Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 22 из 104



Я адказаў, што ведаю Сцяпана Андрэевiча, ён вучыў мяне.

Гэта яе проста ашаламiла. Яна падскочыла, наблiзiлася i пiльна ўгледзелася ў мой твар.

"Божа мой! Цяпер я, здаецца, успамiнаю. Вы прыходзiлi да таты здаваць экзамены, калi яго аперыравалi з прычыны тромбафлебiту".

I раптам стала задумлiва-сур'ёзнай. Спытала:

"Скажыце, вы ведалi, што тата працуе ў немцаў?"

"Ведаў".

"Ведалi i прыйшлi ў наш дом?"

"Ведаў i прыйшоў, бо ўпэўнены, што доктар Савiч не прадасць мяне".

Яна доўга глядзела мне ў вочы, а потым нахiлiлася i... пацалавала ў шчаку. Пацалавала не па-дзявочы, сарамлiва цi гарэзлiва, а па-даросламу, сур'ёзна, з удзячнасцю.

Мая першая падпольная клiчка была "Вiктар", i я чамусьцi сказаў яе, а не сапраўднае iмя, хоць пасля зразумеў, што гэта недарэчна, непатрэбна i няшчыра перад Зосяй.

"Дзякую вам, Вiктар. Цяпер вы мне брат. I я вас схаваю, як брата. Так схаваю, што фрыцы за сто год не знойдуць. Хадземце. А то праз гадзiну прыйдзе Грот. Ён дакладны".

Тады я спытаў:

"Думаю, у доме, дзе жывуць два лекары, знойдзецца скальпель i пiнцэт?"

"Скальпель? Навошта вам скальпель?"

"У бядры маiм сядзiць асколак гранаты".

Вельмi магчыма, што толькi ў той мiг яна адчула ўсю сур'ёзнасць барацьбы, свайго мiмавольнага ўступлення ў гэтую барацьбу, небяспекi, якая цяпер пагражала ёй, бацьку. Трусы, фармалiн, балбатня з гестапаўцамi - усё гэта, вiдаць, рабiлася ў парыве, у захапленнi незвычайнасцю, усё гэта была амаль гульня ў хованкi маладога здаровага хлопца. А тут яна зразумела. I разгубiлася, спалохалася, замiтусiлася.

"Што ж рабiць? Хадземце ў бацькаў кабiнет, там усё ёсць. Не, не... Нельга. Могуць прыйсцi. Давайце сюды... на гару. Аўтамат паставiм на месца... Вось так... Крывi не накапала?" - агледзела падлогу. Потым адчынiла невялiчкiя сцянныя дзверы, i мы апынулiся ў каморы, завешанай вопраткай. Дзесяткi палiто, касцюмаў, плаццяў. Нешта зашыта ў прасцiны, мабыць, футры. Пахла нафталiнам.

"Багата жыве доктар Савiч. Шкада дабра, таму i да немцаў падаўся", падумаў я нядобразычлiва.

Мы падлезлi пад вопратку i яшчэ праз меншыя дзверкi выйшлi на гарышча вузкi тунель памiж сцяной мансарды i дахам. Аднекуль здалёк цадзiлася святло, i было вiдаць, што тут сапраўды "чорт зламае нагу". Старыя крэслы, карцiны, дываны, верстакi, рыбацкiя сеткi, мяшкi, посуд - усё гэта было нагрувашчана абы-як. Мы ледзь прабралiся. Нават паўзлi праз нейкую шчылiну. Гэта быў праход пад выступам акна. Такiм чынам мы перабралiся на другi бок, за глухую сцяну мансарды, дзе было больш прасторна i светла.

Тут на старым матрацы Зося зрабiла мне прытулак. Праз другi ход, праз люк у столi над кухняй, яна прынесла прасцiну, падушку, коўдру, iнструменты, бiнты, вату, ёд.

I я зрабiў сабе аперацыю - дастаў асколак. З яе дапамогай. Перад гэтым мы паспрачалiся. Я лiчыў сябе ўжо закончаным медыкам. Медтэхнiкум, як тады называлi, курс iнстытута... Ва ўсякiм разе, даўно ўжо пазбавiўся фальшывай сарамлiвасцi, калi што тычылася хваробы. Але, ведаеш, перад гэтай дзяўчынкай мне стала сорамна агаляць сябе. Я папрасiў яе адысцi. Яна запярэчыла.

"Я нiколi не хацела быць лекарам. Але я дачка лекараў", - сказала яна рашуча.

I такi добра памагла мне. Ва ўсякiм разе, крывi не баялася i павязку зрабiла прафесiйна.

А потым прыйшоў Грот. Мы пачулi, як ляпнулi за сцяной дзверы. Зося нырнула ў люк. Цяжкiя крокi. Iх галасы, яго i яе. Словы глухлi ў сцяне. Пра што яны гаварылi? Я ненавiдзеў немца двайной нянавiсцю: i за тое, што ён афiцэр гiтлераўскай армii, i за тое, што адарваў Зосю i не дае ёй з'явiцца сюды. Аднаму мне было цяжка. Вечарэла. Узняўся вецер. Стары бляшаны дах грымеў на тысячу ладоў. А мне здавалася, што над горадам iдзе стралянiна, што крычаць жанчыны, дзецi. Уявiлiся павешаныя, так, як нi разу яшчэ за гэты доўгi i страшны дзень. Вецер гойдае iх целы. Счарнелыя твары. Счарнелы твар Паўла. Той жывы, ясны твар, па якiм заўсёды гуляла ўсмешка, то гарэзлiвая, вясёлая, то хiтрая, то сумная. Ён стаяў перада мной жывы i прасiў: "Антоша, калi са мной што здарыцца, не забудзь Тарасiка". Я не знайшоў Тарасiка. I мне хацелася раўцi ад крыўды i болю.

Пачуўся глухi барытон Савiча. Недзе ўнiзе. Туды ж спусцiўся немец. Галасы сцiхлi. Напэўна, селi вячэраць. У светлай сталовай, за круглы стол, накрыты белым абрусам. Упершыню я ўспомнiў, што цэлыя суткi нiчога не еў. Але есцi не хацелася. Гудзела ў галаве. Хто такi Савiч? Зося горача падзякавала, калi я сказаў, што ўпэўнены, што доктар Савiч не прадасць мяне. Але яна не сказала: прыйдзе тата i зробiць вам аперацыю, не павяла ў бацькаў кабiнет. Чаму? Цi скажа яна яму пра мяне?



Тысячы думак адразу. Яны палiлi мозг. Я адчуваў, што пачынаецца гарачка. Калi страчу прытомнасць, пачну трызнiць - выдам сябе, выдам яе... I я напружваў усе сiлы...

Сцямнела. А вецер не сцiхаў. Асеннi. Халодны. Злы. I я такi правалiўся ў жудасную яму. Там, клубком сплёўшыся, качалiся ваўкадавы. Гледзячы на iх, iржалi эсэсаўцы, i морды ў iх таксама сабачыя. Раптам Лучынскi страшэннай доўгай рукой, як у Вiя, паказаў на мяне: "Вось ён!" Я ўцякаў. А яны гналiся за мной. З надзвычайнай лёгкасцю я скакаў цераз парканы, цераз дамы нават. А яны не адставалi. У мяне калацiлася сэрца. Вось-вось дагоняць.

Апрытомнеў я ад дотыку да твару халоднай мяккай далонi i шэпту над вухам:

"Родненькi мой! Што з табой? Гарачка? На, выпi вось гэта. I з'еш".

У поўнай цемры дзяўчына сунула мне цёплую пляшку. Памагла падняць галаву. Я выпiў салодкую вадкасць, ад якой пахла парэчкамi i вермутам. Яна падбадзёрвала:

"Пi, пi. Ты стагнаў. Не трэба стагнаць. Нельга. Каб я магла застацца тут з табой! Я пiльнавала б цябе. З'еш вось гэта".

У руцэ маёй апынуўся кавалак мяса, вiдаць, трусяцiны.

"Яны селi гуляць у шахматы, бацька i Грот. Абодва нечым усхваляваны, нешта хаваюць ад мяне. А я - ад iх. Каб мне застацца з табой, Вiктар. Я пiльнавала б цябе".

Пiтво i ежа падмацавалi. Я зразумеў, чаго яна баiцца. Прыйшлося заспакоiць яе, што я не буду больш стагнаць i крычаць:

"Гэта ў сне. Больш спаць не буду".

Яна бясшумна знiкла. Але пакiнула мне сiлу i заспакоенасць. Цяпер я адчуваў яе прысутнасць, яе клопат. I мне не было страшна ў цемры, пад дахам, якi гудзеў i ляскатаў. Каб толькi не залiшнi быў яе клопат, а то якраз яна, а не я, можа правалiць нас. Цяпер ужо я думаў не пра сябе - пра нас.

Мне сапраўды стала лепш. Ва ўсякiм разе, прытомнасць больш не трацiў.

Недзе апоўначы пайшоў дождж. Тысячы малаткоў загрукалi па блясе. Потым па маёй галаве. Аглушылi. I я правалiўся ў пустую яму, дзе не было нi сабак, нi гестапаўцаў.

Прачнуўся, калi развiднела. Адчуванне ранiшняе - здаровае. Нават нага не вельмi балела. Больш балеў палец на руцэ, i я доўга не мог успомнiць - ад чаго. У думках - цiшыня. I на двары цiха. Ляпнула фортка. Галасы. Нехта пайшоў. Хутка з'явiлася Зося. Прынесла сняданак - кашу, малако, яблыкi. Смачна i многа. Была яна засяроджаная, сур'ёзная, не такая гаварлiвая, як учора. Паведамiла з болем i смуткам:

"Яны павесiлi адзiнаццаць чалавек. На плошчы. Якое зверства! А нашы задушылi начальнiка палiцыi", - i таксама з болем.

"Сабаку - сабачая смерць", - не вытрымаў я.

Яна глянула на мяне i... здагадалася:

"Ах! Гэта - вы?!"

Цяжка зразумець, чаго больш было ў яе воклiчы: здзiўлення, захаплення, iнтэлiгенцкай грэблiвасцi цi страху? Я спалохаўся, што цяпер гэтае аранжарэйнае дзiця будзе баяцца мяне. Страшна стане ёй заставацца адзiн на адзiн з чалавекам, якi можа вось так проста задушыць другога.

"Я выканаў прыгавор народа. Гэтаму гаду даўно быў вынесены прысуд. У мяне не было другой зброi..."

Гэта было як апраўданне, i самому мне стала непрыемна. Чаму я апраўдваюся? Не, яна зразумела. Уздыхнула цяжка i сказала:

"Я хачу ненавiдзець iх, як вы. Хачу i не магу. Грот добры чалавек. Культурны, ветлiвы".

Яна меркавала аб фашыстах па адным нямецкiм лекары.