Страница 23 из 104
"Для таго каб ненавiдзець iх так, трэба ўбачыць тое, што бачыў я!" - i горача пачаў расказваць ёй пра расстрэл ваеннапалонных у кар'ерах цагельнага завода, пра катаваннi нашых людзей у сутарэннях гестапа, пра жудасцi жыдоўскага гета, пра зверскае забойства дзевяцiгадовага хлопчыка, майго суседа, вiна якога заключалася ў тым, што, гуляючы на вулiцы, ён напiсаў на снезе слова "Гiтлер"... I пра барацьбу, якую вялi армiя, народ, партызаны. Пра падполле ў горадзе. Пра Паўла. Як крычаў ён да людзей апошнiя словы перад карай. Не, яна жыла не так ужо iзалявана. Многiя факты даходзiлi да яе. Але паводзiны бацькi, якога яна любiла i з маленства верыла кожнаму слову яго i ўчынку... А потым гэты Грот. Ён хiтра капаў на дзявочы розум. Быццам асуджаў жорсткасцi ўлад. Але тут жа апраўдваў iх тым, што нiбыта з нашага боку вайна вядзецца антыгуманна, у парушэнне ўсiх канвенцый. Факты фанатычнага забойства нямецкiх салдат i чыноўнiкаў вымушаюць улады да такой жорсткасцi. Вайна ёсць вайна. А вось каб наш народ скарыўся, яны, немцы, рабiлi б толькi адно: неслi б сваю высокую культуру. Ён многа i часта казаў ёй пра вялiкую культурную мiсiю нямецкай нацыi.
Паслухаўшы Зосю, я зразумеў, што не такi ўжо ён бяскрыўдны, хiрург Грот. Шмат у чым ён страшнейшы за тых, што страляюць i вешаюць. Рознiца хiба ў тым, што ён проста разумнейшы за iх. Юная чыстая душа рвалася да змагання, а яе хiтра скоўвалi ланцугамi хлуслiвых слоў i перакананняў. Ператваралi ў чысценькую культурную кухарку. Хацелi, каб у будучым яна ведала толькi тры "К": кiрхен, кюхе, кiндэр. Яны даручылi ёй усю гаспадарку, каб у яе не заставалася часу на што другое. У доме мог быць дзяншчык, работнiца. Не, яна гаспадарыла адна. Грот i бацька памагалi ёй. Ну, Грота я разумеў. За год пабачыў усялякiх фашыстаў. Але Савiч... той Савiч, якi ўсё жыццё смела змагаўся з эпiдэмiямi... Навошта яму завязваць вочы ўласнай дачцэ? Добра, што яна вось такая выйшла з савецкага жыцця, са школы. Без бунту, без шуму, аднак iрвала ўсе iх путы.
"Якая была б падпольшчыца!" - падумаў я, калi яна мiж iншым расказала пра трусоў i фармалiн.
Мы з ёй гутарылi гадзiны дзве. Потым яна спахапiлася: "Ой, трэба ж абед гатаваць!" Савiч i Грот з'яўлялiся на абед роўна ў гадзiну дня. З нямецкай дакладнасцю.
Пасля абеду мы гутарылi зноў. Шэптам, безумоўна. Яна нахiлялася да мяне, i я адчуваў яе гарачае дыханне. I мне было хораша...
На трэцi дзень ранiцай мяне наведаў сам гаспадар.
- Савiч? - зноў перапытаў здзiўлены Шыковiч.
- Савiч. Ён з'явiўся нечакана. I не праз люк. Вiдаць, яму цяжка было падымацца па крутой лесвiцы. А адтуль, з пакояў Грота. Я пачуў чужыя крокi i схапiўся за пiсталет. Ён прадугледзеў гэта. Сказаў з-за вугла: "Не ўздумайце страляць. У мяне мiрны намер". Я схаваў пiсталет пад коўдру, але не выпускаў з рукi.
Савiч наблiзiўся. Сiвы, ссутулены, стары. Зусiм сiвы. З белай-белай галавой. У часе акупацыi я стараўся не трапiць яму на вочы, каб ён не пазнаў свайго былога студэнта. Зрэдку бачыў здалёк. Як ён змянiўся! Куды дзеўся той стройны рухавы жыццярадасны мужчына, якога мы любiлi ў тэхнiкуме, нягледзячы на яго патрабавальнасць. "Навошта такому старому працаваць у немцаў, ды яшчэ ўзначальваць аддзел аховы здароўя? Чыё здароўе ён ахоўвае? Сваё ўласнае не мог захаваць", - саркастычна падумаў я.
На гарышчы быў паўзмрок. Але Савiч адразу пазнаў мяне.
"Антон Яраш?"
Цудоўная памяць!
"Чакай. Чакай. Высокi. Бландзiн. Дык гэта ты - Лучынскага? - хваравiта гэтак зморшчыўся. - Непрыгожы акт".
Мяне ўзарвала:.
"А вешаць людзей на плошчы - прыгожы акт? А што варты нейкi халуй у параўнаннi з тымi людзьмi?!"
"Цiшэй ты! Гром! - прашаптаў ён. - Не аднаго сябе ставiш пад удар. Не забывай".
Я адразу прыкусiў язык.
Ён сеў на матрац, памацаў сухой далоняй мой лоб.
"Паранены? Зося бiнты цягае".
"Паранены", - прызнаўся я.
"Пакажы".
Разбiнтаваў. Агледзеў рану.
"Хто аперыраваў?"
"Сам. З дапамогай Зосi".
"Агiдная дзяўчынка! Труса забiць не можа. Крывi баiцца. Ну што ж... Гангрэны няма. Праз тыдзень будзеш танцаваць. Калi-небудзь станеш добрым хiрургам".
У той мiг я адчуў да яго сiмпатыю. Не, чорт вазьмi, усё-такi гэта яшчэ той Савiч, якога я ведаў! I ў мяне мiмаволi вырвалася:
"Дзякую, Сцяпан Андрэевiч!"
"Няма завошта мне дзякаваць, - незадаволена прабурчаў ён. - Зосi дзякуй". I, памаўчаўшы, сказаў сурова, выцiснуўшы па адным слове: "Ты вось што... Ляжы... тут... Цiха ляжы... Але крый божа... кранеш... Зосю..."
Я не адразу нават зразумеў, што значыцца "кранеш". А зразумеў - задыхнуўся ад абразы i абурэння:
"Што ж, я, па-вашаму, фашыст?"
Ён паляпаў мяне па шчацэ.
"Ну, ну... Не крыўдуй. Я сам некалi малады быў".
"Маладосць ад маладосцi рознiцца".
Савiч стоена ўздыхнуў:
"Але... Цяжкая ў вас маладосць. Ну, будзь здароў. I будзьце асцярожныя..."
I пайшоў. Яшчэ больш, здавалася, згорбiўся. А праз колькi хвiлiн з'явiлася Зося. Шчаслiвая, але ў слязах. Кiнулася ў парыве да мяне, абняла, пацалавала.
"Вiктар, даражэнькi, ты ведаеш... - Зноў на "ты", як у тую, першую, ноч. Ты ведаеш... Ён нiчога не сказаў. Прытулiў мяне да сябе... Пацалаваў. I заплакаў. Тата заплакаў. Божа мой! I толькi ўвесь час паўтараў: "Будзьце асцярожныя! Будзьце асцярожныя!"
Яны не прыкмецiлi, як развiднела. Быў канец чэрвеня, самая кароткая ноч. Прачыналiся птушкi, напаўнялi гоманам лес. А два чалавекi жылi ў мiнулым, у iншай ночы, далёкай i страшнай. Толькi калi над дубамi са свiстам праляцелi дзве качкi, гучна шлёпнулiся ў старыцу i кракнулi, Яраш, перапынiўшы расказ, падняў галаву. Здзiвiўся:
- Ранiца? Ну вось, па сутнасцi, усё, што мне хацелася расказаць табе. Пра ўсё iншае як-небудзь пасля.
Шыковiч маўчаў - пераварваў тое, што пачуў. Гатовы сюжэт. Гатовыя вобразы. Але спачатку трэба выяснiць, хто ж такi Савiч.
Стомлены Яраш сядзеў на лавачцы i слухаў ранiцу.
Нарэшце Шыковiч адчуў, што яму холадна на зямлi. Самлелi нага i рука. Падняўся, пацягнуўся.
- Ну, брат, даў ты харч майму склератычнаму мозгу. Але скажы шчыра, Антон, чаму ты расказаў усё гэта? Маўчаў, маўчаў i раптам - бух, адразу, у адну ноч... Сярод ночы...
- Чаму я расказаў? - Яраш як бы задумаўся на хвiлiну. - Учора я спаткаў Зосю.
- Савiч?! - Кiрыла пераскочыў вогнiшча. - Дзе? Чакай. Ты ж казаў, што дачка Савiча загiнула.
- Так я думаў семнаццаць год.
- Ну i ну! Дзе ты яе спаткаў?
- У бальнiцы.
- Хворая? Чакай. Калi хавалi Савiча?
- У маi сорак трэцяга.
- З верасня да мая яна павiнна была даведацца, хто ж яе бацька. Трэба распытаць яе.
- Нiякiх роспытаў. Да аперацыi. Я буду аперыраваць яе. Набыты парок...
- Сэрца? - Кiрыла свiснуў. - А раптам зарэжаш?
Яраш уздрыгнуў i адказаў жорстка, злосна:
- Дурань! Я нiкога не рэжу. Я лячу. - I, напэўна, адчуўшы, што сказаў груба, прапанаваў па-сяброўску цёпла: - Хадзем на луг. Сустрэнем сонца.
6
Славiк Шыковiч стаяў на прывакзальнай плошчы з дзвюма дзяўчынамi, размаляванымi пад кiнаактрыс: стракатыя спаднiчкi-парасоны, адмыслова вымеражаваныя кофтачкi, прычоскi "я ў мамы дурачка". Абедзве рудзенькiя, вымытыя хной. Славiк круцiў у руках ланцужок з ключамi ад аўтамашыны i нешта расказваў, але не вельмi вясёлае. Хiхiкала i то, вiдаць, больш з ветлiвасцi адна дзяўчына. Другая пазяхала i зiркала ў бакi: шукала некага другога. Славiк адчуваў, што крынiца яго дасцiпнасцi высыхае, i злаваўся. Было душна i сумна. Хацелася пайсцi ў рэстаран. Але грошай - нi капейкi. Нават не было на аўтобус, каб паехаць на дачу да бацькоў. Ды i сумна там, на дачы. Усе захапляюцца: "Ах, якi лес! Якi луг! Рака!" А яму сумна. Ну, добра, у рацэ можна пакупацца. А далей што? Злосны ён на бацькоў. Сёння асаблiва. Збудавалi дачу, напiхалi панчоху грошай... А ён працуе i мусiць харчавацца ў рабочай сталоўцы. Крыўдна, што i мацi цяпер ва ўсiм згаджаецца з бацькам. Нiчым яе не разжаласцiш.