацелася сустрэць сына, i расла боязь гэтай сустрэчы. На вузкiм мосце цераз роў ён спынiўся. Падумаў, што было б, каб з такой вышынi скочыць у зялёную ваду сажалкi, дзе цьмяна адлюстроўваюцца неба i старыя дрэвы, парэнчы моста i горда выгнутыя шыi лебедзяў.

Шыковiч любiў глядзець з вышынi на гэтых дзiўных птушак. Якая пастава! Плывуць - не варухнуць нiводнай пер'iнай, як мармуровыя. Гэтая iх паважнасць часта супакойвала. Але сёння - не. Усхваляванасць расла. I боязь. Ён амаль прымусiў сябе пайсцi далей па густа зацененай дарожцы. Толькi абышоўшы i гэтую палавiну парку i не сустрэўшы нiкога, акрамя дзвюх пар закаханых студэнтаў, Шыковiч з палёгкай уздыхнуў. Зразумеў, недарэчна шукаць сына тут; i добра, што ён не ўбачыў Славiка з мятлой у руках, пад вартай мiлiцыянера. Цяжка ўявiць, якое ўражанне гэта магло б зрабiць на яго ды на таго шалапута таксама. Невядома, цi ўдалося б яму стрымацца i нiчога не сказаць. Нельга, нарэшце, рабiць з арышту Славiка трагедыю. Зарабiў - няхай панясе кару. Што ён, аднак, натварыў? У рэдакцыi, напэўна, ведаюць.

У новым будынку трымаўся халадок i панавала цiшыня. Нават не чуваць было звыклага стуку машынкi. Бухгалтары, машынiсткi i кур'еры абедалi, як нiхто, дакладна ў пэўны час. Але ў гэты летнi дзень нават сакратары рэдакцыi не заседжвалiся ў кабiнетах. Калi толькi рабiлася газета?

Шыковiч падняўся на другi паверх, заглянуў у прыёмную рэдактара, у кабiнет намеснiка. Пуста. Зайшоў у свой пакой; загадчык аддзела таксама, вiдаць, абедаў. На яго стале ляжаў рукапiс, рэцэнзiя на прэм'еру абласнога тэатра, якая адбылася месяцы два назад: "Новы спектакль". Кiрыла злосна закрэслiў гэты недарэчны загаловак. I пачаў правiць тэкст, хоць гэта была зусiм не яго работа. Не пакiдаў жывога месца. Работа захапiла. Замест правiльнай, але прэснай жвачкi выходзiла жывое, дасцiпнае, едкае слова пра няўдалы спектакль. Ён быў добры чалавек, да таго ж ведаў, як нялёгка даецца ў мастацтве ўдача. Нiхто не ставiць сабе мэту зрабiць дрэнна. Ён не любiў пiсаць адмоўныя рэцэнзii. I ненавiдзеў людзей, якiя радавалiся няўдачы ў другiх, смакавалi правалы спектакляў i кнiг. А тут раптам, забыўшыся на ўласныя перакананнi, пiсаў надзвычай бязлiтасны водгук i, можа, упершыню рабiў гэта з задавальненнем.

У дзверы заглянуў Адам Рагойша, загадчык прамысловага аддзела, нiзенькi чалавек з мясiстым носам, шырокiм iлбом i дзiўнай лысiнай: звужанай наперадзе i шырокай на макаўцы, зверху гэтая лысiна нагадвала па форме i па ружовасцi чырву.

- Ты тут? - спытаў Рагойша, уваходзячы.

- Не, мяне няма.

Шыковiч не любiў гэтага чалавека. Не любiў за яго зайздроснасць. Рагойша зайздросцiў усiм. Яму, Шыковiчу, за тое, што ён мае права не сядзець у рэдакцыi, а пiсаць нарысы i фельетоны дома, ды яшчэ на дачы.



"Дай мне такiя ўмовы, i я напiшу не горш. Кожны напiша".

Зайздросцiў загадчыку сельгасаддзела Лапiцкаму, што ў таго пяцёра дзяцей, а ён, Рагойша, бяздзетны. Прыдзiрлiва, як следчы, аглядаў кожную новую сукенку i кофтачку карэктаркi Маi Гутар. Падазрона шаптаў: "Адкуль гэта яна бярэ? За свой заробак?" Яго чамусьцi многiя баялiся, нават рэдактар. Рагойша нямала пастараўся, каб нагнаць страху i на Шыковiча. Кiрыла неяк у кампанii пагразiўся, што зробiць Рагойшу персанажам сатырычнай аповесцi, нават прозвiшча не зменiць. Рагойшу гэта перадалi, i з таго часу ён пачаў шукаць дружбы.

Непрыязны адказ на недарэчнае пытанне сваё Рагойша прыняў як жарт. Засмяяўся. Сеўшы насупраць, глянуў у рукапiс, якi правiў Шыковiч, здзiўлена свiснуў:

- Вось аўтара гэтага сапраўды няма. Нi рожак, нi ножак не засталося. Хто пiсаў?

- Я.

- Сам сябе так правiш? - шчыра здзiвiўся Рагойша. - Ну-у? Здорава! - I пажартаваў: - Талстой. Толькi не Леў.

Але, вiдаць, усумнiўшыся, пацягнуўся да перагорнутых выпраўленых старонак, каб глянуць на тытульную. Кiрыла прыцiснуў старонкi локцем. Аўтарам рэцэнзii была супрацоўнiца рэдакцыi, да якой Рагойша ставiўся не надта прыязна. I Шыковiч не хацеў даваць яму лiшнi козыр супраць гэтай жанчыны. Рука Рагойшы застыла на стале, пальцы ляглi на рукапiс. Пасiнела ружовая пiка лысiны абразiўся чалавек, што Шыковiч, не жадаючы паказаць рукапiс, як бы выказвае яму недавер. Але Рагойша знайшоў выйсце з няёмкага становiшча. У левай руцэ ён трымаў кнiжку. I тут жа паклаў яе на стол. Гэта была аповесць Шыковiча, што нядаўна выйшла з друку. Кiрылу здзiвiла такая неспадзяванка. Ён адарваўся ад рукапiсу i пiльна паглядзеў у лупатыя, як у хворага на зоб, вочы Рагойшы. Вочы былi халодныя, а твар разрыхлiўся ад усмешкi.

- Вось купiў. Надпiшы на памяць. Сам не здагадаешся падараваць.

Кiрыла ведаў, што ў дадатак да ўсiх iншых сваiх якасцей загадчык прамысловага аддзела яшчэ i скупы, кнiгi купляе рэдка. А таму той факт, што ён купiў яго аповесць, прыемна ўразiў i нават закрануў аўтарскае самалюбства. Кiрыла адразу падабрэў. Узяў кнiжку, задумаўся, што напiсаць, каб не шаблоннае.

- Колькi ганарару адхапiў?

- Тры.

- На новыя? Ого! Куды ты дзяваць iх будзеш?

- Палавiну табе аддам.

I дзiўна, гэты, здавалася б, зусiм нявiнны жарт пакрыўдзiў Рагойшу. Ён усхапiўся з крэсла, тоўсты нос яго i вушы пабурэлi. Злосна кiнуў:

- Сынку свайму аддай. Яму на рэстараны трэба.

Не, не абразiла i не пакрыўдзiла гэта Шыковiча, а неяк балюча ўкалола. Ён раптам зразумеў, што зайздросны i крывадушны чалавек гэты зайшоў зусiм не за тым, каб атрымаць аўтограф, што ў душы ён радуецца непрыемнасцi са Славiкам. Абурэнне яго было дзiўнае - цiхае. Няхай бы ён лепш закрычаў, вылаяўся. Пры сваёй флегматычнасцi ён зрэдку-такi ўзрываўся i мог моцна крычаць, гэта ў рэдакцыi ведалi. Дык не ж, ён зрабiў нешта зусiм нечаканае i для самога сябе, i для Рагойшы, для ўсiх. Спакойна ўстаў з-за стала, падышоў да загадчыка аддзела, узяў за каўнер паласатага пiнжака, падвёў яго, страшэнна ашаломленага, да дзвярэй, ударам нагi шырока адчынiў iх i выкiнуў Рагойшу ў калiдор, як непатрэбную рэч. Зачынiў дзверы i зноў-такi даволi спакойна вярнуўся да стала. Цiхае кiпенне ўсярэдзiне пачало хутка ўтаймоўвацца. Прыгадаўшы, якi ў Рагойшы зрабiўся твар, калi ён узяў яго за каўнер, Кiрыла нават засмяяўся.